https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Нам трэба глядзець на гісторыю вачыма нашага народа, праз прызму беларускай дзяржаўнасці


У прэамбуле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі, якія выносяцца на рэферэндум, дадаецца такая каштоўнасная ўстаноўка, як самабытнасць. Які сэнс сучасныя гісторыкі ўкладаюць ў гэтае слова? Якія напрацоўкі стаяць за такім канстытуцыйным пасылам? Чаму важна ведаць гісторыю з глыбіні вякоў і чым пагражае страта гістарычнай інфармацыі? З такімі пытаннямі «Звязда» звярнулася да кандыдата гістарычных навук, рэктара Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вячаслава Даніловіча.

— «Самабытнасць» — вельмі важны тэрмін у Канстытуцыі. Калі мы гаворым аб беларусах як аб нацыі, улічваем адметнасці, што адрозніваюць нас ад іншых народаў, — заўважыў Вячаслаў Віктаравіч. — Беларуская нацыя мае сваю адметную мову, і мы павінны яе захоўваць, аб чым нядаўна гаварыў наш Прызідэнт Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з навуковай супольнасцю.

Беларуская мова — душа нашага народа. Гісторыя склалася так, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы. І гэта таксама здабытак. Ды не значыць, што мы павінны ўсіх прымушаць гаварыць на беларускай мове, але павінны стварыць умовы, каб кожны грамадзянін яе ведаў.

У Канстытуцыі нацыянальная самабытнасць ідзе ў звязцы з такімі словамі, як шматвекавая гісторыя беларускай дзяржаўнасці і суверэнітэт. Гэта вельмі важныя, каштоўныя рэчы. Добра, што яны зафіксаваны ў абноўленым варыянце больш выразна. Важна казаць пра неабходнасць захавання гістарычнай памяці. Сёння вялікая ўвага ўдзяляецца захаванню памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.

На жаль, падзеі Другой сусветнай вайны найбольш у сучасным свеце падвяргаюцца фальсіфікацыі. У краінах Захаду гэта ўжо выйшла на міжнародны ўзровень, калі прымаюцца заявы адносна Савецкага Саюза, яго ставяць на адну дошку з нацысцкай Германіяй. Што для нас абсалютна непрымальна, бо супярэчыць гістарычным фактам. Не менш важна, з пункту гледжання захавання гістарычнай праўды, тое, што Генеральная пракуратура пачала справу аб генацыдзе беларускага народа, абсалютна правамоцна. Мы павінны ўголас казаць аб тым, што рабілася на нашай зямлі нацысцкімі акупантамі, якія імкнуліся знішчыць пераважную большасць насельніцтва, а рэшткі ператварыць у рабоў для новых германскіх гаспадароў.

— Напэўна, менавіта памяць краіны, дзе спалены тысячы вёсак, была б карыснай для таго, каб паказаць, што нясе з сабой вайна?

— Безумоўна, Беларусь з’яўляецца фактычна донарам міру. Паглядзіце, што робіцца ва Украіне і ўвогуле ў Еўропе, на нарошчванне вайсковага патэнцыялу. Але мы памятаем, што беларусы тысячагоддзямі жывуць на гэтым геапалітычным скрыжаванні і праз нашу тэрыторыю прайшлі тысячы войн і ваенных канфліктаў.

Варта задумацца, што, нягледзячы на ўсё гэта, яны адстаялі сваё права жыць на гэтай зямлі. І ў рэшце рэшт мы прыйшлі да суверэннай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя любяць гаварыць, што ў 90-я гады суверэнітэт зваліўся беларусам на галаву ніадкуль. Але трэба ўдумацца: беларусы яго заслужылі, да яго ішлі нашы продкі, яны яго выпакутавалі за тысячагоддзі гэтай у многім крывавай гісторыі. Мы ўжо больш за 30 гадоў не проста існуем як суверэнная Рэспубліка Беларусь, а паспяхова развіваемся, можа, не такімі тэмпамі, як камусьці хацелася.

Але тут нельга забывацца, што ў нас фактычна няма прыродных выкапняў у такой колькасці, як у іншых краінах. Наша багацце — у першую чаргу людзі, якія жывуць і працуюць на гэтай зямлі. Наш народ за 30 гадоў даказаў, што ў беларусаў патэнцыял дзяржаўнасці сфармаваны, мы здольны забяспечыць сваё суверэннае існаванне.

Мы павінны захоўваць права народа, які жыве на гэтай тэрыторыі, самастойна вырашаць свой лёс, якім чынам развівацца, з кім у саюзе знаходзіцца, якія інтэграцыйныя аб’яднанні падтрымліваць альбо, наадварот, не прымаць.

— Мы прывыклі гаварыць, што для вяртання ведаў пра нашае мінулае многа было зроблена ў 20-я гады, у час распаду СССР у 80–90-я. Ці трэба больш казаць пра тое, колькі навуковых даследаванняў, адкрыццяў, прац дало ХХІ стагоддзе?

— Сапраўды, дзякуючы падтрымцы дзяржавы праведзена велізарная праца. Напрыклад, самыя старажытныя славянскія матэрыялы выяўлены на нашым поўдні, на тэрыторыі Беларускага Палесся, яны датуюцца чацвёртым стагоддзем — сапраўднае адкрыццё. Мы гэта зафіксавалі ў пяцітомніку «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці», інфармацыя ўвойдзе ў абноўленыя падручнікі.

Так, беларусы сфармаваліся як народнасць у ХVІ стагоддзі, але гэта не значыць, што нашы продкі раптоўна ўзніклі аднекуль. Яны тысячагоддзямі жылі на гэтай тэрыторыі, яшчэ да таго, як пачалі называцца беларусамі. І тыя ж славяне — таксама нашы продкі. Нам трэба глядзець на гісторыю вачыма нашага народа, праз прызму беларускай дзяржаўнасці. У любым гістарычным перыядзе мы павінны прааналізаваць, што было дрэннага, што добрага, што спрыяла фармаванню і развіццю нашага народа, што перашкаджала.

Галоўны пастулат гістарычнай навукі — нельга скажаць і фальсіфікаваць гістарычныя факты і падзеі. Інтэрпрэтацыя іх можа быць рознай, адзін і той жа факт, падзея, гістарычная асоба на адзін народ магла паўплываць станоўча, на другі — адмоўна.

Зроблена шмат у развіцці гістарычнай навукі, наогул гуманітарных ведаў, таму што для гэтага дзяржавай былі створаны ўмовы.

Некалькі гадоў таму, калі на сустрэчы з навуковай супольнасцю ў Прэзідэнта запыталіся, якія задачы стаяць перад беларускай гістарычнай навукай, ён сказаў, што задача толькі адна: дайце нам аб’ектыўную карціну гістарычнага мінулага. Патрабаванні аб’ектыўнасці на самым высокім дзяржаўным узроўні — дарагога варта. Гэта дазваляе нармальна выкарыстоўваць гістарычны досвед без скажэнняў і фальсіфікацый. І ў гэтым моц нашай гістарычнай навукі. На жаль, шмат краін, дзе кіруючыя эліты лічаць, што можна выкрасліць пэўныя перыяды гісторыі як адмоўныя, другія — абяліць, маўляў, быў толькі росквіт. Гэта контрпрадукцыйна, бо пазбаўляе народы гістарычнай памяці.

— Ці з’яўляюцца такія паняцці, як «самабытнасць» і «гістарычная памяць», асновай эканамічнай (інфармацыйнай, палітычнай) бяспекі?

— Безумоўна. Пры гэтым ключавой часткай нашай гістарычнай памяці з’яўляецца гісторыя беларускай дзяржаўнасці. Калі я працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, мы разам з калегамі з ВНУ шмат увагі ўдзялялі даследаванню гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Напачатку неабходна было вызначыць, як разумець сам тэрмін «дзяржаўнасць». Прыйшлі да высновы, што дзяржаўнасць — перш за ўсё патэнцыял народа, які фармуецца тысячагоддзямі праз розныя дзяржаўныя ўтварэнні, якія існавалі на гэтай тэрыторыі. Нашы продкі ўдзельнічалі ў фармаванні ўладных структур, паступова назапашваўся досвед, уменні падтрымліваць функцыянаванне дзяржавы на сваёй тэрыторыі.

У выніку фармаваўся ўнутраны патэнцыял, які забяспечвае здольнасць народа да працяглага самастойнага існавання ў выглядзе суверэннай дзяржавы.

Мы бачым гістарычныя формы дзяржаўнасці, якія былі на нашай тэрыторыі: Полацкае княства, Тураўскае, Кіеўская Русь, Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, Расійская імперыя. Гэта поліэтнічныя ўтварэнні, іх гісторыя належыць народам, якія былі ў іх складзе.

А ў ХХ стагоддзі мы выходзім на нацыянальныя формы дзяржаўнасці, дзе прысутнічае азначэнне «беларускі». Беларуская Народная Рэспубліка — гэта спроба стварыць дзяржаву, але яна не ўвянчалася поспехам. Першае рэальнае беларускае дзяржаўнае ўтварэнне — Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь — 1 студзеня 1919 года. Нашы продкі атрымалі сваю дзяржаву, якая развівалася далей у фармаце Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. А ўжо 30 гадоў мы развіваемся як суверэнная краіна. Гэта найвышэйшая кропка развіцця для любой нацыі. І гэтае дасягненне мы павінны зберагчы.

— Сучасныя тэхналогіі, сацыяльныя сеткі спрыяюць таму, што фальсіфікацыі множацца? Што з гэтым рабіць?

— З аднаго боку, інтэрнэт можа спрашчаць жыццё, быць карысным. З іншага — нясе шмат пагроз. І мы павінны як мага шырэй праз сродкі масавай інфармацыі і той жа інтэрнэт даводзіць аб’ектыўную гістарычную пазіцыю. У нас атрымаўся велізарны знакавы цыкл па пашырэнні і прыцягненні ўвагі грамадскасці да гістарычнага мінулага. Ужо было тры гады малой радзімы. Усё пачынаецца з ведання гісторыі сваёй сям’і, роду, мясцін, дзе жывеш, рэгіёна, і ў комплексе гэта выходзіць на гісторыю краіны. 2021-ы быў абвешчаны Годам народнага адзінства, нам патрэбна было згрупавацца, аб’яднацца. Але за гэты год мы выдатна зразумелі, што без ведання гісторыі не можа быць адзінства народа. Калі народ не ведае сваёй гісторыі, у яго няма будучыні. Ён у рэшце рэшт прыйдзе да дэградацыі, растворыцца ў іншых народах.

Вельмі лагічна, што 2022-ы стаў Годам гістарычнай памяці. Ён насычаны знакавымі юбілеямі, якія дазваляюць зірнуць на нашу гісторыю ад самай старажытнасці да сучаснасці.

1160 гадоў Полацку — калысцы беларускай дзяржаўнасці. 1030 гадоў беларускай праваслаўнай царкве, бо ў 992 годзе ў Полацку была ўтворана першая хрысціянская епархія. 505 гадоў выхаду першай друкаванай кнігі на старабеларускай мове. 210 гадоў Айчыннай вайне 1812 года. 100 гадоў з дня стварэння Інстытута беларускай культуры. Далей, у снежні 2022 года, — 100-годдзе Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Менавіта ў савецкі перыяд беларуская нацыянальная дзяржаўнасць атрымала неабходны падмурак, на якім стаіць суверэнная Рэспубліка Беларусь. Усё гэта выдатныя даты, якія мы можам належна адзначыць і яшчэ раз задумацца пра тое, што было зроблена ў гэтыя гістарычныя перыяды нашымі продкамі.

— Якія ўстановы і інстытуты павінны працаваць на гістарычную памяць?

— Захаваць гістарычную памяць мы можам толькі агульнымі намаганнямі. У першую чаргу такія каштоўнасці перадаюцца праз сям’ю. Вялікую ролю адыгрывае сістэма адукацыі: пачынаючы ад дзіцячых садкоў да вышэйшых навучальных устаноў. Навуковая сфера павінна выпрацаваць наш беларускі погляд на сваю гісторыю.

Велізарная праца ў гэтым кірунку зроблена, і вынік яе — «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Перш чым была выдадзена гэта пяцітомная кніга, 14 гадоў ішлі даследаванні па розных напрамках.

Шмат робіцца на дзяржаўным узроўні. Прэзідэнтам зусім нядаўна падпісаны ўказ аб стварэнні Савета гістарычнай палітыкі пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Неабходна, каб у практычныя мерапрыемствы па захаванні гістарычнай памяці ўцягвалася моладзь. Недастаткова проста прыйсці з лекцыяй і расказаць пра гісторыю беларускай дзяржаўнасці. Вельмі важна, каб моладзь праз сябе, праз свае пачуцці прапусціла гэтыя веды. Яна можа ўспомніць сваіх продкаў, гісторыю свайго роду.

Дарэчы, вельмі цікавы праект некалькі гадоў таму распачаты ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны». Любы ахвотны можа даслаць дакументы, успаміны пра сваіх продкаў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, намаганнямі якіх і была дасягнута Вялікая Перамога над нацысцкімі захопнікамі. Усё фіксуецца, ствараецца электронная база, і выдаюцца адпаведныя кнігі.

— Якія праекты павінны загучаць у Год гістарычнай памяці?

— Гэта могуць быць праекты, звязаныя з упарадкаваннем вайсковых пахаванняў і ўвогуле гістарычных аб’ектаў. Акадэмія кіравання праводзіць акцыю «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся», дзе мы згадваем тое, што дасягнута нашай краінай.

У рамках акцыі «Роднае — народнае» папулярызуем сучасную дзяржаўную сімволіку Рэспублікі Беларусь. Некаторыя кажуць, што сучасная сімволіка не мае глыбокіх гістарычных каранёў, бо прататыпы яе былі прыняты ў БССР у 1951 годзе. Але яе сэнсавае насычэнне, той самы арнамент, які бачым на сцягу, мае тысячагадовую гісторыю. Гэта старажытны сімвал.

У нас праходзіць конкурс відэяролікаў «Святло Вялікай Перамогі», для якіх студэнты самі збіраюць інфармацыю пра розныя аспекты, звязаныя з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны.

Сёлета будзем распрацоўваць і арганізоўваць пешыя экскурсіі для нашых студэнтаў па гістарычных мясцінах Мінска. Хочам таксама зладзіць турыстычны паход па гістарычных мясцінах асобнага раёна, гэта выдатная магчымасць згадаць пра гістарычныя аб’екты, недзе студэнты могуць і парадак навесці.

Формы, якія раней выкарыстоўваліся для работы з моладдзю, актуальныя і цяпер. Напрыклад, педуніверсітэт ладзіць «зорныя паходы». Гэта добрая практычная работа па захаванні гістарычнай памяці. Калі моладзь уцягваецца ў такія праекты, мы выпрацоўваем у яе імунітэт супраць скажэнняў і фальсіфікацый.

— Як павінны рыхтавацца кадры, здольныя працаваць над прасоўваннем нацыянальных культурных, духоўных, гістарычных інтарэсаў? Сёння веды пра здабыткі народа спатрэбяцца ў любой прафесіі. Возьмем лёгкую прамысловасць. Чаму б не ствараць, напрыклад, калекцыі адзення з элементамі слуцкіх паясоў?

— У першую чаргу такія кадры павінны рыхтавацца ў адпаведнасці з ідэалогіяй беларускай дзяржавы, якая грунтуецца на традыцыйных каштоўнасцях, нацыянальна-дзяржаўнай свядомасці, грамадзянскасці і патрыятызме. У нас, у Акадэміі кіравання, адбываецца павышэнне кваліфікацыі, прыходзяць супрацоўнікі дзяржаўных органаў, арганізацый, кіраўнікі рэгіянальных органаў улады, прадпрыемстваў. Год гістарычнай памяці — выдатная нагода распавесці пра багатую гісторыка-культурную спадчыну нашага народа. І гэта можа вылівацца ў практычныя праекты.

Усім патрэбны сшыткі, можна распрацоўваць брэндавыя штодзённікі з выкарыстаннем арнаменту ці выявамі знакамітых беларусаў. Сёлета 140 гадоў Якубу Коласу і Янку Купалу, 135 — Зміцеру Жылуновічу.

Наогул, шмат юбілейных дат, і ўсё гэта варта выкарыстоўваць у плане пашырэння ведаў сярод насельніцтва. Можна рабіць семінары, круглыя сталы, пленэры, прысвечаныя захаванню гістарычнай памяці канкрэтнага рэгіёна, ці правесці навуковую канферэнцыю.

Такая практыка напрацавана ў Інстытуце гісторыі, у Аддзяленні гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, калі разам з мясцовымі ўладамі ладзяцца форумы. Да іх актыўна далучаюцца краязнаўцы, навучэнцы, студэнты, праходзяць конкурсы даследчых работ. Кожны рэгіён мае знакамітых ураджэнцаў. Але павінны быць жорсткія крытэрыі для адбору асоб, імёны якіх трэба ўвекавечваць у назвах вуліц, плошчаў, навучальных устаноў. Калі гаворым аб увекавечанні імёнаў на нашай тэрыторыі, гэта павінны быць людзі, якія ўнеслі рэальны значны ўклад у развіццё беларускага народа, краіны, пэўнага рэгіёна.

Аўтар: Алена Дзядзюля
Звязда, 24 лютага 2022


 

Кoличество переходов на страницу: 175