Легалізацыя крыптавалют, згодна з Дэкрэтам кіраўніка дзяржавы № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі», значна палепшыла дадзеную сферу бізнесу. Паняцце ўвайшло ва ўжытак, навіны па тэме б'юць рэкорды, рост каціровак віртуальнай валюты прыкоўвае да сябе ўвагу. Аднак для многіх жыхароў нашай краіны яна так і засталася «цёмным лесам», выклікаючы здзіўленне і неразуменне. Асноўныя паняцці «крыптавалютных» тэм нам растлумачыць эксперт рынку і дырэктар правайдара электронных плацяжоў Assіst Belarus Вячаслаў Сенін.
Што такое bіtcoіn і з чым яго «ядуць»?
— З'яўленне крыптавалют выклікае ў простых людзей некаторае здзіўленне і збянтэжанасць: як можна разлічвацца тым, чаго няма? На гэтую тэму з'явіліся анекдоты, такая сістэма разліку прыводзіць да недаверу. Аднак ужо летась, калі імклівы рост гэтых валют перасягнуў усе чаканні, уяўленне аб іх значнасці стала рэзка мяняцца. Многія задумаліся аб набыцці «біткоў», але страх невядомасці па-ранейшаму стрымлівае ад куплі. Раскладзіце «на пальцах», што гэта такое?
— Перш чым казаць пра крыптавалюту, разгледзім спачатку больш шырокае паняцце — «лічбавая валюта». Пад ім маюцца на ўвазе любыя грашовыя адзінкі, якія існуюць у электронным выглядзе. Выпускаць іх можа як дзяржаўны банк, так і асобная арганізацыя.
Уся лічбавая валюта падзяляецца на рэгуляваную і віртуальную (нерэгуляваную). Да першай адносяцца рэгулюемыя дзяржавай грошы, напрыклад тэставаны цяпер у Кітаі лічбавы юань. А вось за другой катэгорыяй няма кантролю з боку банка або ўрада. Сюды адносяцца гульнявая валюта, крыптавалюта і балы лаяльнасці.
Само паняцце «крыптавалюта» расшыфроўваецца як грошы і сродкі плацяжоў у сетцы Інтэрнэт. Калі растлумачыць простай мовай, то гэта электронныя грошы, якія існуюць у віртуальным выглядзе. Іх нельга памацаць. Яны нікому не належаць. У іх няма органа адміністравання. Пры гэтым любую крыптавалюту можна абмяняць на рэальныя грошы з дапамогай спецыяльных абменных сэрвісаў.
— Атрымліваецца, гэта такія віртуальныя грошы, якія можна выкарыстоўваць як уздумаецца?
— Дагэтуль ідуць спрэчкі з дадзенай нагоды, і няма адназначнага адказу. Бо за грашыма ў іх традыцыйным разуменні нешта стаіць. Іх каштоўнасць вызначана загадзя. З крыптавалютай усё па-іншаму: яе каштоўнасць вызначаецца попытам. Калі попыт ёсць, такая валюта даражэе, калі не — таннее.
Некаторыя краіны, як Германія і Японія, прызнаюць крыптавалюту ў якасці плацежнага інструмента, але не лічаць грашыма. Іншыя дзяржавы дазваляюць выплачваць заработную плату біткоінамі. Карэя з мінулага года ўзаконіла крыптагрошы і дазволіла здзяйсняць з імі аперацыі. Таму адзінага меркавання аб статусе крыптавалют пакуль не існуе.
Што ж датычыцца Беларусі, то зусім нядаўна быў прадстаўлены першы легальны сэрвіс па абмене крыптавалют whіtebіrd.іo. Мы ўдзельнічалі ў стварэнні гэтага праекта. Найперш ён прызначаны для звычайных карыстальнікаў, якія жадаюць набыць крыптавалюту, і легальнасць гэтага сэрвісу дае пэўныя гарантыі. Сёння ён разлічаны на грамадзян Расіі і Беларусі, але ў будучыні карыстацца згаданым сэрвісам змогуць краіны СНД, Украіна і Грузія.
На дадзены момант тут можна правесці фінансавыя аперацыі толькі з біткоінамі, але распрацоўшчыкі абяцаюць, што ў хуткім часе будуць уведзены і іншыя віды крыптавалюты. Спачатку карыстальніку неабходна зарэгістравацца ў сістэме. Са зразумелым інтэрфейсам сэрвісу гэта зойме да паўгадзіны. Дадзеная працэдура праводзіцца адзін раз. А далей вы заходзіце ў сістэму пад сваім лагінам і паролем. Купля ці продаж крыптавалюты доўжыцца некалькі хвілін. «Біткі» залічваюцца на ваш асабісты кашалёк, а грашовая сума — на банкаўскую картку Vіsa.
Віды і асаблівасці такіх грошай
— Колькі відаў крыптавалюты існуе?
— На сёння вядома больш за пяць з паловай тысяч відаў крыптавалют. Вядома, запомніць усе іх назвы проста немагчыма. Ды і не трэба. Многія з іх так і застануцца невядомымі, хутка скончыўшы свой кароткі тэрмін жыцця. З самых вядомых адзначу «Біткоін», «Лайткоін», «Дэш», «Эфірыум», «Рыпл» і ZCash.
— Дзе можна адсочваць інфармацыю аб крыптавалюце?
— Існуе тэхналогія «блакчэйн», у якой знаходзіцца база даных крыптавалют у выглядзе ланцужкоў блокаў. Тут можа паглядзець інфармацыю не толькі ўладальнік віртуальных грошай, але і любы ахвотны. Пры гэтым у кожным блоку змяшчаецца інфармацыя аб папярэдніх аперацыях, камісіях, пераводах. Абнаўляецца яна з пэўнай перыядычнасцю для кожнага віду крыптавалют, напрыклад, у «Біткоіна» — праз 10 хвілін, у «Эфірыума» — 15 секунд, у «Лайткоіна» — 2,5 хвіліны.
Новыя блокі ствараюць майнеры. Ад іх работы залежыць існаванне валют і абарона ад узломаў. Сама работа называецца «майнінг». У якасці аплаты майнеры атрымліваюць камісіі за праведзеныя транзакцыі.
— Атрымліваецца, што кожная крыптавалюта мае свой блакчэйн?
— Правільна іх падзяляць на дзве групы: са сваім блакчэйнам і блакчэйнам, які ствараецца іншымі. Першая катэгорыя («Біткоін», «Лайткоін», XRP, EOS і іншыя) мае свае адзінкі — манеты, другая (UNІ, WBTC, AAVE і астатнія) — токены. У любым выпадку яны адносяцца да разраду крыптавалют, якія маюць свае гарантыі бяспекі і папулярнасць на біржах, уключаючы беларускі FREE2EX.
— Столькі назваў і тэрмінаў... Ці не прасцей усё назваць адным словам, каб не блытацца?
— Можна. Але толькі ў штодзённым жыцці. У крыптасуполцы экспертнасць іграе вялікую ролю. Правільнае ўжыванне тэрмінаў падтрымлівае рэпутацыю дасведчанага чалавека, з якім можна супрацоўнічаць. Таму лепш загадзя паглыбіцца ў сутнасць працэсу і падрабязна вывучыць інфармацыю. Да таго ж цяпер яна маецца ў свабодным доступе ў сетцы Інтэрнэт.
Дзе і як можна захоўваць віртуальныя сродкі?
— Сёння існуюць спецыяльныя анлайн-кашалькі ў выглядзе дадаткаў (праграм) для камп'ютараў і тэлефонаў. Прычым для кожнай манеты ён свой. Але існуюць некаторыя мультывалютныя анлайн-крыптакашалькі (COІNPAYMENTS, COІNBASE, MATBEA), якія могуць падтрымліваць некалькі крыптавалют адначасова. Апошняя праграма — «Матбі» — з'яўляецца найбольш папулярнай. Яна падтрымлівае «Лайткоін», «Біткоін», «Дэш» і ZCash. Тут можна не толькі захоўваць манеты, але і выконваць абмен адной крыптавалюты на іншую, прадаваць і купляць іх.
Адзначу, што для ўсіх кашалькоў распрацавана сістэма бяспекі. Таму манеты знаходзяцца пад надзейнай абаронай, выключаюцца ўзломы і крадзяжы. Адрас кожнага кашалька ўнікальны і ніколі не паўтараецца.
Яшчэ адзін са спосабаў захоўвання — «халодны кашалёк». Ён уяўляе сабой прыладу, якая вонкава нагадвае флэшку, што далучаецца да камп'ютара, але не мае доступу да інтэрнэту. Таму такі кашалёк лічыцца самым бяспечным. Кошт такой прылады складае больш за сто долараў.
— Як даведацца адрас свайго крыптакашалька? Або яго можна прыдумаць самастойна?
— Кожная крыптавалюта мае свой афіцыйны сайт. Там жа маецца інфармацыя пра крыптакашалькі і праграмы для запампоўкі і ўстаноўкі. Яна ж прысвойвае індывідуальны адрас. Важна памятаць, што страта доступу да кашалька азначае страту сродкаў на ім. Таму проста неабходна рабіць рэзервовыя копіі ключоў. Інакш можна страціць грошы назаўжды. Добра, калі гэта нязначная сума, а калі гэта ўвесь сямейны бюджэт? Тады застаецца вінаваціць толькі сябе.
Варта быць уважлівымі і пры пераводзе сродкаў. Запаўненне адрасоў уплывае на далейшыя дзеянні. Нават адна памылка прывядзе да незваротных наступстваў: сродкі спішуцца не туды, а вярнуць іх назад будзе немагчыма.
Апошнія гады даказалі, што крыптавалюта можа стаць адным са спосабаў заробку, які хутка развіваецца. На такім росце апошніх гадоў шматлікія кампаніі і трэйдары змаглі зарабіць вялікія грошы. Па прагнозах многіх экспертаў, гэты павышаны трэнд не плануе зніжацца. Таму, калі паглыбіцца ў сутнасць «загадкавых» крыптавалют, ёсць усе шанцы назапасіць цэлае багацце за невялікі тэрмін. Галоўнае — не ўпусціць магчымасць.
— Дзякуй за размову.
Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 20 красавіка 2021
Звязда, 20 красавіка 2021
Кoличество переходов на страницу: 142
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |