https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка: У сапраўднага спартсмена з сэрца сцяг і гімн не вырвеш


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад «Аб асобных пытаннях развіцця спорту ва ўмовах санкцый».

Удзельнікі нарады, як адзначыў сам кіраўнік дзяржавы, людзі, ад якіх залежыць развіццё спорту ў нашай краіне: міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі і намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. 

«Я часам задаюся пытаннем: а што тут развіваць? Чаго ў нас не хапае, каб нашы каманды, нашы спартсмены выступалі на самым высокім узроўні?», — спытаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што хацеў бы пачуць, чаго бракуе, якіх спартыўных пляцовак, пабудоў і іншага, каб на Алімпіядзе заваёўваць 20-30 медаляў. Па словах Прэзідэнта, такія вынікі калісьці былі, прычым у часы, калі не было ўвогуле ніякіх спартыўных збудаванняў. 

«Ідзе чэмпіянат свету, я нешта не заўважыў там нашых футбалістаў... Ці я дрэнна назіраю за чэмпіянатам свету? Я добра назіраю — там іх і блізка няма. Больш за тое, я параўноўваю гульню нашых футбалістаў з тым футболам, які сёння паказваюць там спартсмены і тым больш яны паказваюць іх у зімовы перыяд часу. І як былому футбалісту, які займаўся футболам, мне проста страшна станавіцца. Стан гэтага віду спорту, як і многіх іншых у жахлівым становішчы», — сказаў Прэзідэнт, — «А калісьці прызначаючы вас (міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука) я спадзяваўся, што вы як чалавек ваенны, які любіць спорт і разумее ў ім, павернеце там. Я пра віцэ-прэм’ера не гавару, я не бачу віцэ-прэм’ера ні ў адной сацыяльнай сферы. Мінуў час, нямала гадоў, а калі год за два. Ну і дзе вынікі?», — паставіў пытанні Аляксандр Лукашэнка.

У працяг футбольнай тэмы кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на выступленне футбольнай каманды «Дынама-Мінск». Ён задаў пытанне, якія медалі гэты клуб узяў у чэмпіянаце Беларусі. «Ніякі — драўляныя. Дык драўляныя я вам намалюю без грошай. А вы адказваеце за гэтую каманду, я вам даручыў „займіцеся“, і я вам даў грошы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Там дзе найбольш увагі — найгоршыя вынікі

Па словах Прэзідэнта, санкцыі, якім зараз падвяргаецца айчынны спорт, не павінны быць перашкодай для дэманстрацыі высокіх вынікаў. Ён упэўнены, што ў спорце чым мацнейшы ціск, тым большай павінна быць аддача. «Калі людзі бачаць, што несправядліва іх караюць, яны імкнуцца і паказваюць яшчэ большы вынік. У нас гэта ёсць? У нас гэтага няма. Гэта значыць там, дзе мы надаем больш увагі, таму віду спорту, там найгоршыя вынікі. Як так? Хацелася б пачуць тлумачэнні», — заявіў беларускі лідар. 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што хутка ў Беларусі з’явіцца нацыянальны футбольны стадыён. «Хто там будзе гуляць?», — задаў ён лагічнае пытанне. Прэзідэнт запатрабаваў даць адказы на комплеккс пытанняў, якія стаяць перад айчынным спортам. Таму што ён звязаны з другім пытаннем — зарплатамі і ззахвочваннямі для спартсменаў. Адпаведны Праект Указа таксама стаў адной з тэм даклада. 

«Слухайце, трэба таемна ў куце цёмным праводзіць падобныя нарады, каб людзі не пачулі. Таму што яны не толькі вам (вам ёсць за што), яны і мне галаву здымуць. Яны спытаюць: за што ім грошы плаціш, яны ж пешшу ходзяць на пляцоўцы ў футболе, хакеі ці ў каньках, у канькабежным спорце, шорт-трэку. Яны не толькі пешшу ходзяць — яны кульгаюць там», — іранічна заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

І гэта пры тым, што кожнаму юнаму спартсмену з дзяцінства даецца магчымасць падняцца, вызначыць здольнасці. «Мастацкая, спартыўная гімнастыка, лёгкая атлетыка — калі ласка, вызначайцеся. Трэнеры ўбачылі, узялі на заметку кагосьці, ідзе развіццё. Што яшчэ патрэбна? Трэба заплаціць за добрыя высокія вынікі. Калі ласка. Колькі? Спачатку дайце гэтыя вынікі», — адзначыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што хацеў бы пачуць урадавую канцэпцыю стымулявання заработных плат і «іншых пернікаў за дасягненне адпаведных вынікаў».

«Трэба рыхтавацца»

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў 2023 годзе Беларусь прыме ІІ Гульні краін СНД. Ён падкрэсліў, што для кіраўніцтва спартыўнай галіны гэта вельмі сур’ёзны крытэрый. Таксама Аляксандр Лукашэнка праансаваў кадравую перастаноўку ў пачатку года. «Калі вы яшчэ праваліце Гульні, то я вам скажу адкрыта — тады вам у спорце рабіць няма чаго», — папярэдзіў ён.

Прэзідэнт удакладніў, ці дапушчаныя беларускія і расійскія спартсмены да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях. У некаторых сродках масавай інфармацыі ўжо ўзнікае такая інфармацыя. Але, як далажылі Прэзідэнт, канчатковае рашэнне яшчэ не прынята. 

«Гэта таксама ваша пытанне. Трэба рыхтавацца. Калі вы кажаце аб тым, што трэба спартсменаў падтрымліваць — я згодзен, але толькі тых, хто паказвае вынікі сусветнага ўзроўню», — сказаў Прэзідэнт. Ён канстатаваў, што высокі сусветны ўзровень, вынік на ўзроўні першага, другога і трэцяга месца павінны быць крытэрыем для адпаведных ільгот, датацый і іншых заахвочванняў. 

У сваім дакладзе міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук заўважыў, што цяпер не санкцыі, напэўна, вызначаюць развіццё нашага спорту ў Беларусі. «Санкцыі вызначаюць толькі ў лепшы бок. Ціск на спартсмена — ён паказвае лепшы вынік, калі ў яго ёсць характар. Мы з вамі былі спартсменамі. Мы гэта цудоўна ведаем і разумеем», — заявіў Прэзідэнт.

Міністр спорту і турызму адзначыў, што цяпер у шасці відах спорту беларускія спартсмены могуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, але без нацыянальнай сімволікі. Гэта тэніс, футбол, шашкі, шахматы, самба і бокс. «Тое, што без сімволікі, — гэта дрэнна... Але гэта не катастрофа. У сапраўднага спартсмена, (не тых, якія ў вас збеглі, няхай бягуць, яны як тут бегалі, так і там бягаюць), у сапраўднага спарстмена з сэрца сцяг і гімн не вырвеш. У сэрцы павінна быць, калі гэта сапраўдны спарстмен. Калі ён бегае, скача і гуляе, ён павінен разумець, што ён гуляе перш за ўсё для людзей, не для сябе, для людзей, для сваёй сям’і, прыкладам для дзяцей, а потым ужо заробак і іншае», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Як адзначыў міністр спорту і турызму, вынікі ў збеглых спарстменаў не растуць. 

«Яны ніколі не пакажуць выніку, яны там людзі другога гатунку», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Сяргей Кавальчук дадаў, што ад некаторых збеглых трэнераў ужо паступаюць сігналы аб тым, каб вярнуцца. 
----------     У тэму     ----------

Спаборніцкай практыкі хапае 

Размова з Прэзідэнтам аб развіцці спорту вялася ў крытычным рэчышчы. . І, як адзначыў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук у размове з журналістамі, крытыка з боку кіраўніка дзяржавы была абсалютна справядлівай. «У некаторых відах спорту мы назіраем прасяданні. У футболе сезон мінуў, а вынікаў не паказалі ні зборная, ні клубы. Зноў жа ёсць віды спорту, якія годна прадстаўляюць нашу краіну на рознага роду спаборніцтвах», — адзанчыў ён. 

Міністр расказаў, што сёння перад спартыўнай галіной стаіць комплекс задач. Адна з галоўных — зрабіць так, каб у санкцыйны перыяд у спартсменаў не праселі вынікі, каб была спаборніцкая практыка, што забяспечыць дастатковая колькасць спаборніцтваў. Стаіць задача арганізаваць работу так, каб быў бачны рэзерв і кваліфікацыя трэнерскага саставу. Усе гэтыя тэмы падымаліся падчас даклада ў Прэзідэнта. Па словах Сяргея Кавальчука, кіраўнік дзяржавы даў указанні па развіцці асноўных напрамкаў. У першую чаргу, па сумесных дзеяннях з Расійскай Федэрацыяй. Таксама былі дадзеныя даручэнні па загрузцы спартыўных аб’ектаў, па правядзенні на высокім арганізацыйным узроўні спаборніцтваў у тым ліку другіх гульняў краін СНД, па падрыхтоўцы трэнерскіх кадраў і іншых пытаннях, якія тычацца развіцця фізічнай культуры спорту.

Адной з тэм даклада ў Прэзідэнта быў праект Указа «Аб мерах па стымуляванні дасягненняў высокіх спартыўных вынікаў». Сяргей Кавальчук расказаў, што праект Указа падтрыманы. Але кіраўнік дзяржавы ўсім адказным за спорт паставіў задачу сачыць за вынікамі выступлення спартсменаў на спаборніцтвах. Праектам Указа прадугледжваецца, што вынікі выступлення на спаборніцтвах у Расійскай Федэрацыі прыраўнаваны да вынікаў на вядучых спаборніцтвах. «Напрыклад, Анастасія Маслава ў гэтым сезоне кінула молат на 74 метры, гэта ўзровень чэмпіёна Еўропы, значыць яна павінна атрымаць адпаведную ўзнагароду па ўзроўні чэмпіянату Еўропы. Калі Таццяна Халадовіч кінула кап’ё на 66 метраў — гэта ўзровень срэбнага прызёра чэмпіянату Еўропы, то і ўзнагарода павінна быць такой», — растлумачыў міністр. Ён звярнуў увагу, што рашэнні па заахвочванні спарстменаў будуць прымацца камісійна, каб і трэнеры, і спарстмены — ніхто не быў пакрыўджаны і ўсе атрымалі дастойную ўзнагароду ў адпаведнасці з тымі вынікамі.

Падчас даклада Прэзідэнт праансаваў кадравую перастаноўку ў пачатку года. Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук растлумачыў журналістам, што меліся на ўвазе перастаноўкі ў трэнерскім складзе, у федэрацыях, якія праводзяцца пастаянна і сістэмна. «Тыя віды спорту, дзе не наладжана належным чынам работа, дзе няма выніку, там трэба падганяць і ў тым ліку вырашэннем кадравых пытанняў», — заўважыў Сяргей Кавальчук. 

Вяртаючыся да тэмы санкцый, міністр спорту адзначыў, што сёння спартсменам хапае спаборніцкай практыкі. У многіх відах спорту канкурэнцыя са спартсменамі Расійскай Федэрацыі нашмат вышэйшая, чым канкурэнцыя на еўрапейскай арэне. «Наша задача — трэніравацца і быць гатовымі ў любы момант на любых спаборніцтвах дастойна выступаць і высока ўзнімаць сцяг нашай краіны», — сказаў Сяргей Кавальчук.

Аўтар: Валерыя Сцяцко
Звязда, 16 снежня 2023


 

Кoличество переходов на страницу: 191