https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Далей — горш. Чаму жыхары Літвы ў адчаі?


Абсалютная большасць жыхароў Літвы (79 працэнтаў) мяркуе, што жыццё ў прыбалтыйскай краіне прыкметна пагаршаецца. Такія вынікі маніторынгу грамадскай думкі днямі агучыла кампанія Baltіjos tyrіmaі («Балтыйскія даследаванні»). Сярод песімістаў — жыхары ва ўзросце «40 плюс» з сярэднім дастаткам, абцяжараныя крэдытамі, у асноўным наёмныя работнікі і дробныя фермеры. Па нацыянальным складзе дамінуюць прадстаўнікі меншасцяў, найперш палякі і рускія. Гэты факт ускосна сведчыць аб тым, што кіруючыя Літвой кансерватары імкнуцца запоўніць сацыяльныя ліфты прадстаўнікамі тытульнай нацыі, а да прадстаўнікоў нацменшасцяў адносяцца па рэшткавым прынцыпе, адзначыў eadaіly.com. Пераважную большасць аптымістаў складаюць дзяржслужачыя з вышэйшай адукацыяй, вялікімі і вельмі вялікімі месячнымі даходамі ва ўзроставым калідоры 18-40 гадоў. Статыстыкі адзначаюць — гэтая катэгорыя імкнецца да правакансерватыўных палітычных сіл, якія якраз цяпер ва ўладзе ў прыбалтыйскай краіне.

У пастцы інфляцыі

Цанавы шок тарыфаў на энерганосьбіты аказаў большы ўплыў на кошт прадуктаў харчавання ў Літве, чым у сярэднім па еўразоне. Пры гэтым усе ўдзельнікі рынку здолелі больш лёгка перакласці павышаныя выдаткі на канчатковага спажыўца, адзначыў Банк Літвы (Цэнтрабанк), паведаміў obzor.lt. «Інфляцыя цэн на прадукты харчавання дасягнула вельмі высокага ўзроўню, і з верасня яна стала асноўным складнікам агульнай інфляцыі», — падкрэсліў дырэктар эканамічнага дэпартамента Банка Літвы Аўрэліус Дабушынскас. Паводле яго слоў, рост цэн на хлеб і крупы, малако і прадукты з яго быў найбольш паскораны інфляцыяй — іх падаражанне летась у снежні, у параўнанні з тым жа перыядам гадавой даўнасці, склала прыкладна 40-50 працэнтаў.

Людзі вымушаныя былі «зацягваць паясы» — палова жыхароў Літвы летась кардынальна змяніла прывычны ўклад жыцця. Гэта паказалі вынікі апытання, праведзенага кампаніяй Spіnter tyrіmaі па заказе банка Lumіnor, паведаміў madeіnvіlnіus.lt. Каб камунальныя рахункі зменшыліся, людзі пачалі выкарыстоўваць менш электрычнасці і сачыць за сваімі звычкамі. Такім чынам паступілі перш за ўсё жыхары, старэйшыя за 56 гадоў. Але не толькі. Каб зменшыць рахункі за электрычнасць, частка жыхароў краіны (16 працэнтаў апытаных) укараніла спецыяльныя рашэнні для эканоміі электрычнасці, прычым амаль 40 працэнтаў жыхароў гэтай групы — людзі з даходамі, вышэйшымі за сярэднія. Частка ўдзельнікаў апытання таксама эканоміла ацяпленне.

«Малочныя войны»

У адчаі і вытворцы. Літоўскія фермеры распачалі «малочную вайну» супраць аптовых нарыхтоўшчыкаў, паведаміў obzor.lt. Кіраўнік міністэрства сельскай гаспадаркі Кястуціс Навіцкас пераконвае іх у тым, што «правілы дыктуе рынак», чыноўнік у першую чаргу схільны падтрымліваць буйных вытворцаў малака і малочных вырабаў. У выніку вяскоўцы выліваюць на зямлю дзясяткі тон свежага неразведзенага малака ў знак пратэсту супраць цанавой палітыкі Мінсельгаса.

Каля буйных малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў і некаторых вялікіх магазінаў фермеры ўстанаўлівалі крыжы. «Закупачныя цэны знізіліся настолькі, што не пакрываюць сабекошт вытворчасці малака, які складае 35 еўрацэнтаў за літр, а скупляецца малако за 27 еўрацэнтаў, у той час як летась малако куплялі ў нас за 47 еўрацэнтаў», — заявіў адзін з ініцыятараў акцыі, фермер з Мажэйкаўскага раёна Паўлюс Ванагас. У гандлёвых цэнтрах краіны літр малака каштуе каля 1,7 еўра. «Розніцу ў сваю кішэнь кладуць перапрацоўшчыкі і гандаль», — адзначыў Паўлюс Ванагас. Фермеры патрабуюць справядлівых закупачных цэн па формуле «1 літр малака — 1 літр бензіну».

Дарэчы, аналагічныя акцыі пракаціліся па некалькіх раёнах суседняй Латвіі. Там фермеры бясплатна раздалі пяць тон малака і паўтары тоны свежых сыроў. Як вядома, малочная жывёлагадоўля ў Літве і Латвіі проста памірае на вачах. Так, за апошнія дзесяць гадоў літоўскія жывёлаводы пазбавіліся 60 працэнтаў пагалоўя малочных кароў. Дойны статак альбо пускаюць пад нож, альбо прадаюць у Польшчу.

Прадпрымальнікаў з прыбалтыйскіх краін больш за ўсё непакоіць магчымасць геапалітычных канфліктаў, інфляцыя і энергетычны крызіс, паведамілі агенцтву ЛЕТА прадстаўнікі PrіcewaterhouseCoopers (PwC) са спасылкай на дадзеныя апошняга апытання кіраўнікоў прадпрыемстваў. У кампаніі адзначаюць, што геапалітычныя рызыкі і нестабільнасць прымушаюць топ-менеджараў быць значна больш песімістычнымі, чым год таму, у адносінах да эканамічнага развіцця ў свеце і Прыбалтыйскім рэгіёне. Пры гэтым падчас апытання больш за палову кіраўнікоў літоўскіх кампаній (55 працэнтаў) прагназуе, што сусветную эканоміку чакае рэцэсія. Адносна развіцця эканомік сваіх краін прагнозы таксама падобныя — 40 працэнтаў кіраўнікоў у Літве прагназуюць сёлета заўважны спад эканомікі.

«Трэба неяк выжываць»

Крокі ўладаў неадэкватныя агульнай сітуацыі. Так, у Літве абвясцілі аб павышэнні пенсій і сацыяльных дапамог. «Пенсіі паслядоўна растуць. Растуць памеры сацыяльных дапамог. Гэта значыць, растуць і выплаты маламаёмным жыхарам: пажылым, якія сутыкаюцца з галечай, людзям-інвалідам», — сказала кіраўнік Міністэрства сацыяльнай абароны і працы Літвы Моніка Навіцкенэ. Толькі пенсіянераў такія навіны не надта радуюць. Па іх словах, дастаткова раз схадзіць у краму, і грошай проста не застаецца, піша Vakaru ekspresas. На пытанне, ці атрымала яна павышаную пенсію, старшыня клайпедскага клуба пенсіянераў Bangele Юлія Мантвідайцэ-Самуйленэ толькі горка пасміхнулася. «Мы гэтага не адчулі. Ні я, ні іншыя мае аднагодкі, з якімі я гаварыла. А як адчуць, калі раз сходзіш у краму — і гэтай надбаўкі ўжо няма. Вяртаешся і думаеш, як пражыць месяц. А яшчэ і падаражанне камунальных паслуг. Тут не толькі пенсіянеры, але і маладыя сем'і не выжываюць. Як ім вытрымаць, калі працуе адзін чалавек, а ў сям'і двое дзяцей? Усім дрэнна, але што рабіць. Ці можам мы нешта змяніць? Бо ўладу не звернем», — з горыччу заўважыла Юлія Мантвідайцэ-Самуйленэ, стаж у якой складае 32 гады. «Цяпер трэба неяк выжываць. Калі б не дзеці, не ведаю, што было б», — кажа жанчына.

Каб выжыць, усё больш літоўскіх пенсіянераў вымушана працаваць. Калі ў 2010 годзе такіх было 9 працэнтаў ад агульнай колькасці атрымальнікаў пенсій, то летась — ужо каля 12 працэнтаў. Усяго летась працавалі 71,2 тысячы пенсіянераў, з іх большасць (40,7 тысячы чалавек) — жанчыны. Сярэдні ўзрост працуючага пенсіянера — 68 гадоў. Пры гэтым у Літве працавалі 2,5 тысячы чалавек, якім больш за 72 гады.

Трывожная сітуацыя

У адрозненне ад сацыяльнай сферы, вайсковыя выдаткі павялічваюцца заўважна. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа мяркуе, што ўрад можа выдзеліць на патрэбы абароны тры працэнты ВУП замест цяперашніх 2,52 %. З прэзідэнтуры адпаведная прапанова гучала яшчэ на стадыі абмеркавання бюджэту, але была адхілена кабінетам міністраў. Кіраўнік дзяржавы не толькі прапануе вярнуць пытанне ў парадак дня, але і на ўзроўні парламенцкіх партый дамовіцца аб паслядоўным штогадовым павелічэнні ваенных расходаў.

Міністр абароны Латвіі Інара Мурцыенэ на пасяджэнні парламенцкай камісіі па абароне, унутраных справах і прадухіленні карупцыі заявіла аб неабходнасці істотнага павелічэння ваеннага бюджэту. Раней меркавалася, што ўзровень у тры працэнты ад ВУП на абарону будзе дасягнуты толькі ў 2027 годзе, аднак ваенны міністр лічыць, што варта «напружыцца і выйсці да намечанай мяжы раней, чым планавалася».

Сітуацыя ў прыбалтыйскай краіне вельмі трывожная. Па словах экс-дэпутата Еўрапарламента Эўгеніюса Гентвіласа, якога цытуе Delfі, дастаткова каталізатара, каб у Літве «пачалося сацыяльна-палітычнае землетрасенне». Пры гэтым толькі 10 працэнтаў жыхароў прыбалтыйскай рэспублікі адчуваюць сябе ў поўнай бяспецы, сведчаць даныя апытання, праведзенага па заказе нацыянальнага тэлерадыёвяшчальніка LRT. Палова ж апытаных такой абароненасці проста не адчувае.

І яшчэ колькі вельмі паказальных лічбаў, якія акрэсліваюць агульную тэндэнцыю. Толькі 14 працэнтаў (386,4 тысячы) жыхароў Літвы згодныя са зброяй у руках абараняць краіну ў выпадку знешняй агрэсіі. Аб гэтым паведамілі ў Нацыянальным інстытуце грамадзянскай супольнасці. Эксперты правялі маштабнае апытанне, падчас якога высветлілі, што 50 працэнтаў жыхароў краіны ў выпадку ваеннай небяспекі аддалі б перавагу эміграцыі.

Лічбы даследавання спрэс абвяргаюць ура-патрыятычныя заявы палітычнага і ваеннага кіраўніцтва Літоўскай Рэспублікі, якое сцвярджае, што «ніколі раней краіна не была такой маналітнай у сваёй гатоўнасці абараняць свабоду і незалежнасць», адзначыў eadaіly.com. «Мяне турбуе, што рост сацыяльнага раз'яднання павялічвае і адрыў ад дзяржавы. Мы павінны зразумець, калі думаем пра галечу, няроўнасць, што гэта не толькі сацыяльнае пытанне, але і пытанне нацыянальнай бяспекі. Мы не можам сабе дазволіць, каб у нас былі людзі, якія настолькі бедныя, што не падтрымліваюць сваю краіну і не пойдуць яе абараняць. Гэта больш сур'ёзнае пытанне, яно выходзіць за рамкі сацыяльнай палітыкі», — адзначыла Delfі прафесар Вільнюскага ўніверсітэта Айнэ Раманайцэ. Падобна, што літоўскія ўлады аб гэтым проста не думаюць.

Недружалюбны крок

Між тым, Літва не хавае зацікаўленасці ў стварэнні чэргаў на граніцы з Беларуссю. Аб гэтым паведамілі ў Дзяржаўным пагранічным камітэце. Як паведамлялася раней, служба аховы дзяржаўнай граніцы пры МУС Літвы паведаміла беларускаму боку аб спыненні ўзаемадзеяння з мытным і пагранічным ведамствамі Беларусі. Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Антон Бычкоўскі назваў гэта недружалюбным і неканструктыўным крокам з боку Літвы. Як адзначылі ў Дзяржпагранкамітэце, ануляванае суседняй краінай пагадненне дазваляла забяспечваць бесперапыннасць перасячэння граніцы і павялічваць прапускную здольнасць. Акрамя таго, узаемадзеянне з мытным і пагранічным ведамствамі Беларусі давала магчымасць пазбягаць узнікнення чэргаў і сумесна вырашаць розныя праблемы. У рамках пагаднення супрацоўнікі беларускіх і літоўскіх службаў інфармавалі адзін аднаго аб неабходнасці ўзмацнення змен, пераразмеркавання сіл на больш загружаныя напрамкі і вырашэнні няштатных сітуацый. Усё гэта забяспечвала бесперабойнае перасячэнне граніцы.

На працягу мінулага года літоўскія кантрольныя службы прапускалі на сваю тэрыторыю каля 50 працэнтаў фур ад нормы. З рытмічнасцю афармлення легкавікоў таксама назіраліся праблемы. Можна з упэўненасцю сказаць, што яшчэ да анулявання пагаднення літоўскі бок перастаў выконваць свае абавязацельствы. Пасля анулявання пагаднення ў афіцыйным парадку Літва ўзяла на сябе адказнасць за стварэнне чэргаў на граніцы з Беларуссю. Пазіцыя літоўскіх уладаў звялася да стварэння праблем для тых, хто перасякае граніцу. Акрамя таго, дадзены крок мае пэўныя мэты, звязаныя з пагаршэннем эканамічных сувязяў паміж Беларуссю і Літвой. Вільнюс моцна ўдарыў па сваіх грамадзянах, якія вельмі актыўна карысталіся магчымасцямі беларускага бязвізу.

«Беларусь застаецца адкрытай для жыхароў Літвы, настроенай на супрацоўніцтва і дыялог»

Беларусы заўсёды былі нацэлены на мірнае і дружалюбнае суіснаванне. «Шматвяковае суседства ўсталявала паміж нашымі народамі непарыўныя сувязі, фундаментам якіх з'яўляюцца сумесныя сем'і, шчырае сяброўства, агульны бізнес, памяць, гісторыя, — адзначаецца ў віншаванні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі народу Літвы з нагоды нацыянальнага свята — Дня аднаўлення дзяржавы, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. — Нягледзячы на беспаспяховыя спробы літоўскай кіруючай эліты змяніць выбраную беларускім народам уладу, неабгрунтавана варожую і хлуслівую палітыку ў адносінах да нашай краіны, Беларусь была і застаецца адкрытай для жыхароў Літвы, настроенай на супрацоўніцтва і дыялог. Сведчаннем гэтага з'яўляецца рашэнне аб прадаўжэнні на 2023 год бязвізавага парадку ўезду для вас. Ведаю, што і літоўскі народ падзяляе жаданне жыць у згодзе з беларусамі».

Аляксандр Лукашэнка пажадаў грамадзянам Літвы найхутчэйшага аднаўлення дзяржаўнага палітычнага і эканамічнага курсу, які адпавядаў бы сапраўдным інтарэсам літоўскага народа. «Міру, спакою і дабрабыту вам і вашым блізкім», — дадаў беларускі лідар.

Аўтар: Пётр Дунько
Звязда, 22 лютага 2023


 

Кoличество переходов на страницу: 218