https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Рост колькасці занятых у эканоміцы павінен стаць мэтавай задачай на 2018 год - Прэзідыум Савета Рэспублікі


Паскарэнне росту колькасці занятых у эканоміцы павінна стаць мэтавай задачай на 2018 год для ўсёй вертыкалі ўлады.

Размова аб гэтым ішла на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі, якое прайшло пад старшынствам спікера Міхаіла Мясніковіча, паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента.

На пасяджэнні, у прыватнасці, разгледжаны праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год.

Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу, што адзначаныя дакументы ахопліваюць трэці год бягучай пяцігодкі. Важна разглядаць іх у пакеце з улікам задач, якія трэба будзе вырашыць у 2019-2020 гадах.

"Трэба звярнуць асаблівую ўвагу, наколькі ўсе гэтыя працэсы гарманізаваны ў рамках ЕАЭС, Саюзнай дзяржавы, наколькі ўлічаны знешнія фактары - цэны на энерганосьбіты, умовы гандлю і іншыя важныя пытанні", - падкрэсліў ён.

Як праінфармаваў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзімір Панцюхоў, параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступны год збалансаваны паміж сабой і ў цэлым набліжаюцца да арыенціраў, замацаваных у праграме пяцігодкі.

Тэмп росту ВУП прагназуецца на ўзроўні 103,4 працэнта пры мэтавым дыяпазоне 103-103,8 працэнта. У адпаведнасці з праектам тэмп росту прадукцыйнасці працы апярэджвае тэмпы росту заработнай платы, што з'яўляецца важнай умовай макраэканамічнай збалансаванасці.

У 2018 годзе ў Беларусі плануецца асвоіць не менш як Br23,3 млрд інвестыцый у асноўны капітал: тэмп росту да 2017 года складзе 106,8 працэнта.

Адзначалася, што паскарэнне росту колькасці занятых у эканоміцы павінна стаць мэтавай задачай на наступны год для ўсёй вертыкалі ўлады, а паказчык занятых у эканоміцы - увайсці ў пералік важнейшых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

Удзельнікі пасяджэння таксама звярнулі ўвагу на важнасць мер па павышэнні навукаёмістасці ВУП, фарміраванні разгорнутых мэтавых задач навукова-тэхнічнага развіцця. У час абмеркавання агучана прапанова аб прадастаўленні камерцыйным банкам магчымасці ўдзельнічаць уласнымі рэсурсамі ў фінансаванні праектаў у ролі інвестараў, а не толькі крэдытуючых арганізацый.

Праект рэспубліканскага бюджэту на 2018 год распрацаваны па кансерватыўным сцэнарыі эканамічнага развіцця, які прадугледжвае тэмп росту ВУП 101,2 працэнта.

Праект бюджэту захоўвае сацыяльную накіраванасць, прадугледжвае рост зарплат, пенсій, бюджэтную падтрымку будаўніцтва жылля для маючых патрэбу, развіццё адукацыі, медыцыны і інш.

Удзельнікі пасяджэння таксама прапанавалі павялічыць фінансаванне навуковай і інавацыйнай дзейнасці, пашырыць бюджэтныя механізмы фінансавання АПК, у тым ліку за кошт норм указа ад 17 ліпеня 2014 года нумар 347, удасканаліць механізмы фінансавання шэрага дзяржпраграм.

Як было заяўлена, у разглядаемых дакументах на наступны год трэба ўлічыць інстытуцыянальныя навацыі, прадугледжаныя пакетам нарматыўных прававых актаў па лібералізацыі бізнесу.

З дакладамі на пасяджэнні выступілі прадстаўнікі кіраўніцтва Міністэрства эканомікі, Міністэрства фінансаў і Міністэрства па падатках і зборах.

Так, намеснік міністра эканомікі Аляксандр Чарвякоў праінфармаваў аб буйнейшых інвестпраектах, рэалізацыя якіх плануецца ў наступным годзе.

У іх ліку - прадаўжэнне будаўніцтва БелАЭС, мадэрнізацыя Мазырскага НПЗ, будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, распрацоўка Старобінскага і Петрыкаўскага радовішча, будаўніцтва трэцяй лініі метрапалітэна, пашырэнне індустрыяльнага парка "Вялікі камень".

Абмеркаваны і перспектывы развіцця рэгіёнаў. Паводле слоў намесніка міністра эканомікі, у ведамстве распрацоўваецца план індустрыялізацыі рэгіёнаў. Асноўная задача - сфарміраваць пералік інвестыцыйных праектаў зыходзячы з патрэбнасці краіны ў імпартазамяшчэнні, а таксама з улікам прапаноў НАН Беларусі і ДКНТ.

Такім чынам, рыхтуецца пакет праектаў з акцэнтам на тэхнічныя і тэхналагічныя магчымасці кожнага рэгіёна. Пры гэтым для кожнага праекта будуць створаны ўмовы, якія стымулявалі б яго рэалізацыю. Будуць улічаны і магчымасці кааперацыі з партнёрамі па ЕАЭС, перш за ўсё з Расіяй і Казахстанам.

Пералік адпаведных інвестпрапаноў будзе размешчаны на сайце Мінэканомікі і абмеркаваны з бізнес-супольнасцю і зацікаўленымі дзяржорганамі.

Па выніках пасяджэння Міхаіл Мясніковіч акцэнтаваў увагу на некалькіх важных пытаннях, у тым ліку на забеспячэнні канкурэнтаздольнасці беларускіх вытворчасцей. "Наша прамысловасць, сельская гаспадарка, энергетыка павінны вырабляць высокаліквідны тавар, які будзе запатрабаваны на знешніх рынках.

Пры гэтым трэба разумець, што мы вырабляем тавары, якіх у свеце перавытворчасць", - падкрэсліў ён. Неабходна вытрымліваць высокую канкурэнцыю, а для гэтага трэба ўкладаць грошы ў развіццё. З улікам нарастаючай канкурэнцыі і навукова-тэхнічнага прагрэсу мэтазгодна перагледзець падыходы па развіцці рэальнага сектара эканомікі. Важна таксама ўдакладніць прыярытэты навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці, ацаніць эфектыўнасць работы інавацыйных фондаў.

Спікер падтрымаў ідэю пра больш шырокі ўдзел камерцыйных банкаў у рэалізацыі перспектыўных інвестыцыйных праектаў.

Акрамя таго, ён даручыў зацікаўленым выбудаваць работу па растлумачэнні насельніцтву асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі, праектаў бюджэту і прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступны год.

Плануецца, што 15 лістапада інфармацыя Савета Рэспублікі па праектах прагнозных дакументаў будзе накіравана ў Адміністрацыю Прэзідэнта.

На 17 лістапада ў Авальнай зале запланавана "нулявое" чытанне бюджэтнага пакета з удзелам урада.

14 лістапада 2017, Мінск
БЕЛТА


 

Кoличество переходов на страницу: 621