Прыродныя ўмовы ў нашай краіне спрыяюць назапашванню і аднаўленню значных рэсурсаў падземных вод. Як адзначыла намеснік дырэктара па навуцы філіяла «Інстытут геалогіі» РУП «Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі» Вольга Васнёва, аб’ём здабычы прэсных падземных вод у 2022 годзе склаў 1,28 мільёна кубаметраў у суткі.
Ступень выкарыстання разведаных эксплуатацыйных запасаў падземных вод у цэлым па Беларусі складае 22,5 %. Іншымі словамі, падземныя воды выкарыстоўваюцца ў тым аб’ёме, які неабходны для эканамічнага і сацыяльнага развіцця ўсіх галін гаспадарання, якія існуюць у нашай краіне. «Найбольш забяспечаныя воднымі рэсурсамі Віцебская і Гродзенская вобласці, крыху менш — Гомельская і Брэсцкая», — адзначыла Вольга Васнёва.
Што датычыцца мінеральных вод, то іх балансавыя запасы па стане на 1 студзеня 2023 года ацэнены на 246 водазаборах і радовішчах. Больш за ўсё іх здабываецца ў Гомельскай вобласці, менш за ўсё — у Віцебскай. Для захавання такога каштоўнага рэсурснага патэнцыялу, як падземныя воды, на тэрыторыі краіны на працягу ўжо 30 гадоў праводзіцца іх маніторынг. Адпаведны інфармацыйна-аналітычны цэнтр знаходзіцца на базе НПЦ па геалогіі, дзе размяшчаецца база даных «Падземныя воды Беларусі». Тут і назапашваецца ўся інфармацыя аб рэсурсным патэнцыяле прэсных і падземных вод.
Прэсная і мінеральная
Па словах Вольгі Васнёвай, падземныя воды ў Беларусі па аб’ёмах штогадовага выкарыстання шматразова пераўзыходзяць масу ўсіх разам узятых іншых прыродных рэсурсаў, якія здабываюца з нетраў. Прыродныя ўмовы Беларусі — геамарфалогія, геалогія і клімат — спрыяюць назапашванню і аднаўленню значных рэсурсаў. Гэтаму спрыяюць і паўсюднае распаўсюджванне магутнай тоўшчы ападкавых водазмяшчальных адкладанняў, вільготны клімат, спрыяльныя ўмовы інфільтрацыі атмасферных ападкаў, гідраўлічная ўзаемасувязь паверхневых і падземных вод.
Цэнтралізаванае водазабеспячэнне гарадоў, пасёлкаў гарадскога тыпу і сельскіх населеных пунктаў у краіне грунтуецца ў асноўным на выкарыстанні прэсных падземных вод. Наша краіна валодае досыць вялікімі запасамі. У Беларусі разведана і эксплуатуецца 13 ваданосных гарызонтаў і комплексаў. З гідрадынамічнага пункту гледжання гэта безнапорныя, або грунтавыя, а таксама напорныя падземныя воды. З гідрахімічнага — прэсная падземная вада, гэта мінералізацыя менш 1 грама на кубічны дэцыметр (КД) і мінеральная з мінералізацыяй ад аднаго да 35 грамаў на КД. Натуральныя рэсурсы прэсных падземных вод у цэлым па краіне вызначаны ў 43,6 мільёна кубічных метраў у суткі. «Прагнозна-эксплуатацыйныя рэсурсы прэсных падземных вод ацэньваюцца ў 49,6 мільёна кубічных метраў у суткі. З гэтых лічбаў можна зрабіць выснову, што наша краіна валодае досыць вялікай колькасцю прэсных падземных вод», — падкрэсліла намесніца дырэктара.
Паводле яе слоў, дзяржаўным балансам запасаў прэсных падземных вод на 1 студзеня 2023 года ўлічана 1322 водазаборы радовішчаў, уключаючы групавыя водазаборы, ведамасныя і адзінкавыя свідравіны. Тут балансавыя запасы прэсных падземных вод па суме катэгорый А + В + С1 складаюць каля 6,3 мільёна кубічных метраў у суткі, у тым ліку па катэгорыях А + В — 5,7 мільёна кубічных метраў у суткі.
Мінск будзе забяспечвацца з падземны крыніц?
Як заявіў начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Дзмітрый
Гайдук, асноўным мэтавым паказчыкам эфектыўнасці рэалізацыі дзяржпраграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», якая рэалізуецца ў бягучай пяцігодцы, з’яўляецца забяспечанасць спажыўцоў водазабеспячэннем пітной якасці. «Да канца 2025 года мы павінны давесці гэты паказчык да 100%, а па выніках 2023 года ён складае 98,1%. Штогод ажыццяўляецца павышэнне ўзроўню забяспечанасці насельніцтва цэнтралізаванымі сістэмамі водазабеспячэння і водаадвядзення, што таксама ўплывае на якасць вады. Гэты паказчык за 2023 год у нас знаходзіцца на ўзроўні 92,3%».
Паводле яго слоў, у рамках дзяржпраграмы таксама выконваецца будаўніцтва станцый абезжалезвання. «За 8 гадоў пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 1225 станцый абезжалезвання. У гэтай пяцігодцы плануем увесці парадку 800 станцый. Адставанняў па графіку не назіраецца, але ёсць невялікае пытанне з Магілёўскай вобласцю, паколькі там аб’ём неабходных да выканання работ значны», — падкрэсліў начальнік упраўлення.
Таксама праводзяцца работы па перападключэнні населеных пунктаў, у 2023 годзе работы правялі ў 17. Калі якасць вады ў населеных пунктах усё ж пагаршаецца, то праводзіцца будаўніцтва водазаборных свідравін. На 2025 год запланавана забеспячэнне спажыўцоў Мінска пітной вадой з падземных крыніц. На сёння гэты паказчык складае 65,6%, а да канца 2025 года павінны выйсці на 100%. На дадзены момант архітэктурны праект атрымаў станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і дзяржбудэкспертызы. Ужо часткова праведзены водаправоды, устаноўлены вадаводы, выконваюцца і іншыя работы.
Неад’емнай часткай водазабеспячэння з’яўляецца водаадвядзенне. Гэта адно з найважнейшых пытанняў, паколькі сцёкавыя вады сапраўды ўплываюць на навакольнае асяроддзе. «У цэлым у нас на пяцігодку запланавана рэалізацыя 70 рэканструкцый такіх аб’ектаў. Цяпер уведзена ў эксплуатацыю 32», — звярнуў увагу начальнік упраўлення.
Водны стрэс не перавышае 5 працэнтаў
Як расказала начальнік аддзела паверхневых вод РУП «Цэнтральны навукова-даследчы інстытут комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў» Алена Громадская, скідванне сцёкавых вод у навакольнае асяроддзе ў мінулым годзе нязначна павялічылася. Спецыяліст адзначыла, што больш за 80% з іх складае скідванне ў паверхневыя водныя аб’екты. Гэты паказчык імкнецца да нуля шляхам будаўніцтва новых і мадэрнізацыі дзйных ачышчальных збудаванняў, а таксама ўкаранення новых даступных тэхнічных метадаў. Акрамя таго, удасканальваецца сістэма збірання экалагічнага падатку, калі забруджвальнік плаціць не за аб’ём сцёкавых вод, а за ўтрыманне ў іх забруджвальных рэчываў.
На аснове даных водакарыстання ў рамках мэт устойлівага развіцця Беларусі распрацавана і зацверджана методыка, па якой ацэньваецца такі паказчык выкарыстання паверхневых вод, як водны стрэс. «Гэты паказчык дазваляе ацаніць інтэнсіўнасць выкарыстання запасаў прэснай вады. Разлік гэтага паказчыка штогод ажыццяўляецца Мінпрыроды на аснове даных дзяржаўнага воднага кадастру, згодна з якімі за перыяд 2012–2022 гадоў паказчык воднага стрэсу для водных аб’ектаў паўднёвай часткі Беларусі — Беларускага Палесся і басейнаў рэк Прыпяць, Заходні Буг — найбольшы ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі, але не перавышае 5%», — дадала начальнік аддзела.
Яна адзначыла, што з улікам задачы па захаванні водных рэсурсаў краіны ў прыродным, натуральным стане, а таксама прадухіленні іх забруджвання і знясілення на дзяржаўным узроўні вызначаны асноўныя кірункі, якія патрабуюць асаблівай увагі з улікам нарастальнай антрапагеннай нагрузкі. Такім чынам, адбываецца пільны адбор кірункаў навуковых даследаванняў і, як вынік, — прыняцце новых або карэктоўка дзейных нарматыўных прававых актаў.
Антрапагенны ўплыў пад кантролем
Як адзначыла вядучы інжынер службы экалагічнай інфармацыі Белгідрамета Паліна Пальчэх, асноўнымі задачамі маніторынгу паверхневых вод з’яўляюцца правядзенне рэгулярных назіранняў, ацэнка і прагноз якасці вады.
Маніторынг паверхневых вод на тэрыторыі краіны праводзіцца на пунктах назіранняў дзяржаўнай сеткі назіранняў за станам паверхневых вод у басейнах рэк Заходняя Дзвіна, Нёман, Заходні Буг, Днепр і Прыпяць.
Арганізоўваюцца пункты назіранняў у месцах размяшчэння прамысловых цэнтраў, населеных пунктаў і асобных буйных прамысловых і сельскагаспадарчых аб’ектаў. А таксама ў зонах, найбольш важных у рыбагаспадарчым, рэкрэацыйным і прыродаахоўным дачыненні, у тым ліку на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях, у раёне дзяржаўнай мяжы нашай краіны і на фонавых участках вадацёкаў.
Адным з асноўных прынцыпаў аховы і выкарыстання вод вызначана паляпшэнне экалагічнага стану паверхневых водных аб’ектаў і іх частак. Вынікі назіранняў за мінулы год сведчаць, што ў асноўным стан паверхневых вод характарызуецца як добры.
Інфармацыя аб прысвоеным класе экалагічнага стану (статусу) павярхоўным водным аб'ектам адлюстроўваецца ў дзяржаўным водным кадастры і размяшчаецца на афіцыйным сайце Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Назапашаныя даных дазваляюць прасачыць дынаміку змены забруджвальных рэчываў у вадзе. Многія гады асноўнымі кампанентамі, якія вызначалі якасць паверхневых вод краіны, застаюцца біягенныя рэчывы (гэта амоній-іён, нітрыт-іён, фасфат-іён і фосфар агульны), радзей фіксуюцца залішнія канцэнтрацыі па арганічным рэчывам і металах. Аналіз шматгадовых даных сведчыць аб тым, што да антрапагеннага ўплыву ў найбольшай ступені схільныя водныя аб’екты ў басейнах рэк Заходні Буг, Днепр і Прыпяць.
Для паляпшэння стану паверхневых водных абектаў і зніжэння ўтрымання забруджвальных рэчываў распрацоўваюцца праграмы і мерапрыемствы па іх ахове, у тым ліку планы кіравання рачнымі басейнамі. Як адзначыла Паліна Пальчэх, сістэма маніторынгу паверхневых вод дазваляе своечасова выяўляць і прадухіляць негатыўныя працэсы і іх наступствы, а таксама вызначаць эфектыўнасць мерапрыемстваў, якія накіраваны на рацыянальнае выкарыстанне і ахову паверхневых вод.
Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 31 сакавіка 2024
Звязда, 31 сакавіка 2024
Кoличество переходов на страницу: 207
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |