Аляксандра Лукашэнку пазнаёмілі з новымі тэхналогіямі, укаранёнымі ў інтэнсіўную тэрапію, навуковымі дасягненнямі цэнтра, прадэманстравалі магчымасці ангіяграфічнага комплексу, паказалі, як праводзіцца эндаваскулярная аперацыя. Кіраўнік краіны наведаў «чырвонай зоны» для хворых на ковід. Прэзідэнт таксама пагутарыў з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі.
Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі быў створаны на базе 9-й бальніцы сталіцы амаль чатыры гады. Як заявіў Прэзідэнт, такое рашэнне было прынятае выключна таму, што сённяшні кіраўнік установы Алег Румо і яго каманда ўмелі рабіць складаныя аперацыі.
«Я тады ў гэтую бойку ўвязаўся, бо адчуў: нешта можа атрымацца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
І сапраўды, атрымалася, працягнуў Алег Румо: «Сёння для нашай краіны гэта ўнікальны навуковы цэнтр. Унікальнасць яго ў тым, што ён адзіны ў Беларусі шматпрофільны медыцынскі цэнтр, дзе разам з высокімі тэхналогіямі (аперацыі па трансплантацыі органаў) развіваюцца абсалютна ўсе напрамкі сучаснай медыцыны — гематалогія, анкагематалогія, трансплантацыя коснага мозга і клетак». Як дадаў доктар, з-за пандэміі ковіду прыйшлося стаць і інфекцыяністамі.
Таксама цэнтр праводзіць навуковыя даследаванні па ўсіх кірунках сучаснай медыцыны. Такім чынам ужо ўкаранёныя медыкамі 188 метадаў лячэння і дыягностыкі.
«Аб’яднанне навукі і практыкі, і шматпрофільнасць дазволіла нам заваяваць аўтарытэт ў свеце і на постсавецкай прасторы. Сведчанне таму — першая аперацыя па трансплантацыі печані даросламу і дзіцямі ў Казахстане. Першая трансплантацыя печані ў Арменіі, першая трансплантацыя ныркі ў Грузіі. Гэта выканана нашай камандай», — акцэнтуе Алег Румо і дадае, што прыязджаюць у Мінск пацыенты і з высокаразвітых краін — Ізраіля, Японіі.
Па яго словах, 2021-ы ковідны год стаў для цэнтра вельмі паспяховым — зарабілі на экспарце медпаслуг больш за 10 мільёнаў долараў. Гэта 70 % ад сумы медпаслуг Мінска і 25 % экспарту паслуг краіны. Летась колькасць замежных пацыентаў склала амаль дзве тысячы.
«Гэта галоўны паказчык вашай паспяховасці. Калі да вас паехалі людзі з такіх развітых у медадносінах краін як Ізраіль — значыць вас прызналі, і вы хлеб не дарэмна ядзіце», — пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначыў дырэктар цэнтра, большасць заробленых грошай ідзе на заробкі супрацоўнікаў, набыццё абсталяванне, упарадкаванне цэнтра.
Паводле Алега Румо, заработная плата медперсаналу Мінскага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі самая высокая ў краіне. Сярод дактароў сярэдні заробак каля 4000 рублёў, а медсясцёр — 2500. Унікальныя хірургі і анестэзіёлагі зарабляюць 1800-5000 долараў у эквіваленце.
«Асноўная наша задача — удасканаленне транспланталагічнай дапамогі. Нам ёсць чым ганарыцца. Для мяне апошнія два гады важныя, таму што мы нягледзячы на ковід, гэтую дапамогу захавалі. Так, мы праселі на 13 працэнтаў, але Еўропа прасела на 20, а ў 2021 годзе адзначыўся рост», — сказаў Алег Румо.
Зараз Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі ўзводзіць яшчэ адзін корпус за крэдытныя грошы і ў маі наступнага года запрашае Прэзідэнта на яго адкрыццё.
«Ён будзе яшчэ больш сучасны, чым гэты», — кажа дырэктар.
Як рэзюмуе Алег Румо, урачы яго цэнтра працуюць, каб палепшыць якасць аказання дапамогі пацыентам Беларусі і калі будзе магчымасць — зарабіць на сваіх паслугах і навыках.
«Ты так сціпла кажаш пра зарабіць. Слухай, ва ўсім свеце зарабляюць на гэтым. А мы такія дабрадушныя славяне, нам няёмка на здароўі зарабляць. Але пытанне не толькі ў заробках, а ў тым, каб гэтыя грошы не вывозілі ў Германію ці яшчэ куды. Таму нам неабходна тут рабіць высокатэхналагічныя ўмяшальніцтвы. У гэтым сэнс маёй падтрымкі і дзяржавы ў цэлым», — падкрэсліў кіраўнік краіны.
Ён дадае, што асабіста хоча ад дырэктара: каб у кожнай вобласці, міжраённых цэнтрах навучылі працаваць медыкаў і не шкадавалі перадаваць свой вопыт моладзі.
Малаінвазіўныя тэхналогіі замест скальпеля
Напачатку размовы з калектывам Аляксандр Лукашэнка падзякаваў урачам за выкананне абяцання па стварэнні сучаснага цэнтра і расказаў, да чаго павінна імкнуцца кожная сфера.
«У кожнай галіне мы маем самыя высокія тэхналогіі, маніпуляцыі, аперацыі, работы праводзім ад дрэваапрацоўкі і заканчваючы аховай здароўя. Так павінна быць усюды. Калі мы спынімся і гэтых маячкоў у нас не будзе, да якіх мы павінны імкнуцца, краіна знікне», — сказаў Прэзідэнт.
Ён назваў сваё асноўнае патрабаванне да ўрада і Міністэрства аховы здароўя.
«Мае патрабаванне — каб мы не будавалі жалезабетоннае ўсё. Зараз у клініках такі жалезабетон над галавой і такія сцены ніхто не робіць, — сказаў Прэзідэнт. — Мы павінны лічыць грошы. І міністру я кажу, паглядзі, каб там нічога не было лішняга».
Кіраўнік краіны падкрэслівае, што асабліва важнае ў сістэме аховы здароўя — кадры і сучаснае абсталяванне. «Тут мы ўзялі адпаведны крэн», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Па яго словах, Мінск заўсёды адставаў па арганізацыі сістэмы аховы здароўя, але цяпер навёрствае ўпушчанае.
«Тут будуць заўсёды, хацелі б мы ці не, сканцэнтраваны самыя касмічныя тэхналогіі. І адсюль усё будзе развівацца. Тут прыйдзецца скончыць мадэрнізацыю нашых бальніц і аснасціць іх самым сучасным абсталяваннем», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Нагадаў ён і пра тое, што неабходна ўтрымаць заробкі медыкаў, усталяваныя з ковіднымі выплатамі. «Нам, каб людзі працавалі, неабходна імкнуцца трымаць высокі ўзровень заработнай платы. Мне падабаецца ваша дыферэнцыяцыя заробкаў. „Свяцілы вялікія“ могуць атрымліваць 4-5 тысяч долараў, а тыя, што толькі імкнуцца, будуць менш атрымліваць. Будзем рабіць усё, каб было лепш і больш», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Рэзюмуючы тэму, ён адзначыў, што сістэма аховы здароўя выбудавана, ідзе мадэрнізацыя сферы. Засталося толькі абнавіць старыя будынкі, пабудаваць некалькі новых, аснасціць іх абсталяваннем.
«Неабходна аснасціць іх самым сучасным абсталяваннем, каб вы не з сякерай і скальпелем у аперацыйную заходзілі, а з малаінвазіўнымі тэхналогіямі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пацікавіліся медыкі і думкамі кіраўніка краіны наконт досведу стварэння ўніверсітэцкіх клінік. Падобны праект раней быў рэалізаваны ў Гродне на базе абласной клінічнай бальніцы і медуніверсітэта.
«Яны будуць развівацца — і клінікі, і ўніверсітэты. Пытанне ў іх спалучальнасці, — адзначыў Прэзідэнт. — Я не вельмі цяпер у гэта пагружаны, але паколькі ў свой час мяне акунулі ў гэта і прасілі згоды, я назіраю за гэтым працэсам. Гэтаму быць. Сёння, я разумею, не трэба было нічога эксперыментаваць, трэба было ісці гэтым шляхам».
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што інтэграваць універсітэты і клінікі неабходна так, каб яны не страцілі самастойнасці, але працавалі ва ўзаемадзеянні.
«Вось праграма — працуйце заадно. З гэтага эксперыменту мы дадзенае пытанне павінны вырашыць. А тое, што студэнты, маладыя ўрачы будуць тут з першага курса ў вас, у клініцы, будуць бачыць рэальна тое, што вы робіце, у гэтым няма нічога дрэннага, — мяркуе Прэзідэнт. — Трэба, каб універсітэт меў гэтую базавую клініку. Іх не трэба зараз зліваць у адно цэлае».
Дыктатура коштаў
Адно з пытанняў медыкаў датычылася цэнаўтварэння і коштаў. Вось, што Прэзідэнт сказаў на гэтую тэму: «Цэны, цэнаўтварэнне — самыя цяжкія праблемы не ў плане таго, каб стрымаць цэны. У нас, шчыра кажучы, дыктатура ў гэтым плане: сказаць — заўтра, наогул, не дзернецца ні адна цана».
Прэзідэнт звярнуў увагу, што на цэны ў краіне ўплывае знешняя інфляцыя.
«Інфляцыя ў асноўным з боку да нас прыходзіць таму, што там абясцэніліся грошы, там да гэтага часу вытворчасць не аднавілася. Рост на нафту, металы і іншае, у два-тры разы падаражэлі. І як я буду стрымліваць цану на трактар, напрыклад. Калі я яе пачынаю стрымліваць, вытворчасць разваліцца, таму што ў іх кошт нізкі, а сабекошт расце. Яна перавысіць кошт самога вырабу — вытворчасць спыніцца, — падкрэсліў кіраўнік краіны. — Таму гэта вельмi тонкая тэма. Я разумею, яна б’е па людзях, але мы не жывём у ізаляваным свеце. І вы ведаеце, нават Амерыка, якая быццам бы самадастатковая, мае практычна тую ж інфляцыю, што і ў нас».
Кіраўнік краіны згадзіўся, што інфляцыя за год — больш чым дзевяць працэнтаў — высокая, але «жыць можна».
Нацыяналізм не супастаўны з беларусамі
Не абышлі бокам медыкі і ваенныя дзеянні ва Украіне — тэма зараз на вуснах у кожнага. Па словах Прэзідэнта, прычына ўсіх падзей — кіраўніцтва краіны. Але паводле Аляксандра Лукашэнкі, аснова для развіцця ва Украіне была іншая ў параўнанні з былымі краінамі СССР. Назіраць за гэтым яму даводзілася падчас службы ў пагранічных войсках.
«Мне прыйшлося праехаць ад Прыбалтыкі ўсю Заходнюю Украіну, Кіеўскі цэнтр быў. І я тады ўжо бачыў той нацыяналізм, які быў не супастаўны з беларусамі. Калі я зайшоў у львоўскі КДБ, у начальніка камітэта пытаюся: „Вялізны будынак, вас тут больш за тысячу чалавек працуюць. Ва ўрадзе некаторых краін менш“. Ён кажа: „Гэта таму, што тут, у Львоўскай вобласці, на Заходняй Украіне, такі нацыяналізм, што вы, беларусы, проста гэтага не разумееце“. Гэта была тая дрэнная аснова, якая дала свае парасткі. А ўсё астатняе — палітыкі», — тлумачыў кіраўнік дзяржавы.
Па яго словах яшчэ адна з прычын канфлікту ў тым, што людзям забаранілі размаўляць на той мове, на якой хацелі.
«Такой яўкі я не чакаў»
Аляксандр Лукашэнка адзначыў высокую яўку на датэрміновым галасаванні па Канстытуцыі. Яна ўжо склала амаль 25 %.
«Такой яўкі я не чакаў. Думаў, будзе менш», — сказаў Прэзідэнт. Ён звязвае гэта ў тым ліку з вялікай работай, якая была праведзена да рэферэндуму з людзьмі ў рэгіёнах, на прадпрыемствах.
«Малайцы і журналісты, і эксперты, і спецыялісты. Я гляджу, ужо праехалі па ўсёй краіне. Тэлебачанне, СМІ ў гэтым плане працавалі. Усё-ўсё. Гэта дало свой эфект. І я не чакаў такой яўкі. Часам нават чэргі бачыў на датэрміновым галасаванні», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Аўтар: Марыя Дадалка
Звязда, 25 лютага 2022
Звязда, 25 лютага 2022
Кoличество переходов на страницу: 260
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |