https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пра пенсію пажадана думаць у маладыя гады


Пра магчымыя захады рэфармавання пенсійнай сістэмы ў Беларусі карэспандэнт "Звязды" гутарыць з вядомым беларускім эканамістам Л. Ф. Заікам.
______________________________________

— Чамусьці пад рэфармаваннем пенсійнай сістэмы часцей за ўсё маецца на ўвазе павышэнне ўзросту выхаду на заслужаны адпачынак. Здаецца, толькі Беларусь і Расія ўпарта захоўваюць 55-гадовы для жанчын і 60-гадовы для мужчын тэрміны выхаду на пенсію. Адсталі ад сусветнай тэндэнцыі?

— І не першае, і не другое. Павышаць узрост выхаду на пенсію — гэта не самы лепшы шлях рэфармавання пенсійнай сістэмы. У Беларусі і Расіі гэта добра разумеюць. Але відавочна і тое, што на няўхільнае і аб'ектыўнае старэнне насельніцтва як на з'яву трэба адэкватна рэагаваць. У тым ліку і ісці, так бы мовіць, на непапулярныя меры. Таму, відаць па ўсім, павышэння тэрміну выхаду на пенсію ў недалёкай будучыні Беларусі і Расіі, як і многім еўрапейскім краінам, таксама не пазбегнуць. Для гэтага існуюць важкія прычыны. Але галоўная — ніводная дзяржава не ў сілах забяспечыць усіх сваіх грамадзян высокай пенсіяй. Для гэтага неабходна падключыць самога патэнцыйнага пенсіянера, каб ён добраахвотна ўдзельнічаў у фармаванні ўласнай пенсіі. Інакш цана спазнення з рэформай пенсійнай сістэмы можа быць даволі высокай.

— А ці не згушчаеце вы фарбы?

— Я тут ні пры чым. Згодна з прагнозам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2025 годзе кожнаму шостаму жыхару планеты будзе за 60 гадоў. Калі сёння нічога не рабіць, чакаць, што само ўсё неяк нармалізуецца, то неўзабаве пенсійныя сістэмы большасці дзяржаў апынуцца ў глыбокім крызісе. Таму амаль усюды прапаноўваецца ў асноўным адно і тое ж — павысіць узроставую планку выхаду на пенсію. Лічыцца, што гэта дазволіць скараціць колькасць пенсіянераў і зэканоміць шмат фінансавых сродкаў.

— Якія псіхалагічныя стэрэатыпы наконт пенсійнага забеспячэння склаліся ў свядомасці нашых суайчыннікаў старога ды і сярэдняга ўзросту?

— За савецкія ды і постсавецкія гады нашы людзі прызвычаіліся да таго, што ўсе клопаты аб пенсійным забеспячэнні бярэ на сабе дзяржава. Чалавеку трэба было толькі сумленна выпрацаваць пенсійны стаж, сабраць усе неабходныя даведкі, паперы і аднесці іх у райсабес. А потым чакаць, якую дапамогу на старасць пад назвай пенсія ім прызначыць дзяржава. Мушу заўважыць, што такі падыход сябе паступова зжывае. Увогуле, пра пенсію, дакладней, пра тыя сродкі, на якія прыйдзецца потым жыць усе тыя гады, якія нам будуць адпушчаны звыш, усім нам трэба самім думаць загадзя. Пажадана ў маладыя гады і абавязкова ў сярэднім узросце.

— Цікава, чаму?

— Сёння пенсію людзям старога ўзросту (у нас недзе 2 600 000 пенсіянераў) зарабляюць тыя, хто цяпер працуе — прыкладна чатыры з паловай мільёна чалавек. Частка іх заробку ідзе на пенсійныя выплаты. Старых людзей у Беларусі, як вядома, становіцца ўсё больш, а з-за гэтага, падкрэслю, з кожным годам узрастае нагрузка на працуючых. Яе ціск становіцца ўсё больш адчувальным. Таму ў Беларусі шукаюць выйсце з гэтай складанай сітуацыі. Нядаўна былі агучаны прапановы па адтэрміноўцы выхаду на пенсію на пяць гадоў з наступным яе істотным павышэннем. Я думаю, што мы станем сведкамі ўкаранення і іншых новых формаў і метадаў работы з пенсіянерамі.

Дарэчы, рэфармаваннем сістэмы пенсійнага забеспячэння заклапочаны ў розных еўрапейскіх краінах, у тым ліку і індустрыяльна развітых. У некаторых ужо на абмеркаванне грамадскасці і парламентаў выносяцца прапановы аб павышэнні пенсійнага ўзросту да 65-67, а дзе-нідзе аж да 70 гадоў! Праўда, такія падыходы ў гэтых краінах сустракаюць пратэстамі і масавымі маніфестацыямі. Не хочуць людзі так доўга працаваць да пенсіі.

— І мне здаецца, што яны маюць рацыю. Калі ж тады жыць? Сапраўды, хочацца і не працаваць да скону, і атрымліваць добрую пенсію, каб не эканоміць на ўсім, не лічыць капейкі. Наколькі рэальна знайсці такую пенсійную схему, якая б задавальняла і чалавека, і дзяржаву?

— Ёсць такая пенсійная сістэма, ці, як вы сказалі, схема — назапашвальная. Яна атрымлівае ўсё большае пашырэнне ў свеце. Яе сутнасць даволі простая. На працягу працоўнага жыцця чалавек адкладвае пэўную частку свайго заробку на спецыяльны рахунак у пенсійным фондзе ці ў нейкай іншай фінансавай установе — на яго выбар. Такую пенсію можна параўнаць з дэпазітам у банку з той розніцай, што дэпазіт дзейнічае пэўны і непрацяглы перыяд, а назапашвальная пенсія — да канца жыцця. Прынцыповае яе адрозненне ад звычайнай пенсіі ў тым, што назапашаныя чалавекам сродкі на ўласным пенсійным рахунку ў выпадку яго смерці не знікаюць, а перадаюцца ў распараджэнне яго сям'і, нашчадкам. Гэта таксама моцны стымул для пераходу на такую пенсійную сістэму. А вось пры існуючай пенсійнай сістэме вашы адлічэнні на пенсію нікому з тых, каму б вы хацелі іх пакінуць, не пяройдуць.

— Калі такая цудоўная назапашвальная сістэма, то чаго яе не спяшаюцца ўкараняць у нас і іншых былых савецкіх рэспубліках?

— Па-першае, пераходны перыяд ад адной сістэмы да другой, у тым ліку і пенсійнай, аб'ектыўна заўсёды складаны, няпросты. Патрэбен час на яе, так бы мовіць, масавае асэнсаванне і ўкараненне. Па-другое, беларусы ў сваёй большасці яшчэ не набылі звычку ашчаджаць грошы. Яны па-ранейшаму не хочуць адкладваць частку заробку на будучыню. Сярэднестатыстычны працуючы грамадзянін Беларусі ашчаджае не больш за 10% ад сваіх даходаў. Пры такой нізкай норме зберажэнняў даволі істотна тармозіцца і эканамічнае развіццё краіны.

Прычын тут некалькі. На працягу мінулага стагоддзя ды і ў пачатку гэтага грошы неаднойчы абясцэньваліся, у тым ліку і вядучыя еўрапейскія валюты, і амерыканскія долары. Невядома, што чакае еўра, расійскі рубель. Таму для многіх нашых суайчыннікаў уяўляецца рызыкоўнай справай збіраць грошы доўгі перыяд, больш выгадна ўкласці іх у нерухомасць, набыць новую машыну, шыкоўна адпачыць за мяжой. Акрамя гэтага, у маладыя гады неяк не вельмі думаецца пра пенсію, больш пра забавы, прыгоды, кар'еру. А час хутка ляціць. Пасля пяцідзесяці звычайна многія пачынаюць задумвацца аб набліжэнні старасці, аб тым, на што давядзецца жыць у сталым узросце. Асабліва тыя, хто зарплату атрымліваў у канвертах, шабашнічаў ці доўгі час працаваў за мяжой і нічога не ўносіў у пенсійны фонд. Па-трэцяе, мала пакуль пераканаўчых станоўчых жыццёвых прыкладаў выкарыстання назапашвальнай пенсіі сярод сваякоў, знаёмых, калег. Але відавочна і тое, што пенсійная рэформа наспела і ўхіляцца ад гэтага няма сэнсу.

— Добра, Леанід Фёдаравіч. Скажам, вы пераканалі мяне ў карысці назапашвальнай пенсіі. Дзе і як зберагаць грошы?

— Для гэтага павінна з'явіцца сетка надзейных сучасных фінансавых інстытутаў ашчаджання, якім можна даверыць грашовыя сродкі. Я маю на ўвазе пенсійныя прыватныя фонды, інвестыцыйныя, страхавыя, фінансавыя кампаніі і г. д. Яны, думаю, з часам будуць актыўна працаваць на тэрыторыі нашай краіны. І кожны яе жыхар зможа сам знайсці больш выгаднае месца трымання сваіх пенсійных зберажэнняў. Свабода выбару павінна быць заўсёды за чалавекам.

— Існуе альтэрнатыва пенсійным прыватным фондам?

— Так, у пэўным сэнсе. Пакуль мы разважаем на гэту тэму, усё больш прагматычных людзей ствараюць уласныя пенсійныя фонды ці, дакладней, фонды сацыяльнай падтрымкі. Напрыклад, пабудаваў у сталіцы ці абласным цэнтры дадатковую двух-трохпакаёвую кватэру, і можна здаваць яе за 200-300 долараў, а то і за большую суму. Яшчэ больш выгадна здаваць катэдж пад офіс багатай камерцыйнай структуры ці прадстаўніцтву замежнай кампаніі. Аднак гэты шлях не для ўсіх.

— А як Расія, наш бліжэйшы саюзнік і партнёр, мяркуе рэфармаваць пенсійную сістэму?

— Там таксама ідзе актыўны пошук, гучаць розныя прапановы. Адна з іх — пераход на трохузроўневую сістэму. Яе аўтары пастараліся ўлічыць досвед развітых краін свету. Плануецца выплачваць тры віды пенсіі: абавязковую дзяржаўную, карпаратыўную і добраахвотную назапашвальную. Абавязковая будзе фарміравацца за лік унёскаў, стаўку якіх прапануецца пакінуць на цяперашнім узроўні. Карпаратыўную пенсію мяркуецца прызначаць работнікам асобных арганізацый або галін — за кошт дадатковых плацяжоў працадаўцаў і працаўнікоў. Безумоўна, яна будзе значна вышэйшай за дзяржаўную пенсію. Тут шмат што будзе залежаць ад фінансавага стану працадаўцы, скажам, у нафтаздабыўнай кампаніі магчымасці больш шырокія, чым у звычайнай установы. А назапашвальную пенсію ўжо фарміруюць самі працоўныя на добраахвотнай аснове: у недзяржаўных пенсійных фондах, страхавых кампаніях або крэдытных арганізацыях. Яна павінна быць прыватнай, але дзяржава можа стымуляваць назапашванні шляхам праграм суфінансавання і прадастаўлення падатковых ільгот. У выніку ў чалавека за 30 гадоў ёсць шанцы забяспечыць сябе пенсіяй у памеры прыкладна 70-80% ад былога заробку.

— У кожнага свой лёс. Але як быць чалавеку, у якога за плячыма значны тэрмін турэмнага зняволення, грахі маладосці і розныя жыццёвыя памылкі, якія не дазволілі назапасіць нават у дзяржаўным фондзе неабходныя сродкі на старасць?

— На жаль, легкадумнае стаўленне да сваёй будучыні не рэдкасць у нашым грамадстве. Старасць падкралася, працаваць ужо няма сіл, а за душой у небаракі нічога няма. Вось такім безадказным асобам трэба з бюджэту выплачваць "народную" пенсію, каб хапала на самае неабходнае. Мы ж людзі і не павінны пакідаць свайго суграмадзяніна без аніякіх сродкаў на існаванне. Добра, што сур'ёзныя людзі пераважаюць у грамадстве.

Гутарыў Леанід Лахманенка
Звязда, 12 мая 2012


 

Кoличество переходов на страницу: 995


Комментарии