https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Крамы плануюць адмаўляцца ад непатрэбнага пластыку. А што можам зрабіць мы?


Вы бераце яйкі ў кардонным латку ці ў пластыкавым? А бананы вы кладзяце ў поліэтыленавы пакет? Гэта важна, таму што менш чым за 50 гадоў колькасць адходаў у Беларусі павялічылася ў пяць разоў!

І сёння ад нашага выбару залежыць тое, ці ў чыстай краіне будзем жыць мы і нашы дзеці праз дзесяць і больш гадоў. Але варта прызнаць, што часта ўсё вырашаюць за нас. Напрыклад, касір без патрабавання можа пакласці ў пластыкавы пакет два яблыкі ці добра запакаваныя сыркі, а на просьбу гэтага не рабіць адказаць: «Пакет жа бясплатны!»

Або ў краме ў прынцыпе можа не быць альтэрнатывы, і хочаш ці не, а даводзіцца купляць соль і цукар у пластыку, а не ў паперы.

Рознічныя сеткі, як ніхто іншы, могуць уплываць на тое, якая ўпакоўка будзе вырабляцца ў Беларусі. І, на шчасце, яны пачынаюць гэта рабіць.

«Палова адходаў — гэта пластыкавая ўпакоўка»

Буйная гандлёвая сетка палічыла: кожны дзень адзін гіпермаркет выдае пакупнікам 47 тысяч пластыкавых пакетаў, а ўся сетка — 285 тысяч. За год атрымліваецца 5,2 мільярда пакетаў! Лічба пужае, калі ўлічыць, што пластыкавы пакет раскладаецца больш за сто гадоў.

У 1972 годзе ў Беларусі заставалася каля 4,5 мільёна кубічных метраў камунальных адходаў у год, у 2002-м — ужо 10 мільёнаў, а ў 2018 годзе — да 22 мільёнаў.

— Гэта звязана з тым, што вельмі моцна змяніўся састаў камунальных адходаў. З'явілася больш упакоўкі, у асноўным пластыкавай. Яна горш за ўсё перапрацоўваецца не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце, — адзначыла дырэктар дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Наталля Грынцэвіч.

Паводле інфармацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у нашай краіне ўтвараецца каля 280 тысяч тон пластыкавых адходаў у год, палова з іх — гэта ўпакоўка. Збіраецца і перапрацоўваецца з іх крыху больш за траціну, а рэшта ідзе на палігон.

— Пластык зручны, лёгкі, ён дазваляе павялічыць тэрмін захавання тавараў. І праблема не ў самім матэрыяле, а ў яго аднаразовасці. 40 % усіх пластыкавых вырабаў служыць нам менш за месяц. Мы не выступаем за поўную адмову ад пластыку. Сёння гэта нават немагчыма. Мы за разумнае стаўленне да яго. Бо яшчэ адна вельмі важная праблема — разнастайнасць пластыкавай упакоўкі. Адзін толькі дзясятак яек можа быць запакаваны ў чатыры яе розныя віды. І калі кардон і ПЭТ можна перапрацаваць, то полістырол і ўспенены полістырол пойдуць на звалку, — адзначыла спецыяліст.

«А ці патрэбны мне гэты пакет?»

Рознічныя сеткі могуць выбіраць, у якой упакоўцы прапаноўваць тавар сваім пакупнікам. Напрыклад, ужо згаданы рытэйлер з 1 сакавіка пачне прадаваць яйкі выключна ў той тары, што перапрацоўваецца ў Беларусі. Зменяцца і стандарты работы касіраў — яны пачнуць прапаноўваць альтэрнатыву пластыкавым пакетам.

Аднаразовыя талеркі, трубачкі з пластыку заменяць на папяровыя аналагі без пластыкавага слою. Плануецца, што з 2023 года ў гандлёвай сетцы 50 % тавараў будзе прадавацца ў той упакоўцы, якая перапрацоўваецца, а з 2025-га — ужо 85 %.

— Мы заўважылі, што калі фасовачныя пластыкавыя пакеты былі платныя, іх бралі на 30-35 % менш. Спадзяёмся, на заканадаўчым узроўні такая бясплатная ўпакоўка будзе забаронена ці хоць знімуць патрабаванне аб яе абавязковай наяўнасці. Мы гэта прапануем не дзеля таго, каб зарабіць. Гэтыя грошы гатовы аддаваць на падтрымку экалагічных ініцыятыў. Проста цяпер пакупнікі нічым не абмежаваныя. З аднаго боку, не хапае ведаў, што гэты поліэтылен шкодзіць прыродзе, але з другога — адсутнічае стымул задумацца, а ці патрэбны мне гэты пакет, — адзначыў прадстаўнік гандлёвай сеткі.

Аднак начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання Міхаіл Жыгала адзначыў, што тэма пластыкавых пакетаў — дастаткова дыскусійная. Калі зрабіць іх платнымі, то атрымліваецца, што клопат пра прыроду цалкам кладзецца на плечы спажыўца. А гэта, хутчэй за ўсё, не зусім правільна. Да таго ж нідзе не прапісана, што бясплатныя павінны быць менавіта пластыкавыя пакеты. Атрымліваецца, рытэйлер можа сам выбраць больш экалагічную ўпакоўку. Але тыя ж папяровыя пакеты каштуюць значна больш за пластыкавыя і падыходзяць далёка не для ўсіх тавараў, таму рабіць іх бясплатнымі зусім не ў інтарэсах гандлёвых сетак.

Да таго ж спецыялісты адзначаюць, што экалагічнасць папяровых пакетаў — гэта міф. Той жа пластык мы можам выкарыстоўваць доўгі час, а папера хутчэй ірвецца і можа прамокнуць. Але ключавое тут «доўгі час». Усё ж, на жаль, пластыкавы пакет у большасці сваёй адразу ідзе ў сметніцу. І тут, як падкрэсліў начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вадзім Дзямко, выбар застаецца за спажыўцом.

Урадам Беларусі зацверджаны план мерапрыемстваў, накіраваных на паэтапнае зніжэнне долі палімернай упакоўкі і яе замяшчэнне на экалагічна бяспечную. Амаль усе гандлёвыя сеткі абавязаны прапаноўваць пакупнікам альтэрнатыву пластыкавым пакетам пасля прыняцця пастановы МАРГ № 72 ад 2 верасня 2019 года.

Аднак кожны чалавек павінен памятаць пра асабістую экалагічную адказнасць і самастойна вырашаць, ці сапраўды яму трэба класці бананы ў пакет або нічога з імі не здарыцца і так.

Кацярына Цітова
Звязда, 31 студзеня 2020


 

Кoличество переходов на страницу: 300