Канец года — час падвядзення вынікаў: што зроблена, што дасягнута. Таму з вялікім інтарэсам, па запрашэнні Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Беларусі ў Літве Уладзіміра Дражына, ішоў на прыём, прысвечаны вынікам работы сёлета і перспектывам налета. Прыём наведалі некаторыя міністры, члены Сейма і шмат прадстаўнікоў бізнэсу.
— 2011 год атрымаўся выніковым, — сказаў пасол. — Упершыню ў гісторыі гандлёва-эканамічных адносін паміж нашымі краінамі мы маем таваразварот 1 млрд долараў.
Прычым беларускі экспарт павялічваўся хутчэй, чым імпарт з Літвы. Цяпер ужо можна рабіць прагноз, што сёлета для Беларусі станоўчае сальда ўзаемнага гандлю можа скласці больш за 420 млн долараў.
— Разглядаючы гандаль паміж нашымі краінамі, мы бачым шырокую гаму прадукцыі. Налічваецца каля 650 таварных пазіцый, — канстатаваў У. Дражын.
Я пацікавіўся, якія беларускія тавары паступаюць у Літву. Як высветлілася, у структуры беларускага экспарту 60% складаюць прамежкавыя тавары, 17-20% — сыравінны экспарт, 20-23% — гатовая прадукцыя, харчовыя тавары і тавары народнага спажывання. Асноўнымі таварнымі пазіцыямі з'яўляюцца нафтапрадукты, угнаенні, трактары, электраэнергія, паліўная драўніна і іншыя. У параўнанні з 2009 годам з'явіліся новыя экспартныя пазіцыі: дарожная і будаўнічая тэхніка, аўтапагрузчыкі, кукуруза, пшаніца, шакалад.
У таварнай структуры імпарту з Літвы пераважаюць вырабы з цэменту і штучнага каменю, арматура для трубаправодаў, друкарская фарба, адзенне, халадзільнікі ды іншыя.
— Другі важны вынік — упершыню ў гісторыі нашых адносін узровень выкананых паслуг дасягнуў 0,5 млрд долараў, — падкрэсліў дыпламат. — Ён дасягнуты дзякуючы актыўнаму ўдзелу ўсіх суб'ектаў гаспадарання, якія вырабляюць тавары і дастаўляюць іх. Гэта Беларуская і Літоўская чыгункі, аўтамабільныя кампаніі, Клайпедскі порт і іншыя.
Так што ў агульным выніку сёлета атрымліваецца значная сума — 1,5 млрд долараў.
— Трэцяя вельмі важная пазіцыя — інвестыцыі з Літвы ў Беларусь. Сёлета яны складуць 100 млн долараў. Такога мы яшчэ не мелі. За апошнія 10 гадоў літоўскія інвестыцыі ў Беларусь склалі ўсяго 150 млн долараў, а тут за адзін год 100 млн, — з задавальненнем адзначае У. Дражын.
Па стане на 1 студзеня 2011 года на тэрыторыі Беларусі былі зарэгістраваныя 482 арганізацыі з удзелам літоўскага капіталу. Мне прыгадалася некалькі значных падзей. Мінулым летам у Мінску прэм'ер-міністры Беларусі і Літвы адкрылі будаўнічы гіпермаркет "ОМА" на 8 тыс. кв. м, створаны пры ўдзеле інвестыцый літоўскай кампаніі "Сенукай" аб'ёмам 13 млн долараў. У 2010 годзе з удзелам літоўскага капіталу ў горадзе Ракаў Валожынскага раёна пачалася рэалізацыя праекта па будаўніцтве транспартна-лагістычнага тэрмінала на 40 тыс. кв. м. Першая чарга аб'екта ўжо ўведзена ў эксплуатацыю. Запланаваны аб'ём інвеставання — да 18 млн еўра.
Прыём беларускага пасла наведаў і старшыня праўлення "Вакару мядэнас групэ" Сігітас Паўлаўскас. "Мы ажыццяўляем у Беларусі інвестыцыйны праект па будаўніцтве дрэваапрацоўчага комплексу на тэрыторыі СЭЗ "Магілёў", — расказаў ён карэспандэнту "Звязды". — Запланаваны аб'ём інвеставання — 100 млн еўра да 2015 года. Вытворчасць плануецца запусціць у 2012 годзе. На камбінаце будуць вырабляць сучасную мэблю — сталы, паліцы, мэблю для спальні і гасцёўні. Сыравіна — беларуская драўніна. Адным з асноўных заказчыкаў прадукцыі камбіната будзе канцэрн ІKЕА, які займаецца продажам мэблі ў многіх краінах.
Будаўніцтвам камбіната ў Беларусі мы хочам умацаваць пазіцыю канцэрна і на ўсходніх рынках, дзе па меры росту пакупной здольнасці жыхароў бачым немалы патэнцыял росту. Беларусь, дзе ёсць добрая сыравінная база і сталыя сталярныя традыцыі, з'яўляецца таксама ўдзельніцай Мытнага саюза з Расіяй і Казахстанам, што дазволіць прасцей рэалізоўваць прадукцыю і на рынках краін СНД".
Ёсць у кампаніі і іншыя інвестыцыйныя праекты ў Беларусі:
— У кастрычніку мы набылі барысаўскае прадпрыемства "S WООD S". На першым этапе мяркуем інвеставаць у прадпрыемства да 10 млн еўра. Плануем стварыць там да 300 дадатковых працоўных месцаў. Уся прадукцыя будзе экспартавацца.
Трэба адзначыць, што і беларускія кампаніі паспяхова працуюць у Літве. Так, напрыклад, ідзе работа па адкрыцці зборачнай вытворчасці беларускай дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі "Амкадор". Рэалізоўваць прадукцыю плануецца ў прыбалтыйскім рэгіёне і Еўрапейскім саюзе. Раней у Літве было адкрыта прадстаўніцтва завода "Амкадор балтык".
Адрываючы апошнія лісткі календара, можна парадавацца гандлёва-эканамічным сувязям паміж Беларуссю і Літвой, якія дынамічна развіваюцца.
Вітаўтас Жэймантас,
уласны карэспандэнт "Звязды" ў Літве.
Вільнюс, 29 снежня 2011
Кoличество переходов на страницу: 1070
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |