https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?


Для краін Балтыі ралі цэн на электрычнасць стала ўжо амаль звыклай справай. Усяго за адзін тыдзень сёлета ў чэрвені, калі попыт на энергію ўзрос з-за гарачага надвор'я, цэннік у Літве, Латвіі і Эстоніі ўзрос на 28 %, 37 % і 24 % адпаведна. Але ўлетку гэтая энергія хаця б была, хай і па завышанай цане. Сёння ж Прыбалтыка можа сутыкнуцца з больш сур'ёзным выклікам — адсутнасцю паставак у прынцыпе, заўважае baltnews.lt. У сярэдзіне верасня, якраз у разгар энергетычнага крызісу, урад Літвы на падставе так званага антыастравецкага закона знізіў максімальную прапускную здольнасць на літоўска-беларускіх злучэннях. Цяпер над грамадзянамі гэтай краіны і іншых дзяржаў Балтыі навісла не толькі пагроза падаражэння камунальных паслуг, але і амаль катастрафічнага энергадэфіцыту. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Стрэлілі ў нагу

Энергетычны крызіс, выкліканы рэкордным падаражэннем газу, закрануў многіх. Цяжкасці адчуваюць нават дзяржавы з развітой эканомікай. Еўрапейскія энергаёмістыя кампаніі вымушаны скарачаць аб'ёмы вытворчасці альбо наогул спыняць сваю дзейнасць. На гэтым фоне ўлады Літвы, якія маглі б павялічыць пастаўкі энергіі з Расіі і дзякуючы гэтаму зрабіць электрычнасць для сябе таннейшай, паступаюць роўна наадварот. Літоўскі рэгулятар знізіў максімальную прапускную здольнасць на літоўска-беларускіх камунікацыях. Старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў ІМЭМА РАН Уладзімір Аленчанка патлумачыў baltnews.lt, чаму Вільнюс пайшоў на гэты крок менавіта цяпер — у разгар энергетычнага крызісу: «Рашэнне літоўскіх улад аб звужэнні доступу энергіі на літоўска-беларускіх злучэннях можна растлумачыць недахопам дальнабачнасці і стратэгічнага мыслення. Рашэнне аб звужэнні доступу энергіі прымалася напярэдадні ўсплёску цэн на газ. Адсюль вынікае, што ніхто не займаўся аналізам сытуацыі і не складаў прагнозы».

Як адзначыў эксперт, гэтую сітуацыю можна таксама расцаніць як жаданне дапамагчы Швецыі і Фінляндыі зарабіць грошай на пастаўках электраэнергіі ў краіны Балтыі. Але, хутчэй за ўсё, тут мае месца банальная адсутнасць разлікаў і няўменне думаць на перспектыву. «Гэтае рашэнне прымалася па палітычных матывах. Пры яго прыняцці не былі пралічаныя эканамічныя наступствы і шкода для энергетыкі. Звычайна такое бывае, калі кіраўніцтва дзяржавы альбо некампетэнтнае, альбо залежыць ад загадаў звонку», — лічыць эксперт.

Так што рашэнне літоўскіх улад вельмі нагадвае той самы «стрэл у нагу». Цэны на электраэнергію ў краінах Балтыі ўжо падняліся ў шэсць-восем разоў у параўнанні з кастрычнікам 2020-га. Уплываць на цэнаўтварэнне гэтыя краіны практычна не могуць, бо ўнутранай генерацыі ім не хапае. Прыходзіцца купляць электрычнасць у трэціх краін, прычым па тым кошце, які ім выставяць.

Захад не дапаможа

Кампенсаваць недахоп энергіі, калі прапускная здольнасць на літоўска-беларускіх кабелях знізіцца, няма чым. Нават пасля таго, як сістэмы краін Балтыі будуць цалкам сінхранізаваныя з Цэнтральнай Еўропай, сітуацыя не стане лепшай. Пры ідэальных умовах дзяржавы Еўрасаюза змогуць забяспечваць Літве, Латвіі і Эстоніі неабходную колькасць энергіі, хай і па вышэйшым кошце. Але ў перыяд крызісаў, якія апошнім часам узнікаюць усё часцей, Прыбалтыка зноў апынецца ва ўмовах жорсткага энергадэфіцыту, бо ў краінах Заходняй Еўропы хапае ўласных праблем. Напрыклад, у Германіі найбуйнейшы пастаўшчык энергіі Steag GmbH у верасні спыніў работу электрастанцыі Bergkamen-A. Прычына простая — скончыўся вугаль.

Калі падобны крызіс паўторыцца ўжо пасля поўнага адключэння краін Балтыі ад БРЭЛЛ (энергакола, якое аб'ядноўвае Беларусь, Расію, Эстонію, Латвію і Літву), балтыйскія краіны могуць застацца наогул без электраэнергіі. Яе пастаўкі ператворацца для Прыбалтыкі ў латарэю, дзе выйгрыш — магчымасць купіць электрычнасць. Але, як лічыць дырэктар расійскага Цэнтра палітычнага аналізу Павел Данілін, Брусель не паспрабуе вырашыць праблему энергадэфіцыту ў рэгіёне. «Паміж Бруселем і балтыйскімі краінамі ёсць сакрэтная дамова: эліты падтрымліваюць русафобскі парадак дня, абвастраюць абстаноўку, калі гэта трэба, атрымліваючы за гэта прывілеі асабіста для сябе. А той факт, што за час свайго членства ў ЕС некаторыя рэспублікі Балтыі пазбавіліся амаль траціны свайго насельніцтва, мала каго хвалюе», — адзначыў эксперт у гутарцы з baltnews.lt.

Мароз санкцыям перашкода

Апазіцыйны латвійскі журналіст, інжынер па адукацыі Юрый Аляксееў тлумачыць: «У часы СССР у Літве былі Ігналінская АЭС, тры магутныя гідраэлектрастанцыі на рацэ Даўгава ў Латвіі, некалькі дыхтоўных станцый на гаручых сланцах у Эстоніі. Плюс дзясяткі тры газавыя ў розных месцах. Усе аб'ядналі ў сетку. Ды яшчэ і падключылі да Беларусі і Расіі. Працавала гэта выдатна і эфектыўна. Увесну, калі па Даўгаве ішла вялікая вада і турбіны яе электрастанцый круціліся на поўную магутнасць, літоўская АЭС на пару-тройку тыдняў спынялася на перазагрузку ядзернага паліва. Электрычнасці ў рэгіёне і без яе хапала. А калі ўзнікала патрэба — падкідвалі Ленінградская і Смаленская АЭС».

Атрымліваецца, што краіны Балтыі, якія рытуальна праклінаюць СССР, з пункту гледжання энергетыкі жывуць у ім да гэтага часу. Пасля таго, як па патрабаванні Літвы краіны Балтыі адмовіліся ад беларускай энергіі, яны могуць купляць электрычнасць толькі ў Расіі. Аднак адзіны спосаб гарантавана не дазволіць прадукцыі БелАЭС трапіць у Прыбалтыку — гэта разарваць кальцо БРЭЛЛ. Што і маюць намер зрабіць у 2025-м, а пасля сінхранізаваць энергетычныя сістэмы з астатнім Еўрасаюзам. Але электрычнасць жа трэба ўжо зараз.

У выніку Літва пачала закупкі ў Беларусі драўняных пелет. У прэс-службе Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ) паведамілі, што ў 2021 годзе прайшлі найбуйнейшыя экспартныя таргі пелетамі. У час гэтай сесіі было заключана шэсць здзелак на суму амаль 1,2 мільёна еўра. Асноўнымі пакупнікамі сталі Літва, Польшча і Данія. Гандлёвая пляцоўка працуе з вясны 2020-га. Мяркуючы па заявах прэс-службы БУТБ, падчас экспартных біржавых таргоў летась было рэалізавана піламатэрыялаў і драўнянай дранкі на агульную суму 16,4 мільёна еўра. Тады больш за палову ўсіх лотаў выкупілі Літва і Эстонія. Аднак да гэтага часу здзелкі мелі нерэгулярны характар, а аб'ёмы продажаў былі невялікія.

Сёлета ўвосень з-за рэкордных цэн на газ попыт на драўняныя пелеты моцна ўзрос. Толькі за 9 месяцаў бягучага года паказчык продажаў перасягнуў колькасць экспартных матэрыялаў за ўвесь мінулы. Прычым сёлета больш за ўсё беларускіх драўняных адходаў закупілі Літва і Польшча. Літоўскі палітолаг Вадзім Валавой адзначыў, што такія закупкі ў першую чаргу пачалі прыватныя кампаніі. Прычына простая: узнік попыт, прычым як сярод насельніцтва, так і сярод самакіраванняў, якія выкарыстоўваюць альтэрнатыўнае паліва і драўняныя адходы. У гэтай сітуацыі няма нічога дзіўнага. Закупкі драўняных пелет з Беларусі будуць працягвацца, пакуль спажывецкі рынак гэтага патрабуе.

Словы і справы

Імкненне Літвы заблакаваць пастаўкі электраэнергіі з БелАЭС любой цаной не знайшло разумення ў яе суседзяў. Латвія заявіла пра намер падаць скаргу ў Еўракамісію з-за абмежаванняў, уведзеных Вільнюсам на энергаператокі з Беларусі. На думку Рыгі, яны не маюць тэхнічных абгрунтаванняў, затое прыводзяць да павелічэння цэн на электрычнасць. Больш за тое, Латвія і Эстонія дамовіліся з Расіяй аб павелічэнні паставак электрычнасці на 40 працэнтаў.

Пры гэтым RuBaltіc.Ru адзначае, што самы вялікі прыбытак у гандлі з Літвой Беларусі прынесла электраэнергія. Тая самая, ад якой Літва павінна была абараніцца пасля запуску БелАЭС. «Прэзідэнт Гітанас Наўседа, прэм'ер-міністр Інгрыда Шыманітэ, кіраўнік МЗС Габрыэлюс Ландсбергіс і іншыя прадстаўнікі літоўскага істэблішменту ўгаворваюць сваіх замежных таварышаў далучыцца да байкоту астравецкага «атамнага монстра». Тым часам высвятляецца, што ў студзені — жніўні гэтага года Літва заплаціла за беларускую электрычнасць 132,6 млн еўра. Прыкладна на 46 млн еўра больш, чым за ўвесь 2020 год», — піша RuBaltіc.Ru. Дэпартамент статыстыкі Літвы раскрыў сакрэт Полішынеля: патрабуючы ад іншых спыніць імпарт электраэнергіі з Беларусі, сама рэспубліка гэтага не робіць. Пастаўкі не проста працягваюцца — яны растуць у параўнанні з перыядам, калі БелАЭС яшчэ не працавала.

Аб гэтым напісаў у сваім тэлеграм-канале і дэпутат украінскай партыі «Слуга народа» Андрэй Герус, паведамляе інтэрнэт-газета «Страна.ua». Як адзначыў парламентарый, калі ў верасні пастаўкі былі на ўзроўні 100—300 МВт у гадзіну, то ў другой палове кастрычніка выйшлі на ўзровень больш за 500 МВт у гадзіну. «А 19 кастрычніка быў максімальны паказчык за апошнія паўгода — 814 МВт у гадзіну беларускай электраэнергіі заходзіла ў Літву. Відавочна, што і цяпер у Літву значныя аб'ёмы электраэнергіі паступаюць з Беларускай АЭС, супраць якой прыбалтыйская краіна так змагаецца», — заўважыў Андрэй Герус. Таксама, адзначае ўкраінскі дэпутат, у пачатку кастрычніка Літва ўдвая павялічыла імпарт электраэнергіі з Калінінграда. Вось і ўся «арыфметыка».

Аўтар: Пётр Дунько
Звязда, 27 кастрычніка 2021


 

Кoличество переходов на страницу: 229