https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка: Затрыманне кіраўнікоў цукровых заводаў - навука для ўсіх дырэктараў


4 лютага Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведвае Добрушскі раён. У праграме візіту - папяровая фабрыка «Герой працы». Пасля Прэзідэнт незапланавана адправіўся на фарфоравы завод.

У 2012 годзе на папяровай фабрыцы пачалося будаўніцтва завода па выпуску мелаваных і немелаваных відаў кардону. Генеральным падрадчыкам па рэалізацыі праекта «пад ключ» выступала кітайская кампанія, але ў яго ўзніклі праблемы з фінансаваннем і ён не змог працягнуць работы. 

З ліпеня 2015 года субпадрадчыкамі сталі беларускія будаўнічыя арганізацыі. У выніку прапрацоўкі розных падыходаў з’явілася схема завяршэння праекту. Ён прадугледжвае запуск завода асобнымі пускавымі комплексамі. На завяршэнне патрабуецца каля 83 мільёнаў долараў. Увод новай вытворчасці дазволіць павялічыць колькасць выпуску імпартазамяшчальнай кардоннай прадукцыі двух відаў.

Згодна з бізнес-планам, пасля выхадў новай вытворчасці на праектныя магутнасці ў 2023 годзе выручка ААТ «ККХ «Беларускія шпалеры» ад рэалізацыі прадукцыі складзе амаль 246 мільёнаў долараў, прыбытак — 31 мільён долараў, рэнтабельнасць — больш за 12 працэнтаў, экспарт −204 мільёны долараў. Леташнія паказчыкі: выручка — 21 мільён долараў, прыбытак — 0,33 мільёна долараў, рэнтабельнасць — 1,3, экспарт — 1,9 мільёна долараў.

Комплекснае будаўніцтва «пад ключ» аб’екта па вытворчасці мелаваных і немелаваных відаў трохслойнага кардону вытворчасцю 200 тысяч тон у год ажыццяўляюць аўстрыйская кампанія Andritz (асноўная тэхналогія), арганізацыі Мінэнерга (энергакомплекс), кампанія «Эка-Энерга» (ачышчальныя збудаванні і водападрыхтоўка) і іншыя падрадныя арганізацыі (агульнабудаўнічыя, праектныя работы, чыгунка, дазакупка абсталявання і іншае).

Прэзідэнту падрабязна расказалі пра тэхналагічны працэс будучай вытворчасці. Завод будзе вырабляць па безадходнай тэхналогіі кардон, аналагаў якому на постсавецкай прасторы няма, — для ўпакоўкі лекаў, кандытарскіх вырабаў, цыгарэт. Дадатковыя грошы патрэбны, каб разлічыцца з аўстрыйскай кампаніяй, беларускімі энергетыкамі і кампаніяй, якая адказвае за водаачыстку, і запусціць вытворчасць.

Зараз на дзеючай вытворчасці працуюць тры машыны, адна з якіх мадэрнізаваная, а яшчэ дзве будуць выведзеныя з абароту пасля запуску новага завода. Прэзідэнт адразу пацікавіўся, што будзе размешчана на плошчах, дзе знаходзяцца састарэлыя машыны. Ён падтрымаў ідэю старшыні канцэрна «Беллесбумпрам» Юрыя Назарава знайсці інвестараў, якія размясцяць на іх вытворчасць упакоўкі, і прапанаваў канцэрну рабіць упакоўку самастойна, калі ў хуткім часе інвестары не знойдуцца. У Беларусь штогод завозіцца каля 20 тысяч тон кардону для вырабу ўпакоўкі і столькі ж гатовай упакоўкі. Пасля выхаду на праектную магутнасць новай вытворчасці ў Добрушы Беларусь не толькі цалкам задаволіць унутраныя патрэбы ў такім кардоне, але і зможа 150 тысяч тон яго экспартаваць. 

«Гэта цудоўны праект, не трэба нічога выдумляць. Пастаўце машыны і рабіце ўпакоўку, — выказаўся Аляксандр Лукашэнка. — Каб у 2021 годзе мы пачалі працаваць (па вырабе ўпакоўкі — „Звязда“), маючы на ўвазе гэты кардон».

Імпартазамяшчэнне — гэта галоўнае, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Сыравіна свая — тэхналогію трэба купляць», — сказаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тое, што важна, каб усё ці амаль усё абсталяванне новага завода выраблялася на беларускіх прадпрыемствах. «Ні ў якім разе мы выдаткоўваць валюту на гэта не павінны. Гэта таксама імпартазамяшчэнне. Нам трэба валюту зарабляць».

Прэзідэнт прывёў прыклад з рухавіком рубільнай машыны, вырабляць які самім не выгадна, бо гэта не серыйная вытворчасць, а вось нажы для гэтай машыны — яны ўжо павінны быць беларускія.

Да канца года Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» выйдзе на работу ў нармальным рэжыме

Прэзідэнт расказаў пра вынікі наведвання фабрыкі. Да канца года яна выйдзе на работу ў нармальным рэжыме. Вытворчасць будзе адладжана і запушчана цалкам, створаць сістэму кіравання. Гэтыя задачы выканаюць амаль поўнасцю айчынныя спецыялісты. Замежная фірма дапаможа запусціць машыну па мелаванні паперы, канчаткова наладзіць энергетычныя ўстаноўкі. Дзве старыя энергаёмкія ўстаноўкі застануцца непатрэбныя, і з іх будучыняй вызначацца пазней. Прэзідэнт звярнуў увагу, што прадпрыемства павінна ствараць гатовую прадукцыю, а не пастаўляць вырабы-паўфабрыкаты.

«Пачкі для цыгарэт, вокладкі для часопісаў, сшыткаў і іншае... Мы, жывучы сярод лесу, завозім гэтую паперу з-за межаў. Мы павінны вызначыцца і рабіць гэта да канца года пачнем тут», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пракаментаваў затрыманне дырэктараў цукровых заводаў

Адказваючы на пытанне журналіста пра сітуацыю, якая склалася вакол затрымання кіраўнікоў цукровых заводаў краіны, Прэзідэнт сказаў, што даў даручэнне Камітэту дзяржбяспекі праінфармаваць грамадскасць пра тое, што адбываецца. 

Ён напомніў перадгісторыю пытання: «У нас з савецкіх часоў засталіся чатыры цукровыя заводы. Жнівень: варэнне варым, бяда — няма цукру! Даходзіла да таго, што прынёс і паклаў наручнікі перад двума адказнымі кіраўнікамі і сказаў: да раніцы не з’явіцца цукар — ведаеце, што будзе. Да раніцы ва ўсіх (гандлёвых) кропках з’явіўся цукар. Гэта значыць, цукар назапашвалі, а калі быў на яго попыт, стрымлівалі продаж, цэны падымаліся, і яны выкідвалі яго на рынак. Мне надакучыла хадзіць і кагосьці ўгаворваць. Такім чынам я некалі прымусіў працаваць. Але разумеў, што наручнікамі можна адзін раз напужаць, два, але трэба вырашаць пытанне эканамічна».

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў узгадаць гісторыю развіцця цукровай галіны. «Мы ўжо шмат гадоў забяспечваем сябе і амаль столькі ж экспартуем на нашы рынкі, у асноўным у Расію. Калі была пастаўлена задача павялічыць выраб цукру, мной было прынята рашэнне па мадэрнізацыі заводаў. Гэта пра тое, што быццам бы дырэктары правялі мадэрнізацыю заводаў. Малайцы, што правялі, а грошы яны дзе ўзялі? Хто займаўся? Я ездзіў да Сі Цзіньпіна прасіў гэты крэдыт на гэтую фабрыку (па вырабе кардону). Дакладна гэтак жа і тады. Правялі мадэрнізацыю чатырох заводаў, зрабілі як цукерку. З’явіліся чатыры кіраўнікі, пачалі вырабляць канкурэнтаздольны прадукт. Наш цукар па якасці перавышае любы цукар у свеце. Гэта значыць, прадукт атрымаў сусветны ўзровень».

«Што зрабілі гэтыя дзялкі? — з горыччу пракаментаваў цяперашнюю сітуацыю Прэзідэнт. — Яны стварылі ў Маскве так званую „пракладку“ — гандлёвы дом. Можна было праз канцэрн прадаць на рынку цукар — не, стварылі гэты гандлёвы дом, паставілі туды сваіх (людзей), з гэтых заводаў, скажам, летась, па бросавых цэнах прадавалі гандлёваму дому ў Маскве беларускі цукар. Тыя, павялічыўшы цану, прадавалі на рынку. Розніцу хабарам раздавалі дырэктарам заводаў. Але што мяне больш за ўсё абурыла, калі мне далажылі гэта пытанне спецслужбы (я кантраляваў): танна прадавалі гандлёваму дому гэты цукар, а частку яго па павялічанай цане вярталі ў Беларусь. Можа, нават не вазілі цукар, а толькі дакументы афармлялі, і тут на наш рынак пастаўлялі з маржой, а потым яе дзялілі на хабары. Што гэта — нармальна?»

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што на гэтымі папаліся і людзі з пагонамі. Ён пацвердзіў, што дзеля затрымання аднаго з падазраваных быў развернуты самалёт, які накіроўваўся за межы краіны. 

«Стаўленне будзе жорсткае, — паўтарыў ён. — Дэталі праваахоўнікі раскажуць. Вы думаеце, мне лёгка сваіх дзяцей у турму адправіць? Дырэктары мне як дзеці. Дзеці дзецьмі, але трэба весці нармальную палітыку і не нажывацца на тым, што належыць не толькі працоўнаму калектыву, а ўсяму беларускаму народу. Мы нямала туды ўклалі».

Цягам сутак усе падазраваныя былі затрыманы, каб даць паказанні. Прэзідэнт паведаміў, што вобшукі выявілі вялікае багацце ў затрыманых. «У мяне ні да каго няма асабістых прэтэнзій, я абараняю інтарэсы дзяржавы. І ведаеце, што яшчэ проста прыводзіць у шаленства? Калі ты змагаешся там за гэтую капейку па нафце, па газе, па метале, яшчэ па нечым, тут спрабуеш наладзіць, каб людзі заробкі мелі, гэтыя падонкі нахабна сярод белага дня крадуць! Гэта нармальна? Ненармальна. Таму гэта — навука для ўсіх дырэктараў».

Раней генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк пракаментаваў затрыманне іх дырэктараў:

«Я не хачу анансаваць некаторыя рэчы, але яны зараз на слыху ў усёй рэспублікі. Але тое, што зараз адбылося — гэта зноў-такі, знешняя дэбіторская запазычанасць. Гэта тыя схемы ашуканскія, якія заключаюцца паміж нашымі кіраўнікамі прадпрыемстваў і контрагентамі, у асноўным расійскімі», - сказаў Канюк у эфіры тэлеканала «Беларусь 4. Гродна».

Рэцэпт Прэзідэнта па барацьбе з каранавірусам

Мыць рукі, менш абдымацца на вуліцы з незнаёмымі — жартоўна апісаў ён правілы асабістай гігіены.

«Калі мы не пылім, як некаторыя краіны, гвалтам крычаць — гэта не значыць, што мы не займаемся гэтым пытаннем», — звярнуў увагу лідар краіны. 

Міністру аховы здароўя даручана займацца гэтым пытаннем і інфармаваць грамадства, але не трэба палохаць людзей. «Колькі ў нас ужо было гэтых вірусаў. І на гэтых фэйках у тым ліку і гвалце, які ўчынілі ва ўсім свеце (я не заніжаю небяспечнасць), але колькі нажываліся! Сотні мільярдаў долараў некаторыя кампаніі на гэтым зарабілі. Таму крычаць не трэба, трэба ціха, спакойна працаваць», — расказаў пра яшчэ адзін сродак ад каранавірусу Прэзідэнт.

З-за хваробы Беларусь не будзе парываць сувязі з Кітаем. Дастаткова мераў агляду тых, хто прылятае, ў аэрапорце. Аказаць дапамогу кітайцам, у тым ліку з выездам на месца, прапанавалі медыкі на чале з міністрам Уладзімірам Каранікам. 

Прэзідэнт расказаў, чым яму асабліва спадабаліся беларусы ў час распаўсюджання каранавіруса: «Ніхто не пабег хапаць гэтыя маскі, як у Расіі. У 35 разоў маскі падаражэлі. Нашы спакойна — трэба камусьці, купілі. У кагосьці дома яны заўсёды ёсць. У каго дзеці маленькія — абавязкова гэтыя маскі ёсць. Ніхто не бегае, не мітусіцца. Паводзяць сябе як цывілізаваныя людзі».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсяго ў нас дастаткова, каб гарантаваць бяспеку нашых людзей. «Калі раптам нешта. Мы гэта хаваць не будзем. Ізалюем чалавека і будзем лячыць. Пакуль у нас такіх фактаў не зарэгістравана», — запэўніў Прэзідэнт.

«Мы не будзем з кітайцамі спыняць нашы адносіны з-за каранавірусу», - заявіў Прэзідэнт.

«Трэба абараніць сябе, а дзяржава свае абавязкі выканае. Чым мне спадабаліся беларусы: вядуць сябе як цывілізаваныя людзі, не пабеглі скупляць маскі».

«Раней Уладзімір Пуцін сам прасіў наладжваць адносіны са Злучанымі Штатамі»

Па словах Прэзідэнта, дзвюхгаловы расійскі арол глядзіць у розныя бакі, а Беларусь, размешчаная ў цэнтры Еўропы, глядзіць вакол і жыве сваім розумам. Так Прэзідэнт адказаў на пытанне журналістаў наконт чарговых чутак пра «разварот» Беларусі ад Расіі ў бок ЗША. Як запэўніў кіраўнік краіны, у нашай дзяржавы шмат сяброў у свеце. Амерыканцаў усё ж такі назваць заўзятымі сябрамі цяжка, але часы халадоў і жалезных занавесаў скончыліся.

«Мы наладжваем адносіны з вядучай краінай свету. У Расіі занепакоіліся. А што мы больш зрабілі з Амерыкай, чым Расія?» — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт, дадаўшы, што мы радуемся, калі яны ўстанаўліваюць добрыя адносіны з ЗША.
Прэзідэнт зноў нагадаў пра паспяховыя сумесныя аперацыі з амерыканцамі. Ён адзначыў, што партнёры з ЗША ацанілі пазіцыю Беларусі: вырашыць канфлікт на Украіне немагчыма без удзелу гэтай краіны.

«Яны (амерыканцы) убачылі рэальную Беларусь, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — І правоў тут хапае, і нікому жыць не перашкаджаюць».

Прэзідэнт расказаў, што раней Уладзімір Пуцін сам прасіў яго наладжваць адносіны са Злучанымі Штатамі. Гэта ён і робіць.

Сустрэчу з Майклам Пампеа ён ахарактарызаваў як сяброўскі абмен меркаваннямі. Амерыканцы валодаюць інфармацыяй і аб супярэчнасцях з Расіяй. «Ён (Пампеа ) мне сказаў, не хвалюйся. Мы Беларусі дапаможам. А яго заява, што па канкурэнтнай цане нафту паставім? А мы што просім зараз ад расіян, а яны нас на калені спрабуюць паставіць?», — канстатаваў Прэзідэнт — Калі вы не можаце ў Еўразійскім саюзе без пошліны нам паставіць нафту, падатковым манеўрам замянілі, прадайце нам па сусветных цэнах«.

Сутнасць спрэчкі лідар патлумачыў і ў лічбах. Сёння бараль нафты каштуе 55 долараў. Расійскія партнёры просяць даплаціць яшчэ 12 долараў за тону як прэмію кампаніям. Пры гэтым на Захад паліва ідзе без такіх надбавак. Размова па крэдытах: амерыканцы плацяць 1,5 працэнта, а мы ад 4 да 6 працэнтаў.

«Шчасце нам падарылі. Мільярд долараў штогод мы Расіі плацім. Яны выдатна размясцілі свае грошы. Мы зараз не просім у іх ні крэдытаў, нічога. Давайце будзем супрацоўнічаць», — заклікае беларускі лідар.

Ён анансаваў сустрэчу з Уладзімірам Пуціным (якая адбудзецца 7 лютага) як нейкі момант ісціны. «Мы з ім (Пуціным — „Зв.“) стварылі гэтыя добрыя адносіны, мы былі архітэктарамі гэтых адносін. Нам ці ламаць іх на зыходзе нашай палітычнай кар’еры?», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і сказаў, што неабходна новаму пакаленню палітыкаў перадаць годныя адносіны.

У тэму

«Вельмі рады, што кіраўнік дзяржавы наведаў наш завод. Асноўнае пытанне, якое падняў Прэзідэнт, — захаваць і нават удасканаліць прадпрыемства для падтрымання канкурэнтаздольнасці на рынках — унутраным, еўрапейскім — і старацца канкурыраваць, — паведаміў генеральны дырэктар Добрушскага фарфоравага завода Аляксандр Вінакураў. — Кіраўнік краіны таксама звярнуў увагу, што неабходна зрабіць невялікі касметычны рамонт, захоўваць людзей, тэхналогіі і вытворчасць».

Вольга Мядзведзева
Марыя Дадалка
Звязда, 4 лютага 2020


 

Кoличество переходов на страницу: 382