https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дэпазіт з канфіскацыяй: вопыт Кіпра


Еўразону працягваюць узрушваць катаклізмы. Услед за Грэцыяй, Італіяй і Іспаніяй у цяжкую паласу развіцця ўвайшоў Кіпр. Краіна з насельніцтвам у мільён чалавек апынулася ў вельмі складаным становішчы — грэчаскі крызіс вельмі сур'ёзна ўдарыў па кіпрскай фінансавай сістэме, цесна звязанай з грэчаскай. Праблемы з грэчаскімі банкамі прывялі да праблем з кіпрскімі. Летась краіна была вымушана пазычаць вялікія сумы для пераадольвання банкаўскага крызісу, але сітуацыя толькі пагаршалася. У выніку ў сакавіку пытанне выжывання эканомікі краіны стала рубам. Патэнцыйныя крэдыторы, а гэта міністры фінансаў краін еўразоны (Еўрагрупа), а таксама ЕЦБ, Еўракамісія і МВФ заявілі, што новы крэдыт, без якога краіна не зможа выйсці з фінансавага піке, будзе дадзены толькі ў тым выпадку, калі ўлады Кіпра змогуць самастойна адшукаць 4—5 мільярдаў еўра. І, паколькі ў распараджэнні ўрада не аказалася ніякіх актываў, здольных прынесці такую суму, яму было прапанавана атрымаць гэтыя грошы нетрывіяльнымі спосабамі. А менавіта, пры дапамозе ўвядзення падатку на дэпазіты ў кіпрскіх банках.

Тут жа варта адзначыць, што кіпрскія банкі не зусім звычайныя ў параўнанні з іншымі банкамі ЕС. Доўгія дзесяцігоддзі Кіпр развіваў эканоміку пры дапамозе афшорнага банкінгу, прыцягваючы замежныя капіталы на ўмовах ананімнасці. Гэта дазваляла замежным укладчыкам ухіляцца ад выплаты падаткаў у сябе на радзіме, або папросту трымаць у кіпрскіх банках грошы, крыніцы з'яўлення якіх было б цяжка растлумачыць падатковай інспекцыі ва ўласнай краіне. У сувязі з гэтым няцяжка зразумець, што Еўрагрупа не адчувала сімпатыі да кіпрскіх банкаў, паколькі ў гэтыя банкі выводзілі свае капіталы ў тым ліку і жыхары краін Еўрагрупы. Немалыя багацці прывыклі з 1990-х гадоў захоўваць у кіпрскіх банках і жыхары Расіі — па тых жа прычынах. Менавіта таму патэнцыйныя крэдыторы прапанавалі ўраду Кіпра варыянт з падаткам на дэпазіты ў кіпрскіх банках, каб нанесці сур'ёзны ўрон кіпрскаму банкінгу і за кошт замежнікаў вырашыць цяперашнія праблемы ўрада з недахопам грошай. Можна чакаць, што прычынай такога нетрывіяльнага рашэння, якое не прапаноўвалася пры вырашэнні праблем банкаў у Грэцыі, сталі і традыцыйныя ў многіх краінах ЕС антырускія настроі. Ад абкладання дэпазітаў у кіпрскіх банках спецыяльным падаткам у першую чаргу павінны былі пацярпець менавіта расійскія ўкладчыкі, якія сканцэнтравалі на кіпрскіх рахунках дзясяткі мільярдаў еўра.

Першы варыянт — абкладанне ўсіх дэпазітаў ва ўсіх кіпрскіх банках пэўным падаткам у залежнасці ад памеру дэпазіту — выклікаў сапраўдную паніку ў Расіі. Расійская біржа імкліва абвалілася на фоне падлікаў таго, колькі страцяць тыя або іншыя расійскія суб'екты гаспадарання, якія зарэгістраваны на Кіпры і захоўваюць свае грошы ў кіпрскіх банках, і ў цэлым расійскія ўкладчыкі. Абурыліся і ў Вялікабрытаніі, многія ўплывовыя людзі якой захоўваюць свае грошы на Кіпры. У выніку прынятых захадаў незадаволеных краін, у тым ліку і прамога дыпламатычнага ціску, 19 сакавіка парламент Кіпра адхіліў прапанаваны варыянт закона. Пачаліся новыя перамовы. Прэзідэнт і ўрад, разумеючы, што Еўрагрупа непахісная ў імкненні прымусіць кіпрскія ўлады ўсё ж абкласці дэпазіты спецыяльным падаткам, паспрабавалі атрымаць неабходны крэдыт у Расіі.

Важным козырам для Кіпра стала выяўленне вялікіх пакладаў газу ў яго прыбярэжнай зоне. Пакуль гаворка ідзе пра разведку і бурэнне першых свідравін, гэта значыць, якія-небудзь матэрыяльныя выгады ад эксплуатацыі радовішчаў будуць атрыманы толькі праз некалькі гадоў. Але, улічваючы хранічныя праблемы Еўрасаюза з уласнымі энергарэсурсамі, стратэгічнае значэнне Кіпра як важнага фактара ў вырашэнні праблем энергетычнай бяспекі ЕС адразу ж вырасла. Таму кіраўніцтва Кіпра паспрабавала прапанаваць ліцэнзіі на здабычу газу расійскім кампаніям для таго, каб атрымаць новыя крэдыты ад Масквы, але расійскае кіраўніцтва на гэта не пайшло. Запрошаная сума аказалася празмерна вялікай у параўнанні з далейшымі выгадамі ад здабычы газу.

У выніку Кіпру ўсё ж прыйшлося прыняць меры, здольныя сур'ёзна ўдарыць па яго прывабнасці для замежных укладчыкаў. Падатак на дэпазіты быў уведзены, праўда, для дэпазітаў звыш 100 тысяч еўра і толькі ў адным буйным банку. Прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў ахарактарызаваў гэту сітуацыя як рабаванне нарабаванага, намякаючы на тое, што грошы расійскіх укладчыкаў у кіпрскіх банках выведзены ад падаткаабкладання ў Расіі і часта маюць сумніўнае паходжанне.

Мараль таго, што адбылося на Кіпры, відавочная. Градус русафобіі ў ЕС працягвае знаходзіцца на высокім узроўні. Расіі неабходна рабіць з гэтага высновы. У прыватнасці, неабходна дэафшарызацыя эканомікі, пра якую нядаўна шмат гаварыў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Інакш грошы расійскіх фірмаў і ўкладчыкаў могуць падвергнуцца падобнай жа канфіскацыі і ў іншых краінах ЕС.

Відавочнымі становяцца і плюсы беларускай сістэмы вядзення бізнэсу, пры якой афшоры практычна не выкарыстоўваюцца буйнымі структурамі.

Сяргей Кізіма,
загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук

Звязда, 26 сакавіка 2013

 

Кoличество переходов на страницу: 1001


Комментарии