https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Жыллёвы "квадрат" у фаворы


Эксперты прагназуюць падаражанне сталічных кватэр да мая яшчэ на 5—7 адсоткаў

Мінулы год для спецыялістаў другаснага рынку жыллёвай нерухомасці быў даволі ўрадлівым на знакавыя падзеі. Упершыню на рынку кватэр Мінска адсутнічаў "мёртвы сезон" летам, а з восені кліенты пачалі купляць не толькі таннае жыллё. Рынак "заварушыўся"... Аб папярэдніх выніках сезона-2012, пра сітуацыю, што зараз назіраецца ў жыллёвай сферы сталіцы, і невялікі прагноз на заўтра паведаміў кіраўнік агенцтва "БелЦТН", старшыня рады Беларускай асацыяцыі "Нерухомасць" Мікалай Прасталупаў.

Разглядаюцца ўсе варыянты

Яшчэ летась у верасні наша выданне прапанавала прагноз экспертаў, якія лічылі, што да лістапада на другасным рынку жылля сталіцы цэны будуць трымацца на мінімальным узроўні. Прагноз спраўдзіўся толькі часткова, бо на рынку ўжо ў кастрычніку пачалі дзейнічаць не эканамічныя прынцыпы, а эмацыянальныя фактары. Улады сталіцы паведамілі насельніцтву, што бюджэтнага жылля ў галоўным мегаполісе краіны будзе будавацца значна менш, чым у мінулыя гады. А цэны на камерцыйнае будаўніцтва ўжо ніхто не трымае. Масавае будаўніцтва жылля для сталічных чаргавікоў было вырашана перанакіраваць у гарады-спадарожнікі.

У гэтым выпадку людзі з грашыма зразумелі, што на дзяржаву моцна спадзявацца ўжо нельга, а трэба вырашаць свае жыллёвыя праблемы самастойна. Менавіта таму ў апошнія тры месяцы патэнцыяльныя пакупнікі сталічнага жылля пачалі не толькі цікавіцца існуючымі прапановамі, але і рэальна набываць кватэры як на стадыі будаўніцтва, так і на другасным рынку.

А ў выніку летась за тры апошнія месяцы колькасць здзелак па куплі-продажы кватэр павялічылася прыкладна на 10—15%. Зразумела, што павышаны попыт на жыллё паўплываў і на цэнавы фактар. Таму ў апошнія месяцы года пачала назірацца тэндэнцыя па плаўным павелічэнні кошту на другасным рынку сталічных кватэр.

Мікалай Прасталупаў адзначае, што за гэты час сярэдні кошт квадратнага метра стандартных кватэр павялічыўся прыкладна на 60—90 долараў, або на 6—8%. Тут трэба адзначыць той момант, што зараз набываюцца кватэры не толькі ніжэйшай цэнавай катэгорыі, але разглядаюцца ўсе варыянты па жыллі эканом-класа, дзе цэны ўжо сур'ёзныя. Мабыць, людзі сапраўды зразумелі, што жыллё танней у Мінску ўжо не будзе і трэба карыстацца момантам, пакуль яшчэ ёсць выбар.

Стандартныя аднапакаёўкі — не менш чым 45 тысяч USD

Калі некалькі месяцаў таму на рынку можна было без праблем адшукаць не вельмі дрэнную аднапакаёўку да 40 тысяч долараў, то зараз сітуацыя зусім іншая. Праўда, у інфармацыйных каталогах спецыялізаваных выданняў прысутнічае каля дзесяці варыянтаў аднапакаёвак па кошце ад 42 да 45 тысяч долараў, аднак гэта не зусім ліквіднае жыллё. Звычайна гэта кватэры агульнай плошчай да 30—32 кв. м і абавязкова на крайніх паверхах у старых трох-, пяціпавярховых дамах.

Стандартныя аднапакаёвыя кватэры агульнай плошчай ад 33 да 40 кв. м прапануюцца ў спальных раёнах па кошце ад 45 да 55 тысяч долараў. Тут галоўным фактарам ацэнкі жылога памяшкання з'яўляецца "прапіска" яго ў мікрараёне, адлегласць ад метро, наяўнасць побач сацыяльнай інфраструктуры, зялёнай зоны і буйных гандлёвых аб'ектаў. Паўплывае на кошт жылля год пабудовы дома, яго стан і канкрэтны паверх кватэры. Больш прасторныя аднапакаёўкі ў адносна новых дзевяціпавярховых дамах каштуюць ужо ад 55 да 65 тысяч долараў. Аднак і па гэтым сегменце якасных кватэр сапраўды прывабных варыянтаў засталося ўжо не вельмі шмат.

Мінімальны кошт двухпакаёвых кватэр складае ад 46 да 52 тысяч долараў. Яшчэ ў лістападзе падобныя кватэры-"хрушчоўкі" ў старых дамах каштавалі ў дыяпазоне ад 44 да 49 тысяч долараў. Звычайныя двухпакаёвыя кватэры ў панэльных дзевяціпавярховых дамах прапануюцца ад 53 да 70 тысяч долараў.

Кватэры коштам ад 70 да 100 тысяч долараў маюць агульную плошчу ад 65 да 75 кв. м, або размешчаны бліжэй да цэнтра горада. Зараз нават стандартныя па плошчы двухпакаёўкі з якасным рамонтам і сучаснай мэбляй або ў элітных дамах прапануюцца за 100—160 тысяч долараў.

Апошняя тэндэнцыя сярод пакупнікоў не вельмі танных кватэр заключаецца ў тым, што кліенты адмаўляюцца набываць жыллё, якое патрабуе сур'ёзнага рамонту. А наадварот, кватэры з якасным рамонтам даволі хутка прадаюцца па кошце нават на 1—2 тысячы долараў большым, чым у сярэднім на рынку.

Стартавы кошт маленькіх трохпакаёвых кватэр пачынаецца з 60 тысяч долараў. Гэта "хрушчоўкі" з сумежнымі пакоямі і агульнай плошчай ад 55 да 62 кв. м. У лістападзе кватэры падобнай катэгорыі каштавалі прыкладна на 3—5 тысяч долараў менш. Стандартныя трохпакаёўкі, дзе агульная плошча складае да 80 кв. м, каштуюць ужо ў дыяпазоне ад 75 да 95 тысяч долараў.

Згодна са статыстыкай інфармацыйнага каталога выдання "Нерухомасць Беларусі", сярэдні кошт квадратнага метра аднапакаёвых кватэр складае 1440 долараў. Жыллёвы "квадрат" двухпакаёвых кватэр, па гэтай статыстыцы, нават даражэйшы — 1455 долараў. Аднак пры рэальных здзелках звычайна кватэры набываюцца, калі кошт квадратнага метра адна- і двухпакаёвых кватэр не больш чым 1320—1360 долараў. Трохпакаёвыя кватэры добра набываюцца, калі квадратны метр такога жылля вагаецца ў межах ад 1280 да 1320 долараў.

У валюце даражэюць і новабудоўлі


Мікалай Прасталупаў адзначае, што апошнім часам істотна скарацілася прапанова па камерцыйным будаўніцтве жылля ў сталіцы. Сабекошт будаўніцтва працягвае павялічвацца, а вось прадаць яго па новым цэнніку робіцца праблематычным. Чаму? Наш суразмоўца тлумачыць гэта такім чынам. Летась у краіне была зафіксавана інфляцыя на ўзроўні 22%. Разам з тым, кошт замежнай валюты застаўся амаль на ранейшым узроўні. Тады атрымліваецца, што тавары і паслугі за год у нас падаражэлі ў валюце на гэтыя 22%. Гэта напрамую тычыцца не ўсіх сфер эканомікі, але...

Зразумела, што павялічыць цэннік новага жылля адразу на 22% у валюце арганізатар будаўніцтва не адважыцца, бо такія кватэры ніхто купляць не будзе. Разам з тым, сёння адкрытае акцыянернае таварыства "Мінскпрамбуд" прапануе кліентам долевае будаўніцтва жылога дома па вуліцы Прытыцкага, дзе квадратны метр аднапакаёвых кватэр каштуе 1300—1350 долараў, а жыллёвы "квадрат" двухпакаёвых кватэр цягне ўжо 1350—1400 долараў. Тэрмін увода дома ў эксплуатацыю — верасень гэтага года.

Зараз будуецца група жылых дамоў па вуліцы Шафарнянскай у мікрараёне Уручча-6. Там кошт кватэр ад забудоўшчыка складае ад 11 млн рублёў за квадратны метр. І новае жыллё будзе здадзена ў эксплуатацыю таксама сёлета.

Танней магчыма адшукаць долевае будаўніцтва толькі па такіх праектах, калі здача дома запланавана, напрыклад, на апошні квартал 2014 года. У такім доме (мікрараён Каменная горка-1) квадратны метр жылля прапануецца за 1000—1350 долараў. А калі дом запланавана пабудаваць ажно ў 2016 годзе, то квадратны метр будзе каштаваць нават ад 7,3 млн рублёў. Тут існуе толькі адна ўмова: неабходна аплаціць адразу 100% кошту будаўніцтва.
____________________________

Мікалай Прасталупаў упэўнены, што пры сённяшняй сітуацыі ў камерцыйным будаўніцтве і пры стабільнай айчыннай валюце, да мая кватэры на другасным рынку Мінска падаражэюць яшчэ мінімум на 5—7%. Асобныя эксперты рынку нерухомасці не выключаюць таго, што пры павелічэнні попыту на сталічнае жыллё з боку жыхароў іншых гарадоў Беларусі яно можа падаражэць сёлета больш істотна.

Сяргей Куркач
Звязда, 12 студзеня 2013


 

Кoличество переходов на страницу: 1100


Комментарии