На першы погляд тэхнічнае пытаньне спарадзіла глыбокі палітычны крызіс, які ў сваю чаргу можа прывесьці да вельмі сур’ёзных эканамічных наступстваў для ЗША і ўсяго сьвету.
Летась рэспубліканцы выйгралі выбары у Кангрэс пад лёзунгамі ашчаднай дзяржавы і зьніжэньня дзяржаўных выдаткаў, яны абяцалі спыніць рост дзяржаўнага доўгу, які ўжо набыў пачварныя памеры.
Прыняцьце сёлетняга бюджэту рэспубліканцы палічылі прыдатным полем, каб даць бой адміністрацыі. Бюджэт, прапанаваны ўрадам, прадугледжвае запазычанасьць у памеры больш за 14 трыльёнаў даляраў. Гэта больш, чым прадугледжана ранейшымі рашэньнямі кангрэсу. Самае простае рашэньне, якога дамагаецца адміністрацыя – падвышэньне столі запазычанасьці. Але рэспубліканцы на чале са сьпікерам палаты прадстаўнікоў Джонам Бэйнэрам адказалі рашучым «не». Прынамсі адказваюць да цяперашняга часу.
Атрымаўся палітычны пат. Яго вастрыня тлумачыцца, апроч іншага, і асаблівасьцямі амэрыканскай палітычнай сыстэмы, сыстэмай стрымак і процівагаў, закладзеных у Канстытуцыю бацькамі-заснавальнікамі ЗША. Такі канфлікт быў бы немагчымым, напрыклад, у Беларусі, дзе прэзыдэнт вырашае ўсё на сьвеце і паўнамоцтвы парлямэнту зьведзеныя на нішто. Але такі пат таксама немагчымы ў клясычнай парлямэнцкай сыстэме, дзе ўрад фармуецца парлямэнцкай большасьцю і гэтыя большасьць у выканаўчай улады, так бы мовіць, у кішэні.
Але ў ЗША ўрад і кангрэс – незалежныя галіны ўлады, прэзыдэнт ня можа распусьціць парлямэнт, парлямэнт ня можа зьняць з пасады прэзыдэнта, Канстытуцыя не прадугледжвае аўтаматычнага шляху вырашэньня канфліктаў паміж імі, бакі павінны дамаўляцца. А што рабіць, калі ня могуць дамовіцца? Ну, дамаўляцца, іншага адказу няма.
Але сытуацыя ўскладняецца істотнай палярызацыяй палітычнага жыцьця ў Амэрыцы, ўдзельнікі палітычнага працэсу часьцяком успрымаюць сваіх апанэнтаў як ворагаў, якія павінны быць палітычна пераможаныя, а не як партнэраў, зь якімі трэба знаходзіць кампраміс. Такая сытуацыя відавочна не спрыяе знаходжаньню кансэнсусу.
Шляхі выхаду з патавай сытуацыі ў прынцыпе існуюць. Урад можа прадаць некаторыя дзяржаўныя актывы, напрыклад, частку залатога запасу краіны. Гаворыцца таксама пра юрыдычны трук, якім можа скарыстацца прэзыдэнт Абама – артыкул Канстытуцыі, паводле якога дзяржава ня ставіць пад сумнеў дзяржаўны доўг. Некаторыя прапануюць, каб прэзыдэнт на падставе гэтага палажэньня проста праігнараваў забарону кангрэсу і зрабіў запазычанасьць у вызначаным памеры.
Але гэты шлях адхіліла сама адміністрацыя – прэсавы сакратар Абамы падкрэсьліў, што па той самай Канстытуцыю грошы разьмяркоўвае кангрэс і толькі ён можа падняць столь запазычанасьці.
Рэспубліканцы гатовыя на пэўныя кампрамісы – напрыклад, сьпікер палаты Бэйнэр прапаноўвае плян падвышэньне столі ў два этапы, прычым выкананьне гэтага пляну абавязвае ўрад скараціць выдаткі. Урад пакуль лічыць гэты кампраміс недастатковым. Урадоўцы кажуць, што ўжо верасьні трэба зрабіць на 309 мільярдаў даляраў дзяржаўных выдаткаў, грошай бюджэту без запазычаньняў ёсьць толькі на палову зь іх, мільёны кампутараў настроеныя на аўтаматычны перавод грошай, якіх пры ўпартасьці рэспубліканцаў проста ня будзе. На гэта рэспубліканцы адказваюць, што краіна павінна жыць па сродках і сёлетні жнівень – някепскі момант, калі гэта варта пачаць.
Гэты ўнутрыамэрыканскі палітычны канфлікт можа мець вельмі кепскія наступствы для амэрыканскай і сусьветнай эканомікі. Нават цень магчымасьці, што Амэрыка ня будзе плаціць па сваіх даўгах, можа прывесьці да землятрусу на фінансавых рынках. Амэрыканская эканоміка занадта вялікая і значная, паводле прымаўкі, калі яна чхае, то пнэўманію падхоплівае ўвесь сьвет. Іпатэчны, а потым і фінансавы крызіс у ЗША ў 2008 годзе вельмі хутка ператварыўся ў сусьветны, адгукнуўся амаль у кожнай кропкі зямной кулі. Гэтак і цяперашні фінансава-палітычны крызіс у ЗША можа стаць вельмі моцным ударам ня толькі па амэрыканскай, але і па сусьветнай эканоміцы.
Юры Дракахруст
Радыё Свабода, 28 ліпеня 2011
Кoличество переходов на страницу: 1181
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |