https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


З адкрытым сэрцам. Чаму іншаземцы імкнуцца трапіць у Беларусь?


У Беларусь з пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму для жыхароў суседніх краін Еўрасаюза прыехала каля 380 тысяч іншаземцаў. Аб гэтым паведамілі ў Дзяржаўным пагранічным камітэце. Сёлета па бязвізе ў Беларусь прыбылі 244 тысячы грамадзян Літвы, больш чым 113 тысяч жыхароў Латвіі, а таксама больш чым 20 тысяч грамадзян Польшчы. За мінулы тыдзень нашу краіну наведала звыш 8 тысяч іншаземцаў, большасць з якіх — грамадзяне Літвы. Відавочна, што колькасць жыхароў суседніх краін, якія імкнуцца трапіць у Беларусь, нягледзячы на супрацьдзеянне улад сваіх дзяржаў, стабільна павялічваецца. Чаму так адбываецца?

Вырвацца з «залюстроўя»

Адна з апошніх добрых навін для жыхароў суседніх краін — Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову Савета Міністраў і Міністэрства замежных спраў аб прадаўжэнні на 2023 год бязвізавага рэжыму ўезду, які дзейнічае з Літвой, Латвіяй і Польшчай. Як адзначылі ў прэс-службе беларускага лідара, такое рашэнне прынята ў пацвярджэнне адкрытасці нашай краіны, накіраванасці на добрасуседства і ўмацаванне міжнацыянальных сувязяў. Грамадзяне Літвы, Латвіі і Польшчы і надалей змогуць без перашкод наведваць Рэспубліку Беларусь, сустракацца са сваякамі, наведваць месцы пахавання, атрымліваць медыцынскія і іншыя паслугі.

Начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Андрэй Кажан у гутарцы з журналістамі растлумачыў прычыны ініцыятывы МЗС па прадаўжэнні на 2023 год бязвізавага рэжыму для жыхароў Літвы, Латвіі і Польшчы, паведаміла БелТА. Ён нагадаў, што бязвізавы ўезд у Беларусь быў уведзены для грамадзян Літвы, а таксама грамадзян і неграмадзян Латвіі з 15 красавіка гэтага года, а з 1 ліпеня гэтую магчымасць атрымалі таксама і грамадзяне Польшчы.

Па цяперашніх часах гэта суперільготны рэжым, адзначыў Baltnews. Уехаць наземным транспартам было амаль немагчыма з-за строгіх каранцінных забарон. Без візы пускалі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, але прамых рэйсаў з ЕС туды няма. Таму грамадзяне еўрапейскіх дзяржаў лёталі ў Беларусь праз Стамбул ці іншыя далёкія хабы. Гэта дорага і доўга, і большасці жыхароў суседніх краін такое не па кішэні. Для іх бязвіз — насамрэч цудоўная магчымасць вырвацца з «залюстроўя», заўважыў Baltnews.

На свае вочы

Нядзіўна, што 380 тысяч іншаземцаў з вялікім задавальненнем скарысталіся бязвізам і наведалі Беларусь. «Пагадзіцеся, гэта лічба вельмі і вельмі немалая. Прычым паездкі здзяйсняюцца з рознымі мэтамі: проста ў госці да сваякоў, знаёмых, сяброў, каб наведаць месцы пахавання, для бізнес-кантактаў, турызму, атрымання медыцынскіх паслуг, — заўважыў Андрэй Кажан. — З пачатку ўвядзення бязвізавага парадку мы рэгулярна, ледзь не кожны дзень, атрымліваем словы падзякі як пісьмова, так і вусна за гэтае пачынанне. І ў тым ліку мы атрымлівалі звароты нашых дыяспаральных аб'яднанняў — ці будзе прадоўжаны гэты парадак надалей, на наступны год? Улічваючы ўвесь пазітыў, які мы маем з увядзеннем бязвізавага парадку, і звароты беларусаў, дыяспар, МЗС выступіла з ініцыятывай гэты парадак прадоўжыць. Прыемна, што наша ініцыятыва была падтрымана кіраўніком дзяржавы, і, такім чынам, бязвізавы парадак уезду будзе захаваны для грамадзян Літвы, Польшчы і грамадзян/неграмадзян Латвіі на 2023 год», — адзначыў начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС.

Ён звярнуў увагу, што гэта ініцыятыва «здзяйсняецца насуперак і нягледзячы на ўсе тыя абмежаванні, якія, на жаль, існуюць у адносінах да беларускіх грамадзян, у тым ліку пры афармленні віз. Больш за тое, у сумежных краінах распаўсюджваюць страшылкі пра Беларусь, перасцерагаючы ад паездак». У сувязі з гэтым Андрэй Кажан прапанаваў усім ахвотным прыехаць у нашу краіну і асабіста пераканацца ў беспадстаўнасці і абсурднасці такіх перасцярог і запалохванняў. Ён расказаў, як аднойчы яму самому давялося развейваць страхі і апасенні замежнага госця: чакаў у госці знаёмага з суседняй краіны, а той за дзень да візіту засумняваўся, ці варта ехаць: «Дык жа ў вас, у Беларусі, не запраўляюць машыны з нашымі нумарамі». «Я тут жа пад'ехаў на найбліжэйшую заправачную станцыю з гэтым пытаннем, мне адказалі: «Колькі тон трэба вашаму знаёмаму?» — распавёў амаль анекдатычную гісторыю прадстаўнік МЗС.

«Не трэба апасацца, не варта слухаць страшылкі пра магчымасць прыезду да нас. Лепш за ўсё паглядзець усё самому і пераканацца на свае вочы. Тое, што бязвізавы парадак уезду працягваецца на чарговы, 2023 год, якраз з'яўляецца пацвярджэннем таго, што Беларусь — краіна гасцінная, беларусы — гасцінныя людзі, — падкрэсліў начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС. — Я спадзяюся, што цяпер пытанне для многіх літоўцаў, латышоў і палякаў, дзе сустрэць новы, 2023 год, вырашана».

Чысціня і спакой

З-за вялікага патоку іншаземцаў, якія прыязджаюць у Беларусь па бязвізавым рэжыме, у прыгранічных раёнах Віцебскай вобласці давялося адкрыць новыя крамы. Аб гэтым на YouTube-канале БелТА распавяла намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна. У прыгранічных раёнах Віцебскай вобласці нават прыйшлося адкрыць асобныя секцыі беларускіх брэндаў. «Напрыклад, адкрыўся «Світанак» у Браслаўскім раёне, каб людзі прыязджалі і набывалі тое, што зараз ім неабходна», — прывяла прыклад Анжаліка Нікіціна. Адказваючы на пытанне аб запатрабаванасці бязвізавага рэжыму ў суседніх краін ЕС, яна заявіла, што за адзін дзень па бязвізавым рэжыме граніцу Віцебскай вобласці можа перасякаць да 2 тысяч жыхароў Прыбалтыкі. «Яны гавораць, што ў іх ёсць пэўны недахоп у прадуктах харчавання, а іх кошт расце ў два ці тры разы. Акрамя таго, у іх павялічваецца беспрацоўе. Таму людзі з задавальненнем едуць да нас, купляюць як харчовую прадукцыю, так і нехарчовыя тавары», — адзначыла Анжаліка Нікіціна.

Беларусам няма чаго хаваць, мы адкрытыя для ўсяго свету. Аб гэтым заявіла БелТА намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Вольга Петрашова. «Мы прапагандуем міралюбівую палітыку. Мы не хочам вайны, мы не транслюем ніякай агрэсіі. Таму, лічу, гэта вельмі правільнае рашэнне, што нашы граніцы адкрытыя для жыхароў усіх краін», — заўважыла Вольга Петрашова.

Паводле яе слоў, прыемна чуць ад замежнікаў добрыя водгукі аб Беларусі. «Мы часта сустракаемся з жыхарамі еўрапейскіх і прыбалтыйскіх краін. Яны кажуць, што ім даецца зусім іншая інфармацыя аб нашай краіне. А калі дзякуючы бязвізу яны прыязджаюць, то ў іх іншае ўражанне складваецца. Яны павязуць гэтае ўражанне ў сваю краіну і будуць расказваць зусім супрацьлеглую інфармацыю пра Беларусь. Яны здзіўлены, што ў нас на паліцах крам дастаткова прадуктаў, нягледзячы на санкцыі. А ім навязваецца меркаванне, што ў нас дэфіцыт. Іх прыцягвае наша чысціня, спакой, інфраструктура, сацыяльная абарона насельніцтва. Яны гэта ўсё заўважаюць, выдатная магчымасць для замежных грамадзян адкрыць для сябе Беларусь», — адзначыла дэпутат.

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік перакананы, што бязвізавы рэжым садзейнічае міжасобасным кантактам: «Усё ж сяброўства і добрыя адносіны паміж дзяржавамі пачынаюцца з дружбы і добрых адносінаў паміж іх грамадзянамі. Мы са свайго боку зацікаўлены ў добрасуседскіх адносінах з усімі нашымі суседзямі і будзем і надалей стымуляваць міжасобасныя кантакты, якія (філасофію ўсё ж такі ніхто не адмяняў) з колькасці перарастуць у якасць. Іншаземцы, якія прыехалі ў нашу краіну і яшчэ раз пераканаліся ў тым, што гэта спакойная, чыстая, прыгожая і вельмі камфортная для жыцця краіна, змогуць данесці гэты пункт гледжання да сваіх палітыкаў, і ўзаемаадносіны паміж нашымі краінамі пачнуць паляпшацца».

Моцны ход

Бязвізавы рэжым — правільны, дружалюбны і ўзважаны крок, які адкрывае магчымасці і для народнай дыпламатыі. Такое меркаванне ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» выказаў лідар партыі «Цэнтр» латвійскі палітолаг Нормунд Гросціньш. «Можна прыехаць, пагутарыць, убачыць рэальную сітуацыю замест таго, што гавораць па тэлевізары», — заўважыў эксперт.

«У Прэзідэнта Беларусі ўнікальная палітычная інтуіцыя. Мы ў гэтым неаднойчы пераконваліся. Беларускі лідар правільна ўлавіў дысбаланс у настроях жыхароў Усходняй Еўропы. Грамадзяне суседніх з намі краін назіраюць, як іх улады эскаліруюць шавіністычныя настроі, русафобію і беларусафобію. Там дзікая прапаганда і інфармацыйны таталітарызм. Беларусь, у сваю чаргу, паказвае, што яна адкрытая для звычайных грамадзян, — адзначыў у эфіры «Альфа Радыё» старшыня праўлення рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства «Веды» Вадзім Гігін. — Нягледзячы на тое, што еўрапейскія ўлады абвяшчаюць нашу краіну ворагамі, беларуская ўлада дэманструе еўрапейцам, што мы ім не ворагі. І людзі нам вераць. Прадаўжэнне бязвізавага рэжыму — вельмі моцны ход».

Прадаўжаючы дзеянне бязвізавага рэжыму на ўвесь 2023 год для жыхароў суседніх краін Еўрасаюза, Беларусь дэманструе найвышэйшы ўзровень адкрытасці. Такое меркаванне БелТА выказаў палітолаг Вадзім Баравік. «Мы дэманструем сваю адкрытасць. Нам няма чаго хаваць ад нашых суседзяў і нам выгадна, што яны да нас прыязджаюць. Яны спыняюцца ў нашых гасцініцах, купляюць нашу прадукцыю. Статыстыка паказвае, што яны рэгулярна наведваюць нашу краіну. Гэта сведчыць аб тым, што яны бачаць у беларусах добрых суседзяў і разумеюць, што ў Беларусі забяспечаны высокі ўзровень бяспекі», — адзначыў Вадзім Баравік.

Палітолаг адзначыў, што ў Беларусі створаны добрыя ўмовы для гасцей, якія прыязджаюць з-за мяжы. «Яны цэняць нашу гасціннасць, прыгажосць нашых гарадоў, зручнасць нашых гатэляў. Гэта паказвае, што Беларусь праводзіць цывілізаваную еўрапейскую палітыку. Наша краіна паводзіць сябе так, як сябе павінны паводзіць дзяржавы з высокім узроўнем цывілізацыйнага развіцця. І Беларусь дэманструе найвышэйшы ўзровень цывілізацыйнага развіцця і адкрытасці», — лічыць палітолаг. На яго думку, Беларусь можа быць прыкладам для многіх нашых партнёраў, якія закрываюцца, уводзяць санкцыі, абмяжоўваюць уезд асобных грамадзян і робяць іншыя непрыязныя дзеянні. «Беларусь — прыклад дружалюбнасці і ўзважаных паводзін на міжнароднай арэне», — адзначыў Вадзім Баравік.

«Галоўнае — каб людзі ўбачылі, што побач з імі жывуць нармальныя людзі»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднойчы пераканаўча аргументаваў перавагі ўвядзення бязвізу для жыхароў суседніх краін.

«Калі ўявіць, што кожны з некалькіх соцень тысяч замежнікаў, якія наведалі за гэтыя месяцы Беларусь, пакінуў у нашых крамах 100 еўра, сума атрымаецца прыстойная — дзясяткі мільёнаў. Вядома, далёка не мільярд, але ў наш час капейчына да капейчыны — і, як той казаў, рубель набягае. А калі дадаць да гэтага ўражанні, з якімі нашы суседзі вернуцца да сябе дадому, выгада бязвізу становіцца яшчэ больш відавочнай», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі падчас рабочай сустрэчы са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам.

«Журналісты «свядомыя» і іншыя разважаюць: вось Лукашэнка бязвіз увёў — пытанне эканамічнае, — для таго каб зарабіць грошы. А які дурань не хоча зарабіць грошы? У тым ліку і дзяржава хоча, і я гэтага хачу. Але не гэта галоўнае. Галоўнае — каб людзі ўбачылі, што побач з імі жывуць нармальныя людзі. Падобныя на палякаў жывуць людзі, што яны не агрэсіўна настроены. Што яны гатовыя ў цяжкую хвіліну дапамагчы. Глядзіш — і не будуць ваяўніча супраць нас настроеныя. Гэта немалаважна», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з журналістамі ў Мядзельскім раёне.

Аўтар: Пётр Дунько
Звязда, 28 снежня 2022


 

Кoличество переходов на страницу: 200