Як было адзначана Нурсултанам Назарбаевым, папярэднія 15 гадоў краіна развівалася ў кірунку Стратэгіі развіцця Казахстана да 2030 года, але час змяніўся, і, каб яму адпавядаць, краіне патрэбна новая стратэгія. Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што шэраг палажэнняў былой стратэгіі ўдалося выканаць датэрмінова. Ён таксама прывёў шэраг уражальных прыкладаў таго, чаго ўдалося дабіцца за папярэднія 15 гадоў.
Краіне ўдалося дабіцца вырашэння ўсіх патэнцыяльных тэрытарыяльных праблем з суседзямі, дэлімітаваўшы ўсе 14 тысяч кіламетраў дзяржаўнай мяжы. Унутрыпалітычную стабільнасць і нацыянальнае адзінства, адзначыў Прэзідэнт, удалося ўмацаваць на аснове шматпартыйнасці і развіцця грамадзянскай супольнасці. У прыватнасці, ім былі названы наступныя лічбы: "Працуе звыш 18 тысяч НВА самай рознай накіраванасці. Выходзіць каля 2,5 тысячы СМІ, каля 90% з іх — прыватныя".
У галіне эканамічнага развіцця Прэзідэнт адзначыў наступныя дасягненні: за 15 гадоў аб'ём нацыянальнай эканомікі ўзрос з 1,7 трыльёна тэнге ў 1997 годзе да 28 трыльёнаў тэнге ў 2011-м; ВУП на душу насельніцтва ўзрос больш чым у 7 разоў; дабіліся росту знешняга гандлю ў 12 разоў, а аб'ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі — у 20 разоў, здабыча нафты павялічылася ў 3 разы, прыроднага газу — у 5 разоў.
У сацыяльнай сферы за названы перыяд таксама ўдалося дабіцца многага. Як сказаў Нурсултан Назарбаеў: "З 1997 года па ўсёй рэспубліцы пабудавана 942 школы, а таксама 758 бальніц і іншых аб'ектаў аховы здароўя". Таксама ён адзначыў, што колькасць насельніцтва павялічылася з 14 амаль да 17 мільёнаў чалавек, а працягласць жыцця ўзрасла да 70 гадоў. Сур'ёзныя поспехі відавочныя і ў развіцці інфраструктуры. Паводле слоў Прэзідэнта, "пабудавана і рэканструявана больш за 48 тысяч кіламетраў дарог агульнага карыстання, а таксама 1100 кіламетраў чыгункі".
З улікам новых глабальных выклікаў, стратэгія Казахстана да 2050 года змяшчае і новыя адказы на іх. Паводле слоў Нурсултана Назарбаева, "галоўная мэта — да 2050 года ўвайсці ў лік 30-ці самых развітых дзяржаў свету". У якасці эканамічнай палітыкі новага курсу прыняты ўсёабдымны эканамічны прагматызм на прынцыпах прыбытковасці, вяртання ад інвестыцый і канкурэнтаздольнасці. Прэзідэнт чакае, што ўсе без выключэння эканамічныя і кіраўніцкія рашэнні будуць прымацца з пункту гледжання эканамічнай мэтазгоднасці і доўгатэрміновых інтарэсаў, будзе весціся пошук новых рынкавых ніш, дзе Казахстан зможа ўдзельнічаць у якасці бізнэс-партнёра, узяты арыенцір на стварэнне спрыяльнага інвестыцыйнага клімату з мэтай нарошчвання эканамічнага патэнцыялу, створаны эфектыўны прыватны сектар эканомікі і развіта дзяржаўна-прыватнае партнёрства.
У галіне кадравай палітыкі будзе ўведзена новая практыка — прыцягненне знешняга кадравага рэсурсу праз праграмы аўтсорсінгу, што дазволіць адначасова правесці і перанавучанне айчынных кадраў. У галіне бюджэтнай палітыкі арыенцірам з'яўляецца скарачэнне дэфіцыту да максімальна магчымага мінімуму і факусіроўка на прадукцыйных з пункту гледжання доўгатэрміновай перспектывы агульнанацыянальных праектах. У сферы падатковай палітыкі будзе працягнута палітыка лібералізацыі падатковага і сістэматызацыі мытнага адміністравання, праводзіцца работа па спрашчэнні і мінімізацыі падатковай справаздачнасці, будзе ўзяты ўхіл на сацыяльную накіраванасць.
Адным з ключавых фактараў поспеху стане канцэнтрацыя на інфраструктуры. Пры дапамозе спецыяльнай праграмы "Глабальная інфраструктурная інтэграцыя" Казахстан плануе стварыць сумесныя прадпрыемствы па ўсім свеце, якія будуць кіраваць вытворчымі транспартна-лагістычнымі аб'ектамі. Амбіцыйныя задачы ставяцца па развіцці транзітнага патэнцыялу — да 2050 года транзітныя перавозкі праз Казахстан павінны павялічыцца ў дзесяць разоў. Ключавой задачай з'яўляецца прасоўванне казахстанскага экспарту толькі на тыя рынкі, дзе будзе доўгатэрміновы попыт на прадукцыю краіны.
Цікавай асабіста для мяне стала аб'яўленая задача па мадэрнізацыі сістэмы кіравання дзяржаўнымі актывамі з выкарыстаннем карпаратыўнага вопыту. У 2009 годзе я прапаноўваў канцэпцыю развіцця Беларусі на аснове падобнай аналогіі, ведучы размову пра "ТНК Беларусь" — адну з першых у свеце дзяржаўна-транснацыянальных карпарацый, якія выкарыстоўваюць зладжанасць і кіраванасць усіх працэсаў у краіне для канкурэнцыі з іншымі краінамі і транснацыянальнымі карпарацыямі. Як адзначыў у час выступлення Нурсултан Назарбаеў, "Казахстан — невялікая, у сусветных маштабах, эканоміка. І трэба ёю кіраваць вельмі эфектыўна. Краіна павінна працаваць як адзіная карпарацыя, а дзяржава павінна быць яе ядром. Сіла карпаратыўнага мыслення заключаецца ў тым, што ўсе працэсы разглядаюцца як адзінае цэлае. Дзяржаўныя кіраўнікі ўсіх узроўняў павінны навучыцца такому бізнэс-мысленню".
Улічваючы, што папярэднія рэформы ў Казахстане даказалі сваю эфектыўнасць, а таксама тое, што для ажыццяўлення запланаваных пераўтварэнняў краіна мае вялізныя прыродныя рэсурсы, верагоднасць паспяховай рэалізацыі новай стратэгіі дастаткова высокая. Тым больш што рэалізоўвацца яна будзе і ў новым Еўразійскім эканамічным саюзе, які, як пацвердзіў Прэзідэнт Казахстана, з'яўляецца бліжэйшай мэтай.
Сяргей Кізіма,
загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук.
Звязда, 18 снежня 2012
Кoличество переходов на страницу: 1040
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |