Пасланне, з якім Прэзідэнт штогод звяртаецца да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, кожны раз становіцца значнай падзеяй у жыцці краіны і грамадства, таму што ў ім кіраўнік дзяржавы расстаўляе прыярытэты бягучага моманту, абазначае праблемы, якія патрабуюць рашэння, ставіць задачы на найбліжэйшы час.
На пачатку свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка канкрэтызаваў, што размова будзе аб мэтах самай блізкай перспектывы і канкрэтных задачах на гэты год. Пра доўгатэрміновую праграму стратэгіі развіцця краіны размова пойдзе на маючым адбыцца пятым Усебеларускім народным сходзе. Але менавіта гэтаму году надаецца асаблівае значэнне, бо з яго пачынаецца новы пяцігадовы этап развіцця. Ён павінен стаць пераломным у пераадоленні негатыўных тэндэнцый у эканамічнай сферы, падкрэсліў Прэзідэнт. І менавіта гэтай тэме была прысвечана асноўная частка сёлетняга Паслання. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што 2016 год стане сур'ёзным экзаменам для ўсіх галін улады і кіраўніцкіх структур, ён пакажа, хто на што здольны ў пераадоленні цяжкасцяў.
Сярод іншых асаблівасцяў года Прэзідэнт назваў правядзенне важнага палітычнага мерапрыемства — парламенцкіх выбараў. «Важнасць гэтай палітычнай кампаніі для краіны несумненная. Яна будзе экзаменам палітычнай культуры нашага грамадства», — сказаў Прэзідэнт.
_________________________________________
Як знізіць затраты на прадпрыемствах?
«Усе рашэнні, якія датычацца эканомікі, сёлета канкрэтызаваны і прыняты. Іх проста трэба рэалізаваць. Прамым указаннем да дзеяння з'яўляецца Указ ад 23 лютага 2016 года №78. У ім вызначаны асноўныя напрамкі работы, вельмі дакладна распісана кожнаму, што і як рабіць. Спынюся на галоўным — на фактарах росту і рэзервах, якія могуць забяспечыць устойлівае развіццё», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, першым з іх з'яўляецца зніжэнне ўсіх відаў затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. «Гэта стратэгічны напрамак павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі. Ён датычыцца кожнага рабочага месца, тэхналагічнага ўчастка, завода, сельгаспрадпрыемства, рэгіёна і галіны. Хачу асабліва падкрэсліць, што перад дзяржаўнымі органамі пастаўлена задача забяспечыць зніжэнне сабекошту не менш як на 25 працэнтаў. І яна павінна быць выканана», — адзначыў ён.
Прэзідэнт растлумачыў, што ў першую чаргу стаўку трэба рабіць на ўкараненне эфектыўных метадаў кіравання, выкарыстанне сучасных стандартаў якасці і тэхналагічных рэгламентаў. «Тут прамое даручэнне міністрам — значную долю зніжэння затрат трэба забяспечыць менавіта за кошт гэтых фактараў. Яшчэ раз прапрацуйце пытанне аб скарачэнні невытворчых расходаў, адмоўцеся ад тых капітальных укладанняў, якія ў найбліжэйшы час не дадуць аддачы», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Істотным фактарам зніжэння сабекошту прадукцыі з'яўляецца адмова прадпрыемстваў і арганізацый ад нядобрасумленных пасярэднікаў, якія выкарыстоўваюць шэрыя схемы для накруткі цэн на сваю карысць пры пастаўках сыравіны, запчастак або камплектуючых дэталяў, асабліва з-за межаў краіны. «І я папрасіў бы адказных асоб ва ўрадзе, міністэрствах, кіраўнікоў, калі я гавару пра пасярэднікаў — не чакайце дадатковых указанняў і законапраектаў. Вы ведаеце, што такое пасярэдніцтва, дзе і як можна яго пазбегнуць», — заявіў ён.
«Апошнім часам нашы кампетэнтныя органы выявілі шэраг абуральных фактаў. Некаторыя кампаніі закуплялі за мяжой прадукцыю, потым праводзілі яе праз свае даччыныя фірмы і прадавалі беларускім прадпрыемствам у два-тры, а то і ў пяць разоў даражэй, і зноў грошы выводзілі ў афшоры або на падкантрольныя за межамі краіны кампаніі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, звяртаючыся да віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца, што больш за ўсё гэта датычыцца аграпрамысловага сектара. «З аднаго боку, у прадпрыемстваў з-за гэтага значна ўзрастае сабекошт прадукцыі і зніжаюцца даходы. А з другога, з-за ўхілення ад выплаты падаткаў і вываду капіталаў за мяжу церпяць дзяржаўны бюджэт і эканоміка ў цэлым», — канстатаваў ён.
Таксама кіраўнік дзяржавы заявіў, што рацыянальны і прагматычны падыход да фарміравання тарыфаў будзе забяспечаны ва ўсіх сферах, якія аказваюць паслугі насельніцтву нашай краіны.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў гэтым годзе давядзецца «ўціснуцца» ўсім. «Так, як гэта мы зрабілі ў жыллёва-камунальнай сферы, забяспечыўшы баланс інтарэсаў насельніцтва і прадпрыемстваў», — канстатаваў ён.
На кожнае скарочанае месца павінна быць створана новае
«Для зніжэння затрат на вытворчасць не абысціся без аптымізацыі колькасці работнікаў. Гэта азначае, што на кожнае скарочанае месца павінна быць створана новае, больш прадукцыйнае. Задача няпростая. Патрэбны высокатэхналагічныя інвестыцыі і падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Я ўжо казаў, калі раптам на МАЗе, БелАЗе, МТЗ або іншых прадпрыемствах адбываецца аптымізацыя і вызваляецца энная колькасць работнікаў, то гэтых людзей кіраўнікі разам з мясцовымі органамі ўлады павінны працаўладкаваць на новым рабочым месцы, а не выкідваць на вуліцу. Я гэта кажу не першы раз, але спагнанне за гэта ў бягучым годзе будзе строгае. У гэтых пытаннях ураду, губернатарам, усёй вертыкалі ўлады неабходна працаваць на апярэджанне», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што задача штогод ствараць 50 тыс. новых рабочых месцаў з'яўляецца мінімальным патрабаваннем. «Падкрэсліваю, усяго толькі 50 тыс., нават не 100 тыс. і не мільён, як нам прапануюць. Каб стварыць мільён рабочых месцаў, трэба мець мільярды долараў. Гэта па-першае. Па-другое, трэба мець высокакваліфікаваных работнікаў; па-трэцяе, працоўныя месцы не патрэбны ўчарашняга дня, патрэбны працоўныя месцы заўтрашняга дня. А гэта значыць, што нам трэба стварыць за год або пяць гадоў, як прапануецца, новую эканоміку Беларусі, каб на гэтыя прадпрыемствы працаўладкаваць мільён чалавек», — растлумачыў ён.
«Памятайце — працоўныя месцы ствараюцца не для справаздач, а для людзей. І яшчэ адзін аспект праблемы. Пакуль ствараюцца новыя працоўныя месцы, неабходна забяспечыць умовы і для самазанятасці людзей. Сёння сітуацыя на рынку працы даволі зменлівая, і нам трэба хутка на гэта рэагаваць», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да старшынь аблвыканкамаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мясцовыя органы ўлады павінны сканцэнтраваць намаганні на стварэнні неабходнай інфраструктуры для новых працоўных месцаў у малым бізнесе і ўмоў для яго росту. «Вы, губернатары, адказваеце за тое, каб малы бізнес развіваўся ў сярэдні і буйны. Калі вам хто-небудзь або што-небудзь перашкаджае, уносьце канкрэтныя прапановы», — канстатаваў Прэзідэнт.
Інвестары хочуць гуляць па правілах
«Галоўны стымул для інвестыцый — гэта дакладныя і зразумелыя правілы і законы, якія выконваюць усе: як нашы айчынныя, так і замежныя інвестары. Але калі ў нас у эканоміцы ёсць такія законы, якія тармозяць працэс прыцягнення капіталаўкладанняў, то неабходна хутка рэагаваць і гібка адаптаваць іх да зменлівай рэальнай сітуацыі», — адзначыў беларускі лідар. У сувязі з гэтым ён даручыў ураду да 1 верасня прааналізаваць і сістэматызаваць інвестыцыйнае заканадаўства і ўнесці адпаведныя прапановы.
Аляксандр Лукашэнка пры гэтым назваў прынцыпы, якім павінна адпавядаць інвестыцыйная палітыка ў 2016 годзе. Гэта максімальнае прыцягненне прамых замежных інвестыцый, канцэнтрацыя ўкладанняў у актыўныя асноўныя сродкі (у перадавыя тэхналогіі, інфармацыйныя сістэмы, робататэхніку) і павышэнне аддачы ад укладзеных сродкаў за кошт эфектыўнасці кіравання праектамі.
«Сёлета для аднаўлення эканамічнага росту неабходна прыцягнуць не менш як $1,5 млрд прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове, што дасць магчымасць замясціць адсутныя ўнутраныя рэсурсы знешнімі крыніцамі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу, што сёння ў свеце адным з найбуйнейшых інвестараў з'яўляецца Кітай. «Для Беларусі цяпер адкрыта крэдытная лінія на $8 млрд і абяцана пры асваенні мільярдаў долараў столькі, колькі трэба для краіны», — сказаў ён.
У супрацоўніцтве з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі закладзены вялікі інвестыцыйны патэнцыял. «Гэта адкрые дзверы для многіх буйных інвестараў. Асаблівай увагі патрабуе развіццё супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам. Праграма з МВФ — гэта не панацэя, а індыкатар адкрытасці нашай эканомікі», — выказаў упэўненасць беларускі лідар.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, размаўляць з МВФ беларускі бок павінен, абараняючы свае інтарэсы, «даказваючы, расказваючы, патрабуючы, каб нас разумелі на перагаворным працэсе».
Ён падкрэсліў, што цяпер Беларусь актыўна шукае новыя пункты росту эканомікі, якія дадуць устойлівую дынаміку яе развіцця. Кітайска-беларускі індустрыяльны парк павінен стаць такім пунктам. «Тут ствараецца пляцоўка для прыцягнення высокатэхналагічных і канкурэнтаздольных праектаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб праектах з Сусветным банкам, кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Партфель праектаў Сусветнага банка для Беларусі — амаль $1 млрд. Гэта сродкі, якія ўжо можна выкарыстоўваць. Але з іх $600 млн да гэтага часу не задзейнічаны з-за непаваротлівасці дзяржаўных органаў — цуд!». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што да канца года гэтыя пытанні павінны быць вырашаны.
Прэзідэнт запатрабаваў у самыя кароткія тэрміны ліквідаваць бюракратычныя бар'еры для ўключэння ў эканоміку краіны сродкаў міжнародных фінансавых арганізацый (МФА). Ён таксама даручыў ураду ў самыя кароткія тэрміны завяршыць спрашчэнне парадку заключэння міжнародных дагавораў.
Галоўнае багацце — навука і інавацыі
Прэзідэнт даручыў ураду да 1 ліпеня 2016 года забяспечыць падрыхтоўку дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця, у якой вызначыць усе ключавыя падыходы, прыярытэтныя напрамкі, першачарговыя захады і інструменты для фарміравання эканомікі ведаў, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, стратэгіяй развіцця Беларусі становіцца пераход на шлях інавацый. «І прычына не ў абмежаванасці мінеральна-сыравінных рэсурсаў. Трэнд у эканоміцы сёння зусім іншы: галоўнае багацце — гэта мазгі, навука, інавацыі, а не тое, што Гасподзь паклаў у зямлю», — заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў рэалізацыі інавацыйнай стратэгіі першае месца адводзіцца Нацыянальнай акадэміі навук і Парку высокіх тэхналогій. «Мы даўно абмяркоўвалі новы фармат работы Нацыянальнай акадэміі навук, стварэнне навуковай інавацыйна-вытворчай карпарацыі, арыентаванай на фарміраванне высокатэхналагічнага сектара на ўласнай даследчай і тэхналагічнай базе. Думаю, што сёння акадэмія можа інтэнсіўна развіваць касмічную дзейнасць, нана- і біяіндустрыю, робататэхніку», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што сумесна з ДКНТ і ПВТ Акадэмія навук павінна стаць рухаючай сілай тэхналагічнага развіцця нацыянальнай эканомікі.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што павышэнне эфектыўнасці інстытутаў інавацыйнага развіцця — НАН Беларусі, Парка высокіх тэхналогій, Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка і тэхнапаркаў — павінна быць пастаянна ў полі зроку кіраўніцтва краіны, і перш за ўсё ўрада. «Ацэньваць іх дзейнасць трэба не па затратным прынцыпе, а па рэальнай аддачы ад капіталаўкладанняў у навуковую сферу, каб яна сапраўды працавала на ўздым краіны, а не на задавальненне асабістай цікаўнасці вучоных за дзяржаўны кошт», — заявіў Прэзідэнт.
Прарыўныя тэхналогіі, створаныя Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, павінны неадкладна ўкараняцца ў практыку. «У нас заўсёды была праблема: вось мы, навукоўцы, вынайшлі, а вось яны — Сямашкі з прамысловасцю і Воўк, сяло, — браць не хочуць. Пытанне вырашана проста: за ўсё адказвае кіраўнік Акадэміі навук. Калі ён вызначыў, што гэта прарыўныя тэхналогіі створаны, перадаў ва ўрад і паказаў або не ўказаў, хто будзе ў краіне рэалізоўваць, гэта павінна рэалізоўвацца імгненна, неадкладна, без усялякіх аргументаў і спрэчак. Калі не — даклад Прэзідэнту», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Нацыянальнай акадэміі навук і Парку высокіх тэхналогій Прэзідэнт адвёў вядучыя месцы ў рэалізацыі інавацыйнай стратэгіі.
Свая справа — па прынцыпах сумленнасці
Аляксандр Лукашэнка гарантуе абарону правоў прадпрымальнікаў, якія сумленна вядуць сваю справу. «Дзяржава абараняе і будзе абараняць правы, уласнасць і годнасць усіх прадпрымальнікаў, якія сумленна вядуць сваю справу. Але мы маем права чакаць няўхільнага выканання законаў, «выхаду з цені» і адмовы ад нявыплаты падаткаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што паляпшэнне дзелавога асяроддзя — гэта пастаянны працэс. Станоўчыя вынікі ёсць і пацвярджаюцца міжнароднымі экспертамі. «У апошняй справаздачы Сусветнага банка «Вядзенне бізнесу — 2016» па паказчыку «Падаткаабкладанне» наша краіна заняла 63-е месца сярод амаль 200 дзяржаў, рушыўшы наперад за пяць гадоў на 126 пазіцый. Але мы не спыняемся на дасягнутым. Мэта — увайсці ў першую трыццатку краін па ўмовах вядзення бізнесу», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Што ў краіне перашкаджае займацца бізнесам? Усе крычалі, што дазвольны прынцып, дайце заяўны. Далі — калі ласка, ідзі, пішы заяву і займайся бізнесам. Але, калі нехта хоча займацца бізнесам ва ўласных інтарэсах і так, як ён лічыць патрэбным, не ўлічваючы наша заканадаўства, тады вам не месца работы ў Беларусі. Трэба спыніць гэту спрэчку, нікому яна не патрэбна, таму што маса бізнесменаў ні на што не крыўдзіцца, яны сёння зарэгістраваліся і працуюць сумленна. Галоўнае — выплаці падаткі. І можаш спакойна спаць, можаш не спаць — гэта тваё права. Але толькі аддай тое, што ты павінен аддаць дзяржаве, як і ва ўсім свеце», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Некаторыя кажуць — ах, некага там затрымалі, арыштавалі, заўтра нібы прыйдуць па іншых. Ну, вядома, прыйдуць, калі вы будзеце так працаваць, калі вы будзеце абдзіраць дзяржаву і не плаціць падаткаў. Пакажыце яшчэ адзін факт, за выключэннем выплаты падаткаў, па прычыне якога затрыманы хоць адзін прадпрымальнік або бізнесмен. Пакладзіце на стол такія факты — іх няма. І маліце Бога, што вы жывяце не ў Злучаных Штатах Амерыкі, — я звяртаюся да тых бізнесменаў і прадпрымальнікаў, якія гэта заяўляюць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Дэнамінацыя — макраэканамічная стабільнасць краіны
Урад і Нацыянальны банк правядзеннем дэнамінацыі падкрэсліваюць сваю рашучасць і здольнасць забяспечыць макраэканамічную стабільнасць у краіне, заявіў Прэзідэнт.
«Дэнамінацыя — гэта новы этап развіцця нацыянальнай грашовай сістэмы. Яна праводзіцца не толькі для зручнасці фінансавых разлікаў. Гэтым урад і Нацбанк падкрэсліваюць сваю рашучасць і здольнасць забяспечыць макраэканамічную стабільнасць у краіне. А значыць нізкую інфляцыю, нізкія працэнтныя стаўкі і аднаўленне эканамічнай актыўнасці», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Скарыстайцеся гэтым этапам — этапам дэнамінацыі — і вырашыце пытанне і па стаўках, і па дэдаларызацыі краіны», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што макраэканамічная стабільнасць — гэта, перш за ўсё, нізкія цэны. «Каб іх захаваць, патрабую ад урада і Нацыянальнага банка забяспечыць раўнавагу плацежнага балансу і бюджэту. Плацежны баланс — гэта кашалёк нашай краіны. Ён фарміруецца за кошт устойлівага дадатнага сальда знешняга гандлю, росту экспарту, прыцягнення прамых замежных інвестыцый і дае магчымасць забяспечыць своечасовае пагашэнне знешніх абавязацельстваў», — сказаў беларускі лідар.
Асаблівая ўвага ў 2016 годзе павінна надавацца збалансаванаму выкананню бюджэту. «У гэтым годзе ўраду і мясцовым органам улады неабходна рэалізаваць кампенсавальныя меры падатковай палітыкі, накіраваныя як на аднаўленне даходаў бюджэту, так і на скарачэнне расходаў», — даручыў кіраўнік дзяржавы.
«Патрабуецца актывізаваць працэс дэдаларызацыі эканомікі, у гэтым плане нямала зроблена. Калі насельніцтва давярае сваёй валюце, захоўвае ў ёй зберажэнні, яно падтрымлівае нацыянальную эканоміку. Ужо шмат што зроблена для скарачэння выкарыстання замежнай валюты ў разліках на тэрыторыі краіны. Банкамі створаны прывабныя ўмовы, якія даюць магчымасць насельніцтву атрымліваць па сваіх укладах рэальны даход у рублях», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што дэдаларызацыя немагчымая без змянення свядомасці, псіхалогіі людзей, якія прывыклі ўсё лічыць ва ўмоўных адзінках. «Трэба пачынаць у першую чаргу з дзяржаўных органаў. Варта ўжо сёлета прыняць усе неабходныя рашэнні, каб максімальна адмовіцца ад прывязкі ставак падаткаў, пошлін, арэнднай платы, тарыфаў да замежнай валюты і ўстанавіць іх выключна ў беларускіх рублях», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Прэзідэнт запатрабаваў ад урада і Нацыянальнага банка забяспечыць раўнавагу плацежнага балансу і бюджэту.
Выкарыстаць патэнцыял мадэрнізацыі і імпартазамяшчэння
Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду забяспечыць рэалізацыю патэнцыялу мадэрнізаваных прадпрыемстваў базавых галін прамысловасці. Прэзідэнт канстатаваў, што найбольш істотнае зніжэнне тэмпаў развіцця сёння дэманструе беларускі прамысловы комплекс. «Задача ўрада — забяспечыць рэалізацыю патэнцыялу мадэрнізаваных прадпрыемстваў базавых галін прамысловасці і паскоранае развіццё новых высокатэхналагічных сектараў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар засяродзіў увагу на тым, што ў свеце актыўна ідзе пераход да новай прамысловай палітыкі. «Дынаміку развіцця вызначаюць новыя сектары эканомікі, заснаваныя на ІТ, бія-, нанатэхналогіях. Традыцыйныя для рынку тавары фактычна атрымліваюць новае жыццё за кошт сучасных спажывецкіх якасцяў і інавацыйных рашэнняў. Гэтыя рэаліі і нам неабходна ўлічваць пры фарміраванні інвестыцыйных планаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што сельская гаспадарка — найважнейшая сфера дзейнасці, якая вызначае не толькі харчовую бяспеку і сацыяльную стабільнасць у грамадстве, але і экспартны патэнцыял краіны.
Ён нагадаў, што Указам №78 прадугледжана асаблівая персанальная адказнасць старшынь райвыканкамаў за паляпшэнне работы стратных сельскагаспадарчых арганізацый. «Яны перш за ўсё адказваюць за прадпрыемствы. Элементарнае навядзенне парадку, захаванне дысцыпліны і тэхналагічных патрабаванняў, зладжаная арганізацыя работ павінны даць сур'ёзны штуршок для пераадолення адставання»,— падкрэсліў беларускі лідар
Новае жыццё ў праблемныя прадпрыемствы неабходна ўдыхнуць за кошт інвестыцый і новых тэхналогій. «Асноўнай стратэгіяй развіцця і асновай дзяржаўных прадпрыемстваў павінны стаць эфектыўнасць і прыбытковасць. Кожнае праблемнае прадпрыемства неабходна разгледзець, зыходзячы з перспектыў яго дзейнасці. Але закрыццё прадпрыемстваў — гэта не перспектыва; размова ідзе аб ліквідацыі неэфектыўнай дзейнасці, а не прадпрыемстваў і калектываў. Гэта значыць, аб тым, каб удыхнуць у іх новае жыццё за кошт інвестыцый, новых тэхналогій, новых сістэм кіравання, новых вытворчасцяў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі нейкае прадпрыемства і будзе закрыта, то на яго месцы абавязкова павінна з'явіцца новае. «Каб людзі кожную раніцу мелі магчымасць пайсці на работу, сумленна ўкласці сваю працу, атрымаць зарплату і пракарміць сваю сям'ю. Вось адзінае патрабаванне», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Беларусь ужо не першы год займаецца імпартазамяшчэннем. Аднак цяпер гэтаму напрамку трэба надаць новы імпульс і сэнс. Сфер прымянення даволі шмат», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, асноўным элементам дынамічнага імпартазамяшчэння з'яўляецца пашырэнне аб'ёмаў лакалізацыі вытворчасці на сумесных прадпрыемствах. «Маючы ў Беларусі вялікія зборачныя вытворчасці, мы да гэтага часу завозім камплектацыю з-за мяжы: крэслы, аддзелачныя матэрыялы, аўтамабільнае шкло, аўтакампаненты. А іх жа трэба рабіць у нас. Вось дзе ніша для нашых прадпрымальнікаў і напрамкі канкрэтнай работы эканамічнага штаба краіны», — сказаў Прэзідэнт.
Ён нагадаў, што ключавы параметр выніковасці работы ўрада ў гэтым напрамку вызначаны: прырост не менш як на $600 млн імпартазамяшчальнай прадукцыі штогод. «Усе рычагі для падтрымкі бізнесу, які займаецца вытворчасцю, у губернатараў ёсць — продаж маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, здача яе ў арэнду па даступных цэнах і іншыя», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што прадпрыемствы ўсе камерцыйныя пазыкі павінны браць самі, зыходзячы з бізнес-планаў, без дзяржгарантый. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў гэтым годзе падпісаны ўказ, які адкрывае шлях для беларускіх прадпрыемстваў на міжнародныя біржы. «Актыўней прапрацоўвайце гэтыя пытанні. Да канца года чакаю канкрэтных прапаноў», — заклікаў беларускі лідар. Паводле яго слоў, сістэма крэдытавання інвестыцыйных праектаў у Беларусі павінна быць выбудавана максімальна эфектыўна.
Мінгандлю — рэгулятар унутранага рынку, Дзяржстандарт кіруе якасцю
Магутны антыманапольны орган неабходна стварыць на базе Мінгандлю, заявіў Прэзідэнт. «Мы дамовіліся ўзмацніць ролю Міністэрства гандлю як рэгулятара на ўнутраным рынку. Займіцеся развіццём канкурэнцыі, стымуляваннем прадпрымальніцкай актыўнасці для стварэння камфортнага спажывецкага асяроддзя. На базе Мінгандлю неабходна стварыць магутны антыманапольны орган, які аб'яднае ў сабе функцыі падтрымкі добрасумленнай канкурэнцыі і недапушчэння злоўжыванняў з боку манапалістаў. Гэта мэтавая задача, вырашэнне якой не дазволіць неабгрунтавана павышаць цэны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адзін напрамак, які, паводле слоў беларускага лідара, неабходна развіваць, — гэта самарэгуляванне ў гандлі, паляпшэнне прывабнасці гэтага віду дзейнасці ў малалікіх і аддаленых населеных пунктах. «Менавіта тут павінны больш актыўна працаваць не толькі арганізацыі Белкаапсаюза, але і прыватны бізнес, як буйныя гандлёвыя сеткі, так і індывідуальныя прадпрымальнікі. Неабходна пры гэтым прыняць меры па збліжэнні айчынных вытворцаў і спажыўцоў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Увогуле, на думку Прэзідэнта, паказчыкам прафесіяналізму ў арганізацыі вытворчасці павінна стаць «дыктатура якасці».
«Якасць прадукцыі — гэта найважнейшы складнік канкурэнтаздольнасці. На кожным прадпрыемстве «дыктатура якасці» павінна стаць паказчыкам прафесіяналізму ў арганізацыі вытворчасці», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, сёння аслаблена патрабавальнасць да кіраўніцтва прадпрыемстваў па ўкараненні сістэм кіравання якасцю. Галіновыя стандарты ніжэйшыя за найлепшыя сусветныя практыкі. «Работу па пашырэнні перадавых методык у краіне павінен узначаліць Дзяржстандарт», — лічыць Прэзідэнт.
Таксама кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адным з новых пунктаў росту эканомікі, якія дадуць устойлівую дынаміку яе развіцця, павінна стаць «зялёная» індустрыя. «Размова ідзе аб новых бяспечных стандартах якасці прадукцыі, што выпускаецца. Гэта аснова дыверсіфікацыі нашага экспарту для выхаду на рынкі развітых краін і інвестыцыі ў будучыню», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
У аснове — клопат аб чалавеку
Аляксандр Лукашэнка даручыў выпрацаваць новыя крытэрыі аплаты працы работнікаў. «Трэба забяспечыць — і гэта самае галоўнае — гарантаванае дзяржавай прадастаўленне першага працоўнага месца выпускнікам устаноў адукацыі. Малады спецыяліст — будучыня любога прадпрыемства, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Пры гэтым вельмі правільна сёння ставяць пытанні ў настаўніцкім асяроддзі і навуковых арганізацыях.
Гэта ж ненармальна: такая разбежка ў зарплаце паміж маладым спецыялістам, які прыйшоў у аўдыторыю, і выкладчыкам, які працуе 20 гадоў і атрымлівае за выслугу, стаж і яшчэ нейкія бонусы. А малады спецыяліст адстае ад яго ў заработнай плаце ў 5 разоў. Гэта нармальна? Не».
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што зарплата павінна адпавядаць выкананай працы. «Вы хочаце сказаць, што моладзь сёння прыходзіць і працуе горш, чым тыя, хто па 20-30 гадоў стаіць ля станка? Маладыя людзі, прыходзячы на работу, выдаюць вынікі значна вышэйшыя, чым дарослыя кадры. Я не хачу сказаць, што яны дрэнныя. Мы няправільнымі карыстаемся крытэрыямі: малады — значыць, ты нічога не атрымліваеш; дарасцеш да старога — атрымаеш. Гэта няправільна. Трэба меркаваць па тым, як працуе чалавек, якая яго праца, што ён укладае ў сваю работу», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ўжо даручыў ураду неадкладна заняцца прапрацоўкай новых крытэрыяў аплаты працы ў гэтай сферы.
Пенсійная сістэма — гэта не толькі павышэнне пенсійнага ўзросту
У краіне не будуць змяншаць памеры пенсій, павялічваць падаткі на прадпрыемствы і сацыяльныя выплаты работнікаў у пенсійны фонд, заявіў Аляксандр Лукашэнка. «Галоўны пасыл — мы не маем намеру змяншаць памеры пенсій, таксама як і павялічваць падаткі на прадпрыемствы і сацыяльныя выплаты саміх працоўных у пенсійны фонд», — адзначыў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, удасканаленне пенсійнай сістэмы — гэта не толькі павышэнне пенсійнага ўзросту. Што датычыцца прынцыпаў развіцця пенсійнай сістэмы, Прэзідэнт адзначыў: «Захоўваючы яе цяперашнюю салідарную аснову, размеркавальную, у далейшым мы будзем больш актыўна развіваць і іншыя формы, уключаючы накапляльную. Дарэчы, яна сёння рэалізуецца. І мы, гледзячы на Расію, Украіну, пераканаліся, што зрабілі абсалютна правільна, не нагнятаючы накапляльную сістэму».
«Мы далі права людзям — выбірайце. Калі вы хочаце накапляльную сістэму, разам з прадпрыемствамі накоплівайце. Але мы захавалі аснову, каб людзі з голаду не паўміралі і кавалак хлеба мелі. Мы захавалі гэту дрэнную ў двукоссі салідарную сістэму», — падкрэсліў беларускі лідар.
Гаворачы аб тым, што будзе далей, Прэзідэнт растлумачыў: «Складуцца нармальныя ўмовы — мы будзем паводзіць сябе больш актыўна. Але людзі паступова прывыкнуць да гэтага. І тут ломка абсалютна недапушчальная чыста псіхалагічна».
«Будзем рухацца наперад з улікам рэальных працэсаў у эканоміцы і ў грамадскіх настроях, каб не дапусціць страт з-за інфляцыі або іншых негатыўных тэндэнцый», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, у павышэнні пенсійнага ўзросту няма ніякай надзвычайшчыны. «Сёлета асаблівы грамадскі рэзананс атрымалі пытанні ўдасканалення нашай пенсійнай сістэмы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Прымаючы рашэнне аб павышэнні пенсійнага ўзросту і пенсійнай рэформе, давайце прызнаем, што мы цягнемся ў хвасце падзей. Гэта даўно ўжо трэба было вырашыць. Таму тут ніякай надзвычайшчыны. І людзі спакойна гэта прынялі».
Умела арганізаваць справу, а не плысці па цячэнні
Прэзідэнт адзначыў, што асаблівую актуальнасць набывае падрыхтоўка кіраўнікоў новай фармацыі, здольных адаптавацца да складанай абстаноўкі. «У цяперашняй сітуацыі неабходна вырашаць наступныя задачы.
Дзяржаўная кадравая палітыка павінна быць накіравана на рэалізацыю прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і забяспечыць падрыхтоўку і расстаноўку кадраў, здольных ажыццявіць эфектыўнае кіраванне галінамі эканомікі. Кіруючы склад павінен умела арганізаваць справу і весці за сабой людзей, а не плысці па цячэнні», — упэўнены кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым беларускі лідар звярнуў увагу, што задача органаў улады — падтрымаць прафесійных і ініцыятыўных работнікаў, заахвочваць іх самастойнасць і высокую выніковасць.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна працягваць курс на амаладжэнне кадраў. «Трэба прадоўжыць курс на амаладжэнне, стварэнне эфектыўнага рэзерву, нарошчванне патэнцыялу кадраў. Важна іх максімальна хуткае прафесіянальнае станаўленне ў якасці сучасных антыкрызісных кіраўнікоў, здольных надаць новы імпульс у развіцці той ці іншай сферы дзейнасці», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым, паводле слоў Прэзідэнта, на падрыхтоўку кадраў неабходна мабілізаваць усе існуючыя рэсурсы: адукацыйны, навуковы, адміністрацыйны. І асабліва — інтэлектуальны.
На прынцыпах сацыяльнай справядлівасці
«У цяперашніх умовах для дзяржавы вельмі няпроста прытрымлівацца сацыяльнай накіраванасці і прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці. Але мы на гэтым стаім і будзем стаяць, нягледзячы на складанасці», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. «У маёй перадвыбарнай праграме ў ліку найважнейшых задач названа развіццё Беларусі як сацыяльнай дзяржавы, асноўны клопат якой — ствараць умовы для раскрыцця чалавечага патэнцыялу, — адзначыў беларускі лідар. — Я зыходжу з таго, што ўзровень цывілізаванасці і гуманнасці грамадства ў першую чаргу вызначаецца яго стаўленнем да дзяцей і старых».
«Што датычыцца задач у дэмаграфічнай сферы, то галоўнае застаецца нязменным: стварэнне ўмоў для росту насельніцтва краіны, — адзначыў беларускі лідар. — За дзесяцігоддзе з таго часу, як была прынята першая дзяржаўная праграма вырашэння дэмаграфічных праблем, мы атрымалі вынік, да якога імкнуліся: практычна сціснуты дэмаграфічныя нажніцы!
У 2015 годзе ўзровень нараджальнасці практычна зраўнаваўся з узроўнем смяротнасці, нарадзілася амаль 120 тыс. дзяцей. Такой нараджальнасці не было больш як 20 гадоў». За 10 гадоў дзіцячая смяротнасць у краіне знізілася амаль у 3 разы. Па гэтым паказчыку Беларусь выйшла на перадавыя пазіцыі ў свеце. «Гэта самы галоўны наш здабытак, калі жанчына нараджае і поўнасцю ўпэўнена ў тым, што дзіця будзе здаровае, — сказаў Прэзідэнт. — Радуе і тое, што павялічваецца памер беларускай сям'і, больш як 56 працэнтаў нованароджаных — гэта другія і наступныя дзеці. Гэта прарыў».
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, дэмаграфічныя праграмы даказалі сваю выніковасць, прадоўжыцца іх рэалізацыя ў поўным аб'ёме. Ужо задзейнічаны такі механізм падтрымкі сям'і, як мацярынскі капітал, а таксама дапамога ў вырашэнні жыллёвых праблем. «Мы і ў далейшым будзем перш за ўсё ўдзяляць увагу шматдзетным сем'ям у плане жылля», — дадаў ён.
«Інвестыцыі ў сям'ю — гэта інвестыцыі ў будучае развіццё, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Але сёння неабходна зрушыць акцэнты з эканамічнага складніка, які дастаткова важкі, на палітыку сямейнага дабрабыту, псіхалагічнай устойлівасці і стабільнасці. Што граху таіць, некаторыя сем'і, нарадзіўшы траіх-чацвярых дзяцей, гавораць — гэта Лукашэнкі дзеці, няхай ён імі займаецца. Не, дарагія мае, я гатовы падставіць плячо, але клопат аб дзецях праходзіць перш за ўсё праз сям'ю». Развіццё сямейнай інфраструктуры, стварэнне ўмоў для сямейнага адпачынку, культурна-масавых забаў, сумесных заняткаў спортам як у гарадской, так і ў сельскай мясцовасці — яшчэ адна немалаважная ўмова ў справе з'яднання сям'і, лічыць ён.
Паводле слоў Прэзідэнта, у паліклініках не павінна быць чэргаў. «Трэба завяршыць інфарматызацыю рабочых месцаў урачоў для ўкаранення тэхналогіі электроннага рэцэпта і пераходу на электронныя карткі пацыента». У забеспячэнні дабрабыту ўсіх слаёў насельніцтва асаблівую ролю адыгрывае дынамічнае развіццё аховы здароўя. Гэтая сфера з'яўляецца прыярытэтам беларускай дзяржавы, падкрэсліў Прэзідэнт.
«Разам з тым у медыцынскай сферы трэба зрабіць яшчэ вельмі шмат, — лічыць беларускі лідар. — У 2016 годзе трэба ўзмацніць прафілактыку захворванняў, паколькі хваробу прасцей папярэдзіць, чым лячыць. У насельніцтва неабходна сфарміраваць навыкі культуры здароўя, пачынаючы з ладу жыцця, правільнага харчавання, адмовы ад курэння і алкаголю».
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў краіне трэба ўзмацніць маральнае і матэрыяльнае стымуляванне работнікаў, якія вядуць здаровы лад жыцця. «Кіраўнікам арганізацый сумесна з прафсаюзамі трэба больш шырока прымяняць метады маральнага і матэрыяльнага стымулявання работнікаў, якія вядуць здаровы лад жыцця і займаюцца фізічнай культурай і спортам, — лічыць Прэзідэнт. — Паколькі здаровая нацыя — аснова квітнеючай і моцнай дзяржавы, любой дзяржавы». «Здароўе чалавека залежыць ад многіх фактараў. Адзін з найважнейшых — фізічная культура і спорт», — упэўнены беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што дзяржава і ў далейшым будзе клапаціцца аб інвалідах, ветэранах вайны. «Яшчэ адзін акцэнт, на якім павінны быць сканцэнтраваны намаганні ўрада, — аказанне сацыяльнай падтрымкі людзям з абмежаванымі магчымасцямі», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.
«Мы заўсёды з асаблівай увагай ставіліся да патрэб ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і іншых войнаў. Мы раней, чым іншыя дзяржавы Усходняй Еўропы і СНД, вырашылі іх праблемы, у тым ліку самыя цяжкія — жыллёвыя, памятаючы аб іх бяспрыкладнай мужнасці і стойкасці. Усе гэтыя гады мы праводзілі і будзем праводзіць меры па паляпшэнні якасці жыцця гэтых людзей», — падкрэсліў беларускі лідар.
Ускалыхнуць настаўніцтва
Прэзідэнт бачыць неабходнасць пераходу настаўнікаў у Беларусі да новых формаў работы. «Веды многіх выпускнікоў навучальных устаноў прымушаюць, на жаль, жадаць лепшага. Нямала гучыць прэтэнзій і наконт падручнікаў. Але самая галоўная праблема — гэта праблема настаўнікаў. Таму трэба зрабіць усё, каб выхаваць, «нарадзіць» калі хочаце, новага настаўніка», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Трэба ўскалыхнуць наша настаўніцтва, трэба прымусіць настаўніка, як раней, працаваць з сям'ёй, з вучнямі, як гэта было ў наш час, калі настаўнік такі ж час, як у школе, быў у сям'і свайго вучня. Давайце паглядзім, ці так гэта сёння. І колькі вы сустракаліся з настаўнікамі сваіх дзяцей у сябе дома, ці цікавіліся яны гэтым, ці жыве настаўнік праблемамі вучня? Не. Таму гэта наша галоўная задача. Усе астатнія — вырашальныя», — сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што сістэма адукацыі сёння патрабуе якаснага ўдасканалення. «Я не гавару пра нейкую рэформу, ломку, як у нас прывыклі гэта рабіць. Трэба рабіць наступны крок. Шчыра кажучы, я ўжо ўчора думаў аб тым, што мы сістэму адукацыі адрэфармавалі, удасканалілі і больш яе не трэба чапаць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, у апошнія гады адбыўся неверагодны касмічны скачок у развіцці грамадства. Новыя тэхналогіі, інтэрнэт проста запаланілі ўвесь свет. «Нам ад гэтага адстаць нельга, перш за ўсё ў адукацыі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што стаіць задача падрыхтоўкі і выпуску для школ, ССНУ і ВНУ сучаснай вучэбнай літаратуры на самым высокім узроўні. Прычым такое выданне павінна быць і ў электроннай версіі.
Выкладанне ў беларускіх ВНУ не арыентавана на вырашэнне сённяшніх задач, лічыць Аляксандр Лукашэнка. «Нам трэба часцей — і парламентарыям, і мне, і ўраду — бываць у нашых ВНУ, дзе рыхтуюць і перападрыхтоўваюць кадры. Няхай не крыўдзяцца на мяне кіраўнікі і выкладчыкі ВНУ, але выкладанне ў сваёй большасці не арыентавана на вырашэнне тых задач, пра якія мы сёння гаворым. Як былі жоўтыя канспекты, закасцянелыя веды, так яны і засталіся. Нам патрэбны новыя людзі з новымі ведамі. Гэта яшчэ больш важна, чым настаўнік у школе», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яшчэ адной важнай задачай застаюцца падрыхтоўка і перападрыхтоўка спецыялістаў у адпаведнасці з патрэбамі эканомікі. «У сучасных умовах нельга дапусціць разрыву паміж навукова-тэхнічным узроўнем новай вытворчасці і кваліфікацыяй кадраў. І перападрыхтоўку кадраў трэба весці не ў інстытутах павышэння кваліфікацыі, а непасрэдна на вытворчасці, на тых участках, дзе будуць працаваць спецыялісты і кіраўнікі. Каб людзі бачылі новыя тэхналогіі, новыя ўзоры прадукцыі, новыя методыкі», — упэўнены Прэзідэнт.
Высокая місія культуры
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што сярод асаблівасцяў 2016 года тое, што ён аб'яўлены Годам культуры. «Выклікана гэта тым, што культура, у шырокім сэнсе слова, павінна адыгрываць больш актыўную ролю ў з'яднанні народа вакол стваральных мэт, высокіх маральных прынцыпаў і нашых добрых традыцый. У бесперапынным глыбокім працэсе фарміравання працавітай, адукаванай, духоўна багатай і здаровай нацыі!» — упэўнены Прэзідэнт.
Акцэнт будзе зроблены на мастацкай, творчай сферы. На думку кіраўніка дзяржавы, вялікую ўвагу трэба ўдзяляць і іншым напрамкам: культуры вытворчасці і земляробства, побыту і чалавечых адносін, добраўпарадкавання гарадоў і вёсак, беражлівага захавання гістарычнай спадчыны. «Усё гэта задачы Года культуры», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кожны ўкладзены ў будаўніцтва і рэканструкцыю аб'ектаў культуры рубель павінен прыносіць карысць, заявіў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што на рэалізацыю дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2016—2020 гады закладзены значныя сродкі рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. «Урад і мясцовая ўлада абавязаны помніць, што кожны рубель, укладзены ў будаўніцтва і рэканструкцыю аб'ектаў культуры, павінен прыносіць карысць. Нясвіж і Мір, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — добрыя прыклады. Але што далей?» — сказаў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць сістэмных падыходаў у сферы культуры. «Калі будзе ўкаранёны сістэмны падыход да мадэрнізацыі ўстаноў культуры, маючых важнае рэспубліканскае значэнне?» — спытаў Прэзідэнт.
Годна выступіць на Алімпіядзе
«Мы шмат чаго дабіліся ў развіцці спорту вышэйшых дасягненняў. У нас наперадзе галоўны экзамен чатырохгоддзя — Алімпіяда 2016 года. Для спартсменаў і трэнераў у цяперашніх няпростых умовах зроблена ўсё магчымае, каб яны змаглі паказаць у Рыа-дэ-Жанэйра высокія вынікі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — І народ Беларусі мае права чакаць ад іх дастойнага выступлення, якім можна будзе ганарыцца».
У парламенце павінны быць найлепшыя людзі краіны
Абедзвюм палатам беларускага парламента важна забяспечыць пасля маючых адбыцца выбараў пераемнасць, заявіў Прэзідэнт. «Сёлета дэпутацкаму корпусу, я ўжо сказаў, трэба будзе трымаць сур'ёзную справаздачу перад выбаршчыкамі, асабліва тым з вас, хто прыме рашэнне ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах. Не ўтаю, што асобныя дэпутаты мяне просяць ужо аб падтрымцы на новы тэрмін. Гэта нармальна. І вы гэтага не саромейцеся, але помніце адно: вы ў гэтай зале, зыходзячы з нашага крытэрыю пераемнасці парламента, павінны вызначыцца, хто з вас хоча і можа працаваць у новым парламенце», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што дэпутаты, выбраныя яшчэ раз у 2016 годзе, павінны навучыць парламенцкай рабоце навічкоў. «Таму давайце дамовімся: 30 працэнтаў прыкладна мы павінны выкрышталізаваць з нашага парламента і прасіць народ, каб ён падтрымаў нашу прапанову».
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Мы пойдзем да людзей з новымі кандыдатурамі, але гэта не павінны быць нейкія кішэнныя, губернатарскія або чые-небудзь дэпутаты. Гэта павінны быць найлепшыя людзі нашай краіны, таму што адразу ж — у першы перыяд дзейнасці парламента — мы ўбачым, наколькі якасны яго склад. І за гэта будуць несці адказнасць і тыя грамадскія арганізацыі, якія вылучаюць дэпутатаў, і перш за ўсё дзяржаўная ўлада».
«Спадзяюся, наш новы дэпутацкі корпус будзе мець высокую палітычную культуру, умець весці пастаянны дыялог з іншымі галінамі ўлады, грамадзянскім грамадствам, рэгіёнамі, жыхарамі, міжнароднай супольнасцю», — сказаў Прэзідэнт.
«Цяперашні склад парламента заслугоўвае добрай ацэнкі за дзелавы стыль, плённую заканадаўчую і міжнародную дзейнасць», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што для дэпутата Палаты прадстаўнікоў або члена Савета Рэспублікі не павінна быць неістотных праблем выбаршчыкаў. «З кожным пытаннем, паднятым ў звароце жыхароў адпаведнай тэрыторыі, неабходна дайсці да сутнасці праблемы, прадметна разабрацца і аказаць садзейнічанне ў яе рашэнні. Менавіта такім шляхам заваёўваюцца аўтарытэт і павага грамадзян. Аднак гэта зусім не значыць, што вы павінны вырашаць тыя праблемы, якія павінна вырашаць вертыкаль улады выканаўчай. Але вы людзі самыя актыўныя, людзі, якія бачаць гэтыя праблемы... Вы павінны іх паставіць перад адпаведнымі органамі для вырашэння, калі гэта не ваша кампетэнцыя», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Перад тварам новых пагроз
Беларусь павінна быць гатова процістаяць міжнароднаму тэрарызму, жорстка і прынцыпова спыняць любыя яго праявы, узаемадзейнічаючы з іншымі дзяржавамі і ствараючы ўласную сістэму забеспячэння бяспекі, заявіў Прэзідэнт. «У апошнія гады сур'ёзна змянілася становішча ў свеце. Імкліва множыцца колькасць рэгіянальных канфліктаў, якія правакуюць маштабныя міграцыйныя крызісы. Узнікаюць цэлыя тэрарыстычныя квазідзяржавы, якія нясуць пагрозу для ўсёй сусветнай супольнасці. Нават паспяховая Еўропа сёння не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Хваля тэрарызму літаральна захліснула многія краіны. Крывавыя падзеі ў Парыжы, Бруселі ўзрушылі ўвесь свет. Пагроза захоўваецца для іншых дзяржаў, пра што нельга забываць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Канструктыўны ўдзел у забеспячэнні бяспекі прымае ўсё беларускае грамадства, дэманструючы з'яднанасць перад тварам новых пагроз і разуменне мер, якія прымаюць сілавыя структуры», — таксама адзначыў Прэзідэнт.
«Выклікае трывогу і такая негатыўная сусветная тэндэнцыя, як новы этап халоднай вайны, які набірае абароты. Паказаўся прывід новых блокавых процістаянняў, якія падрываюць фундаментальныя асновы глабальнай і рэгіянальнай бяспекі. І гэта асабліва сумна ўсведамляць у год 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У сучасных умовах асабліва важная абарона інфармацыйнай прасторы, лічыць Прэзідэнт. «Не сакрэт, што Беларусь «прастрэльваецца» рознымі інфармацыйнымі патокамі. Таму неабходна ўмела і сістэмна процістаяць негатыўным з'явам, настойліва праводзіць сваю лінію, абараняючы інтарэсы беларускага народа і дзяржавы. Паклёпу, розным інсінуацыям трэба даваць рашучы адпор», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён дадаў, што ў свой час існаваў выраз: «Да штыка прыраўняць пяро». «І, дарэчы, усе кіраўнікі найбуйнейшых сродкаў масавай інфармацыі некалі гэты штык насілі пры сабе. Але ці то штык затупіўся, ці то пяро страцілі. Вось гэтую баявітасць і ўменне актыўна і прафесійна весці дыскусію, адстойваць канструктыўную пазіцыю сёння як ніколі важна ўзяць на ўзбраенне нашым газетам, часопісам, тэлеканалам і радыёперадачам не толькі рэспубліканскага ўзроўню, але і рэгіянальнага», — перакананы Прэзідэнт.
«Сёння Беларусь — гэта апора бяспекі ў рэгіёне. У нас няма канфліктаў ні па рэлігійнай, ні па нацыянальнай прыкметах. Мы ніколі не стваралі і не ствараем праблем суседзям. І ніколі не будзем іх ствараць», — гарантаваў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што шматвектарнасць знешняй палітыкі як была, так і застаецца асноўным прынцыпам Беларусі.
На скрыжаванні многіх шляхоў
Пазіцыя ўрада па ініцыятыве спалучэння эканамічнага пояса Шаўковага шляху і Еўразійскага эканамічнага саюза павінна быць актыўнай, звярнуў увагу Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Найважнейшым прыярытэтам быў і застаецца экспарт, яго рост і абавязкова дыверсіфікацыя». Сёння, канстатаваў Прэзідэнт, на традыцыйных рынках збыту айчыннай прадукцыі, у першую чаргу Расіі і Украіны, скараціўся плацежаздольны попыт. У сувязі з гэтым Беларусь не можа проста чакаць, калі ён узрасце. Таму, растлумачыў Аляксандр Лукашэнка, пастаўлена задача дыверсіфікацыі беларускага экспарту.
«Гэтая задача пастаўлена нават не пазаўчора, мы яшчэ 5-7 гадоў таму загаварылі пра гэта. Тады плацежаздольнасць нашых рынкаў была нармальнай, але мы разумелі, што залежаць так моцна ад аднаго рынку збыту нельга — гэта прывядзе да бяды. Такая тэндэнцыя сёння вырысоўваецца», — заўважыў беларускі лідар.
«Ключавым фактарам у пашырэнні экспарту з'яўляецца забеспячэнне пакетнага прынцыпу продажаў — у комплексе з пасляпрадажным абслугоўваннем, аператыўным рамонтам, дадатковым сэрвісам. Без гэтага сёння на знешнія рынкі няма чаго нос соваць», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Расійская Федэрацыя — гэта саюзніца і стратэгічны партнёр Беларусі. «Таму нам трэба дынамічна развіваць усебаковае супрацоўніцтва на міждзяржаўным і рэгіянальным узроўнях», — упэўнены Прэзідэнт.
«Прыкра слухаць з некаторых ангажаваных рупараў з Расіі, што ў нас ледзь не мяккая беларусізацыя, яшчэ штосьці тут адбываецца — траха не разварот. Не ведаю толькі, куды мы можам развярнуцца?» — задаўся рытарычным пытаннем кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён лічыць, што «асобным сілам, структурам у Расіі трэба ўжо спыніць гэту цягамоціну». «Куды нам разварочвацца? Мы былі і ёсць браты, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта гістарычна, стагоддзямі прадвызначана».
У той жа час кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Расіі павінны разумець, што беларусы не будуць хлопчыкамі на пабягушках. Беларусь — самастойная суверэнная дзяржава, вобразна кажучы, якая жыве з Расіяй у адным доме, але мае сваю кватэру. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што гэта і словы цяперашняга Прэзідэнта Расіі, які гатовы на гэтым будаваць адносіны з Беларуссю. У сувязі з гэтым беларускі лідар зноў выказаў недаўменне наконт таго, што некаторыя, у тым ліку праўладныя рупары, зацыкліваюцца на іншым, даходзячы да паклёпу. «Трэба гэта завяршаць, гэта да дабра не прыводзіць», — перасцярог кіраўнік беларускай дзяржавы.
Беларусь і Расія поплеч развіваюць Саюзную дзяржаву, а цяпер і ЕАЭС. Аляксандр Лукашэнка заклікаў расійскіх партнёраў прытрымлівацца выпрацаваных прынцыпаў. Напрыклад, дамоўленасці аб тым, што на тэрыторыі дзвюх краін не будуць стварацца альтэрнатыўныя вытворчасці. Прэзідэнт нагадаў аб прэтэнзіях расійскага боку наконт таго, што Беларусь нібыта адмовілася прадаваць МЗКЦ, і аб прапановах наладзіць аналагічную вытворчасць на КамАЗе. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што на апошніх перамовах з кіраўніцтвам Расіі адзначаў: «Хочаце купіць — купляйце, калі ваш інтарэс». Але звяртаў увагу, што і ў Беларусі ёсць свой інтарэс у Расіі — у здабычы на яе тэрыторыі нафты. Аднак дамоўленасці па гэтым пытанні так пакуль і не дасягнуты, канстатаваў Прэзідэнт.
Гаворачы пра супрацоўніцтва з суседнімі краінамі, Прэзідэнт згадаў пра негатыўныя тэндэнцыі ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў: колькасць яе членаў скарачаецца, адносіны паміж некаторымі краінамі абвастраюцца, аб чым сведчыць нядаўні канфлікт паміж Азербайджанам і Арменіяй. Гучаць прапановы нават скасаваць СНД.
«Падзяляючы меркаванне аб безумоўнай неабходнасці мадэрнізацыі Садружнасці, Беларусь лічыць патрэбным захаваць яе як міжнародную арганізацыю», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт растлумачыў, што Беларусь бачыць задачу мадэрнізацыі ў тым, каб зрабіць СНД больш моцнай і прывабнай для дзяржаў-удзельніц, адаптаваць яе да сучасных рэалій.
У рэалізацыі курсу на шматвектарнасць знешняй палітыкі важную ролю адыгрывае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства Беларусі з Вялікім Кітаем. Цяпер на парадку дня выкананне шэрагу ўзаемавыгадных дамоўленасцяў і канкрэтных праектаў, нагадаў Прэзідэнт.
Закранаючы адносіны і дыялог з Захадам, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яны павінны быць раўнапраўнымі. «У супрацоўніцтве з Захадам нас цікавяць перш за ўсё інвестыцыі, трансфер тэхналогій, стварэнне перадавых сумесных вытворчасцяў, удзел беларускіх кампаній у міжнародных вытворчых ланцужках», — сказаў Прэзідэнт.
Прынцыпова важна не дапусціць з'яўлення новых раздзяляльных ліній у Еўрапейскім рэгіёне, каб узаемаадносіны ЕС і ЕАЭС мелі не ўзаемавыключальны, а ўзаемадапаўняльны характар, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт нагадаў, што ў гісторыі Беларусі нямала негатыўных прыкладаў, калі яна была ў эпіцэнтры такога падзелу. Таму для краіны, якая, калі што здарыцца, можа зноў стаць такой раздзяляльнай лініяй, гэта не проста палітычная траскатня, рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы з задавальненнем адзначыў сур'ёзны пералом у адносінах Беларусі з Захадам. «Не «загаварыць» бы гэты нармальны працэс. І Захад павінен гэта разумець, і мы, што калі страцім тэмпы нашых адносін, то станем нецікавымі адно аднаму», — перасцерагае Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт перакананы, што асновай павінна служыць развіццё адносін у гандлёва-эканамічнай сферы, гэта заўсёды садзейнічала збліжэнню дзяржаў і народаў. Канструктыўнае разнапланавае супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам поўнасцю адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі. Гэта ж датычыцца і развіцця гандлёва-эканамічных сувязяў і актывізацыі дыялогу са Злучанымі Штатамі Амерыкі.
Захаваць галоўныя здабыткі
«Наша краіна асабліва зацікаўлена ў стварэнні ўсёабдымнай і справядлівай сістэмы забеспячэння бяспекі шырокага і, на жаль, выбухованебяспечнага Еўразійскага рэгіёна», — сказаў кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым, паводле яго слоў, Беларусь прымае меры і на ўзроўні міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, і ва ўмацаванні абароннага патэнцыялу сваёй краіны. «Мы не бразгаем нейкай зброяй. Не. Мы сур'ёзна і адкрыта гаворым аб тым, што ствараем сучасны абаронны комплекс нашай краіны. Дарэчы, частка рэгіянальнай абароннай сістэмы Беларусі і Расіі — на заходнім напрамку, у аснове якога беларуская армія», — дадаў ён.
У глабальным маштабе гэтай мэце служыць Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы, адзначыў Прэзідэнт. Павышэнне боегатоўнасці Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання дае магчымасць процістаяць такім выклікам, як міжнародны тэрарызм, наркатрафік, незаконная міграцыя і арганізаваная злачыннасць.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Беларусь, з улікам абвастрэння сітуацыі ў далёкім і блізкім замежжы, вымушана нарошчваць свой абаронны патэнцыял, каб не аказацца безабаронным аб'ектам лакальнага ваеннага канфлікту. Значнай вяхой у павышэнні абараназдольнасці ён назваў прыняцце ў гэтым годзе новай рэдакцыі Ваеннай дактрыны беларускай дзяржавы. «У ёй дакладна вызначаны міралюбівы характар нашай знешняй палітыкі. Разам з тым у дакуменце падкрэслена, што для абароны сваёй краіны ў выпадку вычарпання мер неваеннага характару мы гатовы да прымянення ваеннай сілы як супраць знешняй агрэсіі, так і для нейтралізацыі ўнутранага ўзброенага канфлікту», — заўважыў Прэзідэнт. «Галоўная задача ўсіх сілавых структур — забяспечваць недатыкальнасць нашай Радзімы, яе тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны парадак, пастаянна падтрымліваць спакойную абстаноўку, неабходную для ўстойлівага развіцця краіны і мірнага жыцця людзей», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
«Няма больш высокай каштоўнасці (гэта Украіна паказала і іншыя дзяржавы, цяпер асабліва — Сірыя), чым мір і бяспека», — сказаў Прэзідэнт.
«Калі на галаву сыплюцца бомбы, калі ў грамадстве разлад, калі адзін на аднаго пайшлі з кулямётамі і гранатамі, калі чалавек не можа жыць на сваёй зямлі, — пра што можа ісці размова? Пра дэмаграфічныя нажніцы? Хто будзе ў такі час нараджаць?» — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Менавіта з гэтай прычыны, як лічыць кіраўнік дзяржавы, неабходна заўсёды падкрэсліваць, што мір, бяспека, абараназдольнасць — гэта вельмі важна. Прэзідэнт заклікаў гаварыць аб гэтым, не саромеючыся крытыкаў.
«Усё астатняе мы знойдзем, купім. Гэта другараднае», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што ні ў якое параўнанне з «бяспекай і мірам на гэтым кавалку зямлі, дзе жывуць беларусы», гэта не ідзе.
«Ад таго, наколькі эфектыўна мы зможам адстаяць свой суверэнітэт, не дапусціць пранікнення да нас хаосу і гвалту звонку, пазбегнуць памылак суседзяў, залежыць будучыня нашай Беларусі. Мы проста абавязаны зберагчы галоўны здабытак — мір, стабільнасць, міжнацыянальную, міжканфесійную згоду, адкрытасць да супрацоўніцтва», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Звязда, 22 красавіка 2016
Паводле БЕЛТА
Кoличество переходов на страницу: 1314
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |