https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь мае бездакорную крэдытную гісторыю


Аб гэтым заявіў першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Тарас Надольны ў інтэрв'ю праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ.

Ён адзначыў, што краіна мае пэўныя абавязацельствы па выплаце знешніх даўгоў, якія прыпадаюць на ліпень, накоплены пэўны аб'ём рэзерваў, каб выканаць свае абавязацельствы. "Што датычыцца Беларусі - у нас бездакорная крэдытная гісторыя. Не было яшчэ ні аднаго выпадку, каб краіна не абслугоўвала свой знешні доўг і не плаціла па даўгах", - сказаў Тарас Надольны.

Першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка пракаменціраваў, што вынікам работы бесперапыннага двайнога аўкцыёну, які быў запушчаны Нацыянальным банкам у пачатку бягучага месяца, стаў пераход Беларусі і грашовых улад да механізма, блізкага да існуючага ў асноўных сусветных дзяржавах. "Па рэжыме бесперапыннага двайнога аўкцыёну працуе практычна ўвесь свет. Асноўнае адрозненне ў тым, што кліент сёння купляе валюту па розных курсах. Гэта значыць раней існаваў адзіны курс на ўсю краіну, сёння ж здзелкі куплі-продажу нават у адным банку могуць ажыццяўляцца па розных курсах, і гэта поўнасцю адпавядае міжнароднай практыцы", - падкрэсліў ён.

Паводле слоў Тараса Надольнага, гэты механізм павышае і стымулюе канкурэнцыю сярод банкаў у пошуку свайго кліента і ў яго абароне, таму што нядаўна прынятае рашэнне Нацыянальнага банка Беларусі аб магчымасці адкрыцця некалькіх спецыяльных рахункаў для кліентаў дае магчымасць кліенту выбіраць той банк, у якім ён атрымлівае больш якасны сэрвіс, зручны і камфортны спрэд паміж курсам куплі і курсам продажу. Банк задавольвае попыт як юрыдычных асоб, так і насельніцтва праз абменныя пункты.

Першы намеснік старшыні Нацбанка адзначыў, што з пачатку дзеяння бесперапыннага двайнога аўкцыёну існаваў пэўны скепсіс і чаканні, што вось-вось курс пачне рухацца ў бок аслаблення. У першыя 10 дзён карзіна ўмацоўвалася адносна рубля і рубель слабеў. А ў апошнія дні ўжо намецілася тэндэнцыя на ўмацаванне. Гэта сведчыць аб тым, што курс, які ўтварыўся на валютным рынку ў рамках бесперапыннага двайнога аўкцыёну, можна назваць абсалютна збалансаваным, адэкватным і адпаведным сённяшняму стану спраў, рэзюмаваў Тарас Надольны.

Ён таксама растлумачыў сітуацыю з даволі высокімі банкаўскімі стаўкамі ў Беларусі. "Працэнтныя стаўкі адлюстроўваюць эканамічную сітуацыю, гэта значыць сёння ў краіне дастаткова дарагія дэпазітныя стаўкі для таго, каб узмацніць зберажэнні ў беларускім рублі, а высокая дэпазітная стаўка падцягвае за сабой крэдытную стаўку, таму што дэпазіты і насельніцтва, і юрыдычных асоб - гэта рэсурсы для выдачы крэдытаў", - сказаў ён. Рэгулятар вітае зніжэнне ставак на рынку для крэдытаатрымальнікаў, таму што эканоміка павінна адчуваць пэўную падтрымку з боку крэдытнага канала. Але каб знізіць стаўкі па крэдытах, Нацбанк праводзіць плаўную, паступовую работу па зніжэнні працэнтных ставак і па дэпазітах для насельніцтва. "Напрыклад, інфляцыя са студзеня па май - 6,5 працэнта. Гэта нават ніжэй, чым мы ставілі сабе задачу ў пачатку года. Такім чынам мы гаворым, што фактычная інфляцыя каля 14 працэнтаў гадавых, узровень працэнтнай стаўкі 25-26 працэнтаў па дэпазітах насельніцтва - дадатны, ён забяспечвае стымуляванне да зберажэнняў у беларускім рублі і, больш таго, нават пакрывае валютную даходнасць па валютных укладах", - дадаў першы намеснік Нацыянальнага банка.

"Стаўку рэфінансавання пакуль не плануецца зніжаць", - сказаў на заканчэнне Тарас Надольны.

22 чэрвеня 2015, Мінск
БЕЛТА


 

Кoличество переходов на страницу: 731


Комментарии