_________
— Літва стала старшынстваваць у АБСЕ, офіс якой у Мінску плануецца сёлета закрыць. Наколькі гэта хваравіта для Літоўскай Рэспублікі, на Ваш погляд?
— Пытанне гэтае мае не столькі практычнае, колькі сімвалічнае значэнне. Хваравіта на самым пачатку старшынства атрымаць такі “падарунак” у выглядзе непрыязнага кроку з боку суседняй дзяржавы, з якой Літва, як амаль ніхто іншы ў ЕС, спрабуе завязаць, наколькі гэта магчыма, добрасуседскія адносіны. Таму не дзіўна, што міністр замежных спраў А.Ажубаліс нават заявіў, што пытанне адносін з афіцыйным Мінскам — асноўны выклік, які атрымала Літва ў якасці старшыні названай арганізацыі. З іншага боку, вялікага практычнага значэння, асабліва для літоўскай дзяржавы, офіс АБСЕ ў Мінску не мае. Але вядома, што, выступаючы ў ролі старшыні, Вільня будзе прыкладаць усе намаганні для таго, каб місія была адноўлена — магчыма, са змененым мандатам.
— Яшчэ зусім нядаўна вельмі многія ў Літве віталі візіт Д.Грыбаўскайце ў Беларусь напярэдадні выбараў. Гаварылі, што такім чынам наша краіна інтэгруецца ў еўрапейскую супольнасць. З пазіцыі сённяшняга дня гэта была памылка ці ўсё ж такі не?
— Шмат хто ў Літве сцвярджае, што гэта была памылка, асабліва праціўнікі прэзідэнта і яе палітыкі. Сама ж Даля Грыбаўскайце па-ранейшаму пераканана ў тым, што яна мела рацыю. Вядома, ніхто не чакаў ад беларускага кіраўніцтва такога адкату: пайшоўшы на жорсткі разгон дэманстрацыі і наступ на асноўныя правы і свабоды грамадзян, рэжым у першую чаргу падстаўляе сваіх “сяброў” і “адвакатаў” у Еўропе. Аднак, мяркуючы па цяперашняй пазіцыі літоўскага кіраўніцтва, адносіны з Беларуссю для Літвы надта важныя, каб павярнуцца да афіцыйнага Мінска спінай. Да таго ж шматгадовая ізаляцыя Беларусі нічога не дала. Мяркуючы па ўсім, Літва будзе і надалей спрабаваць балансаваць паміж еўрапейскай палітыкай, якая будзе станавіцца больш жорсткай, і сваімі інтарэсамі, бо ўсё ж Беларусь — найбліжэйшы сусед. У гэтым святле візіт напярэдадні выбараў выглядае як слушны крок, бо тады быў спрыяльны час для наладжвання кантактаў. Цяпер, пасля выбараў, візіт выглядаў бы проста непрыстойна, таму нядзіўна, што сп. Даля паспяшалася з’ездзіць у Мінск менавіта да выбараў, у перыяд “адлігі”.
— Тым не менш былы прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус выказаўся вельмі рэзка наконт мадэлі адносін з Беларуссю, якую выбудоўвае Даля Грыбаўскайце: “Мы выхваляліся, што адкрылі ў Беларусі ледзь не залатыя капальні новых адносін, але праз некалькі тыдняў на змену абяцанаму золату прыйшлі гумавыя дубінкі, якія разбілі ілюзіі. Заходнія краіны анямелі, а мы проста сталі пасмешышчам”. Вы падзяляеце такую эмацыянальную ацэнку?
— Такія дыскусіі — нармальная з’ява ў дэмакратычнай краіне. Кожны бароніць сваю лінію паводзін. На мой погляд, і ў палітыцы Адамкуса, і ў палітыцы Грыбаўскайце былі (ёсць) мінусы, бо ні тая, ні другая не дала выразнага плёну. Аднак я не згодзен, што Літва стала пасмешышчам. Паспрабаваць прыняць нейкія крокі і не дабіцца поспеху — у палітыцы гэта нармальна, але гэта лепш, чым нічога не рабіць. Увогуле мне прыемна, што на прэзідэнцкім узроўні ламаюцца коп’і аб палітыку ў адносінах да Беларусі. Галоўнае, каб Літва не страчвала цікавасці да суседкі, не адварочвалася. Бо Беларусь — гэта не толькі Лукашэнка, але і мільёны людзей, і ад абыякавасці да краіны церпяць у першую чаргу яны.
— Наколькі мне вядома, Вы самі беларус. Напэўна, у Вас ёсць у нашай краіне сваякі, знаёмыя, сябры. Што яны гавораць аб выніках нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў?
— Па кантактах унутры Беларусі я бачу, які страшны раскол адбыўся ў беларускім грамадстве. Нават у навагоднім звароце прэзідэнт быў вымушаны асобна звяртацца да сваіх прыхільнікаў і апанентаў — такога я яшчэ не чуў. Замест кансалідацыі краіны, што ўжо намячалася, улады ўласнымі рукамі пайшлі на далейшы грубы падзел. Пры гэтым большасць людзей, якіх я ведаю ў Беларусі, пасля выбараў перажываюць пачуццё фрустрацыі, сораму, дэпрэсіі, расчаравання ў сваёй краіне, у справядлівасці, праўдзе, шмат хто з іх хоча з’ехаць з Беларусі. Іх бянтэжаць нават не вынікі выбараў, а тое, што сапраўдных вынікаў ніхто не ведае, плюс жорсткія паводзіны ўлад супраць уласнага народа. Навокал яны бачаць хлусню, страх, прыстасаванства — на дзяржканалах, па месцы працы, усюды ў грамадскай прасторы. Прыкра слухаць іх аповеды аб жыцці ў цяперашняй “квітнеючай” Беларусі.
— І, канечне, цікавая рэакцыя як літоўскай эліты, так і простага літоўскага абывацеля на гэтыя выбары. Да таго ж Вы, наколькі вядома, узначальваеце шэраг беларускіх арганізацый у Літве. Што яны думаюць наконт падзей 19 снежня на плошчы Незалежнасці ў Мінску?
— Людзі ў большасці са спачуваннем ставяцца да збітых і прыгнечаных. Шмат хто ў гэтых падзеях пазнае дні, калі літоўцы на вуліцы баранілі сваю незалежнасць, калі былі параненыя, забітыя. Таму да беларускіх падзей яны ставяцца з салідарнасцю. Ізноў жа я заўсёды кажу, што беларуская сацыяльна-эканамічная мадэль шмат кім у Літве ўспрымаецца прыязна. Лукашэнку многія сімпатызуюць як добраму гаспадару, і ў яго ёсць чаму павучыцца. Аднак яго палітычная нецярпімасць, дзікае, проста нецывілізаванае стаўленне да палітычнай альтэрнатывы адпалохвае шмат каго, нават тых, хто сімпатызуе ягонай сацыяльна-эканамічнай мадэлі. Пры гэтым літоўцы прагматычныя, прыземленыя людзі. Яны не вераць, што ў Беларусі сёння магчыма іншая сістэма. Да таго ж ім і ў галаву не прыходзіць, што выбары можна проста нахабна фальсіфікаваць, таму іх вынікам збольшага давяраюць.
Гэта на ўзроўні простых людзей. У істэблішменце, як заўсёды, думкі розныя. Правыя сілы ў парламенце, якія цяпер ва ўладзе, вагаюцца паміж прагматычнымі адносінамі і жаданнем дагадзіць свайму выбаршчыку, які пераважна настроены супраць Расіі, Лукашэнкі і ўсяго савецкага. Левыя сілы і прэзідэнт выступаюць супраць рэзкіх рухаў, за больш спакойную палітыку без гучных заяў — гэта больш адпавядае настроям іх электарату. Але ўвогуле адсутнасць прагрэсу ў Беларусі расчароўвае Літву. Гэта прымушае прыхільнікаў дыялога апраўдвацца, а “барацьбітам за дэмакратыю” таксама цяжка патлумачыць, чаму шматгадовыя спробы нешта змяніць на беларускім фронце нічога не даюць.
— Зараз Германія, Швецыя і Польшча вельмі сур’ёзна гавораць пра магчымыя жорсткія санкцыі ў адносінах да кіраўніцтва Беларусі. Літва вытрымлівае паўзу. А Ажубаліс гаворыць, што трэба дачакацца сумеснага рашэння краін ЕС. У нас некаторыя палітолагі і эканамісты звязваюць такую пазіцыю чакання з сур’ёзнымі эканамічнымі інтарэсамі літоўскіх бізнесменаў у Беларусі. Прыгадаць хаця б “сацыялістычнае спаборніцтва” паміж балтыйскімі краінамі за права займацца перавалкай венесуэльскай нафты. А што Вы думаеце па гэтым пытанні?
— Так, прагматычны інтарэс Літвы тут відавочны. Бізнес усё ж такі часцей за ўсё кіруецца логікай “грошы не пахнуць”, а эканамічныя сувязі з Беларуссю для Літвы нашмат больш важныя чым, скажам, для Швецыі або Польшчы. Але ёсць і палітычныя прычыны: Літва не можа на 180 градусаў змяніць сваю ранейшую палітычную лінію і вымушана па інерцыі даводзіць, што з Лукашэнкам трэба дамаўляцца, хоць цяпер гэта гучыць далёка не так пераканаўча. Вільня не хоча сварыцца з Лукашэнкам, нават нягледзячы на тое, што ён сваімі дзеяннямі яўна “плюе” на адносіны з заходнімі суседзямі.
— Польшча ўвяла бясплатныя візы для шараговых беларусаў. Як на Вашу думку, Літва адважыцца на такі крок?
— У Літвы для гэтага няма адпаведнага закона, таму так хутка, як у палякаў, гэта не зробіцца. Хоць, на мой погляд, гэта ці не адзіны рэальны спосаб паўплываць на адносіны паміж краінамі, праявіць добрую волю ў дачыненні да грамадзян Беларусі, а не толькі заляцацца да ўлад.
Вельмі спадзяюся, што ў Літвы і ЕС хопіць разумення, што ісці да бязвізавага рэжыму з Беларуссю трэба ў любым выпадку, незалежна ад адносін з афіцыйным Мінскам. Гэта залежыць і ад таго, наколькі актыўна да гэтага будуць імкнуцца і самі беларусы. Падтрымаць ідэю бязвізавага руху можна, у прыватнасці, тут.
— Ваш прагноз наконт двухбаковых адносін Беларусі і Літвы ў найбліжэйшай і сярэднетэрміновай перспектыве?
— Тут мяч на баку Беларусі. Больш прыязнай палітыкі, чым цяпер, ад Літвы афіцыйны Мінск чакаць не можа. А вось прагназаваць паводзіны спадара Лукашэнкі, як усім вядома, справа вельмі няўдзячная. Усё ж такі з улікам таго, што прэзідэнты абодвух краін надзейна трымаюцца за ўладу (Грыбаўскайце вельмі папулярны прэзідэнт, і нішто не сведчыць аб тым, што яна можа прайграць выбары ў 2014 годзе, а Лукашэнка таксама ўладу аддаваць “не збіраецца”), можна меркаваць, што адносіны будуць нядрэннымі. На фоне магчымых санкцый ЕС Літва будзе і далей спрабаваць пазіцыянаваць сябе як пасрэднік або нават адвакат Лукашэнкі. Застаецца спадзявацца, што беларускае грамадства зможа хаця б неяк скарыстацца гэтымі адносна добрымі стасункамі — я кажу пра візавыя палёгкі, сумесныя праграмы, развіццё эканамічных сувязей.
—Вы, напэўна, неаднаразова мелі зносіны з прадстаўнікамі як беларускіх дзяржаўных, так і недзяржаўных структур. На каго і на што, на Вашу думку, цяпер будуць рабіць стаўку літоўскія ўлады?
— Пакуль Літва робіць стаўку на Лукашэнку, а ў доўгачасовай перспектыве — на сталенне беларускага грамадства і яго ператварэнне ў больш-менш адэкватную для еўрапейскага кантэксту грамаду. Аднак мінулі часы, калі людзі на Захадзе верылі, што ў Беларусь можна адным махам “экспартаваць” дэмакратыю.
—І апошняе пытанне. Калі ўсё ж такі ЕС адважыцца на жорсткія санкцыі і палітыку ізаляцыі Беларусі, ці выйграюць ад гэта Літва і сам Еўрапейскі Саюз?
— Мы маем сітуацыю, калі прайгралі ўсе. На жаль, так у нас, ва Усходняй Еўропе, здараецца часта. Ад санкцый ніхто не выйграе, аднак санкцыі, хаця б сімвалічныя, непазбежныя, бо Еўрасаюз не можа дазволіць сабе цалкам страціць твар. Ён адчувае сябе ашуканым і хоча пакараць Лукашэнку. Магчыма, шмат каму здаецца, што ад санкцый выйграе Расія. Сапраўды так, у кароткачасовай перспектыве яна набывае новыя рычагі ўплыву на Беларусь, увогуле, толькі Крамлю апошнія падзеі ў Беларусі нясуць карысць. Аднак у доўгачасовай перспектыве прайграе і ён. Па-першае, усе пабачылі, што Масква, як і Захад, не мае рэальнага ўплыву на Лукашэнку і не можа пахіснуць яго пазіцыі, і гэта шкодзіць аўтарытэту Расіі. Па-другое, тыя людзі, якія верылі, што расіяне могуць стаць фактарам дэмакратычных змен і што яны шчыра жадаюць дабра беларускаму народу, расплюшчылі вочы і пабачылі сапраўдны, глыбока цынічны твар сённяшняй Расіі. Далейшая “братэрская інтэграцыя” з такой, на жаль, ізаляванай і малапрывабнай краінай, як сённяшняя Беларусь, — вельмі сумніўны выйгрыш для ўсходняй суседкі.
***
даведка “ТіЦ”
Вадзім Вілейта — літоўска-беларускі журналіст, палітолаг, перакладчык. Заснавальнік і сябра Управы літоўскай грамадскай арганізацыі Belarus Watch, якая ставіць сваёй мэтай найперш развіццё літоўска-беларускіх сувязей, прасоўванне ідэі вольнай Беларусі ў вольнай Еўропе. Родам з Гродна, прыжывае ў Літве з 1998 года, выпускнік Інстытута міжнародных адносін і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта.
Віктар Аляшкевич
ТУТ І ЦЯПЕР, 6 января 2011
Кoличество переходов на страницу: 1367
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |