Вы заходзіце ў кабінет да ўрача, а спецыяліст размаўляе з вамі, не адрываючы вачэй ад манітора камп’ютара. Прызнайцеся, такія сітуацыі здараюцца ўсё часцей... Апошнім часам медыцынскія работнікі ўсё менш глядзяць на пацыентаў, і камунікацыя паміж імі зводзіцца да мінімуму. Укараненне ў практыку аховы здароўя інфармацыйных тэхналогій істотна змяняе формы і спосабы ўзаемадзеяння ўрачоў і пацыентаў, працэдуры дыягностыкі і лячэння, методыкі прафілактыкі захворванняў і аднаўлення здароўя. З іншага боку, хутка і сам урач рызыкуе страціць сваю экспертную ролю і быць выціснуты штучным інтэлектам з яго традыцыйнай нішы.
Мабільны дадатак — па рэцэпце
Новыя рашэнні ў галіне штучнага інтэлекту, робататэхнікі, бесправадной сувязі, апрацоўкі і аналізу інфармацыі, дапоўненай і віртуальнай рэальнасці спрыяюць імкліваму пашырэнню лічбавай медыцыны. Тэхналогіі штучнага інтэлекту кардынальна мяняюць сусветную сістэму аховы здароўя, медыцынскую дыягностыку, дазваляюць наблізіцца да персаналізаванай медыцыны, павысіць якасць паслуг аховы здароўя пры адначасовым зніжэнні расходаў для клінік. Па меркаванні аналітыкаў, у штучнага інтэлекту ёсць вялікі патэнцыял у праектах догляду пажылых, даследаванні геному, адкрыцці новых лекаў, медыцынскай візуалізацыі і дыягностыцы розных захворванняў.
Магутным драйверам для развіцця лічбавай медыцыны стала пандэмія каранавіруса. Па некаторых ацэнках, за 2020 год удалося зрабіць тое, на што ў звычайных умовах патрабавалася сем гадоў. Напрыклад, у Германіі з 2020 года ўпершыню ў свеце пацыентам пачалі прызначаць медыцынскія дадаткі, якія даступныя па рэцэпце і ўключаюць лічбавыя дзённікі для хворых на дыябет, функцыі для падтрымкі фізіятэрапеўтычных або псіхатэрапеўтычных працэдур, а таксама для вымярэння артэрыяльнага ціску. Неабходнасць забяспечыць аператыўную масавую дапамогу хворым, у тым ліку ў дыстанцыйным фармаце, прывяла ў многіх краінах да змякчэння нарматыўных абмежаванняў, якія рэгулююць выкарыстанне асобных тэхналогій.
Пры пераходзе да лічбавай медыцыны пытанні этыкі сталі ключавымі і шмат у чым вызначаюць хуткасць тэхналагічнага прагрэсу ў гэтай сферы. Электронныя медыцынскія запісы з’яўляюцца данымі для машыннага навучання, а створаныя на іх аснове алгарытмы могуць выяўляць анамаліі больш дакладна, чым навучаныя людзі, асабліва ў галінах анкалогіі і кардыялогіі. Аднак востра стаіць пытанне, у якой меры можна выкарыстоўваць звесткі аб здароўі грамадзян для навучання штучнага інтэлекту? Медыцынскія даныя ўяўляюць сабой звесткі, якія складаюць урачэбную таямніцу, а ўрачэбная таямніца — адзін з найважнейшых прынцыпаў у прафесійнай медыцынскай этыкі, акрамя таго, яна абаронена законам.
Перавагі і рызыкі, якія цягне за сабой далейшае пашырэнне лічбавай медыцыны і выкарыстанне штучнага інтэлекту ў ахове здароўя, абмяркоўваюцца апошнім часам на самых розных пляцоўках. Адной з такіх дыскусійных пляцовак стаў Рэспубліканскі форум з міжнародным удзелам «Біяэтычны ўніверсітэт», арганізаваны Рэспубліканскім цэнтрам біяэтыкі БелМАПА пры падтрымцы ЮНЕСКА і пад патранажам Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА.
— Лічбавая медыцына эканоміць час, мінімізуе кантакты і адпаведна рызыку інфіцыравання, што было асабліва актуальна ў пандэмію. Дапамагае атрымаць кампетэнтную інфармацыю ў выпадку немагчымасці вочнай кансультацыі ці пракансультавацца ў выпадку рэдкага захворвання пры адсутнасці ці недахопе ведаў у мясцовых урачоў. Ёсць магчымасць стварэння лічбавых кансіліумаў, абмену досведам у лячэнні захворванняў паміж групамі ўрачоў на лічбавых платформах, — разважае вядучы навуковы супрацоўнік, кіраўнік сектара гуманітарных экспертыз і біяэтыкі Інстытута філасофіі РАН, прафесар кафедры гісторыі і філасофіі навукі гэтага інстытута Вольга Папова.
Для прыкладу: у Расіі дзейнічае медыцынскі лічбавы дыягнастычны цэнтр MDDC. Падключыўшыся да платформы, урачы з клінік з усёй краіны могуць сабраць лічбавы кансіліум, каб пракансультавацца па тэрапіі, кардыялогіі, радыялогіі, анкалогіі, хірургіі, стаматалогіі... На MDDC таксама дзейнічаюць лічбавыя аналагі клініка-дыягнастычнай, патамарфалагічнай, гісталагічнай лабараторый, дзе, як і ў «фізічных» лабараторыях, могуць апрацоўвацца і аналізавацца вынікі клініка-дыягнастычных лабараторных даследаванняў, а таксама рэнтгенаўскія здымкі, КТ, ЭКГ, УГД і іншыя даследаванні. У аснове сэрвісу ляжаць тэхналогіі штучнага інтэлекту для апрацоўкі і аналізу даных. У Цэнтры экспертнага маніторынгу высокакваліфікаваныя ўрачы каардынуюць работу ўрачоў-спецыялістаў MDDC з усіх падключаных рэгіёнаў і разбіраюць найбольш складаныя выпадкі, якія патрабуюць экспертнай ацэнкі.
У маскоўскіх клініках з кастрычніка 2020 года як адзін з модуляў падтрымкі прыняцця ўрачэбных рашэнняў укаранёны «Лічбавы памочнік урача». На падставе скаргаў пацыента сэрвіс з дапамогай штучнага інтэлекту вызначае тры найбольш верагодныя дыягназы з 265 груп захворванняў.
Апошнім часам ІT-індустрыя забяспечвае ўсё больш шырокае кола магчымасцяў. Web-дадаткі і «разумныя датчыкі» становяцца неад’емнай часткай нашага паўсядзённага жыцця. Такія магчымасці выкарыстоўваюць найперш аматары спорту і актыўнага ладу жыцця. Напрыклад, Nіke выпускае красоўкі з датчыкамі ў падэшвах, Adіdas — футболкі з электродамі, якія счытваюць сэрцабіццё, вельмі папулярныя бранзалеты і гадзіннікі, якія фіксуюць фізічную актыўнасць. Ёсць датчыкі, якія сігналізуюць, каб чалавек не горбіўся, і перадаюць гэтую інфармацыю на смартфон. А «разумныя будзільнікі» дапамагаюць выспацца, адпраўляючы сігнал для абуджэння ў найбольш прыдатнай фазе сну.
Ці засталося месца эмпатыі?
Ключавыя напрамкі развіцця лічбавай медыцыны ў кароткатэрміновай перспектыве — гэта ўкараненне электронных медыцынскіх карт, развіццё канцэпцыі «падключаны пацыент» (маніторынг стану і аказанне медыцынскіх паслуг з дапамогай убудаваных інтэлектуальных прылад) і тэлемедыцына. У шырокім сэнсе пад «разумнай медыцынай» маецца на ўвазе інтэлектуальная ахова здароўя, якая выкарыстоўвае найноўшыя мабільныя і лічбавыя дасягненні ў вобласці здароўя, што стымулюе развіццё разумных і падключаных медыцынскіх дэвайсаў, якія забяспечваюць пастаяннае адсочванне паказчыкаў пацыентаў па-за сценамі медыцынскіх устаноў і, адпаведна, папярэджанне захворванняў.
ААН уключыла ў Дэкларацыю «Мэты развіцця тысячагоддзя» раздзел «Лічбавая ахова здароўя». Яе мэту Сусветная арганізацыя аховы здароўя бачыць у тым, каб забяспечыць усім людзям атрыманне якасных медыцынскіх паслуг у патрэбным месцы і ў патрэбны час без звязаных з гэтым фінансавых цяжкасцяў.
А цяпер аб праблемных момантах у пашырэнні выкарыстання лічбавай медыцыны.
— З аднаго боку, лічбавізацыя павінна спрашчаць работу ўрача, але многія медыцынскія работнікі супраціўляюцца ўкараненню і выкарыстанню такіх тэхналогій у сваіх дыягнастычных і лячэбных рашэннях. Прычын шмат: інфармацыйная і эмацыянальная перагрузка, няпоўныя ці ненадзейныя даныя, праблемы захавання канфідэнцыяльнасці інфармацыі і гэтак далей. Лічбавізацыю ўрачы разглядаюць як дадатковую нагрузку, прычым якая не аплачваецца, — падкрэслівае Вольга Папова. — Не дадае даверу і тое, што многія лічбавыя рашэнні ствараюцца ў адрыве ад разумення рабочага працэсу ўрача. Распрацоўшыкі не маюць ні медыцынскай адукацыі, ні вопыту ўзаемадзення з медыцынскімі арганізацыямі. Таму ўсе праграмы абавязкова трэба распрацоўваць пры непасрэдным удзеле медыкаў. Увогуле, дакладнасць рашэнняў у медыцыне надзвычай важная, бо памылкі будуць каштаваць пацыенту вельмі дорага…
Яшчэ адзін важны нюанс — штучны інтэлект часткова абязлічвае ўзаемаадносіны ў медыцыне, і ў рамках новай мадэлі пацыент узаемадзейнічае з аўтаматызаванымі медыцынскімі агентамі і сістэмамі, а не з жывым чалавекам. Між іншым, вядома, што поспех лячэння на 60 працэнтаў залежыць ад даверу пацыента да ўрача, які той можа выклікаць толькі з дапамогай эмпатыі і асабістага эмацыянальнага кантакту з пацыентам, пры якім у хворага ўзнікне ўпэўненасць у шчырым жаданні ўрача яму дапамагчы. У зусім недалёкай перспектыве тое, з чым людзі звычайна звяртаюцца да ўрачоў — пастаноўка дыягназу, прызначэнне курсу лячэння, рэцэпт, правядзенне медыцынскіх маніпуляцый — усё часцей будуць выконваць машыны. Добра, калі вызваленне ўрачоў ад складанай задачы супастаўлення вялізнага масіву даных для дыягнаставання захворванняў дазволіць ім удзяліць больш увагі і клопату пацыентам і праявіць свае чалавечыя якасці ў поўнай меры. Але могуць здарацца і іншыя сітуацыі.
Так, у ЗША да цяжкахворага пацыента ў палату заехаў бальнічны робат, на экране якога з’явілася выява ўрача (той выкарыстаў відэачат). Без усялякіх эмоцый спецыяліст паведаміў аб неспрыяльным прагнозе. Для палягчэння пакут прапанаваў марфін, аднак папярэдзіў, што гэта яшчэ мацней абцяжарыць дыханне. Акрамя гэтага, прапанаваў забяспечыць пацыенту паліятыўную дапамогу ў дамашніх умовах. Сваякі былі збянтэжаны не смяротным дыягназам пацыента, а той формай, якую абраў урач для паведамлення дыягназу. Гэта якраз прыклад таго, як новыя тэхналогіі могуць аддаляць урача ад пацыента.
Даведка
У 2021 годзе інвестыцыі ў праекты штучнага інтэлекту ў сферы аховы здароўя па ўсім свеце дасягнулі 11,2 млрд долараў супраць 8 млрд долараў годам раней. Такія звесткі ў сакавіку 2022 года апублікаваў Стэнфардскі інстытут штучнага інтэлекту.
Не ўрач, а прафесійная машына
— Медыцына ўсё менш разглядаецца як мастацтва работы з целам, а пераўтвараецца ў нейкую матэматыку, алгарытм. Значнасць набываюць асобныя параметры, а пацыент знікае як адно цэлае, — разважае Вольга Папова. — Пацыент паступова становіцца лічбавым двайніком, пераўтвараючыся ў паток вялікіх даных, якія захоўваюцца на серверах. Аўтаматызацыя дазваляе разглядаць пацыента як сукупнасць параметраў, што счытваюцца ў неабходны момант і ў пэўным сэнсе могуць рабіць прысутнасць медыцынскага персаналу непатрэбнай. А ва ўрача, які цалкам спадзяецца на алгарытмы, адбываецца зніжэнне ўзроўню адказнасці. Ён можа страціць свае прафесійныя навыкі і эмпатыю. Жорсткае пратакаляванне медыцынскіх дзеянняў, іх алгарытмічны характар часта выклікаюць эфект ператварэння ўрача ў прафесійную медыцынскую машыну. Не выключана, што ў хуткім часе з’явіцца новая мадэль «лічбавы двайнік урача — лічбавы двайнік пацыента».
На сёння сістэмы падтрымкі прыняцця ўрачэбных рашэнняў (CDSS) нароўні з тэлемедыцынай і электроннымі медыцынскімі картамі з’яўляюцца адным з ключавых сектараў развіцця лічбавай сістэмы аховы здароўя. CDSS могуць выкарыстоўвацца ў стратэгіях памяншэння колькасці памылак пры прыёме лекаў. Памылкі, звязаныя з лекавымі ўзаемадзеяннямі, лічацца распаўсюджанымі: вядома, што да 65 працэнтаў стацыянарных пацыентаў падвяргаюцца адной ці некалькім патэнцыяльна небяспечным камбінацыям.
Але мінусы ў гэтых сістэм таксама ёсць. Адзін з іх — скарачэнне часу на зносіны з пацыентамі. CDSS можа парушыць рабочы працэс урача: калі з’яўляецца занадта шмат нязначных папярэджанняў ці рэкамендацый CDSS, медыцынскія работнікі пачынаюць іх адхіляць незалежна ад важнасці. Гэта цягне за сабой яшчэ і стомленасць у спецыялістаў. Даследаванні паказалі, што дасведчаныя ўрачы, якія валодаюць больш шырокімі практычнымі ведамі, з меншай верагоднасцю будуць выкарыстоўваць CDSS.
Яшчэ адна праблема — падтрыманне базы ведаў у актуальным стане, з улікам хуткіх змен, што адбываюцца ў медыцынскай практыцы. Нават самыя перадавыя медыцынскія ўстановы паведамляюць пра цяжкасці з абнаўленнем сваіх сістэм, паколькі веды, асабліва пра новыя лекі, імкліва змяняюцца.
Між іншым, Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўказала на негатыўныя наступствы прымянення штучнага інтэлекту ў медыцыне, калі ў аснове яго распрацоўкі і выкарыстання не будуць закладзены этычныя прынцыпы і абарона правоў чалавека. Гэтая ж арганізацыя апублікавала рэкамендацыі, у якіх выкладзены прынцыпы абмежавання рызык і максімальнага выкарыстання магчымасцяў штучнага інтэлекту ў ахове здароўя.
Дылема заключаецца ў тым, што для больш эфектыўнай дзейнасці штучнага інтэлекту патрабуюцца максімальна поўныя даныя аб пацыентах, як непасрэдна медыцынскія, так і сацыяльныя. Перш чым выкарыстоўваць вялікія даныя, трэба вырашыць галоўнае этычнае пытанне: як забяспечыць пацыенту прыватнасць? Калі будзе адкрыты доступ да звестак аб стане фізічнага, псіхічнага здароўя, схільнасці да суіцыду і г. д., гэта можа прывесці да дыскрымінацыі пры прыёме на работу, няроўнасці пры атрыманні медыцынскай страхоўкі і падобнае. Даныя, якія складаюць медыцынскую таямніцу, усё больш запатрабаваны трэцім бокам. Развіццё лічбавай медыцыны ставіць дзяржаву перад выбарам: захаваць за пацыентам бясспрэчнае права на валоданне медыцынскімі данымі або кропкава мяняць заканадаўства, дазволіўшы апрацоўку дэперсаніфікаваных даных, не пытаючыся згоды на тое пацыента, але ў канчатковым выніку гэта будзе зроблена ў інтарэсах асобы і грамадства…
Нафілдскі Савет па біяэтыцы (Вялікабрытанія) сфармуляваў наступныя этычныя праблемы выкарыстання штучнага інтэлекту ў медыцыне: гэта магчымасць прыняцця штучным інтэлектам памылковых рашэнняў; пытанне аб тым, хто нясе адказнасць, калі штучны інтэлект выкарыстоўваецца для падтрымкі прыняцця рашэнняў і памыляецца; забеспячэнне абароны даных (напрыклад, любы здымак — гэта персанальныя звесткі чалавека, што істотна ўскладняе задачу інфармацыйнай бяспекі); забеспячэнне грамадскага даверу да распрацоўкі і выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту — і іншыя.
На думку членаў Нафілдскага Савета па біяэтыцы, ключавая задача — зрабіць так, каб штучны інтэлект быў сумяшчальны з грамадскімі інтарэсамі і адначасова спрыяў інавацыям у сектары аховы здароўя.
Надзея Нікалаева
Звязда, 13 красавіка 2023
Звязда, 13 красавіка 2023
Кoличество переходов на страницу: 233
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |