https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Калінінградская вобласць: партнёрства з Беларуссю


Калінінградцы, як слушна адзначаў Прэзідэнт Беларусі, не чужыя нам людзі. Па выніках Усерасійскага перапісу насельніцтва 2010 года беларусамі сябе назвалі 32 з паловай тысячы жыхароў Калінінградскай вобласці. Жывуць у самым заходнім рэгіёне Расіі і дзясяткі тысяч жыхароў, цесна звязаных з Беларуссю сваяцкімі сувязямі. Усяго ў вобласці пражывае 955 тысяч жыхароў.

Важнасць стратэгічнага супрацоўніцтва з Беларуссю для Калінінградскай вобласці заключаецца яшчэ і ў тым, што ў рамках Саюзнай дзяржавы беларускія гарады намнога бліжэй да вобласці, чым расійскія. Для параўнання, бліжэйшы абласны цэнтр Расіі (Пскоў) знаходзіцца ад Калінінграда за 800 км, а Мінск — толькі за 510 км. Варта ўзгадаць, як у 1990-х, калі цэнтральная ўлада ў Расіі аслабла, прадстаўнікі некаторых еўрапейскіх дзяржаў адкрыта абмяркоўвалі пытанні аб вылучэнні Калінінградскай вобласці са складу Расійскай Федэрацыі для трансфармацыі ў самастойную дзяржаву або для ўваходжання ў склад іншых дзяржаў. Для прадухілення падобных сцэнарыяў такая блізкасць Беларусі да Калінінградскай вобласці мае для расійскага кіраўніцтва сапраўды стратэгічнае значэнне.

Нягледзячы на параўнальна невялікае насельніцтва вобласці, патэнцыял эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю ў наяўнасці. Так, па выніках 2011 года тавараабарот Калінінградскай вобласці з Рэспублікай Беларусь склаў 126,7 млн дол. ЗША і вырас у параўнанні з 2010 годам на 10%. Пры гэтым беларускі экспарт дасягнуў лічбы 73,6 млн дол. ЗША. Улічваючы, што такі памер знешнегандлёвага абароту Беларуссю не дасягнуты з шэрагам намнога больш населеных абласцей Расіі, гэта сведчыць пра сур'ёзныя поспехі ў эканамічным супрацоўніцтве.

Для далейшага развіцця супрацоўніцтва неабходна ўзмацніць каардынацыю ў рэалізацыі ўзаемавыгадных праектаў. Менавіта з гэтай мэтай дэлегацыя Калінінградскай вобласці Расіі на чале з губернатарам Мікалаем Цуканавым наведала нашу краіну на мінулым тыдні. Праграма работы дэлегацыі была вельмі напружанай. Перш за ўсё, зразумела, адбылася сустрэча з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Калінінградская вобласць у пасляваенныя гады "стала родным домам для беларускага народа". Ён запэўніў членаў дэлегацыі: "Мы заўсёды будзем дзяліцца з калінінградцамі ўсім, чым толькі можам. Ваш рэгіён і Рэспубліка Беларусь — блізкія і надзейныя партнёры. Мы ўдзячныя за супрацоўніцтва і за тыя прыёмы, што вы аказваеце нашым дэлегацыям, якія прыязджаюць у Калінінградскую вобласць". У выступленні ў адказ губернатар Калінінградскай вобласці адзначыў, што паміж вобласцю і рэгіёнамі Рэспублікі Беларусь актыўна развіваецца супрацоўніцтва ва ўсіх жыццёва важных сферах, пры гэтым надаецца вялікае значэнне ўмацаванню сувязяў у транспартнай і будаўнічай галінах, у галіне сельскагаспадарчай вытворчасці і культуры.

Новыя перспектывы супрацоўніцтва бакі звязваюць з правядзеннем у Калінінградзе чэмпіянату свету па футболе ў 2018 г. У сувязі з гэтай падзеяй вобласць чакае сур'ёзны прыток інвестыцый, якія дазволяць змяніць яе воблік. Адным з кірункаў з'яўляецца мадэрнізацыя транспартнай сістэмы. Як паведаміў губернатар Мікалай Цуканаў, вобласць разглядае магчымасць запуску хуткаснай веткі ў горадзе да чэмпіянату свету, і супрацоўніцтва ў гэтай сферы з нашай краінай вельмі прывабнае. Беларуссю было прапанавана разгледзець магчымасць арганізацыі ў Калінінградзе руху хуткасных электрацягнікоў у сувязі з тым, што хутка пачне работу сумесная беларуска-швейцарская вытворчасць гарадскіх электрацягнікоў.

Мікалай Цуканаў таксама звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай разгледзець магчымасць працягнення чыгуначнай веткі Мінск—Вільнюс ад сталіцы Літвы да Калінінграда. Прэзідэнт Беларусі паабяцаў абмеркаваць гэту тэму з кіраўніком адкрытага акцыянернага таварыства "Расійскія чыгункі" Уладзімірам Якуніным, чый візіт у Мінск плануецца ў бліжэйшы час. Губернатар Калінінградскай вобласці праінфармаваў Прэзідэнта, што рэгіянальныя ўлады гатовы выдзеліць участак зямлі на ўзбярэжжы для будаўніцтва беларускага пансіяната. Ён таксама паведаміў, што плануе пабудаваць з улікам беларускага вопыту ў Калінінградскай вобласці аграгарадок.

Акрамя сустрэчы з Прэзідэнтам, калінінградская дэлегацыя ўзяла ўдзел у дзясятым юбілейным пасяджэнні Расійска-Беларускага Савета, створанага ў 2000 годзе. Яго мэтай было вызначыць канкрэтныя мерапрыемствы па пашырэнні супрацоўніцтва. Губернатар Калінінградскай вобласці выказаў зацікаўленасць у пераарыентацыі беларускіх грузаў з прыбалтыйскіх кірункаў на партовую інфраструктуру Калінінградскай вобласці, а таксама прапанаваў абмеркаваць удзел беларускага боку ў праекце будаўніцтва глыбакаводнага порта. Зноў абмяркоўваліся і пытанні ўдзелу Беларусі ў падрыхтоўцы да чэмпіянату свету 2018 года. Беларускі бок выказаў гатоўнасць павялічыць пастаўкі цэменту ў рэгіён у сувязі з уводам новых магутнасцяў пасля маштабнай рэканструкцыі айчынных цэментных заводаў, увесці будаўніцтва спартыўных, сацыяльных і культурных аб'ектаў на конкурснай аснове. Першы намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сямашка адзначыў зацікаўленасць беларускага боку ва ўдзеле ў мадэрнізацыі інфраструктуры Калінінградскай вобласці і абнаўленні парку грамадскага транспарту. Сур'ёзная ўвага была нададзена абмеркаванню перспектыў удзелу Беларусі ў стварэнні аўтамабільнага кластара ў Калінінградскай вобласці. Беларуссю былі ўнесены наступныя прапановы: спраектаваць і пабудаваць "пад ключ" аўтазборачныя заводы, або пастаўляць у Калінінград прадукцыю беларускага холдынга "Аўтакампаненты", пры гэтым магчыма стварэнне сумеснага прадпрыемства ў рэгіёне. Прадстаўнікамі Беларусі было таксама прапанавана садзейнічанне ў перападрыхтоўцы ўрачоў з Калінінграда з улікам перадавога вопыту беларускіх медыкаў. Акрамя таго, была дасягнута дамоўленасць, што з наступнага года беларускія студэнцкія атрады будуць запрошаны ў Калінінградскую вобласць для працы на сацыяльна-важных аб'ектах.

Пратакол пасяджэння Савета быў падпісаны 4 снежня ў час сустрэчы губернатара вобласці з прэм'ер-міністрам Рэспублікі Беларусь. У час яе Мікалай Цуканаў адзначыў, што "Калінінградская вобласць разлічвае на падтрымку Беларусі ў мадэрнізацыі эканомікі" і што ён прапаноўвае падвоіць тавараабарот у бліжэйшы час.

Сяргей Кізіма,
загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук.
Звязда, 11 снежня 2012


 

Кoличество переходов на страницу: 980


Комментарии