https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Місія МАГАТЭ станоўча ацаніла ядзерна-энергетычную інфраструктуру Беларусі


Намеснік генеральнага дырэктара Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі Аляксандр Бычкоў прыехаў у Беларусь, каб абмеркаваць вынікі місіі МАГАТЭ па комплекснай ацэнцы ядзерна-энергетычнай інфраструктуры нашай краіны. Місія працавала з 16 па 30 чэрвеня 2012 года і правяла аналіз 19 напрамкаў дзейнасці, важных для паспяховай рэалізацыі праекта будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Агульная ацэнка — добрая. Але ёсць шэраг рэкамендацый.

Беларусь выканае ўсе рэкамендацыі МАГАТЭ


"МАГАТЭ як арганізацыя, якая акумулюе веды ў галіне атамнай энергетыкі, сёння мае некалькі адпаведных механізмаў па падтрымцы новых і існуючых праграм, — распавядае Аляксандр Бычкоў. — Краіна, якая ўпершыню будуе атамную станцыю, павінна прайсці тры этапы: падрыхтоўчы (уся інфраструктура павінна развівацца ў адпаведным кірунку), гатоўнасць інфраструктуры да пуску, само будаўніцтва. Гэта праца нашай арганізацыі з краінамі-пачаткоўцамі. Я хачу падкрэсліць, што Беларусь — гэта адна з перадавых краін у гэтым кірунку, бо яна выкарыстоўвае ўсе механізмы, якія мы прапаноўваем". Місія правяла аналіз па 19 базавых параметрах, сярод якіх заканадаўства, падрыхтоўка кадраў, ядзерная бяспека, аварыйная гатоўнасць і іншае. "У выніку мы вылучылі шэраг момантаў, дзе рэкамендуем павялічыць і палепшыць тую практыку, якая ёсць у Беларусі. Мы ва ўсім свеце імкнёмся знайсці найлепшыя практыкі. У Беларусі яны таксама ёсць. Мы адзначаем стварэнне міжведамаснай камісіі, якая дазваляе аператыўна вырашаць усе пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай да будаўніцтва. Акрамя таго, Беларусь мае вельмі добры досвед у галіне радыяцыйнай абароны, тут укаранёны новыя міжнародныя стандарты. Адзначаем мы таксама добры план развіцця кадравых рэсурсаў. Важна, што была створана дзяржаўная стратэгія па выкарыстанні радыеактыўных адходаў, — пералічыў прадстаўнік МАГАТЭ і дадаў: — Дапрацоўкі неабходны ў заканадаўстве, паколькі мы лічым, што яго можна палепшыць. Гэта тычыцца сістэмы адказнасці за радыяцыйную бяспеку". Аляксандр Бычкоў сказаў, што тое, як працуюць яго калегі з Беларусі, дае поўную ўпэўненасць у тым, што рэкамендацыі будуць выкананы і што будаўніцтва станцыі будзе ісці па графіку. Тое самае паўтарыў і Дон Кавачыч, адказны кіраўнік па праекце тэхнічнага супрацоўніцтва МАГАТЭ і Рэспублікі Беларусь: "Трэба адзначыць, што Беларусь прытрымліваецца этапнага падыходу, і мы ўпэўнены, што ўрад краіны ў сваю дзейнасць уключыць выкананне нашых рэкамендацый". Пасля ён падкрэсліў, што галоўнае — гэта моцны орган рэгулявання. У нашай краіне — гэта Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. "Мы цалкам будзем выконваць і выконваем сёння ўсе рэкамендацыі. Бо гэта бяспека. Мы з вамі перажылі Чарнобыль і ведаем, што гэта такое. Па выніках місіі мы падрыхтуем разам з Нацыянальнай акадэміяй навук, органамі дзяржаўнага кіравання Нацыянальны план дзеянняў. Усе рэкамендацыі будуць улічаны", — запэўніў замежных калег намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк.

Тэмпы выкарыстання атамнай энергіі не зніжаюцца?

МАГАТЭ пастаянна праводзіць даследаванні па ацэнцы далейшага развіцця атамнай энергетыкі. "Аварыя на Фукусіме паўплывала на гэтыя даследаванні. Зараз можна казаць аб тым, што павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці энергіі на атамных станцыях, уключаючы будаўніцтва, да 2030 года адбудзецца мінімум на 25%. Ацэнкі, якія даваліся перад аварыяй на Фукусіме, адрозніваюцца ад гэтых на 12-15%. Насамрэч тэндэнцыя да зніжэння чаканага павелічэння атамнай энергетыкі з'явілася, але аварыя не павярнула свет ад атамнай энергетыкі, — заявіў Аляксандр Бычкоў. — Так, Германія і Італія прынялі рашэнне аб тым, што яны будуць выводзіць атамную энергетыку з эксплуатацыі. Але трэба ўлічваць, што гэта вельмі доўгатэрміновы працэс. Тая ж Японія фактычна пачне выводзіць з эксплуатацыі свае атамныя станцыі толькі ў канцы 2020-х гадоў. Гэта гаворыць пра тое, што атамная энергетыка будзе яшчэ актыўна выкарыстоўвацца. Акрамя таго, ёсць краіны, дзе без атамнай энергетыкі развіццё будзе немагчыма. Гэта такія буйныя краіны, як Індыя, Кітай. Па нашых ацэнках, ёсць тры рэгіёны, дзе развіццё атамнай энергетыкі будзе працягвацца. Гэта Кітай і Усходняя Азія, уключаючы Карэю; Паўднёвая Азія, Блізкі Усход і Усходняя Еўропа (Беларусь, Украіна, Расія, Чэхія, Славакія, Румынія, Балгарыя і Польшча). У ЗША, хутчэй, будзе толькі захаванне".

Неабходны кадры

Нягледзячы на добра прапрацаваную праграму развіцця кадраў, па пэўных момантах МАГАТЭ выказваецца за яе паляпшэнне. Кадры для атамнай энергетыкі — гэта сусветная праблема. "У Беларусі ёсць патэнцыял для падрыхтоўкі добрых кадраў. Гэта і свая адукацыйная база, і добрая сувязь з Расіяй, дзе студэнты і спецыялісты могуць навучацца і стажыравацца, і ўзважаная асабістая праграма", — лічыць намеснік гендырэктара МАГАТЭ.

Ці трэба сумнявацца ў бяспецы?

Гэта, напэўна, самае надзённае пытанне для беларусаў, якія неабыякава ставяцца да будучыні сваёй краіны. Яны маюць на тое права і выказваюць сваю занепакоенасць бяспекай атамнай электрастанцыі. Наша грамадства зараз падзялілася на тых, хто "за" і хто "супраць". А ці можа ў гэтых пытаннях чымсьці дапамагчы МАГАТЭ? "Мы працуем толькі з дзяржаўнымі органамі. Мы не ўмешваемся ва ўнутраныя стасункі паміж прыхільнікамі атамнай станцыі і яе праціўнікамі. Але мы працуем з краінамі-ўдзельніцамі ў галіне рэкамендацый аб тым, як можна даступна і безканфліктна растлумачваць насельніцтву перавагі атамнай энергетыкі. Аднак непасрэдна ў задачы нашай місіі гэта не ўваходзіць. Так званыя "псіхалагічныя моманты" мы не разглядаем, — патлумачыў Аляксандр Бычкоў. — А калі ўвесь час думаць, што можа быць забруджванне, то пры такім разглядзе нам з вамі трэба жыць зусім па-іншаму. Мы павінны будзем спыніць выкарыстанне вугалю, транспарту і іншых выгод сучаснага жыцця. Калі вы паглядзіце статыстыку стацыянарнай працы сучасных станцый, то па радыяцыйным уздзеянні на навакольнае асяроддзе, як правіла, яны больш бясшкодныя за вугальныя станцыі".

Прагучала таксама пытанне аб тым, наколькі бяспечныя і надзейныя расійскія тэхналогіі, па якіх мы будзем будаваць і сваю станцыю. Намеснік міністра энергетыкі заявіў: "Расійская Федэрацыя зараз вельмі актыўна працуе на знешніх рынках. Яе тэхналогіі запатрабаваны ў Індыі, Кітаі, Турцыі".

Дарэчы, Міністэрства энергетыкі Беларусі павінна будзе апублікаваць справаздачу місіі МАГАТЭ з усімі заўвагамі.

Уладзіслаў Кулецкі
Звязда, 6 кастрычніка 2012


 

Кoличество переходов на страницу: 1003


Комментарии