https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Вішнёвыя костачкі замест вугалю. Што чакае Польшчу?


Каля 90 працэнтаў жыхароў Польшчы, якія абаграваюць свае дамы вугалем, не маюць яго дастатковых запасаў на надыходзячы ацяпляльны сезон. Такая шакавальная тэндэнцыя вынікае з даных апытання, якое было праведзена польскім Цэнтрам вывучэння грамадскай думкі (CBOS), паведаміла РІА «Навіны».

35 працэнтаў рэспандэнтаў адзначылі, што маюць толькі невялікія запасы вугалю на ацяпляльны сезон, а 40 працэнтаў і ўвогуле заявілі аб іх поўнай адсутнасці. 15 працэнтаў апытаных паведамілі, што падрыхтавалі вялікія запасы, аднак іх усё роўна не хопіць на ўвесь ацяпляльны сезон. І толькі 9 працэнтаў лічаць, што ў іх дастаткова вугалю на ўвесь сезон. Акрамя таго, 79 працэнтаў рэспандэнтаў апасаюцца, што падчас ацяпляльнага сезона сутыкнуцца з праблемамі.

У CBOS растлумачылі, што гэтыя небеспадстаўныя трывогі датычацца як адсутнасці вугалю на рынку, так і вельмі высокіх цэн на яго. Афіцыйная Варшава, якая занятая выкананнем задач сваіх заакіянскіх «куратараў», абмяжоўваецца цьмянымі абяцаннямі і парадамі наконт жорсткай эканоміі. Такая пазіцыя яшчэ больш палохае людзей. Што ж чакае Польшчу?

Жахлівая сітуацыя

Надыходзячая зіма можа аказацца самай суровай для Польшчы за многія дзесяцігоддзі з прычыны нарастаючага энергетычнага крызісу, эканамічныя і сацыяльныя наступствы якога будуць адчувацца яшчэ доўгі час. Аб гэтым заявілі ў Польскай гандлёвай палаце вуглепрадаўцоў (ІGSPW), паведаміў інфармацыйны партал ŚląskiBіznes.pl.

У ІGSPW адзначылі, што Польшча сутыкаецца з вялікай рызыкай недахвату вугалю ўзімку. Паводле ацэнак арганізацыі, да канца бягучага года яго можа не хапіць прыкладна 4-6 мільёнаў тон, з якіх каля 2,5 млн т прыпадае на ацяпляльныя патрэбы. «Нягледзячы на шматлікія заявы аб павелічэнні здабычы вугалю ў Польшчы, яна ўпала», — піша партал, спасылаючыся на даныя Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення краіны.

Акрамя таго, узровень запасаў у адвалах рэзка зменшыўся. Так, у ліпені мінулага года там знаходзілася больш чым 4,9 мільёна тон вугалю, а сёлета на канец ліпеня — каля 1,2 млн т. Паводле звестак ІGSPW, сітуацыя на польскіх вугальных складах цяпер «жахлівая».

Вуглегандлёвыя кампаніі практычна цалкам адрэзаныя ад айчыннай сыравіны, паколькі змянілася мадэль збыту, а імпартны вугаль неймаверна дарагі.

«Прычынай такой сітуацыі з'яўляецца ўведзенае без падрыхтоўкі эмбарга на расійскі вугаль, якое прынесла больш шкоды, чым карысці», — падкрэслілі ў ІGSPW. Таксама ў арганізацыі дадалі, што эмбарга, уплыў якога істотна не адбіўся на Расіі, вельмі моцна ўдарыла па рынку вугалю ў Польшчы, узняўшы цэны на сыравіну да «астранамічных значэнняў» і паставіўшы пад пагрозу закрыцця сотні польскіх прадпрыемстваў.

Нягледзячы на недахоп вугалю, у першым паўгоддзі бягучага года Польшча экспартавала каля мільёна тон гэтай сыравіны і па-ранейшаму працягвае пастаўкі за мяжу, заўважыў экспарт. Прэзідэнт Польскай горнапрамысловай палаты Януш Альшоўскі лічыць, што ўжо ў найбліжэйшы час краіна можа сутыкнуцца з дэфіцытам электраэнергіі, паколькі 70 працэнтаў энергіі ў Польшчы вырабляецца з вугалю.

«Мы дапусцілі памылку, пачаўшы адыходзіць ад вугалю і абмежаваўшы як інвестыцыі ў здабычу, так і вытворчыя магутнасці, перш чым удалося гарантаваць энергетычную бяспеку насельніцтва», — канстатаваў ён. Пры гэтым эксперты папярэджваюць, што недахоп вугалю, які пагражае мільёнам польскіх хатніх гаспадарак, гэта толькі верхавіна айсберга будучага энергетычнага крызісу.

Залатое паліва

У Польшчы на многіх складах скончыўся каменны вугаль, а калі ён і ёсць у наяўнасці, яго кошт перавышае 4 тысячы злотых за тону, паведаміў партал Fakt. Галоўная прычына — увядзенне польскімі ўладамі эмбарга на расійскі вугаль. У выніку адбываецца шалёны рост цэн. Калі ў маі тона вугалю каштавала каля 2 тысяч злотых, то ў чэрвені — ужо 3 тысячы. Партал Fakt згадаў словы афіцыйнага прадстаўніка ўрада Пятра Мюлера ад 8 чэрвеня, які заклікаў грамадзян на фоне росту цэн пачакаць і пачаць закупляцца бліжэй да восені. Ён паабяцаў, што ўрад знізіць кошт паліва.

«Танны вугаль — па 996 злотых за тону — планавалі забяспечыць на заканадаўчым узроўні. Са жніўня любая хатняя гаспадарка, якая мае вугальную печ, магла набыць паліва па такім кошце. На кожную хатнюю гаспадарку меркавалася размеркаваць тры тоны вугалю. Але законапраект лопнуў, як мыльная бурбалка: ураду не ўдалося пераканаць склады прадаваць паліва па такой цане. Цяпер палякі могуць падаваць заявы на субсідыі і пры фінансавай падтрымцы дзяржавы купляць вугаль. Дапамога аднаразовая і складае тры тысячы злотых», — адзначаецца ў артыкуле Fakt.

Як распавяла супрацоўніца паліўнага склада ў Белагардзе (Заходнепаморскае ваяводства) Патрыцыя Даманьская, каб набыць вугаль па такім кошце, трэба спачатку яго знайсці. Склады стаяць пустыя. Там няма запатрабаванага спажыўцамі каменнага вугалю. Пастаўкі з польскіх шахтаў практычна адсутнічаюць. Патрыцыя Даманьская адзначыла: людзі вельмі занепакоеныя тым, што адбываецца. Супрацоўнікі склада кожны дзень адказваюць на дзясяткі тэлефонных званкоў з пытаннямі, ці ёсць тавар у наяўнасці і колькі ён каштуе.

«Цяпер у мяне ёсць «эка-гарошак» па цане 3790 злотых і брыкеты за 3150 злотых. Яшчэ нядаўна такі ж брыкет каштаваў у нас крыху больш за 1,8 тыс. злотых за тону, але ўжо апошняя дастаўка была на тысячу злотых даражэйшая», — заўважыла Патрыцыя Даманьская.

Не толькі ў Заходнепаморскім ваяводстве не хапае вугалю. Яго няма і ў Вроцлаве. Журналісты патэлефанавалі на склады і ўдакладнілі, які тэрмін чакання дастаўкі паліва. Супрацоўнікі складоў у Вроцлаве паведамілі, што атрымліваюць вугаль з затрымкай у паўтара месяца і не могуць сфармаваць чэргі з кліентаў. У Новым Сончы работнік склада заявіў, што тэрміны паставак вугалю невядомыя.

Жудасныя ўмовы

Пры гэтым, як даведаліся журналісты Fakt, ёсць месцы, дзе можна купіць вугаль у розным асартыменце. Але цэны ўражваюць: у Легніцы кошт набліжаецца да 4 тысяч злотых, у Новым Сончы — 4,4 тысячы злотых за тону. Гэта азначае, што дзяржаўнай дапамогі можа не хапіць нават на тону паліва. Пры гэтым для ацяплення дома патрабуецца 3-5 тон вугалю ў сезон.

Журналісты Fakt задаліся пытаннем, што ж цяпер робіць урад, каб дапамагчы сваім грамадзянам. Адказ быў атрыманы ў выступленні міністра клімату і навакольнага асяроддзя Польшчы Ганны Масквы, якая параіла купляць вугаль у растэрміноўку і нагадала: ніхто не абяцаў, што ён будзе бясплатны. У эфіры радыёстанцыі Zet яна распавяла, што лічыць тэмпературу ў 17 градусаў у доме карыснай для здароўя.

Экс-прэм'ер Польшчы, лідар партыі «Грамадзянская платформа» Дональд Туск раскрытыкаваў міністра клімату і навакольнага асяроддзя Ганну Маскву за жудасныя ўмовы жыцця палякаў і энергакрызіс, з-за якога грамадзяне не ведаюць, як перажыць зіму.

Аб гэтым ён напісаў у адной з сацыяльных сетак. «У знаёмага ў кватэры 15 градусаў і халодная вада ў кране. Магчыма, гэта пілотная праграма міністра Масквы на асенне-зімовы сезон», — напісаў Туск.

У сваю чаргу, простыя палякі падтрымалі Туска і падзяліліся сваім досведам. Некаторыя наўпрост заяўляюць, што не будуць ацяпляць сваё жыллё ў асенне-зімовы перыяд. «У мяне дома таксама 15 градусаў. Мая маці не будзе ацяпляць усю зіму, таму што яе палохаюць рахункі. Яна ўжо прыгатавала коўдры, шапкі і пледы», — напісаў grzegorz rusіn.

Другі каментатар з горкай іроніяй паставіўся да таго, што адбываецца. Паводле яго слоў, тыя, хто перажыве халады, змогуць загартаваць свой арганізм. «Тыя, каму ўдасца выжыць, могуць смела рыхтавацца да ўдзелу ў спаборніцтвах па зімовым плаванні ў 2024 годзе. Крыякамера перастане быць нечым асаблівым, а ахаладжэнне цела да тэмпературы, блізкай да 25 градусаў па Цэльсію, неабавязкова пацягне за сабой смерць», — напісаў Zbyszek.

Яшчэ адзін каментатар указаў на відавочную хлусню міністра Масквы, якая сцвярджае, што грамадзяне змогуць прывыкнуць да такіх умоў. «Міністр Масква пахвалілася, што ў яе дома 17 градусаў і да гэтага можна прывыкнуць. Я ніколі ў гэта не паверу. Няўжо яны думаюць, што ў Польшчы жывуць наіўныя людзі?» — абураны Jarek.

Гронкі гневу

Жыхары Польшчы могуць выкарыстоўваць для ацяплення дамоў гэтай зімой усё, акрамя шын, заўважыў старшыня польскай кіруючай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі падчас сустрэчы ў Новым Тарге, паведаміў Onet.pl.

Міністр дзяржаўных актываў Яцэк Сасін, каментуючы гэтую заяву, адзначыў, што ніхто не заклікае паліць у печы смеццем, нягледзячы на беспрэцэдэнтны энергетычны крызіс. Fakt піша, што дамы можна ацяпляць, напрыклад, вішнёвымі костачкамі ці пшаніцай.

«Калі вугаль жахліва дарагі, вішнёвыя костачкі можна выкарыстоўваць у якасці альтэрнатыўнай крыніцы энергіі. Хоць іх цеплатворная здольнасць (колькасць цяпла, што выдзяляецца пры згаранні) ніжэйшая, чым у каменнага вугалю, яна вышэйшая, чым у драўніны», — паведаміў выданню спецыяліст па ўстаноўцы і рэканструкцыі печаў Томаш Хмялеўскі.

Таксама для ацяплення падыходзяць розныя віды травы (авёс, пшаніца), а яшчэ зерне кукурузы пры ўмове, што яны будуць досыць сухімі і прыдатнымі для аўтаматычнай падачы. Аднак збожжа, на думку Хмялеўскага, не варта выкарыстоўваць для ацяплення з этычных меркаванняў.

«Пшаніцу таксама можна паліць, але тут узнікае дылема. Гэта ж ежа. У свеце крызіс, многія галадаюць, ці этычнае такое спальванне? Я думаю, што лепш за ўсё выбраць пшаніцу, пашкоджаную нейкімі хваробамі, з якой і так не атрымалася б хлеба ці іншых прадуктаў», — падкрэслівае эксперт.

У выпадку выкарыстання збожавых найлепшы вынік у плане ацяплення дае авёс. «Ён лёгка згарае, і ад яго застаецца мала попелу — тое, што засталося, можна выкарыстоўваць у якасці ўгнаення», — раіць спецыяліст. Сёння тона пшаніцы каштуе ў Польшчы каля 1,5 тысячы злотых, аўса — 1,1 тыс.

Перспектывы змрочныя. Варшаўскі індэкс WІG20 у жніўні ўпаў на 11 працэнтаў, што з'яўляецца найвышэйшым паніжэннем сярод 92 асноўных сусветных фондавых індыкатараў, якія адсочваюцца Bloomberg. У цэлым сёлета польскія акцыі ўпалі ўжо на 32 працэнты. Цяпер яны таргуюцца з самай нізкай ацэнкай у адносінах да аналагаў за ўсю гісторыю. Абвал узмацніўся з-за падзення акцый камунальных прадпрыемстваў — найбуйнейшая ў краіне электраэнергетычная кампанія PGE SA патаннела амаль на траціну. Нявызначанасць у дачыненні да таго, як дзяржава будзе імкнуцца зменшыць уплыў росту цэн на хатнія гаспадаркі і ключавыя кампаніі, таксама адпужвае інвестараў ад польскага рынку акцый.

Тым часам улады аддаюць перавагу тушыць пажар бензінам. Стала вядома, што Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы за два дні падпісала кантракты на набыццё ўзбраення амаль на 7 мільярдаў злотых (амаль 1,5 мільярда долараў). Пра гэта паведаміла агенцтва РАР.

У адным з нядаўніх сацыялагічных даследаванняў вывучалася стаўленне палякаў да прыманых урадам мер па абмежаванні росту цэн на электраэнергію і ацяпленне. Не дзіўна, што большасць людзей (60 працэнтаў рэспандэнтаў) заявіла аб сваім негатыўным стаўленні да бяздзейнасці ўладаў у дадзенай сферы. Афіцыйная Варшава занятая палітычнымі гульнямі і не звяртае ўвагі на простых людзей. Між тым, палякі ўжо даведзеныя да адчаю — нарастае пратэсная хваля. І халады ў такой сітуацыі з'яўляюцца трыгерам развіцця падзей.

Даслоўна

«Беларусы вызвалялі Польшчу, а чым яна адказвае — фэйкамі Белсата, байполамі і байсоламі?»

Памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны, якія захавалі польскую нацыю і дзяржаўнасць, сёння там проста сціраюць з гісторыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на патрыятычным форуме «Гэта НАША гісторыя!», прысвечаным Дню народнага адзінства.

«Беларусы ў саюзе з іншымі савецкімі народамі не толькі перамаглі, але і, адкінуўшы ранейшыя крыўды, у 1945-м вызвалілі Польшчу ад фашызму. Звыш 600 тысяч савецкіх воінаў (сярод іх нямала беларусаў) назаўсёды засталося ляжаць у польскай зямлі. І хто там, па той бок Буга, сёння аб гэтым успамінае? Чым нам сёння адказваюць? Карткамі паляка, фэйкамі Белсата, праграмамі Каліноўскага, палітэмігранцкімі цэнтрамі, байполамі, байсоламі і іншымі ідэалагічнымі дыверсіямі. Дадайце да таго, што на тэрыторыі гэтых дзяржаў, і асабліва ва Украіне (знайшлі зручнае месца), сёння фармуюцца сілавыя падраздзяленні для звяржэння ўлады ў Беларусі і вяртання нас як мінімум да таго 1939 года. Памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны, якія захавалі польскую нацыю і дзяржаўнасць, якія выратавалі Прыбалтыку і цывілізаваную Еўропу ад карычневай чумы, сёння там проста сціраюць з гісторыі ўнукі і праўнукі тых салдат Вермахта і германскіх сатэлітаў. Вы паглядзіце на цяперашніх палітыкаў Еўропы і нашых суседзяў: тата і дзядуля служылі ў фашысцкіх войсках. Вось яны сёння рвуцца сюды: ім патрэбны рэванш», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аўтар: Пётр Дунько
Звязда, 29 верасня 2022


 

Кoличество переходов на страницу: 193