З адным з сенатараў — старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргеем Сіўцом — карэспандэнт "Звязды" працавала на дзвюх цікавых сустрэчах — з навучэнцамі Мінскага каледжа электронікі і супрацоўнікамі Мінскага аўтамабільнага завода. Розныя мэтавыя аўдыторыі, розныя ўзроставыя катэгорыі, але гутарка і там, і там адбылася плённая.
Адной з тэм сустрэчы сенатара з педагагічным калектывам і навучэнцамі стала інфармаванне аб асноўных навацыях, якія адлюстраваны ў законапраекце аб УНС.
— Новы закон датычыцца фармавання новай мадэлі палітычнай сістэмы нашага грамадства. У ім будуць адлюстраваны найлепшыя практыкі прадстаўнічай дэмакратыі, калі ўсе групы насельніцтва без выключэння атрымліваюць права прыняцця стратэгічных рашэнняў у развіцці грамадства і дзяржавы, — адзначыў Сяргей Сівец.
— Сустрэча ў Мінскім каледжы электронікі адбылася невыпадкова. У адпаведнасці са змяненнямі Канстытуцыі, з'явіўся новы артыкул, датычны моладзі. А менавіта — абавязацельства дзяржавы садзейнічаць духоўнаму, маральнаму і фізічнаму развіццю моладзі, ствараць умовы для рэалізацыі іх патэнцыялу, — распавёў сенатар. — Ёсць яшчэ адна катэгорыя суб'ектаў, якая атрымлівае асаблівую ўвагу ад дзяржавы паводле абноўленай Канстытуцыі, — гэта людзі з інваліднасцю і пажылыя грамадзяне. У прыватнасці, датычна асоб з абмежаванымі магчымасцямі 47-м артыкулам прадугледжана, што інваліды прыраўноўваюцца ў сваіх правах да ўсіх грамадзян нашай краіны і дзяржава спрыяе іх інтэграцыі ў грамадства. Мінскі дзяржаўны каледж электронікі — добры прыклад таго, як ажыццяўляюцца канстытуцыйна-прававыя палажэнні на практыцы.
Сапраўды, адной з важных адметнасцяў каледжа з'яўляецца тое, што ён дае магчымасць атрымаць адукацыю дзецям з інваліднасцю. Напрыклад, сёлета ўстанова выпускае праграмістаў: у дзяцей поўнасцю адсутнічае зрок, але яны на выдатным узроўні авалодалі ведамі. Іх вучаць з дапамогай камп'ютарнай праграмы, якая агучвае аперацыі. Але пры гэтым навучэнцы авалодваюць не толькі спецыяльнымі тэхналогіямі — іх вучаць працаваць і на звычайным камп'ютары.
Дзякуючы інклюзіўным сродкам, дзеці з парушэннямі слыху, а таксама апорна-рухальнага апарату вучацца майстэрству фатаграфіі. Каледж дае навыкі адразу ў некалькіх напрамках: рэстаўрацыя старых фотаздымкаў, разуменне тэхнічных сродкаў і непасрэдна ўменне здымаць.
— Гэта першая група па дадзенай спецыяльнасці, — адзначыў дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі Георгій Козел. — Мы самі знаходзім педагогаў для такіх дзетак, самі працаўладкоўваем іх і пасля суправаджаем яшчэ два гады. Для нас самае галоўнае пытанне і мэта ў тым, каб гэтых дзяцей узялі на работу. Мы павінны фармаваць асяроддзе, у якім кожны кіраўнік будзе ганарыцца тым, што ў яго камандзе ёсць работнік з асаблівасцямі.
У сваю чаргу, Сяргей Сівец падкрэсліў, што атрыманую інфармацыю абавязкова перадасць у прэзідыум Савета Рэспублікі: інклюзія ў навучанні — адна з тэм, якой верхняя палата парламента і яе кіраўніцтва аддаюць асаблівую ўвагу.
Сур'ёзная размова адбылася і на Мінскім аўтамабільным заводзе.
— Мы разам з вамі перажываем вельмі важны этап для нашай краіны. Наша мэта заключаецца ў тым, каб акумуляваць усе ініцыятывы і прапановы, якія пачулі ў рамках шматлікіх дыялогавых пляцовак, — паведаміў Сяргей Сівец. — Яшчэ раз падкрэслю: нам вельмі важна пачуць зваротную сувязь, зразумець, як грамадзяне нашай краіны бачаць палітычную трансфармацыю.
Сенатар адзначыў, што ў Беларусі ўжо ёсць добрая практыка грамадскага абмеркавання такіх важных нарматворчых дакументаў. Тым не менш, прыняцце законапраектаў суправаджаецца рознымі пытаннямі ад грамадзян. Напрыклад, пытанне фармавання УНС:
— Парадыгма, якая лягла ў аснову інтэгравання УНС у палітычную сістэму Беларусі, — прадстаўленне інтарэсаў усіх слаёў нашага насельніцтва. Таму падчас фармавання нашай мэтай быў максімальны ахоп прадстаўнікоў трох галін улады: заканадаўчай, выканаўчай і судовай; прадстаўнічых органаў улады і прадстаўнікоў суб'ектаў грамадства, — распавёў Сяргей Сівец.
Яшчэ адно пытанне, якое гучала ў рамках дыялогавых пляцовак, — роля УНС у палітычным жыцці грамадства і яго адрозненне ад Нацыянальнага сходу Беларусі. Сенатар падкрэсліў, што асноўнай адметнасцю Нацыянальнага сходу з'яўляецца наяўнасць заканадаўчай улады. Зона адказнасці Нацыянальнага сходу — падрыхтоўка і прыняцце законаў, якія з'яўляюцца асноўным нарматыўным рэгулятарам грамадскіх адносін:
— УНС — суб'ект права заканадаўчай ініцыятывы, гэта значыць можа ініцыіраваць прыняцце тых ці іншых законаў шляхам звароту ў Палату прадстаўнікоў. Яны разыходзяцца па прававым статусе, — расказаў дэпутат. — Акрамя таго, Усебеларускі народны сход будзе рэалізоўваць паўнамоцтвы па стратэгічным накіраванні грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны.
Аўтар: Арына Карповіч
Звязда, 1 лістапада 2022
Звязда, 1 лістапада 2022
Кoличество переходов на страницу: 230
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |