____________________________
У залежнасьці ад посьпеху ці правалу згаданага пляну Эўропа хутчэй за ўсё пойдзе двума магчымымі шляхамі. Яна або будзе працягваць пасьляваенны шлях сваёй усё большай палітычнай і эканамічнай інтэграцыі, або скоціцца ў даўнейшае мінулае, поўнае нацыяналістычных сварак. Гэта можа гучаць як цяжкі прагноз. Але пасьля трох гадоў крызысу эўра ўсе, уключна з эўрапейскімі палітыкамі, зразумелі сур’ёзнасьць сытуацыі. Лідэры Эўразьвязу падкрэсьліваюць, што адзіны шлях наперад павінен быць супольным ня толькі для 17 краінаў эўразоны, але і для усіх 27 сябраў Эўразьвязу.
Так, неўзабаве пасьля прыняцьця пляну выратаваньня эўра старшыня Эўрапейскай камісіі Жузэ Мануэл Барозу заявіў у Страсбуры:
"Гэта не пагадненьне 17+, а пагадненьне 27-. На мінулым тыдні большасьць кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін-удзельніц паказалі сваю гатовасьць рухацца наперад да эўрапейскай інтэграцыі і фінансавай стабільнасьці саюзу. Яны паказалі, што хочуць больш Эўропы, а ня менш".
Новы плян, прыняты ў сярэдзіне сьнежня, мае на мэце аднавіць давер інвэстараў да Эўропы, ён прадпісвае «праблематычным» краінам жорсткі рэжым эканоміі і прадугледжвае санкцыі за яго невыкананьне. У выніку захаваньне эўразоны будзе азначаць беспрэцэдэнтную перадачу краінамі долі свайго сувэрэнітэту Брусэлю.
Не сакрэт, што многія краіны Эўразьвязу да гэта асабліва не імкнуцца. Сваю ролю адыгрывае і тое, што плян захаваньня эўра ўспрымаецца як выразна «нямецкая ініцыятыва»: навязваньне нямецкага парадку, дысцыпліны, беражлівасьці і працавітасьці ня надта спалучаецца з жыцьцёвай філязофіяй іншых краінаў, асабліва поўдню Эўропы. Акрамя таго, у самой Нямеччыне ўсё больш выразна гучаць патрабаваньні не перакачваць сродкі пацярпелым ад крызісу.
Усё большую неахвоту і няпэўнасьць праяўляюць і тыя краіны Эўразьвязу, што яшчэ не прынялі эўра. Так, прэм’ер Чэхіі Пэтр Нэчас заявіў, што ён асабіста супраць прапановы, каб кожная краіна ЭЗ унесла 200 мільярдаў эўра Міжнароднаму валютнаму фонду дзеля наступных ін’екцый праблемным краінам. Хаця польскі ўрад гэтую самую прапанову падтрымаў, тысячы людзей выйшлі ў Варшаве на вуліцы, каб выказаць сваю нязгоду з пэрспэктывай цясьнейшай інтэграцыі з Эўразьвязам.
Яшчэ напярэдадні ўвядзеньня эўра вядомы амэрыканскі эканаміст Марцін Фэлдстайн з Гарвардзкага ўнівэрсытэту выказваў пэсымізм наконт яго будучыні. Ён таксама прадказваў, што захады надзвычайнай інтэграцыі Эўропы ў мэтах падтрыманьня супольнай валюты могуць прывесьці да росту напружанасьці. Большасьць эканамістаў, якіх апытала агенцтва Ройтэрз напрыканцы гэтага году, выказалі меркаваньне, што ў 2012 годзе зона эўра ў яе цяперашнім выглядзе спыніць існаваньне і крызіс спасьцігне шэраг вядучых краінаў сьвету.
Назіральнікі лічаць, што ўжо бліжэйшыя месяцы пакажуць, ці будзе здольная сьнежаньская дамова прынесьці аздараўленьне хвораму эўра. Што да даверу кіраўніцтву Эўразьвязу, то, паводле апошняга дасьледаваньня інстытуту Гэлапа, праведзенага ў 125 краінах, насельніцтва ўдвая часьцей (44 працэнты) ацэньвае яго працу станоўча, чым адмоўна (22 працэнты). Як мяркуюць назіральнікі, у выпадку правалу цяперашняга пляну яго ініцыятар Бэрлін павінен быць гатовы на запасны варыянт. У прыватнасьці выказваецца прагноз, што Нямеччына і іншыя багатыя краіны могуць разгледзець пытаньне эўразоны ў больш цесным коле і без слабых удзельнікаў.
Радыё Свабода, 27 сьнежня 2011
Кoличество переходов на страницу: 924
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |