беларускі эканаміст Л.Ф. Заіка. З ім аб прычынах узнікнення пазыковага крызісу еўразоны і яго верагодных наступствах для тых нашых суграмадзян, хто трымае зберажэнні ў еўра, гутарыць карэспандэнт "Звязды".
__________________________________________
— Леанід Фёдаравіч, што будзе з еўра? Думаю, для вас не сакрэт, што шмат нашых людзей свае зберажэнні захоўваюць у гэтай валюце, многія трымаюць іх у банках. Але апошнім часам з еўразоны прыходзяць трывожныя навіны: маўляў, пазыковы крызіс ужо пагражае нават Італіі — трэцяй па велічыні эканоміцы Еўрасаюза. Дык, можа, хутка адбудзецца пахаванне еўра?
— Я ўпэўнены, што насельніцтву Беларусі празмерна хвалявацца за еўра не трэба. Не трэба ў банках датэрмінова закрываць валютныя дэпазіты і рахункі ці бегчы ў абменныя пункты і ліхаманкава мяняць еўра на долары. Еўра жыве і будзе жыць — праўда, не заўсёды без праблем і курсавых ваганняў. Але куды ад гэтага дзецца?
— Адкуль такая ўпэўненасць?
— Па той простай прычыне, што Еўрасаюз, хутчэй, пойдзе на выключэнне са сваіх шэрагаў вельмі праблемных для еўразоны Грэцыі і Партугаліі, чым дазволіць еўра моцна абваліцца. Іх страту ў Бруселі перажывуць без асаблівых шкадаванняў і цяжкасцяў. Грэцыя і Партугалія — невялікія краіны, якія не маюць істотнага ўплыву ні на эканоміку ЕС, ні на яго палітыку. І нават у выпадку іх дэфолту еўра не зваліцца ў фінансавую бездань.
— А чаму ж тады іх прынялі ў Еўрасаюз?
— З-за комплексу геапалітычных прычын і задач, вырашэнне якіх ставіў перад сабой афіцыйны Брусель. Скажыце, а навошта ўжо аб'яўляць аб верагодным прыняцці ў недалёкай будучыні ў Мытны саюз Кыргызстана, які яшчэ не стаў на ногі пасля апошняга бунту і перавароту? Ці Узбекістана і Арменіі з іх вялікімі эканамічнымі і сацыяльнымі праблемамі? Відаць, ёсць свая нагода і логіка ў Масквы на гэты конт. А што датычыць Грэцыі і Партугаліі, то вывад тут адназначны: у Бруселі моцна пралічыліся з запрашэннем у ЕС асобных краін. Там захацелі "больш Еўропы", а таму заплюшчылі вочы на тое, што грэкі, у прыватнасці, не былі гатовы жыць па законах і правілах ЕС.
— Якія прычыны фінансавага заняпаду некаторых краін еўразоны? Быццам бы яны адносна даўно знаходзяцца ў ліку членаў Еўрасаюза, у свой час старанна здалі ўсе экзамены і тэсты на права трапіць у еўразону — і тут на табе...
— Вядома, грэкам, як і партугальцам, непрыемна з усіх бакоў чуць тое, што іх грашовыя непрыемнасці з-за векавой і не лепшай традыцыі жыхароў паўднёвай Еўропы не напружвацца на працы, а прыгожа і з густам, з танцамі, песнямі і келіхам добрага віна бавіць вольны час. Яны, у адрозненне ад немцаў, шведаў, англічан і іншых народаў заходняй і паўночнай Еўропы, заўсёды менш працавалі. Грэцыя і Партугалія — гэта турыстычныя краіны. Там на ўзбярэжжы выгадна здаваць жыллё турыстам, аказваць ім розныя паслугі, займацца вінаробствам, гандляваць садавіной. Пасля далучэння да Еўрасаюза грэкам, партугальцам, іспанцам захацелася жыць заможна, так як і ў багатых заходнееўрапейскіх краінах. А там зарплата значна вышэй (у 2-4 разы), куды больш прывабныя пенсіі, сацыяльныя льготы, выплаты. Гэтая няроўнасць у матэрыяльным забеспячэнні і раздражняла, і натхняла на меры па яе пераадоленні. І трэба сказаць, грэкі на гэтым шляху праявілі зайздросную вынаходлівасць. Напрыклад, там існуе ці існавала да нядаўняга часу 16 відаў зарплат. Калі ў нас сацыяльны пакет, то ў іх — гіперсацыяльны. Сумы зарплат нярэдка "маляваліся" такія, як, скажам, у Германіі. А па розных дадатковых і значных выплатах, прэміях, бонусах працуючым Грэцыя апярэдзіла ўсіх у Еўропе. Нам, напрыклад, такое і не снілася. Гэтае жаданне жыць па-нямецку, а працаваць, як раней, з цягам часу прывяло да сумнага выніку.
— І прывялі, калі не памыляюся, да пазыковага крызісу, які сёння на слыху ва ўсім свеце? Чаму ён "пазыковы"? Хто і ў каго браў, як утварыліся даўгі, якія зараз складаюць дзясяткі мільярдаў долараў?
— Даўгі бюджэту збіраліся паступова і не адзін год. Усім рэгулярна павышалася зарплата: шматлікім чыноўнікам, настаўнікам, урачам і г. д. Кожны новы ўрад хацеў адзначыцца на гэтай ніве. А таму рызыкоўна і бяздумна бралі грошы — дакладней, крэдыты ў вядучых еўрапейскіх банках (пераважна нямецкіх і французскіх), каб закрываць усё растучы дэфіцыт (які ўвесь час павялічваўся) бюджэту. І столькі набралі на няшчасце цяперашніх улад Грэцыі, што тыя сёння вымушаны ісці на вельмі непапулярныя меры, каб пазбегнуць рэальнай перспектывы дэфолту краіны і яго цяжкіх наступстваў.
— Грэкі грэкамі, але чаму банкі так даверліва паводзілі сябе, бо сумы ішлі ў Грэцыю астранамічныя? Дзе былі іх высокааплатныя эксперты, кансультанты, дарадцы? Няўжо не маглі пралічыць, прадбачыць наступствы "зверскага" апетыту тагачасных улад краіны?
— У еўрапейскай фінансавай і банкаўскай практыцы ёсць такая заганная традыцыя: банкіры лічаць, што любому ўраду можна пазычаць велізарныя грошы пад яго гарантыю вяртання. Бо іх ён ці яго пераемнікі, у адрозненне ад фізічнай асобы (скажам, бізнэсмена), "не кіне", абавязкова аддасць крэдыт з працэнтамі. Таму банкі давалі грэкам грошы з энтузіязмам, я б сказаў, нават з задавальненнем. І дапазычаліся да таго, што ўрад Грэцыі аказаўся не ў стане разлічыцца па крэдытах. Думаю, што сёлета гэтая традыцыя накажа доўга жыць. Бо невяртанне крэдытаў на астранамічныя сумы ставіць у вельмі складанае становішча буйныя банкі, пагражае ім вялікімі праблемамі і нават банкруцтвам.
Сёння ўраду Грэцыі, каб больш-менш збалансаваць фінансавую сітуацыю ў краіне, закрыць хаця б самыя праблемныя крэдыты, трэба недзе тэрмінова ўзяць 110 мільярдаў долараў. На саміце ў Бруселі спісалі частку даўгоў Грэцыі, але гэта не канчатковае вырашэнне пытання. Ёй зараз прыйдзецца перайсці ў рэжым яшчэ большай эканоміі па ўсіх кірунках.
— А ці ёсць у Грэцыі нейкія іншыя крыніцы фінансавання?
— Ёсць. Гэта маёмасць, якую дзяржава можа выставіць на продаж. Таксама значныя сродкі можа атрымаць грэчаская казна ад рэалізацыі часткі невялікіх маляўнічых астравоў (іх сотні ў Міжземным моры, яны карыстаюцца папулярнасцю ў турыстаў) і разлічыцца з даўгамі. Грэцыя — марская краіна з развітым судаходствам, там заўсёды выдатна зараблялі на марскіх перавозках нафты, сухагрузаў. Гэтыя паслугі — важная крыніца паступлення валюты. Між іншым, сёння многія грэчаскія маракі-пенсіянеры, капітаны судоў, якім ужо пад 70 гадоў, зноў пайшлі працаваць у мора. Што рабіць, пенсіі грэкам скарацілі амаль удвая. Нагадаю, дзейны марскі капітан цяпер зарабляе ад 10 да 15 тысяч долараў штомесяц. Па гэтай прычыне з капітанскіх пасад пачалі звальняць іншаземных, у тым ліку рускіх і ўкраінскіх маракоў з вялікім досведам. Як кажуць у нас, свая кашуля бліжэй да цела.
Яшчэ грэкам трэба будзе "абяліць" сваю эканоміку. Як падлічылі эканамісты, у Грэцыі 40% эканомікі знаходзіцца ў цяні, працуе па шэрых схемах што дазваляе не плаціць падаткі ў бюджэт. Калі ў краіне запахла паленым, яе капіталісты вывезлі за мяжу некалькі сотняў мільярдаў долараў. Некаторыя эксперты называюць лічбу 700 мільярдаў.
— Наўрад ці грэкі захочуць пайсці на такі радыкальны крок, як продаж астравоў.
— А жыць прыгожа яны хочуць па-ранейшаму. Так ужо не будзе, колькі не бастуй і не падпальвай крамы, бі шкло і грамі машыны... А продаж астравоў стаў бы выдатным урокам для ўрадаў многіх іншых краін, якія часам мала задумваюцца перад тым, як улазіць у даўгавую кабалу буйных банкаў.
— Дарэчы, аб буйных банках з сусветнай вядомасцю і іх велізарным уплывам на стан спраў на фінансавых рынках планеты. Супраць іх свавольства і празмернай прагі да грошай выступаюць не толькі ў Грэцыі. Гучныя акцыі пратэсту пракаціліся па ўсіх кантынентах, нават у далёкай Аўстраліі, закранулі сталіцы самых багатых краін. І вельмі сімвалічна, што акцыі пачаліся ў Амерыцы, дакладней, у яе фінансавым цэнтры Нью-Ёрку. З чаго гэта?
— Людзям, у першую чаргу маладым і адукаваным, абрыдла глядзець на ўсё тое, што робіцца на сусветным фінансавым рынку. Міжнародныя трэйдары (а прасцей кажучы, валютныя спекулянты) зусім страцілі сумленне, не спыняюцца ні перад чым, у тым ліку і перад штучнай арганізацыяй нядаўняга глабальнага фінансавага крызісу. Звычайныя людзі ў час інфармацыйных тэхналогій усё гэта бачаць, абураюцца і затым выходзяць на вуліцы і плошчы, дзе праводзяць такія акцыі, як знакамітая "Захапі Уол-стрыт!" у Нью-Ёрку.
І яны маюць рацыю. Бо да рэальнай эканомікі фінансавы рынак не мае ніякіх адносін. Яго варацілы, завадатары перыядычна ствараюць крызісы для таго, каб перакласці наступствы сваіх няўдалых спекуляцый і велізарныя страты на плечы звычайных людзей. Між іншым, швейцарскія эканамісты нядаўна правялі грунтоўнае даследаванне і прыйшлі да цікавай высновы: эканомікай свету кіруюць 150 транснацыянальных кампаній, у тым ліку і фінансавых, буйнейшых банкаў. Агульнавядома, што эканоміка і палітыка надзвычай шчыльна звязаны паміж сабой.
— Чаму нас могуць і павінны навучыць памылкі грэкаў?
— Пазыковы крызіс — суровы напамін усім нам (і звычайным грамадзянам, і ўраду) аб тым, што нельга траціць грошай больш, чым зарабляеш, нельга ўвесь час няспынна нешта пазычаць, перапазычаць, залазіць у даўгі, браць крэдыты ў Міжнароднага валютнага фонду, Сусветнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Бо вынік, у рэшце рэшт, будзе сумны. Сёння пераважная большасць грэкаў вымушана шукаць дадатковыя шляхі эканоміі сямейнага бюджэту. З гэтай нагоды актыўна прадаюць дамы і кватэры, бо ўрад увёў новы падатак на нерухомасць. Дарэчы, я б не раіў заможным беларусам цяпер набываць таннае жыллё ў Грэцыі, можна "праляцець": вас абкладуць высокімі падаткамі для выратавання эканомікі. Калі перайначыць вядомую фразу з некалі папулярнай гумарыстычнай мініяцюры, то сёння ў Грэцыі ўсё ёсць. Акрамя грошай.
Леанід Лахманенка
Звязда, 28 кастрычніка 2011
Кoличество переходов на страницу: 1190
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |