Невялікая цэнтральнаамерыканская дзяржава Сальвадор на гэтым тыдні аказалася сярод цэнтральных загалоўкаў сусветных інфармагенцтваў. Днямі тут упершыню ў свеце прызналі галоўную крыптавалюту біткоін законным плацежным сродкам. У адпаведнасці з законам, які ўступіў у сілу 7 верасня, усе прадпрыемствы і арганізацыі абавязаны прымаць «крыпту» для аплаты тавараў і паслуг нароўні з доларам ЗША. Уласнай валюты гэтая краіна не мае. Навошта Сальвадор прызнаў біткоін?
Пропуск у «лічбу»
Раней грашовай адзінкай краіны быў сальвадорскі калон. Пасля ад выкарыстання гэтай валюты ўрад Сальвадора адмовіўся. З 2001 года ў краіне выкарыстоўваецца долар ЗША. Калон цалкам выведзены з абарачэння ў 2004-м.
Харызматычны і папулярны 40-гадовы прэзідэнт Сальвадора Наіб Букеле, які ініцыіяваў прыняцце закона аб біткоіне, сцвярджае, што гэтая мера падштурхне эканамічны рост і зробіць прасцейшым і таннейшым перавод на радзіму сродкаў, якія зарабляюць сальвадорцы за мяжой. «У кароткатэрміновай перспектыве гэта створыць працоўныя месцы, забяспечыць фінансавую інклюзію тысячам людзей, якія сёння знаходзяцца за межамі фармальнай эканомікі», — заявіў ён. Прэзідэнт Сальвадора прывёў у «Твітэры» наступныя разлікі: нават калі максімальная капіталізацыя біткоіна складала 680 мільярдаў долараў, то ўкладанне нават аднаго працэнта гэтых сродкаў павялічыць ВУП Сальвадора на чвэрць.
Паводле яго слоў, каля 50 тысяч грамадзян краіны ўжо карыстаюцца біткоінам, адзначыла «Бі-бі-сі». «Упершыню ў гісторыі погляды ўсяго свету накіраваны на Сальвадор, і гэта адбудзецца дзякуючы біткоіну», — напісаў раней Букеле ў «Твітэры». Пры гэтым кіраўнік дзяржавы прызнаў, што «любы праект, які нацэлены ў будучыню, не прыносіць выніку на наступны дзень або праз месяц». Нацыянальны кангрэс, дзе большасць належыць прыхільнікам прэзідэнта, у чэрвені прыняў прадстаўлены ім законапраект праз суткі пасля яго паступлення ў палату.
Што вядома пра прэзідэнта-рэфарматара Наіба Букеле? Ён нарадзіўся ў 1981-м у Сан-Сальвадоры, яго продкамі былі палесцінскія мігранты. Ва ўзросце 18 гадоў заснаваў сваю першую кампанію. Пачаў палітычную кар'еру ў партыі левага кшталту «Фронт нацыянальнага вызвалення імя Фарабунда Марці». Быў выключаны з партыі за «непавагу» да правоў жанчын і за тое, што кінуў яблыкам у аднаго з рэгіянальных лідараў. Эксперты апісвалі яго як апартуніста і антысістэмнага палітыка. Ён тройчы змяняў палітычныя партыі перад рознымі выбарамі. Букеле перамог на выбарах прэзідэнта летам 2019 года. Пры ўступленні на пасаду прызначыў ва ўрад восем жанчын, у тым ліку сем кіраўнікоў міністэрстваў.
Паводле ацэнкі Букеле, грамадзяне будуць эканоміць дзякуючы новаўвядзенню да 400 мільёнаў долараў у год. Летась пераводы з-за мяжы ад паўтара мільёна сальвадорцаў, якія працуюць у асноўным у ЗША, склалі 5,9 мільярда долараў, ці амаль чвэрць — 23 працэнты ВУП Сальвадора, — найвышэйшы паказчык у свеце. Банкі спаганяюць за падобныя пераводы камісію, яны могуць займаць некалькі дзён, і часам жыхарам краіны неабходна прыходзіць па грошы асабіста.
Дырэктар праекта Bіtcoіn Beach, які займаецца прасоўваннем крыптавалюты ў Сальвадоры, Майк Петэрсан адзначыў, што ў адрозненне ад ЗША і Еўропы большасць сальвадорцаў не маюць банкаўскіх рахункаў і магчымасці карыстацца плацежнымі дадаткамі. «Цяпер яны атрымліваюць пропуск у лічбавы свет, змогуць разлічвацца анлайн, пасылаць адзін аднаму грошы на адлегласці ў сотні міль, і ўсё гэта пры амаль нулявой камісіі», — заявіў ён.
Петэрсан не сумняваецца, што станоўчы эфект неўзабаве праявіць сябе. «Людзі змогуць назапашваць, каб зрабіць у сваім доме новы дах, купіць карову ці паслаць дзяцей у школу — тое, чаго раней яны былі пазбаўлены», — кажа ён.
«Гэта павінна быць выгадна. Мае родныя ў ЗША змогуць пераводзіць грошы амаль бясплатна», — сказала агенцтву Reuters Рэйна Ісабэль Агілар, гаспадыня крамы ў горадзе Эль-Зонтэ за 50 кіламетраў на паўднёвы захад ад сталіцы краіны Эль-Сальвадора. Мільёны жыхароў могуць атрымаць прамую выгаду ад увядзення біткоіна ў якасці нацыянальнай валюты ўжо цяпер. Грамадзяне, якія ўстановяць на сваіх тэлефонах спецыяльна створаны для гэтага дадатак-крыптакашалёк Chіvo, атрымаюць каля 30 долараў у біткоінах.
Віртуальнае казіно
Урад таксама ўстанавіў па ўсёй краіне дзвесце электронных банкаматаў для канвертавання біткоінаў у долары без камісіі. Некаторыя з іх ахоўваюць ваенныя, каб не дапусціць вандалізму з боку праціўнікаў крыптавалюты. У пачатку верасня фінансавая камісія заканадаўчага сходу Сальвадора зацвердзіла траставы фонд у памеры 150 мільёнаў долараў для падтрымкі плана па легалізацыі біткоіна. З часам гэтая сума можа быць павялічана.
Сальвадор называюць краем азёр і вулканаў, паколькі на невялікай тэрыторыі дзяржавы знаходзіцца вялікая колькасць як патухлых, так і дзеючых вулканаў. Адпаведна, у краіне дастаткова актыўна развітая геатэрмальная энергетыка. У выніку, як заўважыў Наіб Букеле, у Сальвадоры будзе рэалізаваны майнінг біткоіна з дапамогай вулканаў.
Для падтрымкі Сальвадора карыстальнікі сацыяльных сетак Twіtter і Reddіt пачалі скупляць «біткі». Яны зладзілі акцыю, у рамках якой прапаноўваецца выдаткаваць 30 долараў на куплю невялікай долі біткоіна. Зрэшты, далёка не ўсе сальвадорцы сустрэлі інавацыю з аптымізмам. Людзі асцерагаюцца, што валатыльнасць — зменлівасць кошту біткоіна — можа негатыўна адбіцца на сацыяльных выплатах.
Паводле вынікаў даследавання, праведзенага Цэнтральнаамерыканскім універсітэтам (UCA), большасць жыхароў Сальвадора выказаліся супраць рашэння ўладаў увесці біткоіны ў якасці законнага плацёжнага сродку. Яшчэ напрыканцы жніўня ў сталіцы Сальвадора ўспыхнулі пратэсты — сотні незадаволеных грамадзян выйшлі на вуліцы. Лацінаамерыканцы асцерагаюцца, што ўкараненне крыптавалюты паспрыяе карупцыі, паведаміў Busіness Іnsіder.
Эксперты мяркуюць, што пратэсныя настроі ў Сальвадоры ў тым ліку выкліканыя страхам перад невядомасцю. Як паказала апытанне навуковага выдання Dіsruptіva, 30 % насельніцтва краіны паняцця не маюць, што такое біткоін, а больш за палову рэспандэнтаў назвалі рашэнне ўрада «цалкам няправільным». «Мае дочкі, якія працуюць у ЗША, сказалі, што яны лепш будуць плаціць 10–15 долараў за перавод ста долараў звычайным спосабам. З біткоінам яны адчувалі б сябе няўпэўнена», — сказаў карэспандэнту Reuters мясцовы жыхар Хуліа Рамірэс.
Сусветны банк, МВФ і сусветныя фінансавыя аналітыкі таксама сумняваюцца ў правільнасці рашэння Сальвадора. «Гэта можа быць і пачаткам рэалізацыі доўгатэрміновага плана па ўвядзенні ўласнай крыптавалюты, «стэйблкоіна», якая будзе забяспечана замежнымі актывамі і заклікана паступова выцесніць з эканомікі долар», — мяркуе лонданская газета Fіnancіal Tіmes.
Эксперты не выключаюць, што легалізацыя біткоіна прытармозіць выдачу Сальвадору запланаванай пазыкі МВФ у памеры мільярда долараў. Агенцтва Moody's панізіла крэдытны рэйтынг Сальвадора, што можа адбіцца на кошце яго даўгавых абавязацельстваў, намінаваных у доларах. У прыватнасці, фінансавыя аналітыкі асцерагаюцца, што выкарыстанне біткоіна можа дапамагаць адмыванню грошай. Таксама кажуць аб звязаных з ім высокіх макраэканамічных рызыках і юрыдычнай нявызначанасці. Па меркаванні эканаміста Цэнтральнаамерыканскага інстытута бюджэтных даследаванняў Рыкарда Кастанеды, «урад паставіў на кон больш за 200 мільёнаў долараў у віртуальным казіно, і гэта грошы падаткаплацельшчыкаў».
У першы свет
У адказ на такія сумненні Букель выклаў у «Твітэры» відэа ў стылістыцы фільма Квенціна Таранціна «Джанга вызвалены». У ім ён сячэ рабагандляра з эмблемай МВФ замест твару. «Час скончыць з ранейшай парадыгмай! Сальвадор мае права імкнуцца ў «першы свет», — абвяшчаў подпіс. Пазней Букель выдаліў свой твіт.
Напярэдадні ўвядзення «крыпты» ў якасці нацыянальнай валюты Сальвадор купіў 400 «біткоў» (каля 20 мільёнаў долараў па бягучым курсе), што прывяло да рэзкага росту курсу крыптавалюты: ён перавысіў 52 тысячы долараў. Праўда, літаральна праз некалькі гадзін інвестары пачалі ўсведамляць рызыкі, і курс апусціўся да прыкладна $50 тыс. У дзень, калі краіна афіцыйна прызнала токен, яе мясцовую сістэму крыптакашалькоў Chіvo прыйшлося часова адключыць з-за цяжкасцяў з прапускной здольнасцю, растлумачыў Bloomberg. У выніку «крыпта» зноў патаннела. Кошт біткоіна зніжаўся да $42,8 тысячы, вынікае з даных крыптавалютнай біржы Bіnance. Наіб Букель распавёў у сваім мікраблогу, што краіна скарысталася сітуацыяй і падчас падзення купіла 150 біткоінаў у дадатак да ўжо набытых напярэдадні 400. «Падобна, зніжкі скончыліся», — напісаў Букель, калі кошт крыптавалюты стаў расці.
Практыка Сальвадора дапаможа зразумець рызыкі прызнання біткоіна і іншых крыптавалют афіцыйным плацежным сродкам. Такое меркаванне выказаў ТАСС кіраўнік Асацыяцыі ўдзельнікаў рынку электронных грошай і грашовых пераводаў Віктар Достаў. «У нас будзе выдатны краінавы эксперымент.
І па выніку мы праз нейкі час на іх прыкладзе зразумеем рызыкі такой гісторыі, рызыкі афіцыйнага прызнання біткоіна і іншых крыптавалют — у прыватнасці, як яны ўплываюць на дзяржаўную манетарную палітыку», — заўважыў эксперт.
Палітыку Сальвадора падтрымаў Цэнтральнаамерыканскі банк эканамічнай інтэграцыі (CABEІ). Пазіцыю CABEІ, як аб'яднанага органа, падтрымліваюць яго краіны-члены, сярод якіх Гватэмала, Гандурас, Нікарагуа, Коста-Рыка, Панама, Дамініканская Рэспубліка, Беліз, Мексіка, Аргенціна, Калумбія, Іспанія, Куба, Паўднёвая Карэя. Гэта сведчыць аб тым, што большасць з іх згодныя з рашэннем Сальвадора. Ёсць шэраг дзяржаў, якія ў будучыні могуць прыняць біткоін у якасці сродку плацяжу.
Такія крокі абумоўлены рынкавай кан'юнктурай. Кіраўнік нью-ёркскай даследчай кампаніі Chaіnalysіs Майкл Гранагер, які з'яўляецца таксама сузаснавальнікам крыптабіржы Kraken, заявіў, што, па яго ацэнцы, біткоін да канца гэтага года пераадолее ўзровень у 100 тысяч долараў. Эксперт мяркуе, што крыптавалюта № 1 знаходзіцца ў фазе цэнавага ўздыму. Standard Chartered, адзін з вядучых брытанскіх банкаў, выпусціў сваю першую справаздачу, прысвечаную крыптарынку. Згодна з інфармацыяй, да якой атрымалі доступ журналісты, аналітыкі фінансавай установы чакаюць знаходжанне біткоіна ў межах ад 50 да 175 тысяч долараў.
Аўтар: Захар Бурак
Звязда, 12 верасня 2021
Звязда, 12 верасня 2021
Кoличество переходов на страницу: 164
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |