https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Буры вугаль і вада з-пад капяжа. Што чакае палякаў?


Гадавая інфляцыя ў Польшчы ў кастрычніку склала рэкордныя 17,9 працэнта, паведаміў інфармацыйны партал польскага радыё RMF 24.

Гэта максімальны паказчык за апошнія чвэрць стагоддзя. Раней польскія ўлады заяўлялі, што пік інфляцыі прыйдзецца на жнівень, пасля чаго цэны пачнуць зніжацца. Аднак такія разлікі не спраўдзіліся. Інфляцыя паскараецца — у верасні яна складала 17,2 працэнта. У кастрычніку ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года цэны на прадукты харчавання і безалкагольныя напіткі ўзраслі на 21,9 працэнта, энерганосьбіты падаражэлі на 41,7 працэнта, аўтамабільнае паліва — на 19,5 працэнта. Калі параўноўваць цэны ў верасні і кастрычніку, то кошт харчовых тавараў павялічыўся за месяц на 2,7 працэнта, энерганосьбітаў — на 2 працэнты, паліва — на 4,1 працэнта.

Адносная беднасць закранула прыкладна 4,6 мільёна палякаў, паведаміў польскі партал Gazeta Pravna. Мяркуючы па ўсім, у выніку дзеянняў польскіх уладаў гэты жудасны паказчык працягне павялічвацца надалей. Што ж чакае палякаў?

Піка інфляцыі не відаць

Па словах галоўнага эканаміста Bank Pocztowy Монікі Куртэк, пакуль не варта чакаць, што цэны на спажывецкія тавары знізяцца.

«Прадукты харчавання ды іншыя тавары і паслугі прадоўжаць даражэць», — прагназуе эканаміст. На ўзровень інфляцыі, на думку Куртэк, будзе ўплываць рост цэн на ўгнаенні, электраэнергію, паліва. Пры гэтым яна лічыць, што піка інфляцыі ў Польшчы можна чакаць не раней за люты наступнага года. Між тым эксперты прагназуюць, што двухзначныя паказчыкі інфляцыі будуць фіксавацца ўвесь наступны год.

У штогадовай справаздачы «Назіранне за беднасцю», праведзенай EAPN Poland — Еўрапейскай сеткай па барацьбе з беднасцю, прагнозы для Польшчы вельмі песімістычныя. Інфляцыйныя чаканні спажыўцоў і бізнесу растуць. І больш за ўсё церпяць сацыяльна неабароненыя пласты насельніцтва. Беднасць у Польшчы мае твар пажылога чалавека і інваліда, заявілі ў камітэце Еўрапейскай сеткі па барацьбе з беднасцю.

У Польшчы адзначаюць пашырэнне новага класа бедных, паведаміла Gazeta Wyborcza. Гаворка ідзе аб грамадзянах, у якіх ёсць работа, але ў іх няма грошай на базавыя патрэбы (жыллё, ежу, лекі, тавары для дзяцей і іншае). Выданне прыводзіць у прыклад гісторыю Тэрэзы, жанчыны, якая адна выхоўвае двух дзяцей. Для яе склалася парадаксальная сітуацыя: яна занадта «багатая» для муніцыпальнага жылля і занадта бедная для арэнды. У выніку яна вымушана была заняць пустую кватэру. Муніцыпальнага жылля ў краіне не хапае, умовы яго атрымання вельмі жорсткія. Тым часам працэнты на іпатэку ў Польшчы многім не па кішэні.

Рэкамендацыі па выжыванні

Рэкордная інфляцыя, пагаршэнне ўмоў жыцця і, самае галоўнае, неверагодны рост цэн на энергарэсурсы штурхаюць польскія ўлады не на пошук выратавальных рашэнняў, а на... складанне рэкамендацый па выжыванні. Людзям на поўным сур'ёзе рэкамендуюць у выпадку недахопу сродкаў на аплату водазабеспячэння збіраць дажджавую ваду або «разаграваць» снег.

«Тыя, хто вельмі пастараецца, могуць назапасіць лішкі вільгаці, каб пасля іх прадаць і на гэтым нават зарабіць», — прыводзіць адно з польскіх выданняў словы мясцовага кіраўніка горада.

Іншым улады рэкамендуюць у мэтах эканоміі не запускаць радыятары ў дамах, каб пазбегнуць звышлімітавых сум на квітанцыях. «Лепш інвеставаць свае час і сілы ў вязанне шарсцяных світараў і шкарпэтак», — піша іншае выданне. А каб цяпло не выходзіла з дому, жыхарам Польшчы раяць менш хадзіць па вуліцах, рэстаранах і крамах, а больш сядзець дома і «надыхваць» цяпло. Або хадзіць сем'ямі ў госці адзін да аднаго па чарзе, каб дыхаць «гуртам» і такім вось чынам рабіць жыллё цяплейшым.

«Цэны ў крамах павышаюцца ледзь не штодня, працэнтныя стаўкі звар'яцелі, паліва, верагодна, ніколі не было такім дарагім, кошт электраэнергіі і газу расце, як і інфляцыя», — заявіў адзін з найбуйнейшых польскіх вэб-парталаў Оnet. Выданне прыводзіць пяць простых спосабаў, як захаваць грошы. У халады раяць памяншаць тэмпературу ў памяшканні, хадзіць у шарсцяных тэпцях і світары.

«Няхай шпацыр па хаце ў футболцы будзе зарэзерваваны для цёплых месяцаў года», — дадае выданне. Таксама прапануецца купляць прадукты адзін раз у тыдзень дзеля эканоміі, не праходзіць міма прадуктаў, у якіх заканчваецца тэрмін прыдатнасці, паколькі яны прадаюцца па больш нізкіх цэнах. Варта часцей наведваць сэканд-хэнды. Таксама палякам рэкамендуюць часцей пакідаць грошы і плацежную картку дома.

Паліва ці зброя?

Найстарэйшы ўніверсітэт Польшчы — Ягелонскі ў Кракаве — перавёў заняткі ў анлайн. Прычына — рэзкі рост цэн на электраэнергію. Ягелонскі ўніверсітэт сутыкнецца з 700-працэнтным павелічэннем затрат на электраэнергію ў 2023 годзе — пасля заканчэння тэрміну дзеяння яго бягучага кантракта з дзяржаўным пастаўшчыком. Аб гэтым заявіў рэктар Яцэк Попель, паведаміла еаdaіly.com. Паводле яго даных, налета кіраўніцтву польскай ВНУ давядзецца заплаціць 182 млн злотых у параўнанні з цяперашнімі 27 млн злотых.

«Такія выдаткі ўпершыню з моманту стварэння ўніверсітэта паставяць пад пытанне яго функцыянаванне (грамата аб заснаванні ўніверсітэта ў Кракаве была выдадзена 12 мая 1364 года польскім каралём Казімірам ІІІ. — еаdaіly)», — заявіў рэктар. Раней Нацыянальная акадэмія драматычнага мастацтва ў Варшаве ўжо аб'явіла, што з-за высокіх затрат на электраэнергію ўсе практычныя заняткі будуць праходзіць да Каляд, а ў студзені і лютым 2023 года будуць праводзіцца толькі тэарэтычныя анлайн-заняткі.

Палякі масава кінуліся скупляць небяспечны для здароўя буры вугаль для абагравання дамоў напярэдадні халадоў. Як піша выданне money.pl, за дзесяць дзён з пачатку продажаў закантрактавана 7,5 тоны адпаведнага паліва. Аглядальнік партала Катажына Бартман удакладніла: улады «сцвярджаюць, што раней яго куплялі самыя бедныя, а цяпер скупляюць усе, хто можа». Калі прымяніць гэты вугаль у новых печах, верагодныя аварыі, піша аглядальнік money.pl. Па словах эксперта па энергетычнай бяспецы Фонду Пуласкі Пшэмыслава Залескага, урад дазваляе купляць паліва «ўсімі магчымымі шляхамі», паколькі асцерагаецца крызісу ў грамадстве. У кантэксце дастаўкі каменнага вугалю з узбярэжжаў прасцей дазволіць грамадзянам выкарыстоўваць для ацяплення больш даступны буры вугаль. Між іншым, яго якасць не адпавядае экалагічным нормам — ён змяшчае паўтара працэнта серы, што перавышае мяжу нормы. Апроч негатыўнага ўплыву на сістэму ацяплення, гэта таксама шкодзіць здароўю людзей.

Высветлілася, што вугаль, які Варшава закупляе ў Аўстраліі, не гарыць. Да такой высновы прыйшла польская тэлекампанія TVN24, правёўшы эксперымент у жывым эфіры. Тэлежурналісты вяшчалі з дому польскага садоўніка Багдана Труса, які жыве ў вёсцы Хшыпск-Велькі ў Вялікапольскім ваяводстве. Фермер закупіў аўстралійскі вугаль для абагравання цяпліц з цюльпанамі. Прадпрымальнік паспрабаваў распаліць вугаль газавай гарэлкай перад камерай TVN24. Не выйшла. Эксперымент паказаў, што нагрэтая сыравіна згасае ўжо праз некалькі секундаў пасля таго, як яе дасталі з полымя.

«Я аддаў аўстралійскі вугаль сваім работнікам для ацяплення кватэр. Але праз два дні прыйшоў работнік з крыкам: «Гаспадар, гэты вугаль не гарыць ні ў адной з печаў!» — расказаў Трус. Фермер прызнаецца, што, займаючыся садоўніцтвам 25 гадоў, упершыню бачыць, каб набыты вугаль не гарэў. Раней паведамлялася аб тым, што расійскі вугаль Польшча памяняла на паліва з ПАР, Аўстраліі і Калумбіі. Аднак яго якасць не адпавядае стандартам. Па даных Rzeczpospolіta, калі цеплатворнасць імпартуемага вугалю нізкая, то і запасы яго могуць скончыцца хутчэй, чым чакалася.

Відавочна, што прыярытэты афіцыйнай Варшавы далёкія ад жыццёва неабходных патрэб простых палякаў. Як заявіў міністр абароны Марыюш Блашчак, выступаючы ў Сейме, Польшча імкнецца да пашырэння ваеннай інфраструктуры і аб'ектаў для войска ЗША, паведаміў ТАСС. Міністр нагадаў, што апошнім часам Варшава актыўна закупляе ваенную тэхніку і зброю, а таксама паступова павялічвае колькасць сваёй арміі, якая перавышае ўжо 150 тысяч чалавек. Польскі ўрад вырашыў інвеставаць у пашырэнне часцей на ўсходзе краіны: на тэрыторыі 18-й механізаванай дывізіі з'явяцца новыя гаражы і будынкі казармаў, таксама будуць пабудаваны аэрадромы для самалётаў F-35 і палігоны для артылерыі HІMARS.

Паранаідальна-правакацыйная палітыка

Ва ўмовах выклікаў, што сёння стаяць перад Еўропай і ўсім светам, відавочныя перавагі беларускай мадэлі дзяржавы. Такое меркаванне ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» выказаў польскі палітык Кшыштаф Талвінскі.

«Мы хочам і палякам, і жыхарам Беларусі паказаць, што палякі таксама маюць уласную палітычную думку. Што ёсць палякі, якія хочуць нармальнага, добрасуседскага супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь, — адзначыў ён. — Я гэта называю паранаідальна-правакацыйнай палітыкай, якую праводзіць польскі ўрад у адносінах да Беларусі і Расіі».

Па словах Кшыштафа Талвінскага, яго вельмі цікавіць сельскагаспадарчая палітыка Беларусі. «Мяне цікавіць гэтая мадэль земляробства. Не хаваю, што некалькі гадоў таму я крыху турбаваўся, ці атрымаецца наогул у вас нешта, ці справіцеся вы з такой спецыфічнай мадэллю ва ўсёй Еўропе, ці будзе ад яе эфект і ці зможаце вы ёю скарыстацца, — падзяліўся палітык. — Вось скончыўся гэты тэст, гэты пробны перыяд. І аказалася, мадэль, выбраная беларускай дзяржавай у галіне сельскай гаспадаркі, — найбольш устойлівая да тых выклікаў, якія ў нас ёсць цяпер. У вас ёсць сыравіна, яе перапрацоўка, якая знаходзіцца ў руках беларускай дзяржавы, і гандаль, на які таксама маеце свой уплыў. Атрымліваецца зусім іншая сітуацыя, чым у нас. Вы з гэтым спраўляецеся, асабліва цяпер, калі вы змагаецеся са спекуляцыйнымі цэнамі».

Як заўважыў палітык, Польшча свой гандаль аддала. «А гандаль у рыначных адносінах вырашае ўсё. Твая прадукцыя не мае значэння, бо калі ў маіх руках гандаль, то я вырашаю, дзе, калі, колькі і што ты павінен вырабляць. Калі ты аддаеш гандаль — аддавай і незалежнасць. Усе гэтыя аспекты, якія я назваў, — атрыбуты незалежнасці, якія мы, палякі, ужо аддалі: мадэль сельскай гаспадаркі, перапрацоўкі і гандлю, — заўважыў Кшыштаф Талвінскі. — І вось цяпер, ва ўмовах такіх выклікаў перад усёй Еўропай, перад усім светам, відавочная перавага вашай мадэлі. І мы таксама так хочам».

Аўтар: Пётр Дунько
Звязда, 2 лістапада 2022


 

Кoличество переходов на страницу: 332