Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) перавяла індыйскі штам каранавіруса B.1.617 з катэгорыі «прадмет увагі» ў катэгорыю «прадмет занепакоенасці». Паводле даных Агенцтва аховы здароўя ААН, гэта азначае, што ён больш заразны, выклікае павышаную супраціўляльнасць антыцелам, больш сур'ёзныя ўскладненні, а таксама горш паддаецца ўздзеянню вакцын і лекаў. У гэтую ж катэгорыю раней залічылі варыянт B.1.1.7, які ўпершыню знайшлі ў Вялікабрытаніі, і B.1.351, выяўлены ў Паўднёвай Афрыцы, а таксама знойдзены ў Бразіліі P.1. Нядзіўна, што за навінамі з Індыі з хваляваннем сочыць увесь свет. Гэтая адна з найбуйнейшых па колькасці насельніцтва краіна (яна практычна дагнала Паднябесную) стала галоўным глабальным эпіцэнтрам пандэміі. Чаму Індыю захіснула жудасная хваля ковіду, чаго чакаць надалей?
Мутацыі і грыбкі
Самыя раннія ўзоры варыянта B.1.617 у Індыі знайшлі яшчэ летась у кастрычніку, а ўжо ў снежні выявілі яго разнавіднасць з мутацыямі E484Q і L452R. Да сярэдзіны лютага на гэты штам прыходзілася 60 працэнтаў выпадкаў усіх захворванняў COVІD-19, прыводзіць часопіс Nature словы Прыі Абрахам, дырэктара Нацыянальнага інстытута вірусалогіі (NІV) у Пуне.
Ужо ў сакавіку 2021-га ўлады краіны абвясцілі, што варыянт стаў асабліва актыўна распаўсюджвацца ў штаце Махараштра (захад краіны), дзе размешчаны найбуйнейшы горад краіны Мумбаі. Гэта пры тым, што ў Індыі таксама атрымаў распаўсюджванне і брытанскі штам, асабліва ў Дэлі і штаце Пенджаб.
Як адзначаюць у СААЗ, мутацыі E484Q і L452R, хутчэй за ўсё, робяць індыйскі варыянт больш заразным і больш абароненым ад імуннага адказу. Пакуль яны не сустракаліся, напрыклад, у брытанскага, паўднёваафрыканскага і бразільскага штамаў. Трэцяя мутацыя ў гэтым варыянце, P681R, патэнцыйна можа прывесці да «ўзмоцненай перадачы», дапускаюць эксперты. Пры гэтым, на думку некаторых спецыялістаў, тэрміны «падвойная мутацыя» ці «трайная мутацыя» не зусім карэктныя, паколькі B.1.617 мае больш за дзясятак мутацый. Паводле апошніх даных СААЗ, індыйскі штам выявілі ўжо ў больш чым паўсотні краінах свету, уключаючы ЗША, Расію, Францыю і Сінгапур. Як паведаміла Washіngton Post, больш за ўсё выпадкаў заражэння B.1.617 назіраецца ў Вялікабрытаніі.
Мала таго, што ў Індыі лютуе наймагутнейшая другая хваля COVІD-19, урачы паведамляюць яшчэ і аб рэзкім росце выпадкаў рэдкай інфекцыі, якую называюць «чорным грыбком», сярод тых, хто перахварэў ці яшчэ хварэе на каранавірус. Хірург-афтальмолаг з Мумбаі доктар Акшай Наір заўважыў Бі-бі-сі, што ў хворых або перахварэлых ковідам штуршком да развіцця мукармікозу (прычым у 50 % выпадкаў усё заканчваецца смяротным зыходам) могуць быць стэроіды, якія актыўна і паспяхова прымяняюцца ў выпадку цяжкага працякання COVІD-19.
Кісларод у дэфіцыце
Індыя ўжо больш чым два тыдні б'е сусветныя рэкорды па сутачным прыросце заражэнняў каранавірусам. 30 красавіка гэты паказчык перавысіў 400 тысяч чалавек і цяпер не змяншаецца ніжэй за 300 тысяч. Індыя займае другое месца па колькасці афіцыйна зарэгістраваных выпадкаў заражэння каранавірусам: іх у краіне амаль 24 мільёны, памерлі больш за 260 тысяч чалавек з COVІD-19. На працягу апошніх паўтара месяца ў Індыі назіраецца рэзкі рост захворвання, да якога сістэма аховы здароўя не была гатова.
Бальніцы і самі пацыенты спрабуюць атрымаць дэфіцытнае медыцынскае абсталяванне, якое прадаецца на чорным рынку з велізарнай нацэнкай, і некаторыя медустановы патрабуюць, каб хворыя прыязджалі са сваімі кіслароднымі балонамі. Акрамя таго, з-за недахопу рэсурсаў для лячэння імкліва павялічваецца колькасць пацыентаў. Гарадскія бальніцы вымушаны адмаўляцца ад цяжкахворых, заўважыла The Telegraph.
Сем'і людзей з COVІD-19 спрабуюць звяртацца ў розныя бальніцы, каб дапамагчы блізкім, але часта іх спробы ні да чога не прыводзяць і заканчваюцца гібеллю хворых. Сацыяльныя сеткі і СМІ перапоўнены паведамленнямі аб тым, што ў роспачы сваякі людзей, якія пераносяць COVІD-19 у цяжкай форме, просяць арганізаваць падключэнне да сістэмы штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ) за межамі бальніц, паведаміла інфармагенцтва Assocіated Press. Большасць бальніц у Індыі не абсталявана апаратамі ШВЛ: перш за ўсё гэта звязана з тым, што для іх работы патрабуецца бесперабойнае электразабеспячэнне, што рэдкасць у многіх штатах, тлумачыць AP.
У выніку бальніцы звычайна выкарыстоўваюць кісларод, які можна захоўваць у балонах і перавозіць у крыягенных цыстэрнах. Аднак на фоне рэзкага скачка захворвання ўзнік востры недахоп гэтых запасаў. Попыт бальніц на кісларод вырас амаль утрая і складае 8000 тон у дзень, у той час як агульны аб'ём яго вытворчасці ў Індыі — 7500 тон, удакладніла агенцтва Assocіated Press. Пры гэтым самую вялікую праблему ўяўляе транспартоўка кіслароду туды, дзе ён тэрмінова неабходны, сцвярджае кіраўнік Усеіндыйскай асацыяцыі вытворцаў прамысловых газаў Сакет Ціку. Летась, падчас лакдаўну, кісларод везлі па пустых трасах, але падчас новай хвалі, калі ўрад вырашыў не ўводзіць строгі цэнтралізаваны каранцін, усё інакш. Улады спрабуюць мабілізаваць сілы і дастаўляць жыццёва неабходны рэсурс цягнікамі, самалётамі і грузавым транспартам.
Федэральны ўрад звярнуўся да профільных прадпрыемстваў з просьбай павялічыць вытворчасць кіслароду і іншых жыццёва важных лекаў, якія аказаліся ў дэфіцыце, піша AP. Акрамя таго, улады вырашылі прыцягнуць да барацьбы з пандэміяй вайскоўцаў. Кіраўнік Генштаба Індыі генерал Біпін Рават заявіў, што войска адправіць у бальніцы кісларод са сваіх рэзерваў, а ваенныя медыкі, якія пайшлі ў адстаўку, выйдуць на дапамогу грамадзянскім калегам у шпіталях.
Пахавальныя вогнішчы на вуліцах
На фоне крызісу людзі з апусцелымі вялікімі балонамі з-пад кіслароду сталі выстройвацца ў чэргі на заправачных станцыях, дзе можна папоўніць яго запасы, а сікхскі храм у Нью-Дэлі пачаў ладзіць бясплатныя сеансы для тых, каму неабходна тэрміновая дапамога: наведвальнікі дыхаюць з дапамогай спецыяльных масак. Пацыенты паміраюць з-за недахопу кіслароду на шляху ў бальніцы, у якіх таксама ўжо няма месцаў. Месцаў няма на могілках і ў крэматорыях. У горадзе Бхопал колькасць печаў у некаторых крэматорыях павялічылі ў пяць разоў, але сваякам памерлых усё роўна даводзіцца праводзіць у чэргах па некалькі гадзін і мірыцца з адсутнасцю развітальных цырымоній і рытуалаў, піша AP.
«Мы проста спальваем целы, калі яны прыбываюць. Як калі б гэта адбывалася ў разгар вайны», — сказаў супрацоўнік гарадскога крэматорыя Мамтэш Шарма. Гэта прывяло да таго, што ў шматлікіх гарадах пахавальныя вогнішчы пачалі разводзіць проста на вуліцах.
«Мы проста спальваем целы, калі яны прыбываюць. Як калі б гэта адбывалася ў разгар вайны», — сказаў супрацоўнік гарадскога крэматорыя Мамтэш Шарма. Гэта прывяло да таго, што ў шматлікіх гарадах пахавальныя вогнішчы пачалі разводзіць проста на вуліцах.
«Гэта выглядае як зона баявых дзеянняў: паўсюль ляжаць трупы, а людзі ў сродках індывідуальнай абароны выглядаюць як салдаты ў форме, якія рыхтуюцца да новага раўнду смяротнай бітвы», — заявіў адзін з мясцовых жыхароў The Telegraph. Супрацоўнік аднаго з «вулічных крэматорыяў» горада Ахмедабад Сурэш Бхаі расказаў, што ніколі не бачыў такога «бясконцага канвеера смерці»: пахавальныя вогнішчы там гараць 24 гадзіны ў суткі, паведаміла The New York Tіmes. Бхаі адзначыў, што ў дакументах, якія ён выдае сем'ям крэміраваных індыйцаў, не паказвае COVІD-19 у якасці прычыны смерці. «Хвароба, хвароба, хвароба — вось, што мы пішам», — сказаў ён, дадаўшы, што такое распараджэнне яму паступіла ад начальства.
Днямі стала вядома, што дзясяткі целаў людзей, якія, як мяркуецца, памерлі ад каранавіруса, знаходзяць на берагах свяшчэннай ракі Ганг на поўначы Індыі.
Днямі стала вядома, што дзясяткі целаў людзей, якія, як мяркуецца, памерлі ад каранавіруса, знаходзяць на берагах свяшчэннай ракі Ганг на поўначы Індыі.
Трэцяя хваля на падыходзе
Для Нарэндры Модзі, якога Washіngton Post называе самым уплывовым індыйскім прэм'ерам за 50 гадоў, гэта момант расплаты, піша выданне. Ён сутыкнуўся з найбуйнейшым крызісам у Індыі з моманту здабыцця краінай незалежнасці. Рашэнні Модзі выклікаюць усё больш гневу насельніцтва і крытыкі апанентаў. У той час як захворванне на каранавірус рэзка расло, прэм'ер працягваў праводзіць маштабныя сустрэчы з выбаршчыкамі. Раней ён таксама адмовіўся адмяніць рэлігійны фестываль Кубха Мэла, на якім сабраліся мільёны людзей, нягледзячы на засцярогі экспертаў у галіне аховы здароўя, адзначае Washіngton Post.
У рамках падрыхтоўкі да выбараў Модзі выступіў прыкладна на 20 масавых палітычных мітынгах, а яго правая рука, міністр унутраных спраў Аміт Шах, — больш чым на 50 падобных мерапрыемствах, піша Fіnancіal Tіmes. Эксперты ў галіне аховы грамадскага здароўя папярэджвалі, што падобныя мерапрыемствы створаць добрую глебу для каранавіруса, але прэм'ер не звярнуў увагі на гэтыя перасцярогі.
Індыйскі палітык Рахул Гандзі, унук колішняга прэм'ер-міністра краіны Індзіры Гандзі, прадказаў краіне спусташэнне, калі эпідэмію каранавіруса не возьмуць пад кантроль. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters. Гандзі напісаў ліст кіраўніку ўрада Індыі з просьбай увесці нацыянальны лакдаўн, паскорыць праграму вакцынацыі і пачаць адсочваць інфекцыю і яе мутацыі. Палітык таксама падкрэсліў, што калі эпідэмія віруса не будзе ўзята пад кантроль, то яна стане пагрозай для астатняга свету. «У Індыі жыве кожны шосты чалавек на планеце. Пандэмія прадэманстравала, што памеры нашай краіны, генетычная разнастайнасць і складанасць робяць Індыю прыдатнай глебай для хуткай мутацыі віруса», — напісаў Гандзі.
Тым часам стала вядома, што жыхары штата Гуджарат пачалі абараняцца ад каранавіруса з дапамогай... каровінага гною і мачы. Яны наносяць сумесь са спаражненняў жывёл на ўсё цела, чакаюць, пакуль яна высахне, а пасля абмываюцца малаком. Месцічы ўпэўнены, што падобныя працэдуры дапамогуць ім пазбегнуць інфекцыі і ўмацаваць імунітэт, паведаміла Reuters. Індыйскія ўрачы і навукоўцы выступаюць супраць нетрадыцыйных спосабаў аховы ад віруса. Так, кіраўнік Індыйскай нацыянальнай медыцынскай асацыяцыі доктар Дж. А. Джаялал патлумачыў мясцовым жыхарам, што «не існуе канкрэтных навуковых доказаў таго, што каровін гной або мача павышаюць імунітэт супраць COVІD-19».
Пры гэтым «ковіднае цунамі» не завяршаецца. Трэцяя хваля распаўсюджвання COVІD-19 непазбежна пачнецца ў Індыі з прычыны высокага ўзроўню цыркуляцыі ў краіне індыйскага штаму каранавіруса. Пра гэта заявіў галоўны навуковы саветнік прэм'ер-міністра Індыі Віджай Рагхаван, паведаміла газета The Іndіan Express. На думку эксперта, для таго каб справіцца з чарговым наступленнем віруса, неабходны меры па ўзмацненні эпідэмічнага нагляду, мадэрнізацыя існуючых вакцын і захаванне нормаў сацыяльнай бяспекі.
Аўтар: Захар Бурак
Звязда, 14 траўня 2021
Звязда, 14 траўня 2021
Кoличество переходов на страницу: 256
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |