https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Леанід Заіка: "Шукайце, рызыкуйце і будзьце паспяховымі"


Пра творчыя падыходы ў эканоміцы карэспандэнт Звязды гутарыць з вядомым беларускім эканамістам і экспертам Леанідам Заікам.

— Леанід Фёдаравіч, а ці магчыма творчасць у такой сферы, як рынкавая эканоміка, дзе пануе тэзіс: "Толькі бізнэс і нічога асабістага". Як вы мяркуеце?


— Яшчэ як магчыма! Гэта толькі на першы погляд здаецца, што ў эканоміцы ўладараць лічбы сухой статыстыкі і малазразумелыя для шырокай публікі паказчыкі і тэрміны. Праўда, чаму "сухой"? Іншы раз чытаеш эканамічныя справаздачы як бестселер! Вядома, усё (ці амаль усё) у эканоміцы падпарадкавана дзелавой мэтазгоднасці, пошуку аптымальных рашэнняў для дасягнення максімальнай рэнтабельнасці, прыбытковасці, выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі і г.д. Я мог бы доўга прыводзіць факты (не хапіла б плошчы вашага выпуску) удалай рэалізацыі цікавых ідэй, дзякуючы менавіта творчаму падыходу.

Нам, дарэчы, не хапае менавіта творчых знаходак у сферы эканомікі. Хаця б у вядзенні той жа гарадской гаспадаркі, якая пасля наступлення першых моцных маразоў і снегападаў аказалася ў цэнтры ўвагі раззлаванай грамадскасці, мясцовых і рэспубліканскіх органаў улады. Прычына банальная: як заўсёды "нечакана" занесла снегам. Гэта стала сур'ёзнай праблемай для выканкамаў. На яе вырашэнне былі кінутыя ўсе наяўныя людскія рэсурсы камунальных службаў, мабілізавана ўся здатная для ачысткі вуліц і дарог тэхніка. Але ўсё роўна гэтыя намаганні не далі хуткага і чаканага эфекту. А чаму б не падысці да вырашэння праблемы творча? Скажам, аб'явіць: тым, хто выйдзе на расчыстку вуліц, будуць плаціць 50-70 тысяч рублёў у гадзіну. Думаю, многія студэнты адклалі б на дзень-другі падручнікі з канспектамі і ўзяліся б за рыдлёўкі. Вось вам і творчы падыход.

— Цаню ваш гумар. Напярэдадні Новага года асаблівую вынаходлівасць і творчы падыход праяўляюць гаспадары магазінаў, гандлёвых сетак, гіпер- і супермаркетаў. Чаго яны толькі не прыдумваюць, каб прывабіць людзей! Вы згодны?

— І сапраўды, уладальнікі вялікіх гандлёвых прадпрыемстваў, якія апошнім часам пабудаваны і актыўна ўзводзяцца ў сталіцы, іншых гарадах краіны, — вельмі творчыя і прадпрымальныя асобы. На жаль, з адной папраўкай: пераважна на сваю карысць. Звычайна ў гіпер- і супермаркетах гандлёвая нацэнка на ўсе тавары, якія вырабляюцца за мяжой і ў нашай краіне, складае 20%. Гэта неблагі заробак. Падрыхтоўка да сустрэчы Новага года, святкавання Каляд — "залаты" час для гандлю, магчымасць больш зарабіць на перадсвяточнай ліхаманцы. Можа, таму, што сярод заснавальнікаў вялікіх гандлёвых прадпрыемстваў не так шмат нашых суайчыннікаў?

— Леанід Фёдаравіч, прабачце, але амаль паўсюдна зіхацяць аб'явы аб акцыях па распродажы прамысловых тавараў і прадуктаў харчавання па зніжаных цэнах. Чым не клопат аб звычайных пакупніках?

— Я даўно пераканаўся ў тым, што далёка не заўсёды трэба спакушацца на заклікі нашых гандляроў набываць у іх тавары па быццам бы "зніжаных" цэнах. Шматлікія крамы актыўна выкарыстоўваюць, я сказаў бы, нават злоўжываюць папулярнымі словамі "зніжка" і "распродаж". Але гэта практыка вядзення бізнэсу накіравана, хутчэй, на выцісканне грошай з насельніцтва, а не на сапраўдны продаж тавараў з істотным зніжэннем цаны. Гэта асабліва кідаецца ў вочы пасля наведвання замежных еўрапейскіх гіпер- і супермаркетаў, дзе высокія цэны, скажам, на складаную бытавую тэхніку значна "падаюць" напрыканцы года. Там у час калядных "распродажаў" можна набыць тавар напалову танней за яго ранейшы кошт. Вось гэта зніжкі і распродажы. І самае цікавае — яны выгадныя для гандляроў. У нас такога пакуль няма. Завітаў днямі ў краму з мэтай набыць мікрахвалевую печку — калі не са зніжкай, дык у растэрміноўку. Аказваецца, для гэтага трэба прадставіць гарантыйнае пісьмо з месца працы аб тым, што ў выпадку маёй неплацежаздольнасці ўстанова выплаціць грошы... Таму і едуць нашы землякі па тавар у Вільнюс ці Варшаву замест таго, каб падтрымаць айчынную эканоміку.

— А як вы ўвогуле ахарактарызуеце 2012 год у эканамічным плане?

— Адназначна сказаць цяжка. Гэты год быў у значнай ступені годам чаканняў і перасцярог. Але на яго пачатку ўсталяваліся аб'ектыўныя прапорцыі ў эканоміцы. Яна стабілізавалася, стала больш рэалістычнай. Вырас валавы ўнутраны прадукт (ВУП), таксама павялічыўся гандлёвы абарот з далёкім і блізкім замежжам, асабліва з Расіяй. Праўда, не абышлося без цікавых нечаканасцяў. Я звярнуў увагу на дзіўныя факты ў знешнегандлёвай статыстыцы. Напрыклад, мы завезлі з Расіі ў восем разоў больш вугалю і ўдвая больш бананаў, якія там не растуць, ва ўсякім разе ў прамысловых маштабах. Яшчэ шмат набылі ў Расіі свініны, хаця, здавалася, у саміх яе дастаткова. Мы туды традыцыйна пастаўляем замарожанае мяса, розныя малочныя вырабы.

— Над чым варта ў творчым ключы працаваць кіраўнікам нашай эканомікі ў наступным годзе?


— Над хібамі і пралікамі 2012 года. Сёлета мы прыцягнулі інвестыцый недзе на 12% менш, чым летась. Гэта выклікае заклапочанасць. Не вельмі радуе і тое, што 48% нашага экспарту ў еўрапейскія краіны складаюць нафтапрадукты. Мы аж на 40% павялічылі вытворчасць саляркі. Згодны, гэта цяпер наш вельмі выгадны і канкурэнтаздольны прадукт. Але хацелася б, каб і іншыя тавары беларускіх вытворцаў (скажам, прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі, якім апошнім часам надаецца шмат увагі) паступова займалі выгадныя пазіцыі на рынках розных кантынентаў. Увогуле наступны год, лічу, павінен стаць годам творчых падыходаў у рэалізацыі экспартнай палітыкі нашай краіны. Новых ніш яшчэ дастаткова на замежных рынках.

— Ці ёсць падставы разлічваць на значны ўздым сусветнай эканомікі?

— Я вельмі не спадзяваўся б на гэта. Рост будзе, але невялікі. Чаму? Гэта тэма асобнай размовы.

— Як, на ваш погляд, модная ў апошнія гады тэма крызісу будзе прысутнічаць у 2013 годзе на старонках замежных газет, у эфіры радыё і тэлебачання, у прамовах палітыкаў?

— Я, іншыя беларускія эканамісты, а таксама нашы расійскія калегі не лічаць гэты год і надыходзячы 2013-ы менавіта крызіснымі. Які крызіс, калі ў Беларусі і Расіі назіраецца эканамічны рост, там павялічваецца вытворчасць, расце колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў, фіксуецца ўсё большы ўнёсак у эканамічнае развіццё прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці і г.д? Сёння, як я казаў, варта засяродзіцца на стварэнні новых высокатэхналагічных якасных прадуктаў, новых брэндаў. Але гэта палова справы. У Беларусі мы маглі б пакідаць толькі "інтэлектуальны складнік" новых вырабаў, таксама захаваць у сябе іх канструктарскую і інжынерную распрацоўку, маркетынг і г.д. А вось вытворчую зборку, ды і з часам поўны выпуск нашых вядомых брэндаў (скажам, машынабудавання) паступова перанесці ў краіны іншых кантынентаў. Бліжэй за ўсё да нас Азія — а там нашы партнёры па СНД: Туркменістан, Таджыкістан і Узбекістан. Карацей, трэба размяшчаць вытворчасці там, дзе гэта прынясе нам карысць. Напрыклад, у Лацінскай Амерыцы і Афрыцы можна развіваць сетку прадпрыемстваў па зборцы беларускіх трактароў і аўтамабіляў. Новая стратэгія экспарту можа ажыццяўляцца па некалькіх асноўных вектарах.

— Мы напрыканцы года заўсёды бываем занадта аптымістычнымі. Чаму?


— Гэта ўласціва чалавечай натуры. Мы заўсёды спадзяёмся на лепшае ў наступным годзе. І гэта добра. Мяне, як эканаміста, здзівілі факты рэкордных продажаў беларускіх тэлевізараў у Грузію і сельскагаспадарчых машын у Чэхію. Значыць, можам, калі праявім творчую жылку, нестандартны падыход. Таму хачу пажадаць усім айчынным прадпрымальнікам: шукайце, знаходзьце, рызыкуйце і будзьце паспяховымі ў 2013 годзе.

Гутарыў Леанід Лахманенка
Звязда, 29 снежня 2012


 

Кoличество переходов на страницу: 1147


Комментарии