https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Супербагатыя людзі


Арганізацыя Wеаlth-Х апублікавала свой чарговы даклад пра супербагатых людзей ва ўсім свеце. Да іх яна адносіць індывідаў, якія маюць больш чым 30 мільёнаў долараў.

Такіх у свеце на 2012 год аказалася 187380 чалавек, на 0,6 працэнта менш, чым у 2011 годзе. А валодаюць яны актывамі на суму ў 25 трыльёнаў 775 мільярдаў долараў — гэта значыць амаль, сукупным гадавым ВУП ЗША і Еўрасаюза, разам узятых. Асобны ўлік арганізацыя вядзе па мільярдэрах, якіх у свеце, паводле яе звестак, ужо 2160. І маюць яны ў 2012 годзе 6,19 трыльёна долараў.

У прынцыпе, у рынкавай эканоміцы існаванне супербагатых людзей непазбежнае. У класічнай тэорыі, з удзельнікаў рынкавых адносін заўсёды хтосьці дэманструе большы спрыт, чым астатнія, тым самым назапашваючы вялізнае багацце. Патрыятычна настроеныя багацеі могуць стаць важнай крыніцай інвестыцый у сваю эканоміку, што прадэманстравалі Германія і Японія, Паўднёвая Карэя і КНР у апошнія дзесяцігоддзі. На жаль, усё можа быць і інакш, як сведчыць вопыт Расіі, з якой новыя ўласнікі вывезлі сотні мільярдаў долараў у іншыя краіны, лічачы ўласную эканоміку непрыдатнай для ўкладання сваіх капіталаў. Толькі ў 2011 годзе расійскія ўласнікі вывезлі за мяжу больш за 84 мільярды долараў. Зразумела, гэта менш, чым у 2008 годзе, калі з Расіі вывезлі адразу 133,7 млрд долараў. Але ў любым выпадку гэтыя грошы спатрэбіліся б і ў сваёй эканоміцы. Вядома і простае тлумачэнне таго, чаму расійскія багацеі паводзяць сябе так непатрыятычна: вялізную частку сваіх актываў яны не зарабілі, а атрымалі пры дапамозе працэдур прыватызацыі ў 1990-х гадах, якія за іх недасканаласць і карупцыйнасць былі празваны ў народзе "прыхватызацыяй". Натуральна, што "новыя рускія", ведаючы, што іх вялізнае багацце базіруецца на дастаткова хісткай прававой аснове, лічаць за лепшае значную частку іх захоўваць за мяжой, куды расійская Феміда, у выпадку чаго, не зможа дабрацца.

Памер актываў, сканцэнтраваных багачамі ў краіне, можа паўплываць і на сацыяльнае становішча ў ёй. Калі ў беднай краіне багацеі канцэнтруюць у сваіх руках вельмі вялікую маёмасць, астатняя частка насельніцтва можа адчуваць нарастаючыя праблемы з сацыяльнай справядлівасцю. Так, у Венесуэле перад прыходам Уга Чавеса да ўлады вялізныя даходы арыстакратыі яўна дысгарманавалі з адкрытай галечай асноўнай масы насельніцтва. І сёння раней назапашанае вялізнае багацце венесуэльскіх алігархаў выкарыстоўваецца імі для супрацьстаяння новай сацыяльнай палітыцы Уга Чавеса, арыентаванай на скарачэнне беднасці.

Калі браць вопыт Заходняй і Паўночнай Еўропы, то тут відавочны цікавы вопыт спалучэння высокай канцэнтрацыі багатых індывідаў з вялікімі актывамі з высокім узроўнем сацыяльнай абароны больш беднай часткі насельніцтва. З багацеяў дзяржавай проста-такі бяруцца такія высокія падаткі, якія дазваляюць стварыць камфортныя ўмовы жыцця для беднякоў. Такім чынам, асноўным у сацыяльнай абароне з'яўляецца не наяўнасць багатых і супербагатых грамадзян у той ці іншай дзяржаве, а здольнасць дзяржавы праводзіць правільную падатковую палітыку да іх для эфектыўнага развіцця эканомікі і паляпшэння матэрыяльнага дабрабыту ўсяго насельніцтва.

Цікава прааналізаваць, выкарыстоўваючы звесткі Wеаlth-Х, суадносіны актываў супербагатых людзей да памеру эканомікі ў краінах, якія дзесяцігоддзямі дэманструюць пэўную гармонію ў забеспячэнні матэрыяльнага дабрабыту ўсяго свайго насельніцтва і параўнаць іх з сітуацыяй у Беларусі і суседніх з ёй краінах. Да ўзорных краін у галіне забеспячэння сацыяльнай абароны ў Еўропе традыцыйна адносяць Германію, Швецыю, Аўстрыю, Фінляндыю і Данію. Па звестках Wеаlth-Х, у Германіі 15570 супербагатых людзей валодаюць больш чым двума трыльёнамі долараў, што складае больш за 66% ад гадавога ВУП краіны. У Аўстрыі 530 багацеяў сканцэнтравалі ў сваіх руках 60 млрд долараў, або 17% ад гадавога ВУП краіны. У Швецыі ў 990 супербагатых грамадзян сканцэнтравана 110 млрд долараў, што складае амаль 29% ад гадавога ВУП. У Фінляндыі 405 багацеяў кантралююць актывы ў памеры 45 млрд, што складае 23% ад гадавога ВУП. У Даніі 685 супербагатых грамадзян валодаюць 75 млрд, што складае больш за 36% ад ВУП. Такім чынам, багатыя людзі валодаюць у гэтых пяці краінах ад 17% да 66% гадавога ВУП, але ўрадам удаецца забяспечыць і высокі ўзровень сацыяльнай абароны беднякоў.

Супаставім гэтую інфармацыю са звесткамі па Беларусі і яе суседзях. У Расіі 1145 супербагатых грамадзян кантралююць актывы на 605 млрд долараў. Гэта 25% ад ВУП Расіі. Пры гэтым улічым, што, па розных ацэнках, расійскім грамадзянам належыць і прыкладна 800 млрд долараў, якія імі выведзены за мяжу і яўна ў гэтым даследаванні Wеаlth-Х не ўлічаны. Ва Украіне 480 супербагацеяў сканцэнтравалі ў сваіх руках 55 млрд долараў, або амаль 17% ад гадавога ВУП краіны. У Літве 80 супербагатых грамадзян валодаюць 9 млрд долараў, што складае 14,6% ад ВУП. У Латвіі 65 супербагацеяў валодаюць 8 млрд долараў, або 23,5% ад ВУП. У Беларусі, па звестках Wеаlth-Х, налічваецца 115 супербагатых людзей, і валодаюць яны 13 млрд дол. Гэта крыху вышэй за 9% ад ВУП краіны. Зразумела, выклікае сумненне, ці сапраўды такая вялікая колькасць доларавых мультымільянераў у Беларусі, як мяркуецца ў межах даследавання, паколькі ў беларускай эканоміцы дамінуе дзяржаўны сектар, а прыватызацыя ў 1990-х гадах закранула толькі дастаткова малы сегмент эканомікі. Пагадзіцеся, цяжка чакаць, што чалавек, які прыватызаваў у 1992 годзе кавярню на 20 пасадачных месцаў, так змог развіць свой бізнэс, што цяпер з'яўляецца ўладальнікам больш чым 30 млн долараў. У той жа час самы нізкі працэнт мяркуемых па звестках Wеаlth-Х актываў супербагатымі людзьмі ў Беларусі ў адносінах да памеру ВУП у параўнанні з дзевяццю іншымі краінамі служыць аб'ектыўным сведчаннем таго, што гэтая ацэнка не завышаная. І ўлічваючы параўнальна невялікі аб'ём актываў багатых людзей у Беларусі, яшчэ яўна не прыйшоў іх час, калі за кошт больш высокіх падаткаў з іх удасца, па ўзоры Германіі, Швецыі, Аўстрыі, Фінляндыі і Даніі, павышаць жыццёвы ўзровень бедных слаёў насельніцтва.

Сяргей Кізіма,
загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук.
Звязда,  24 кастрычніка 2012

 

Кoличество переходов на страницу: 951


Комментарии