Сяргей Мусіенка адзначыў, што Беларусь ніколі не спыняла супрацоўніцтва з Украінай у гандлёва-эканамічнай сферы. Больш таго, беларускі бок, нягледзячы на падпісанне Кіевам эканамічнай часткі пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам, адмовіўся выключыць Украіну з зоны свабоднага гандлю СНД. Пры гэтым тыя меры, якія датычацца ліцэнзавання імпарту кандытарскіх вырабаў і сыравіны для іх вытворчасці з-за межаў адзінай мытнай тэрыторыі Мытнага саюза (з 1 чэрвеня), Беларусь прыняла выключна як удзельнік МС. "З нашага боку гэта быў вымушаны крок, і інакш зрабіць мы не маглі", - падкрэсліў палітолаг.
Ён упэўнены, што ў гэтай сітуацыі дзеянні ўкраінскага боку з'яўляюцца непрадуманымі і з-за іх яна панясе сур'ёзныя фінансавыя страты. "І калі паглядзець на колькасць пазіцый, якія закранаюць спецпошліны, узнікае адчуванне, што такое рашэнне навязана звонку, - сказаў Сяргей Мусіенка. - У існуючай сітуацыі Украіне, наадварот, трэба знаходзіць кампрамісы (з іншымі краінамі. - Заўвага БЕЛТА) і вырашаць эканамічныя пытанні".
Палітолаг таксама лічыць, што Беларусь для Украіны з'яўляецца нітачкай узаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы не толькі ў рамках МС, але і на прасторы Садружнасці ў цэлым. "Не трэба скідаць з рахунку тое, што мы - сталіца СНД і ўзялі на сябе абавязацельства Украіны па старшынстве ў Садружнасці ў 2014 годзе. Мы гатовы працягнуць гэтай краіне руку дапамогі. Любы канфлікт рана ці позна заканчваецца, і нашым краінам трэба шукаць базу для нармальнага ўзаемадзеяння ў далейшым. У першую чаргу, трэба сесці за стол перагавораў і абмеркаваць праблемы, якія ўзніклі ў гандлёва-эканамічных адносінах, прааналізаваць сітуацыю", - упэўнены Сяргей Мусіенка.
Міжведамасная камісія па міжнародным гандлі Украіны прыняла рашэнне аб увядзенні спецпошліны на імпарт шэрага тавараў з Беларусі. У прыватнасці, размова ідзе аб устанаўленні спецыяльнай пошліны ў памеры 55,29 працэнта мытнага кошту тавару на імпарт з Беларусі кандытарскіх вырабаў, малочнай прадукцыі, электрычных лямпаў напальвання, угнаенняў і халадзільнікаў.
Акрамя таго, уводзіцца спецпошліна адносна імпарту беларускіх гумавых шын, соладавага піва, а таксама камплектуючых для халадзільнага абсталявання. Яе памер - 60,05 працэнта мытнага кошту тавару. Спецпошліна будзе прымяняцца з моманту ўступлення ў сілу рашэння камісіі (яно ўступае ў сілу праз 10 дзён з дня апублікавання паведамлення) і будзе дзейнічаць да 31 снежня 2016 года ўключна.
Беларусь як член Мытнага саюза з 1 чэрвеня ўвяла ліцэнзаванне імпарту кандытарскіх вырабаў і сыравіны для іх вытворчасці з-за межаў адзінай мытнай тэрыторыі Мытнага саюза. Гэта часовая мера, якая будзе дзейнічаць да 30 лістапада 2014 года. Таксама з 1 мая і да 31 кастрычніка гэтага года ліцэнзаванню падлягае імпартнае піва.
БЕЛТА, 17 ліпеня 2014
Кoличество переходов на страницу: 821
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |