https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Сяргей Кізіма: Стварэнне СП на ўзор індустрыяльнага парку - шматабяцальная форма супрацоўніцтва для Беларусі і Кітая


Стварэнне сумесных прадпрыемстваў на ўзор Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку выглядае найбольш шматабяцальнай формай эканамічнага супрацоўніцтва для Беларусі і Кітая. Такое меркаванне выказаў загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі доктар палітычных навук Сяргей Кізіма.

Ва ўмовах нестабільнасці ў заходніх эканоміках пастаянны рост ВУП Кітая можа служыць своеасаблівым маторам для развіцця краін, гатовых супрацоўнічаць з Паднябеснай, лічыць эксперт. "Менавіта да гэтага імкнецца Беларусь, прыцягваючы кітайскія інвестыцыі на сваю тэрыторыю, у тым ліку ў рамках Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку. Пры гэтым супрацоўніцтва ў рамках падобных да яго сумесных прадпрыемстваў выглядае найбольш шматабяцальным: выгаду ад паспяховага развіцця такіх пачынанняў змогуць падзяліць паміж сабой і беларускі, і кітайскі бок", - сказаў Сяргей Кізіма.

Паводле ацэнак аўтарытэтных эканамістаў, да 2020 года Кітай укладзе ў іншыя краіны ад $1 трлн. да $2 трлн. "Зразумела імкненне беларускага кіраўніцтва прапанаваць кітайскім прадпрыемствам праекты, рэалізацыя якіх дасць магчымацсь прыцягнуць у Беларусь частку гэтых сродкаў і пасадзейнічае мадэрнізацыі беларускай эканомікі", - адзначыў палітолаг.

Праведзены ў лістападзе 18-ы з'езд Камуністычнай партыі Кітая, на думку Сяргея Кізімы, не мог што-небудзь сур'ёзна змяніць у беларуска-кітайскіх адносінах. "Яны і так максімальна дружалюбныя, і падстаў для пагаршэння ў бліжэйшыя гады немагчыма знайсці", - падкрэсліў эксперт.

Гаворачы аб перспектывах узаемадзеяння Кітая з Мытным саюзам, Адзінай эканамічнай прасторай, Сяргей Кізіма адзначыў, што з-за суседства Кітая з Казахстанам і Расіяй непазбежна ўзмацненне адносін партнёрства і эканамічнай інтэграцыі ў рамках гэтага трохвугольніка. "Беларусь не павінна адставаць ад тэмпаў развіцця гэтых адносін, карыстаючыся перавагамі, якія прадастаўляюцца адзінай інтэграцыйнай прасторай з Казахстанам і Расіяй", - заявіў палітолаг.

Сяргей Кізіма не выключыў магчымасці пэўных супярэчнасцей паміж Расіяй з Кітаем наконт занадта моцнага прыходу апошняга ў постсавецкія краіны. "Але непазбежны і кампраміс, які будзе знойдзены паміж кіраўніцтвам дзвюх краін з-за вялікага патэнцыялу расійска-кітайскіх адносін для мадэрнізацыі расійскай эканомікі і падтрымання дастатковых тэмпаў росту", - рэзюмаваў ён.

БЕЛТА, 23 лістапада 2012


 

Кoличество переходов на страницу: 1099


Комментарии