https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Камунальныя жахі. Чаму ў краінах Балтыі нарастаюць пратэсты?


Кошт ацяплення для жыхароў Вільнюса павялічыўся больш чым удвая. Жыхары стандартнай двухпакаёвай кватэры ў літоўскай сталіцы, напрыклад, заплацілі за ацяпленне ў лістападзе 84 еўра.

Гэта на 214 працэнтаў больш, чым год таму. У іншых прыбалтыйскіх рэспубліках сітуацыя такая ж крытычная, паведаміў аналітычны партал RuBaltіc. Жыхары актыўна выказваюць сваё незадавальненне дзеяннямі ўлад. У краінах Балтыі нарастаюць масавыя «камунальныя» пратэсты.

Цяжкі сезон

Прыбалтыка адмаўляецца ад доўгатэрміновых кантрактаў з «Газпрамам», але прывязваецца да еўрапейскіх рынкаў, дзе ваганні цэн на газ прыводзяць да балючых для эканомікі наступстваў. У выніку насельніцтва Літвы ўжо не здольна нармальна ацяпляць сваё жыллё ў асенне-зімовы перыяд, піша Baltnews.

Хаатычны пераход на аднаўляльныя крыніцы энергіі (АКЭ) не прынёс краінам ЕС нічога, акрамя страт. Нестабільная работа сонечных батарэй і ветраных генератараў прымусіла дзяржавы Еўрасаюза закупляць вугаль і газ, цэны на якія з пачатку восені дэманструюць гістарычныя рэкорды.

Відавочна, што гэты ацяпляльны сезон для Еўропы вельмі цяжкім. Нават у Германіі найбуйнейшы энергетычны канцэрн E.ON адмовіўся складаць дагаворы з канчатковымі спажыўцамі на пастаўкі газу з-за росту цэн, а электрастанцыя Bergkamen-A прыпыніла работу з-за недахопу вугалю.

У краінах з больш слабой эканомікай сітуацыя засмучае не менш. Літва і Польшча пачалі актыўна закупляць у Беларусі драўняныя пелеты, а Эстонія раскансервавала ўсе магутнасці электрастанцый у Нарве, хаця яшчэ нядаўна ўлады гэтай краіны заяўлялі, што да 2030-га поўнасцю адмовяцца ад спальвання гаручых сланцаў.

Зрэшты, праблемы паўставалі яшчэ да энергетычнага крызісу. Паводле даных Eurostat, летась, калі попыт на электрычнасць і ацяпленне быў сур'ёзна паніжаны на фоне пандэміі і лакдаўнаў, у сярэднім каля 8 працэнтаў насельніцтва краін ЕС не магло ў дастатковай ступені абаграваць свае дамы. Прычым Літва знаходзіцца ў самым пачатку гэтага сумнага рэйтынгу.

Вынікі даследавання, праведзенага спецыялістамі Eurostat, сведчаць, што самыя сур'ёзныя праблемы з цеплазабеспячэннем назіраюцца ў Балгарыі. Летась 27 працэнтаў жыхароў гэтай краіны прызналіся, што не маглі падтрымліваць дастатковую тэмпературу ў сваім жыллі. На другім месцы Літва з паказчыкам 23 працэнты. Замыкае тройку ў гэтым антырэйтынгу Кіпр (21 %). Чацвёртае і пятае месца займаюць Партугалія і Грэцыя (па 17 %).

Характэрна, што ў гэтым спісе толькі Літва адносіцца да паўночных краін. Вядома, у Балгарыі клімат таксама кантынентальны, але ўсё ж зімы тут не настолькі халодныя, як у балтыйскай дзяржаве. Грэцыя, Кіпр і Партугалія і ўвогуле маюць мяккі клімат, пры якім недастатковае ацяпленне жылля хоць і прыводзіць да шэрагу нязручнасцяў, але ўсё ж не пагражае жыццю.

У Літве сітуацыя кардынальна адрозніваецца. Калі жыхары не будуць у дастатковай меры ацяпляць дамы, то рызыкуюць як мінімум зарабіць сур'ёзныя праблемы са здароўем. Але амаль чвэрць насельніцтва проста не ў стане падтрымліваць неабходны ўзровень тэмпературы ў жыллі. Прычына — занадта высокія тарыфы.

Расплата за «гульні Грэты»

Кошт жыллёва-камунальных паслуг у Літве павышаўся і без уплыву энергакрызісу. Напрыклад, зацвярджаючы цэны на энергарэсурсы для бытавых спажыўцоў на 2020 год, Дзяржаўная служба рэгулявання энергетыкі Літвы анансавала рост цэн на электрычнасць у сярэднім на 15 працэнтаў. Пры гэтым кошт газу ў той перыяд паабяцалі нават зменшыць на 17—22 працэнты.

Аднак пасля таго, як на спотавых рынках Еўропы рэкордна ўзраслі цэны на блакітнае паліва, тарыфы ў Літве пачалі павышацца яшчэ мацней. Як паведаміў дзяржаўны энергетычны холдынг Іgnіtіs, з ліпеня ў балтыйскай краіне для большасці спажыўцоў кошт электраэнергіі павялічыўся на 8 працэнтаў, а газ для хатніх гаспадарак — на 36,8 працэнта. Услед за цэнамі на электрычнасць і газ «пацяжэлі» плацяжы за ацяпленне.

Літоўскі палітолаг Вадзім Валавой адзначыў Baltnews, што асноўныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюць для цэнтралізаванага ацяплення ў балтыйскай краіне, — газ і біяпаліва. Там, дзе дамінуе газ, напрыклад у Вільнюсе, цэны растуць хутчэй. Па словах палітолага, у краіне ўжо існуе такое паняцце, як энергетычная беднасць. З улікам росту цэн людзі вымушаны эканоміць на ацяпленні. Хтосьці ўключае яго крыху пазней, хтосьці збірае грошы, каб аплаціць даўгі за камуналку. «У гэтай сітуацыі ва ўрада Літвы ёсць два выхады. Можна або вырашаць праблемы комплексна, або шукаць спосабы крыху амартызаваць рост цэн рознымі палітычнымі рашэннямі. Першы варыянт уключае заключэнне прамых дагавораў з пастаўшчыкамі. Напрыклад, доўгатэрміновыя кантракты з «Газпрамам», — распавёў Вадзім Валавой.

Але знешнеэнергетычная палітыка Літвы, сцвярджае эксперт, скіравана на дыверсіфікацыю і зніжэнне спажывання менавіта расійскага газу. Таму ўрад шукае іншыя шляхі, якія могуць прадухіліць шокавы рост цэн і зрабіць яго мякчэйшым. Адным з такіх рашэнняў з'яўляецца растэрміноўка на аплату ацяплення для літоўцаў. Вядома, гэта не вырашыць праблему, але дапаможа хоць крыху замаскіраваць яе і пазбегнуць «камунальных бунтаў».

Рост тарыфаў у балтыйскай краіне выкліканы агульнаеўрапейскім энергакрызісам. Палітыка дыверсіфікацыі, якая павінна была зрабіць Літву незалежнай ад расійскага газу, у выніку прывязала краіну да ваганняў на рынках Еўропы і стала прычынай энергадэфіцыту.

«Прыхільнасць кіраўніцтва балтыйскай краіны кліматычнаму парадку дня, а таксама ўстойлівае жаданне адмаўляцца ад расійскіх вуглевадародаў дазваляе палітыкам Літвы даказваць сваю лаяльнасць Еўракамісіі з яе «зялёнай здзелкай» і нападкамі на «Газпрам». Вось толькі расплачвацца за ўсе гэтыя «гульні Грэты Тунберг» даводзіцца насельніцтву і бізнесу, прычым як буйному, так і малому», — адзначыў Baltnews.

Праблемы з рухавіком

88-гадовая жыхарка Клайпедскага раёна Ануце Барткявічэнэ сказала, што, убачыўшы рахунак, ледзь не страціла прытомнасць, паведаміў тэлеканал LNK. «Фільм жахаў, — заўважыла другая жыхарка. — Людзі кажуць, што сумы за год выраслі ўтрая, страшна падумаць, што будзе, калі пахаладае. Мы палічылі: калі зімой будзе мінус 20, атрымаецца па 500 еўра».

У суседняй Латвіі людзі проста з жахам чакаюць снежаньскіх плацежак. Пастаўшчык прыроднага газу для насельніцтва Latvіjas Gaze абвясціў аб павелічэнні тарыфаў для спажыўцоў на 54—93 працэнты — у залежнасці ад памераў спажывання. У Эстоніі газ для прыватных спажыўцоў зараз каштуе 0,66 еўра за кубаметр, а з новага года павялічыцца да 1,27 еўра — рост амаль удвая.

Улады балтыйскіх краін замест кардынальнага вырашэння праблемы шчодра дзяліліся лайфхакамі. Так, жыхарам Латвіі параілі ўключаць электрапрыборы толькі ноччу, паколькі тады самыя нізкія тарыфы. Прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас рэкамендавала людзям у мэтах эканоміі карыстацца пральнымі машынамі толькі ўначы, а таксама ўцяпляць свае дамы.

Экспанентальны рост камунальных тарыфаў правакуе ў Літве, Латвіі і Эстоніі новы эканамічны крызіс. Прычынна-выніковая сувязь тут вельмі простая. Літоўцы, латышы і эстонцы ўжо пераходзяць на рэжым жорсткай эканоміі, каб выцягнуць непасільную ношу аплаты камунальных паслуг. Паводле сацыялагічных апытанняў, 40 працэнтаў жыхароў Літвы, 57 працэнтаў жыхароў Латвіі і 65 працэнтаў жыхароў Эстоніі дзеля аплаты жыровак гатовы зрэзаць усе свае астатнія выдаткі.

Такая сітуацыя самым непасрэдным чынам адаб'ецца на эканоміцы. Фінансавая мадэль постсавецкай Прыбалтыкі заснавана на сферы паслуг. Яны ствараюць больш за палову ВУП Літвы, Латвіі і Эстоніі. Паспяховае функцыянаванне такой мадэлі заснавана на ўнутраным спажыванні. Спажыванне насельніцтва — рухавік эканомікі. У краінах Балтыі яно падганяецца самымі рознымі стымуламі, у тым ліку нярынкавымі: датацыі Еўрасаюза, грашовыя пераводы працоўных мігрантаў пакінутым на радзіме сем'ям.

Крутое піке

Як адзначаюць спецыялісты, татальная эканомія большасці насельніцтва на ўсім астатнім спажыванні дзеля таго, каб аплаціць непад'ёмныя камунальныя паслугі, вядзе да дэградацыі попыту ў краінах Балтыі, і з-за гэтага Літва, Латвія і Эстонія могуць уляцець у новае крутое эканамічнае піке.

«Пасля гэтага ўжо будзе няважна, з-за чаго ў краінах Балтыі пачаліся масавыя пратэсты: з-за касмічных тарыфаў на газ і цяпло ці з-за эканамічнага крызісу, выкліканага сітуацыяй на рынку камунальных паслуг. Прычына ў любым выпадку адна — стратэгічна памылковая энергетычная палітыка прыбалтыйскіх урадаў, якую яны паўтара дзесяцігоддзі не толькі праводзілі ў сваіх краінах, але і навязвалі ўсяму Еўрапейскаму саюзу», — адзначае RuBaltіc. Атамную энергетыку ў краінах Балтыі ліквідавалі, у газавай энергетыцы шмат гадоў разбуралі ўсялякія магчымасці для канструктыўнага супрацоўніцтва з Расіяй і аддавалі перавагу не нармальным адносінам з «Газпрамам», а амаль забытым зараз ЗПГ-тэрміналам.

Замест стабільных і надзейных крыніц таннай энергіі прыбалтыйскія палітыкі рабілі стаўку на развіццё самых дарагіх на рынку і пры гэтым бескарысных у крызіс тэхналогій накшталт біяпаліва і зялёнай энергіі, а з энергакольца БРЭЛЛ (Беларусь — Расія — Эстонія — Латвія — Літва), якое цяпер ратуе краіны Балтыі, насуперак усім разумным меркаванням мяркуюць выйсці.

«Сацыяльна-палітычны выбух, да якога вядзе энергетычны крызіс у краінах Балтыі, стане натуральнай рэакцыяй мясцовага насельніцтва на правальную энергетычную палітыку кіраўніцтва Эстоніі, Латвіі і Літвы, — заўважыў RuBaltіc. — Гэты энергетычны крызіс спароджаны тымі догмамі, якія прыбалтыйскія палітыкі год за годам адстойвалі ў энергетыцы. Сітуацыя на рынку прадэманстравала, што догмы не адэкватныя рэальнасці. І зараз за іх час адказваць».

Для прыбалтаў энергабяспека заўсёды была пытаннем палітычным, а не эканамічным, заўважыў Baltnews. «Гэта значыць, што ўсё выдаткі за «ліберальны фундаменталізм» і страх перад «расійскай пагрозай» лягуць на плечы радавых грамадзян. Людзі, якім давядзецца плаціць вялізныя грошы за камунальныя паслугі, наўрад ці будуць задаволены. Прыбалтыцы варта рыхтавацца да новых хваль мітынгаў і выступленняў», — лічыць Baltnews.

У эканоміцы замацаваліся негатыўныя тэндэнцыі. Паводле прагнозаў The Wall Street Journal, інфляцыя ў еўразоне складзе 4,5 працэнта. Антырэкардсменамі стануць Эстонія і Літва, дзе скачок інфляцыі самы вялікі. Эканамісты прагназуюць, што ў Літве ў найбліжэйшы час інфляцыя будзе двухзначная. Летась значная частка жыхароў краін Балтыі была схільная да рызыкі беднасці або сацыяльнай ізаляцыі, сведчаць даныя Eurostat. У Латвіі паказчык складаў 25,1 працэнта насельніцтва, у Літве — 24,5 %, а ў Эстоніі — 22,8 %. Відавочна, што сёлета гэтыя трывожныя лічбы адчувальна павялічацца. Адпаведна ўзрасце і пратэсны патэнцыял.

Пётр Дунько
Звязда, 28 снежня 2021


 

Кoличество переходов на страницу: 191