Паводле слоў Лукашэнкі, аналіз выяўленых парушэнняў сведчыць пра тое, што аснову большасці злачынных замахаў у сферы падаткаабкладання складаюць здзелкі, учыненыя з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі. Урон, які наносіцца імі дзяржаве, штогод узрастае, у той час як колькасць расследаваных спраў падае. Такім чынам толькі за мінулы год эканоміка страціла больш за 700 млрд. рублёў.
"Праваахоўныя і кантрольныя органы фактычна "б'юць па хвастах", выяўляючы такія структуры часта на заключнай стадыі іх злачыннай дзейнасці, калі асноўная маса фіктыўных здзелак ужо завершана і грашовыя сродкі выведзеныя з безнаяўнага абароту", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Органы фінансавых расследаванняў даюць прававую ацэнку толькі дзеянням заснавальнікаў ці дырэктараў гэтых ілжэструктур, зазначыў кіраўнік дзяржавы. "Але ні перад пракуратурай, ні перад органамі ўнутраных спраў не ініцыююцца пытанні дачы прававой ацэнкі чыноўнікам, якія зарэгістравалі яўна падстаўную фірму. Не ўстанаўліваюцца рэальныя асобы, якія стаяць за стварэннем гэтых структур, і тыя, хто імі насамрэч кіруе. Фактычна да адказнасці прыцягваюцца гэтак званыя стрэлачнікі", — падкрэсліў Лукашэнка.
Не бачыць пакуль належнай аддачы кіраўнік дзяржавы і ад дзейнасці фінансавай міліцыі, дэпартамента фінансавага маніторынгу. "Пра якую актыўнасць можа ісці гаворка, калі, напрыклад, не прымаюцца неабходныя меры па вяртанні з-за мяжы валютных сродкаў? А гэта — не адзін дзясятак мільярдаў рублёў, выведзеных з гаспадарчага абароту краіны", — заўважыў Лукашэнка.
Ён даручыў старшыні Камітэта дзяржкантролю прапрацаваць пытанні ўмацавання аналітычнага ўпраўлення дэпартамента фінансавага маніторынгу. "Гэта падраздзяленне ўжо даказала сваю эфектыўнасць, але на сёння яно практычна завалена толькі выкананнем запытаў. А дзе прагнозны складнік яго працы, які так неабходны для праваахоўных органаў?" — пацікавіўся Лукашэнка.
На думку кіраўніка дзяржавы, не павінны заставацца ў баку ад гэтай працы і органы дзяржбяспекі. З улікам спецыфікі іх дзейнасці варта сканцэнтраваць намаганні на павышэнні якасці маніторынгу аператыўнага становішча і своечасовым выяўленні рызыкаў, выклікаў і пагроз, што наноў фарміруюцца, у сферы барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі, падкрэсліў Лукашэнка.
Прэзідэнт даручыў КДК, Генпракуратуры і Нацыянальнаму цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў прапрацаваць усе пытанні прававога рэгулявання супрацьдзеяння ўхіленню ад выплаты даўгоў шляхам падманнага банкруцтва.
Паводле яго слоў, памер пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці па краіне ў даўжнікоў, якія знаходзяцца ў працэдуры банкруцтва, пастаянна ўзрастае, і ў 2013 годзе перавысіў 18 трлн. рублёў.
"Наогул з банкруцтвам трэба разабрацца і вельмі акуратна да гэтага падыходзіць, — сказаў Лукашэнка. — Недапушчальна, што ніводнаму кантралюючаму органу ў краіне не пастаўлена ў абавязкі правядзенне праверак для ўстанаўлення падманнасці або наўмыснасці банкруцтва, а таксама ўтойвання банкруцтва і чынення перашкод кампенсацыі стратаў крэдытору".
Лукашэнка нагадаў, што дзяржструктурамі, упаўнаважанымі ажыццяўляць дазнанне па фактах крымінальнага банкруцтва, з'яўляюцца органы ўнутраных спраў і дэпартамент фінансавых расследаванняў. Разам з тым, мяркуе ён, выяўляць такія злачынствы мэтазгодна комплексна: як шляхам аператыўна-вышуковых і праверачных мерапрыемстваў, гэтак і даследаваннем фінансава-гаспадарчай дзейнасці.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 1 жніўня 2013
Кoличество переходов на страницу: 1046
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |