https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


На прадпрыемстве «Чырвоны харчавік — Слаўгарад» моладзь стварае інавацыйны прадукт


Івану Пісчыку няма яшчэ і 31, а ён ужо галоўны інжынер прадпрыемства — другая асоба пасля дырэктара. І ён не адзіны з моладзі, хто займае тут адказныя пасады. Наогул, прадпрыемстваў, дзе б усімі вытворчымі працэсамі кіравала моладзь, няшмат. А тут увесь касцяк — учарашнія выпускнікі беларускіх ВНУ, якія прыйшлі не на нешта гатовенькае, каб ціхенька адпрацаваць і з’ехаць. Наадварот, менавіта яны будавалі і развівалі сучасную вытворчасць, запускалі лінію і вялі перагаворы па ўсіх кірунках. Таму пасля адпрацоўкі яны не спяшаюцца змяніць месца работы.

Камандны залік

Сярэдні ўзрост працаўнікоў на прадпрыемстве з ліку інжынерна-тэхнічнага персаналу — 30–35 гадоў. Так атрымалася, што пачатак іх працоўнай дзейнасці прыпаў на той складаны перыяд, калі з-за санкцый уводзіліся абмежаванні і трэба было ўсе свае веды, навыкі, амбіцыі накіраваць у адно рэчышча. Яны сталі першапраходцамі, і ў іх усё атрымалася. Той жа Іван Пісчык трапіў сюды пасля Магілёўскага Беларуска-Расійскага ўніверсітэта (БРУ) у якасці інжынера. Ужо праз два гады, калі пачаліся будаўнічыя работы запуску лініі па вытворчасці мармеладу, стаў галоўным інжынерам. Пад яго кіраўніцтвам ажыццяўлялася рэалізацыя вытворчасці інавацыйных кандытарскіх вырабаў.

— Супрацоўнічаў з праектнай арганізацыяй «Белгіпрааграхарчпрам», быў у камандзе кіраўнікоў пры заключэнні кантракта з нямецкім бокам, — успамінае Іван той перыяд. — Каардынаваў будаўніцтва, запускаў лінію — адным словам, вёў аб’ект ад заключэння кантракта і да яго ўводу ў эксплуатацыю. Пусканаладачныя работы праводзіліся пад кіраўніцтвам нямецкіх спецыялістаў, але адпрацоўка новых відаў кандытарскіх вырабаў ажыццяўлялася ўжо нашай камандай. На этапе праектавання займаўся арганізацыяй вытворчасці мёду. Але самы сур’ёзны этап — менавіта арганізацыя інавацыйнай вытворчасці. Сёння мы маем 40 відаў мармеладнай прадукцыі.

Інавацыйнасць праекта ў тым, што «Чырвоны харчавік — Слаўгарад» стварае цалкам новы мармеладны прадукт — з вітамінамі, дыябетычны, нізкавугляводны на аснове айчыннай біялагічна каштоўнай расліннай сыравіны, для харчавання пры інтэнсіўнных фізічных нагрузках. Існуе аналаг імпартнай «Шалёнай пчолкі» — тут гэта «Залатая пчолка» з рознымі начыннямі, а таксама «чарвячкі», «мішкі», «пінгвіны», як у вядомага замежнага брэнда. Прадпрыемства выкарыстоўвае ў рабоце сучасныя формы, сюды прыязджаюць арганізаваныя групы паглядзець, як ствараецца смачны прадукт. Аб’ект цікавы з пункту гледжання прамысловага турызму. Бо дзе, як не тут, заахвочваць моладзь на выбар вельмі патрэбных для рэгіёна прафесій. І вельмі важна пачуць карысную інфармацыю з вуснаў таксама маладых.

— Каб быць у першых радах, заўсёды трэба развівацца, — лічыць Іван. — Летась ездзілі ў Кітай, былі на прадпрыемстве па вытворчасці падобнай прадукцыі. Адчування, што мы ў чымсьці адстаём, не ўзнікала. У нас таксама ўсё накіравана на аўтаматызацыю працэсаў. Гэта прымушае ўдасканальвацца і шмат працаваць. Цяпер здаю сесію ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, атрымліваю карысныя для сябе веды.

Маладыя, цікаўныя, перспектыўныя

У Слаўгарад Іван пераехаў разам з жонкай Веранікай. Яна інжынер па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні і метралогіі, паралельна старшыня прафсаюзнай пярвічкі і член Маладзёжнага парламента. Дзяўчына родам з Оршы, з Іванам, які, дарэчы, ураджэнец Бабруйска, пазнаёміліся падчас вучобы ў БРУ. І ў Слаўгарад паехалі па размеркаванні.

— Прадпрыемства маладое, цікавае, перспектыўнае, — расказвае яна. — Прыйшлі з мужам, калі яно толькі ўтварылася і ўсё было ў зачаткавым стане. Мы ездзілі ў Бабруйск на галаўное прадпрыемства пераймаць вопыт. А калі пачаліся праекты, вярнуліся ў Слаўгарад.

Як прафсаюзны лідар Вераніка стараецца напоўніць жыццё калектыву прыемнымі падзеямі. Летась, напрыклад, ездзілі ў Сулу — інтэрактыўны гістарычны аб’ект пад Мінскам. А ў снежні дапамагла калегу аформіць пуцёўку ў санаторый «Прыдняпроўскі». Новы год адзначалі разам. Усе супрацоўнікі атрымалі падарункі. Дзяўчына адсочвае і канцэртную афішу. Калі нехта з артыстаў прыязджае, браніруе для ахвотных білеты.

«Мядовы» выбар

Сёння на прадпрыемстве працуе 116 чалавек. А пачыналася ўсё з 30. Штат, між тым, папаўняецца маладымі спецыялістамі. Напрыклад, сёлета прыйшлі два новыя тэхнолагі. Цяпер яны працуюць пад кіраўніцтвам галоўнага тэхнолага Алены Данілковіч. Сама яна выпускніца Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, на «Чырвоны харчавік» прыйшла пасля размеркавання ў 2020 годзе.

— З прадпрыемствам пазнаёмілася, калі праходзіла пераддыпломную практыку ў Бабруйску, — адзначае яна. — Там жа пачынала працаваць, але пасля запуску лініі мёду ў Слаўгарадзе пераехала ў райцэнтр. Займаемся распрацоўкай новых рэцэптур і ўкараненнем іх на вытворчасці. На сёння ў рабоце 63 рэцэптуры, у далейшым лінейка мармеладу будзе пашырана зыходзячы як з магчымасцяў прадпрыемства, так і попыту на рынку.

Алена родам з Міншчыны, Любанскага раёна, але часта бываць дома не даводзіцца. Работа напружаная, акрамя распрацоўкі рэцэптур яна яшчэ кантралюе тэхналагічныя параметры вытворчасці мармеладу і работу зменных тэхнолагаў.

Працоўны дзень з 8 раніцы да паловы пятай, але не заўсёды атрымліваецца ўкласціся ў гэтыя рамкі. Бывае, што з работы ідзеш, калі стрэлкі на гадзінніку паказваюць восем вечара, прызнаецца галоўны механік Віктар Дзічко. Ён таксама выпускнік Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, на прадпрыемстве з лютага 2018 года. Каля трох гадоў працаваў у Бабруйску, а потым удзельнічаў у запуску «мядовай» лініі ў Слаўгарадзе, пасля чаго тут і застаўся. Хаця, прызнаецца, у зарплаце адчувальна страціў. Для райцэнтра, маўляў, яна высокая, а вось для абласнога цэнтра ўжо не.

— У цэлым нядрэнна, — кажа ён. — Работа цікавая, летась быў на міжнароднай аграпрамысловай выставе ў Маскве, глядзеў тэхналагічнае абсталяванне. Шукалі партнёраў па камплектуючых часцях, нашы дзяўчыны — кампаньёнаў па сыравіне. Добрыя кантакты наладжаны з пастаўшчыкамі тэхналагічнага абсталявання з Омска. Яны да нас прыязджалі, мы ездзілі да іх. Усё гэта дапамагае трымаць форму, не адрывацца ад часу.

Начальніца вытворчай лабараторыі Алеся Шажкова на прадпрыемстве з 2021 года, прыйшла па размеркаванні пасля заканчэння Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій. Пачынала з інжынера па стандартызацыі і сертыфікацыі. На новай пасадзе ўжо год. Летась ездзіла ад прадпрыемства ў Санкт-Пецярбург на курсы павышэння кваліфікацыі. Гэта адзін з плюсаў работы на прадпрыемстве, які дае магчымасць расці і развівацца, лічыць яна.

— У нас працуе цудоўная каманда, — адзначае дырэктар прадпрыемства «Чырвоны харчавік — Слаўгарад» Віктар Пташыц. — Кожны чалавек на сваім месцы, гэта людзі, якім можна давяраць. Работа ў нас напружаная, але цікавая. У хуткім часе плануем выйсці на поўную магутнасць — выраб трох тысяч тон смачнай прадукцыі.

— Плюс у тым, што тут працуе шмат моладзі, — дадае намесніца старшыні Слаўгарадскага райвыканкама Наталля Халімава. — Значыць, вытворчасць будзе развівацца. Сярэднямесячная зарплата тут адна з высокіх у раёне — складае 1350 рублёў. За лістапад — студзень прадпрыемства экспартавала прадукцыі на суму амаль 800 тысяч долараў у Расію, Казахстан, Узбекістан, Таджыкістан, Арменію і Малдову. Прапрацоўваецца магчымасць паставак у Грузію і Кітай. Слаўгарадскі мармелад запатрабаваны.

Не хапае камфорту ці ініцыятыўнасці?

Прадпрыемства забяспечыла ўсіх маладых спецыялістаў арэндным жыллём. Усе мае суразмоўнікі жывуць у адным доме ў новым мікрараёне Маладзёжны. Пад іх вокнамі — дзіцячы садок. І гэта таксама добры стымул для таго, каб затрымацца ў горадзе. Работа цікавая, прадпрыемства перадавое, калектыў сяброўскі, дырэктар малады і да кожнага ставіцца з разуменнем — гэта тыя плюсы, якія цэніць моладзь. Адзінае, чаго ёй не хапае, — умоў для больш разнастайнага адпачынку. У райцэнтры ёсць кінатэатр, але яго рэпертуар маіх суразмоўцаў не задавальняе. Ёсць кавярня ад райспажыўкааперацыі, але яе фармат не маладзёжны. На ўвесь горад з буйных рытэйлераў — адзін «Еўраопт». Ім хочацца больш. Мясцовы Цэнтр культуры не ў стане канкураваць з гарадскімі забаўляльнымі пляцоўкамі. Таму маладыя бацькі ў выхадныя дні возяць сваіх дзяцей у магілёўскія гульнявыя паркі. І пасля сыходу са Слаўгарада перавозчыка, маршруткі якога курсавалі паміж райцэнтрам і Магілёвам ледзь ні кожную гадзіну, засумавалі…

Старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана Язерская лічыць, што палепшыць якасць жыцця ў горадзе можна з дапамогай грамадзянскіх ініцыятыў. Раённыя дэпутаты разам з мясцовай моладдзю падрыхтавалі сумесна дзве ініцыятывы, якія, калі іх падтрымаюць на абласным узроўні, дапамогуць развіць набярэжную ў раёне зоны адпачынку на месцы зліцця Сажа і Проні і зрабіць больш прывабным слаўгарадскі старажытны парк.

Дарэчы, моладзь прадпрыемства паступова ўключаецца і ў актыўнае грамадскае жыццё раёна. Некалькі чалавек ад прадпрыемства ўваходзіць у Моладзевы парламент. Магчыма, калі голас маладых будзе гучаць больш гучна і настойліва, і ў культурным жыцці невялікага раённага цэнтра адбудуцца змены да лепшага.

Аўтар: Нэлi Зігуля
г.Слаўгарад
Звязда, 23 студзеня 2024


 

Кoличество переходов на страницу: 65