У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. Усе ўстановы працавалі з максімальнай загрузкай, у тым ліку высокімі былі попыт і запаўняльнасць у верасні.
За дзевяць месяцаў бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2023-га колькасць тых, хто прайшоў аздараўленне і лячэнне ў санаторыях, павялічылася на 5,5% і склала 1 мільён 220 тысяч чалавек. Выручка ад санаторна-аздараўленчых паслуг за гэты перыяд вырасла на 16% і ў абсалютных лічбах перавысіла 990 мільёнаў рублёў.
За дзевяць месяцаў бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2023-га колькасць тых, хто прайшоў аздараўленне і лячэнне ў санаторыях, павялічылася на 5,5% і склала 1 мільён 220 тысяч чалавек. Выручка ад санаторна-аздараўленчых паслуг за гэты перыяд вырасла на 16% і ў абсалютных лічбах перавысіла 990 мільёнаў рублёў.
Традыцыйна павышаным у летнія месяцы быў попыт з боку замежных грамадзян. У беларускіх здраўніцах адпачылі 190,5 тысячы чалавек з іншых краін — на 18% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Выручка па экспарце паслуг вырасла на 36% і склала 320 мільёнаў рублёў.
— Па колькасці замежных грамадзян мы не дасягнулі даковіднага ўзроўню, калі была дастаткова вялікая ўдзельная вага жыхароў Заходняй Еўропы. Сёння больш за 90% складаюць нашы ўсходнія суседзі, але нельга сказаць, што зусім няма цікавасці ад жыхароў прыбалтыйскіх краін і Польшчы. Сёлета штодзённа ў нашых санаторыях знаходзілася каля 150 жыхароў прыбалтыйскіх краін. І калі браць статыстыку па колькасці замежнікаў, то пасля беларусаў і расіян па колькасці адпачывальнікаў Латвія і Літва стаяць на 3 і 4 месцах. І бязвізавы рэжым гэтаму садзейнічае. Мы будзем імкнуцца нарошчваць колькасць замежных грамадзян. Здароўе — галоўная каштоўнасць чалавека, незалежна ад таго, у якой краіне ён жыве. І калі ён атрымлівае відавочны медыцынскі і аздараўленчы эфект, то сёння ніякія граніцы яго не стрымаюць, — падзяліўся меркаваннем Генадзь Балбатоўскі.
Ці даступныя здраўніцы беларусам?
Ён адзначыў, што даступнасць санаторыяў для беларусаў застаецца высокай. Калі раней суадносіны беларусаў і замежных грамадзян былі 60 на 40, то на працягу апошніх 2-3 гадоў — 70 на 30 на карысць беларусаў.
— З пункту погляду гэтых лічбаў, даступнасць для беларусаў высокая. Акрамя таго, за дзевяць месяцаў 600 тысяч беларусаў прайшлі аздараўленне з выкарыстаннем ільгот і сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Таму нельга сказаць, што гэта недаступна для нашых грамадзян. Але мы ставім перад сабой мэту павелічэння экспарту паслуг. Максімальныя лічбы па колькасці замежнікаў у нашых санаторыях былі ў 2019 годзе — 241 тысяча. Сёлета аздараўленне прайшлі ўжо 190,5 тысячы, і з улікам тых тэндэнцый, якія мы назіраем, па прагнозах, мы перавысім гэту лічбу. А памер выручкі 2019 года мы перавысілі яшчэ два гады таму, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі.
Што датычыцца цэн, то па выніках дзевяці месяцаў адзін дзень па пуцёўках у свабоднай рэалізацыі ў стандартным двухмесным нумары каштаваў 110 рублёў. Сёлета цэны ў параўнанні з мінулым годам павялічыліся ў межах пяці працэнтаў, што ўкладваецца ў рамкі даведзеных макраэканамічных паказчыкаў.
— Сёння санаторыі працуюць у рыначных умовах, і попыт адпавядае прапанове. Калі ёсць 100-працэнтная запаўняльнасць на працягу дзевяці месяцаў, то мы можам казаць пра адэкватнасць цэн, — дадаў кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.
Дарэчы, у летні перыяд па прычыне павышанага попыту цэны былі вышэйшымі. Адны суткі ў стандартным двухмесным нумары каштавалі 125 рублёў. У чацвёртым квартале прагназуецца, што дзякуючы скідкам ад уласнікаў у параўнанні з летнім перыядам цана зменшыцца да 115 рублёў, але яна ўсё роўна будзе вышэйшай за сярэднюю па выніках дзевяці месяцаў. Што датычыцца навагодняга перыяду, кошт аднаго дня складзе 139 рублёў, у параўнанні з мінулым годам ён вырасце на 10%. Сярэдняя цана навагодняга банкета чакаецца ў межах 250 рублёў.
Дарэчы, большасць месцаў у здраўніцах ужо забраніраваны да канца гэтага года. У прыватнасці, на лістапад зарэзервавана 88% месцаў, на снежань — 65%, на студзень 2025-га — 57%. Высокі працэнт браніравання і на навагоднія святы — 84% месцаў ужо занята. Але ахвотныя сумясціць аздараўленне з навагоднім банкетам у адным з санаторыяў яшчэ маюць усе шанцы знайсці цікавыя прапановы.
Не толькі для пажылых
Перад санаторыямі стаіць мэта прыцягваць больш маладых людзей.
— Хочам памяняць стэрэатып, які склаўся, што санаторыі — месца знаходжання для асоб з медыцынскімі дыягназамі і людзей сталага веку. Сёння санаторыі становяцца шматфункцыянальнымі аб’ектамі, якія аказваюць шырокі спектр паслуг, прычым не толькі медыцынскіх. Таму штогод узроставы цэнз змяншаецца. Мы шырока пазіцыянуем сямейны адпачынак, шмат робіцца ўкладанняў у матэрыяльна-тэхнічную базу. Напрыклад, па выніках дзевяці месяцаў на чвэрць вырасла фінансаванне ў параўнанні з мінулым годам па набыцці абсталявання і правядзенні рамонтна-будаўнічых работ. Гэта лічба склала 136 мільёнаў рублёў, у той час як за ўвесь 2023 год яна склала 159 мільёнаў. З улікам такой дынамікі па выніках года яна складзе каля 200 мільёнаў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, — паведаміў Генадзь Балбатоўскі.
Дарэчы, колькасць месцаў апошнія дзесяць гадоў не мяняецца і складае 28 тысяч. Новыя аб’екты з’яўляюцца, але істотнага росту няма, бо пры рэканструкцыі старога нумарнога фонду ўласнікі імкнуцца да паляпшэння ўмоў пражывання — часта з двух нумароў робіцца адзін на карысць камфорту.
— Колькасць ложкавага фонду, які маецца, парытэтная і задавальняе патрэбу. Аднак улічваючы ўстойлівы попыт на дадзены від паслуг і перспектыўнасць такога віду адпачынку, па даручэнні ўрада мы распрацавалі пералік патэнцыяльных месцаў, дзе могуць быць пабудаваны новыя аб’екты. Яны прывязаны да прыродных лячэбных фактараў. Сёння гэта некалькі дзясяткаў месцаў, якія могуць быць выкарыстаны для ўкладання інвестыцый у будаўніцтва санаторна-курортных цэнтраў. Гэты пералік даведзены да ўсіх аблвыканкамаў і, мяркую, што ў найбліжэйшы час мы пачнём больш актыўна пазіцыянаваць гэтыя месцы для прыцягнення інвестараў і будаўніцтва новых аб’ектаў, — праінфармаваў суразмоўца.
Заяўкі для дзяцей задавольваюцца цалкам
Падчас дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі заяўкі былі задаволены, і ўсе, хто меў патрэбу і жаданне, атрымалі пуцёўкі ў лагеры. На гэтыя мэты Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва было выдаткавана больш за 60 мільёнаў рублёў. У летніх лагерах адпачыла і аздаравілася 399 тысяч дзяцей (на 11 тысяч больш у параўнанні з мінулым годам).
Восенню плануецца арганізаваць аздараўленне падчас канікул, якія пачынаюцца 28 кастрычніка. Аздараўленне пройдуць каля 70 тысяч дзяцей. Заяўкі таксама будуць задаволены ў поўным аб’ёме, фінансаванне для гэтых мэт ужо выдаткавана. Прыкладна такая ж колькасць дзяцей пройдзе аздараўленне ў перыяд зімовых канікул.
Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 10 лістапада 2024
Звязда, 10 лістапада 2024
Кoличество переходов на страницу: 37
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |