https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Выступленне Прэзідэнта Беларусі на ваенным парадзе ў азнаменаванне 75-й гадавіны Вялікай Перамогі


Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі на ваенным парадзе ў азнаменаванне 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 9 мая 2020 г.

Таварышы салдаты, сяржанты, прапаршчыкі і афіцэры!

Дарагія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны!

Паважаныя суайчыннікі і госці Беларусі!

Віншую вас з Днём Перамогі!

Гэта свята для нас свяшчэннае.

Трагедыя беларускага народа, які вынес на плячах тытанічны груз страт і разбурэнняў самай жорсткай вайны дваццатага стагоддзя, несувымерная ні з якімі цяжкасцямі сённяшняга дня.

Нават думка здрадзіць традыцыям, якія вось ужо 75 гадоў праслаўляюць гісторыю Вялікага Подзвігу пераможцаў, для нас недапушчальная.

У гэтым ашалелым, страціўшым арыенціры свеце знойдуцца людзі, якія асуджаюць нас за месца і час правядзення гэтага свяшчэннага дзейства. Хачу ім сказаць па-чалавечы: не спяшайцеся рабіць вывады, а тым больш асуджаць нас - нашчадкаў Перамогі, беларусаў. Мы проста не маглі інакш, у нас не было іншага выбару, а калі і быў бы, мы зрабілі б гэтак жа, таму што на нас глядзяць вочы загінулых за нашу свабоду савецкіх салдат, вочы закатаваных у засценках гестапа партызан і падпольшчыкаў, вочы старых, жанчын і дзяцей Хатыні. Яны вельмі хацелі жыць, але памерлі, каб жылі мы. І сучасная Беларусь - гэта помнік той страшнай вайне, загінулым, закатаваным і спаленым. Жывая памяць і жывы помнік.

І няхай у гэтым годзе ваенны парад у Мінску будзе адзіным на постсавецкай прасторы, ён пройдзе ў гонар усіх савецкіх воінаў, якія вызвалілі свет ад нацызму.

Сёння мы ўшаноўваем подзвіг нашых бацькоў і дзядоў. Іх шлях да перамогі быў абмыты слязамі маці, жонак і дзяцей, паліты крывёй загінулых у баях таварышаў і мірных жыхароў, авеяны попелам спаленых ворагам вёсак.

Мы схіляемся перад подзвігам рускіх і беларусаў, украінцаў і яўрэяў, татар і казахаў, таджыкаў і ўзбекаў, кыргызаў і туркменаў, грузін, армян, азербайджанцаў і малдаван, латышоў, літоўцаў, эстонцаў, усіх жыхароў Савецкага Саюза, байцоў руху Супраціўлення Еўропы, нашых саюзнікаў - ЗША, Англіі і Кітая. Іх мужнасць, адвага і гатоўнасць памерці за Радзіму сталі страшнай зброяй адплаты для гітлераўскіх катаў і іх сатэлітаў.

Паслядоўнікам нацысцкай ідэалогіі, захопнікам з празмернымі геапалітычнымі амбіцыямі гісторыя дала ўрок. Яго сэнс просты і справядлівы - народ, які абараняе родную краіну, свае сем'і і будучыню дзяцей, непераможны.

Беларусь стала на шляху агрэсара жывым шчытом. Тут, на нашай зямлі, прайшоўшы паў-Еўропы, гітлераўцы ўпершыню сустрэлі такое нястрымнае супраціўленне.

Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці, горада Магілёва доўжылася значна даўжэй, чым захоп многіх еўрапейскіх дзяржаў.

Менавіта ў жорсткіх баях сорак першага, у тым ліку і на беларускай зямлі, пахіснулася ўпэўненасць ворага ва ўласнай перавазе, былі закладзены асновы будучай Вялікай Перамогі.

Ва ўкладзе беларускага народа ў разгром фашызму няма ніякіх сумненняў. Гэта мільён 300 тысяч нашых воінаў, якія змагаліся ў радах Чырвонай Арміі.

Гэта больш як 400 тысяч падпольшчыкаў і партызан да канца сорак трэцяга года кантралявалі 60 працэнтаў акупіраванай тэрыторыі краіны. Гэта гібель кожнага трэцяга беларускага жыхара, які засланіў сабой дарогу нацыстаў далей, на ўсход, на сталіцу нашага Саюза.

І пакуль нашы сэрцы адзываюцца болем за тых, хто не вярнуўся з палёў бітваў, пакуль гучыць праўда аб той вайне - мы памятаем!

Бо за кожны дзень мірнага і свабоднага жыцця заплачана мільёнамі ахвяр і скалечаных вайной лёсаў.

Мы назаўсёды звязаны кроўнымі вузамі з брацкімі народамі, разам з якімі нашы бацькі і дзяды спынілі катастрофу дваццатага стагоддзя.

Але свет ігнаруе трагічныя ўрокі мінулага. І чым далей мы аддаляемся ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, тым агрэсіўней і небяспечней ён становіцца.

Планета накаляецца новымі ачагамі ўзброеных канфліктаў. Зноў гінуць мірныя людзі. І на гэтым фоне адраджаюцца ідэі нацызму.

Іх новы след - разбураныя помнікі воінам-вызваліцелям, гераізацыя гітлераўскіх злачынцаў, фальсіфікацыя гістарычных фактаў Другой сусветнай вайны.

Беларусь - міралюбівая і адкрытая краіна. Але наш гістарычны вопыт наглядна паказаў, што дыпламатыя міждзяржаўнага дыялогу не пераканаўчая без наяўнасці эфектыўнай сістэмы бяспекі.

Але нягледзячы на сучасныя выклікі, святочны парад, прысвечаны Дню Перамогі, сённяшні наш парад - гэта не дэманстрацыя сілы, а даніна памяці нашай гераічнай гісторыі.

Салдаты, афіцэры і генералы беларускай арміі - нашчадкі пераможцаў. Вы сёння пройдзеце ў адным страі як прадаўжальнікі слаўных традыцый савецкіх воінаў.

Пакажаце новыя ўзоры ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі, створаныя ўжо на айчынных прадпрыемствах абароннага сектара. Зробіце гэта ў гонар дзядоў і прадзедаў, якія завяшчалі нам мірную краіну.

Наш святы абавязак - захаваць яе для будучых пакаленняў. Зберагчы праверанае ў суровых баях адзінства народаў.

Беларусь, як і раней, будзе верная памяці Вялікай Перамогі. Перамогі, якая з'яўляецца агульным здабыткам рэспублік былога Савецкага Саюза.

Дарагія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны!

Гісторыя жыцця вашага пакалення - сапраўдны прыклад мужнасці, доблесці і духоўнай велічы. Вы былі і назаўсёды застаняцеся пераможцамі.

Сёння мы схіляем галовы перад памяццю тых, хто аддаў жыццё ў імя нашай будучыні. Дзякуем усім, хто здзейсніў працоўны подзвіг.

Абяцаем зберагчы праўду аб той вайне на славу герояў, якія выратавалі многія народы ад генацыду і рабства.

Нізкі паклон і бязмежная ўдзячнасць вам за Вялікую Перамогу! Беларусь будзе памятаць!

Дарагія суайчыннікі!

У гэты ўрачысты дзень я хачу пажадаць усім перш за ўсё моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту, мужнасці вам і стойкасці ў гэты няпросты час!

Няхай неба над Беларуссю заўсёды будзе мірным!

З Днём Перамогі!

Ура!

БЕЛТА, 9 мая 2020


 

Кoличество переходов на страницу: 356