https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Хто нас падтрымае?


Аддзяліць эканоміку ад палітыкі даволі складана. Але пры любым палітычным раскладзе эканоміка з'яўляецца вызначальным фактарам.

Дастаткова зірнуць на палітычную карту свету, каб убачыць, што на жыццё таго ці іншага рэгіёна імкнуцца ўплываць краіны, якія маюць магутную эканоміку. Такіх краін не шмат, іх можна на пальцах палічыць, а пераважная большасць знаходзіцца ў ролі статыстаў — ад іх мала што залежыць. Але калі ў невялікай краіне развітая эканоміка і народ жыве заможна, то там мала хто забівае галаву палітыкай. Гэта вялікія дзяржавы даволі часта выкарыстоўваюць эканамічныя рычагі ў палітычных мэтах.

Беларусь хацела б атрымаць крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) для стабілізацыі сваёй фінансавай сістэмы. Прадстаўнік МВФ Крыс Джарвіс ужо выказаўся наконт крызіснай сітуацыі і заявіў, што Беларусь плацежаздольная і можа пагасіць крэдыты. А калі так, то хто нас падтрымае?

МВФ?

Пры выкананні рэкамендацый МВФ наша краіна можа разлічваць на крэдыт. І МВФ, як арганізацыя не звязаная з палітыкай, ніякіх дадатковых умоў быццам бы не павінна прад'яўляць Беларусі. Але ўлічваючы, што ў МВФ правілы гульні ўстанаўліваюць ЗША і Еўрасаюз, то нашай краіне прад'явяць палітычныя ўмовы, пры выкананні якіх крэдыт могуць выдзеліць. Такі сцэнарый найбольш верагодны, але атрымаць крэдыт ён дае магчымасць.

Расія?

Падазрэнне выклікае пазіцыя Масквы. І менавіта яна, найперш, павінна была б падтрымаць Беларусь у такі складаны для яе час. Хіба не існуе Саюзная дзяржава? Складваецца ўражанне, што расійскае кіраўніцтва заняло пазіцыю чакання. А што будзе далей? У Масквы выйгрышная пазіцыя, і яна спадзяецца, што сітуацыя прыйдзе да лагічнай развязкі: расійскі капітал возьмецца за прыватызацыю нашых прадпрыемстваў. Сёння Беларусі ніякія палітычныя прэтэнзіі не прад'яўляюцца, а ўсё зводзіцца да эканамічных. Думаю, што і ўвядзенне ў Беларусі расійскага рубля Крэмль з парадку дня не здымае. Бачачы, як СМІ ў Расіі падаюць нашы праблемы, як смакуюць іх, дапамогі ад усходняй суседкі мы наўрад ці дачакаемся.

Кітай?

Бадай, толькі гэтая дзяржава вядзе з Беларуссю адкрытую гульню. Кітай цікавіць, найперш, эканоміка. Магчыма, кітайцы перанасыціліся палітыкай, тым больш, што гэта прывяло, у свой час, да адмоўных вынікаў. У кітайцаў усё пабудавана на прагматызме, і яны, калі і даюць крэдыт, то пад канкрэтны праект, каб можна было выкарыстаць там сваё абсталяванне, тэхналогіі ці рабочую сілу. Кітайскія крэдыты ў сховішча Нацыянальнага банка не пакладзеш.

Не магу сказаць, якія рэкамендацыі на выйсце з крызісу далі прадстаўнікі Кітая, але іх сацыяльна-эканамічная мадэль наўрад ці поўнасцю для нас падыходзіць. У Кітаі ўсё знаходзіцца пад жорсткім кантролем дзяржавы і партыі. Там пенсій, у пераважнай большасці, людзі не атрымліваюць, многія гарады для сельскага насельніцтва закрыты...

І ўвогуле, Кітай — гэта зусім іншая цывілізацыя. Тысячагоддзі кітайцы знаходзіліся пад уплывам канфуцыянства, якое прапаведавала прагматызм, пакланенне імператару (вецер дзьме — трава гнецца), падпарадкаванне старэйшаму ў сям'і... І калі сёння мы гаворым, што дзеці павінны даглядаць састарэлых бацькоў, то тут Амерыку не адкрываем — у кітайцаў заўсёды так было. А каб так працаваць, як кітайцы, то напачатку трэба было б нам узвесці сваю "вялікую кітайскую сцяну".

Вось такая, на мой погляд, складваецца сітуацыя. У нас ёсць і свае ўнутраныя рэзервы — гэта шэраг прадпрыемстваў, якія замежныя інвестары маглі б набыць.

Але ці спрацуюць выручаныя грошы? Магчыма, праз нейкі год нам зноў спатрэбіцца валютны крэдыт ці давядзецца прадаваць чарговы аб'ект?

Калі прадстаўнік МВФ казаў пра неабходнасць сур'ёзных структурных рэформаў беларускай эканомікі, то я не ведаю, што ён меў на ўвазе. Але не памылюся, калі скажу, што ўнутры кожнай структуры шмат завалаў, якія неабходна разгрэбці. Карпаратыўныя ці асабістыя інтарэсы там часта бяруць верх над дзяржаўнымі. Напрыклад, што рабіць з такой галіной эканомікі, як лёгкая прамысловасць? Куды падзець стратныя прадпрыемствы, якія вісяць на галіне, як камень на шыі тапельца?

Усё пакінуць, як было, не атрымаецца.

А будзе той працэс называцца рэфармаваннем ці навядзеннем парадку — не так ужо і важна. Галоўнае, каб з гэтым мы справіліся.

Сымон Свістуновіч
Звязда, 24 чэрвеня 2011


 

Кoличество переходов на страницу: 1363


Комментарии