70 гадоў таму — 1 кастрычніка 1949-га — падчас мітынгу на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне старшыня Цэнтральнага Народнага Урадавага Савета Маа Цзэдун абвясціў утварэнне Кітайскай Народнай Рэспублікі. На наступны дзень Савецкі Саюз першым прызнаў КНР і ў хуткім часе заключыў з ёй Дагавор аб дружбе, саюзе і ўзаемнай дапамозе.
2 снежня таго ж года цэнтральны народны ўрад Кітая выдаў пастанову аб абвяшчэнні 1 кастрычніка нацыянальным святам. Цягам гэтых 70 гадоў стваралася найноўшая гісторыя Паднябеснай, разгортваліся грандыёзныя пераўтварэнні, якія назвалі «кітайскім цудам».
У выніку КНР стала неаспрэчным сусветным лідарам, які шмат у чым задае тон глабальнай эканоміцы і палітыцы. Дынамічна развіваецца беларуска-кітайскае супрацоўніцтва, вынікам якога стала рэалізацыя шэрагу знакавых праектаў.
Як стваралася «кітайская мадэль», чым адметнае ўзаемадзеянне Паднябеснай з нашай краінай, «Звяздзе» расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін.
2 снежня таго ж года цэнтральны народны ўрад Кітая выдаў пастанову аб абвяшчэнні 1 кастрычніка нацыянальным святам. Цягам гэтых 70 гадоў стваралася найноўшая гісторыя Паднябеснай, разгортваліся грандыёзныя пераўтварэнні, якія назвалі «кітайскім цудам».
У выніку КНР стала неаспрэчным сусветным лідарам, які шмат у чым задае тон глабальнай эканоміцы і палітыцы. Дынамічна развіваецца беларуска-кітайскае супрацоўніцтва, вынікам якога стала рэалізацыя шэрагу знакавых праектаў.
Як стваралася «кітайская мадэль», чым адметнае ўзаемадзеянне Паднябеснай з нашай краінай, «Звяздзе» расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін.
___________________________________________________
— Чым адметная гэтая дата?
— Усім вядома, што Кітай — старажытная дзяржава з гісторыяй, якая налічвае 5000 гадоў, і цывілізацыяй, якая зрабіла значны ўнёсак у развіццё сусветнага грамадства. Напрыклад, «чатыры вялікія вынаходніцтвы» (порах, компас, выраб паперы, кнігадрукаванне), створаныя кітайцамі, не толькі змянілі і ўзбагацілі чалавецтва, але былі пашыраныя і ўжываюцца па гэты дзень.
Аднак у ХІХ стагоддзі сітуацыя кардынальна змянілася. 1840-я гады прайшлі пад знакам «опіумных войнаў». Брытанская імперыя, выкарыстоўваючы зброю, шляхам гвалту адкрыла канал паставак наркатычных сродкаў у Кітай. Заходнія імперыялістычныя дзяржавы пачалі ўрывацца ў краіну і рабаваць яе. Кітай паступова ператварыўся ў паўфеадальную, паўкаланіяльную дзяржаву, апынуўся на мяжы знішчэння дзяржаўнага і нацыянальнага існавання. Таму надзвычай важны той гістарычны пералом, які намеціўся ў 1921-м, калі была створана Камуністычная партыя Кітая. Цягам 28 гадоў жорсткай барацьбы ўдалося падысці да абвяшчэння Кітайскай Народнай Рэспублікі. Таму для нас вельмі важная гэтая насамрэч лёсавызначальная дата, якая адзначаецца як нацыянальнае свята. Менавіта з гэтага моманту пачаўся цяжкі шлях да адраджэння, шлях да таго Кітая, які цяпер вядомы ў свеце. Слаўную гісторыю нашага народа за гэтыя 70 гадоў можна падсумаваць трыма простымі словамі: «падняцца, адужаць, разбагацець».
У 1978 годзе на трэцім пленуме ЦК КПК 11-га склікання прыняў рэформу і вызначыў «ключавы выбар для вызначэння лёсу сучаснага Кітая». З тых часоў на чале з Дэн Сяапінам кітайскі народ пачаў новы шлях стварэння «кітайскага цуда». Пасля XVІІІ з'езда Камуністычнай партыі Кітая (лістапад 2012 года) пад кіраўніцтвам Цэнтральнага камітэта партыі, які ўзначальвае Сі Цзіньпін, КНР прасоўвае палітыку рэформаў і адкрытасці.
— Якіх глабальных зрухаў у сваім развіцці дасягнула Кітайская Народная Рэспубліка за сем дзесяцігоддзяў з дня ўтварэння?
— Змяненні насамрэч адбыліся беспрэцэдэнтныя, калі параўноўваць цяперашнюю сітуацыю з той, якая была 70 гадоў таму. Высакахуткасная чыгунка, анлайн-пакупкі, мабільныя плацяжы і ровары агульнага карыстання лічацца «чатырма новымі вынаходніцтвамі» сучаснага Кітая. Летась паспяхова завершана падрыхтоўка да эксплуатацыі глабальнай спадарожнікавай навігацыйнай сістэмы «Бэйдоў-3», запушчаны першы спадарожнік для маніторынгу сейсмічнай актыўнасці, адкрыты такі звышскладаны інжынерны праект, як мост Ганконг — Чжухай — Макаа. У пачатку гэтага года кітайская міжпланетная станцыя «Чан'э-4» паспяхова здзейсніла пасадку на паверхні Месяца. Паднябесная насамрэч стварае новую рэальнасць.
У 2018 годзе амаль чвэрць — 120 з 500 — найбуйнейшых кампаній свету былі «зроблены ў Кітаі». Паводле справаздачы Глабальнага рэйтынгу — 2019, КНР заняла лідзіруючую пазіцыю ў свеце ў галіне інавацый і захоўвае тэндэнцыю да росту на працягу чатырох гадоў запар, а ў рэйтынгу краін паднялася на 14-е месца. Гэта адзіная дзяржава сярод эканамічных сістэм з сярэднім узроўнем даходу, якая ўвайшла ў топ-20 і паспяхова заняла пачэснае месца сярод вядучых інавацыйных эканомік свету.
Летась валавы ўнутраны прадукт КНР перавысіў 90 трлн юаняў (каля 13,6 трлн долараў), павялічыўшыся на 6,6 працэнта — амаль на 8 трлн юаняў — у параўнанні з 2017-м. Узровень унёску эканамічнага росту Кітая ў сусветны эканамічны рост наблізіўся да 30 працэнтаў, нашмат перавышаючы ўнёсак ЗША (каля 16 працэнтаў). Летась агульны аб'ём імпарту і экспарту Кітая ўпершыню перавысіў 30 трлн юаняў, а аб'ём гандлю таварамі дасягнуў рэкорднага ўзроўню, заняўшы першае месца ў свеце. За мінулы год задзейнічана 135 мільярдаў долараў замежнага капіталу.
— Як будзе адзначацца знамянальная падзея ў Кітаі і за мяжой?
— Праграма вельмі насычаная і разнастайная, гістарычную дату насамрэч будзе адзначаць увесь Кітай. У Пекіне пройдзе шэраг мерапрыемстваў, сярод якіх урачысты сход, уручэнне ўзнагарод і званняў, ушанаванне памяці народных герояў, ваенны парад і святочныя шэсці. Да свята выпушчаны мастацкія фільмы, а таксама наборы памятных манет і юбілейных марак, наладжаны выстаўкі. Святочныя мерапрыемствы падрыхтаваны ва ўсіх рэгіёнах. Памятныя вечары і выстаўкі арганізаваны па ўсім свеце, у прыватнасці ўрачыстыя мерапрыемствы прайшлі і ў Беларусі. Увогуле ўвесь гэты тыдзень для кітайцаў святочны, і нельга забываць пра тых, дзякуючы каму такое стала магчымым.
— Адзін з найбольш заўважных і перспектыўных праектаў сучаснасці — «Адзін пояс, адзін шлях». Якое месца ў яго рэалізацыі займае Беларусь?
— Ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях», а менавіта прапанова аб'яднання праектаў «Эканамічны пояс Шаўковага шляху» і «Марскі Шаўковы шлях XXІ стагоддзя», была ўпершыню вылучана Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам шэсць гадоў таму — у верасні і кастрычніку 2013-га. Гэта важная інавацыя ў мадэлі міжнароднага супрацоўніцтва, якая ўяўляе сабой інтэграваную аптымізацыю і мадэрнізацыю субрэгіянальнага і міжрэгіянальнага механізму ўзаемадзеяння. Ініцыятыва ахоплівае больш за 60 краін з насельніцтвам 4,4 мільярда чалавек (каля 63 працэнтаў жыхароў свету). Яна не з'яўляецца закрытай, гэта не сола Кітая, а сапраўдны хор усіх краін уздоўж маршрута праекта. Яго рэалізацыя прынясе рэальную выгаду ўсім удзельнікам.
Беларусь з'яўляецца адной з першых еўрапейскіх краін, якія актыўна адрэагавалі на ініцыятыву «Адзін пояс, адзін шлях». Ужо здзейснена яе спалучэнне з нацыянальнай праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця РБ. Як краіна, размешчаная ў цэнтральным рэгіёне Еўропы, Беларусь звязвае ўсход і захад, поўнач і поўдзень і мае вельмі важную геаграфічную перавагу. У сумесным будаўніцтве Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» абодва бакі ствараюць гарманічны горад новага пакалення, імкнуцца, каб ён стаў узорам для краін — удзельніц глабальнага праекта. Я веру, што Беларусь, несумненна, зробіць значны ўнёсак у будаўніцтва «Аднаго пояса, аднаго шляху».
Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» — гэта знакавы праект супрацоўніцтва ў межах развіцця транснацыянальнай ініцыятывы. Яго важнасць падкрэслівае той факт, што ён знаходзіцца пад асабістым клопатам і кіраўніцтвам Старшыні Сі Цзіньпіна і Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Гэты парк з'яўляецца найбуйнейшым з тых, у будаўніцтве якіх Кітай удзельнічаў за мяжой. Яго рэалізацыя прыносіць станоўчыя вынікі. У 2017 годзе была ўведзена ў эксплуатацыю інфраструктура на 3,5 квадратнага кіламетра, а сёлета будзе цалкам завершаны першы этап узвядзення інфраструктуры на 8,5 квадратнага кіламетра. Па стане на канец жніўня колькасць прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у парк, дасягнула 55, уключаючы прадпрыемствы з Кітая, Беларусі, ЗША, Германіі, Расіі. Сума кантрактных інвестыцый перавысіць мільярд долараў, а рабочыя мэты, устаноўленыя сёлета, выкананы з апярэджаннем графіка.
У ліпені гэтага года ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку паспяхова адбыўся Міжнародны форум па рэгіянальным супрацоўніцтве і развіцці ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях», а таксама выстаўка беларускіх і кітайскіх тавараў і паслуг, якія яшчэ раз увасобілі прыцягальную сілу і каласальныя перспектывы развіцця «Вялікага каменя».
— Чым характарызуецца дынаміка кітайска-беларускага супрацоўніцтва? Многія ключавыя аспекты абмяркоўваюцца на ўзроўні найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі і Кітая. Ці надае гэта дадатковы імпульс узаемадзеянню?
— З часоў устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Кітаем і Беларуссю сувязі паміж дзвюма краінамі развіваюцца надзвычай дынамічна, гэтаму несумненна спрыяе стратэгічнае кіраўніцтва і прамое садзейнічанне Старшыні Сі Цзіньпіна і Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Адносіны паміж дзвюма краінамі ўступілі на паскораны шлях развіцця і знаходзяцца на самым высокім узроўні ў гісторыі. Палітычны ўзаемадавер паміж дзвюма краінамі стаў больш паглыбленым, узмацнілася ўзаемная падтрымка па пытаннях ключавых інтарэсаў, падтрымліваецца цеснае супрацоўніцтва па міжнародных і рэгіянальных пытаннях. Працягваецца абмен візітамі на высокім узроўні паміж дзвюма краінамі, з кожным днём абмены на ўсіх узроўнях становяцца ўсё больш цеснымі. Сёлета кіраўнікі дзвюх дзяржаў двойчы праводзілі сустрэчы і дасягнулі новага важнага кансэнсусу ў пытанні далейшага паглыблення адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю.
Актыўнае ўзаемадзеянне прынесла канкрэтныя вынікі. Паводле статыстыкі беларускага боку, аб'ём гандлю паміж Кітаем і Беларуссю ў 2018 годзе склаў звыш 3,6 млрд долараў, павялічыўшыся на 17,1 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года. Сёлета ў першым паўгоддзі аб'ём гандлю паміж краінамі перавысіў 2 млрд долараў, павялічыўшыся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 22,3 працэнта, у тым ліку экспарт беларускіх тавараў у КНР узрос на 81,9 працэнта. Кітай працягвае захоўваць свае пазіцыі трэцяга па велічыні гандлёвага партнёра і другой па велічыні крыніцы імпарту для Беларусі.
Актыўна развіваецца кітайская эканамічная і тэхналагічная дапамога. Сёлета ў першым квартале КНР інвеставала ў Беларусь 48,2 млн долараў, што на 35 працэнтаў больш у параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года. Першая фаза праекта ўзвядзення сацыяльнага жылля ў Беларусі паспяхова завершана, а другая фаза будаўніцтва знаходзіцца ў працэсе актыўнага ажыццяўлення. Падпісана пагадненне аб будаўніцтве Нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту пры эканамічнай і тэхналагічнай падтрымцы кітайскага боку, будаўнічыя работы на гэтых аб'ектах пачнуцца ў найбліжэйшы час. Інтэнсіўна прасоўваецца ўвасабленне шэрагу іншых праектаў, сярод якіх — Кітайска-беларускі цэнтр супрацоўніцтва ў галіне трансфармацыі навукова-тэхнічных дасягненняў.
Абедзве краіны паспяхова рэалізавалі праекты ў галіне энергетыкі, транспартнай інфраструктуры, зборкі аўтамабіляў, а таксама малога і сярэдняга бізнесу. КНР пашырыла доступ на свой рынак беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі — малочных прадуктаў, ялавічыны і мяса птушкі. Паводле статыстыкі беларускага боку, у 2017 годзе экспарт малочных прадуктаў з Беларусі ў Кітай павялічыўся ў сем разоў. Летась пастаўкі сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі ў КНР павялічыліся ў 3,3 раза, у тым ліку малака і малочных прадуктаў — у 8,2 раза. Кітайскі бок таксама аказвае падтрымку беларускаму боку ў транспартоўцы беларускай высакаякаснай прадукцыі ў КНР праз Кітайска-еўрапейскі экспрэс.
Як бачым, супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі ва ўсіх абласцях дасягнула заўважных поспехаў і мае вялікія перспектывы — рэзервы тут проста неабсяжныя.
— Дзякуй за інтэрв'ю. Ад усёй душы віншуем вялікую краіну з вялікім святам, зычым росквіту, дабрабыту і новых перамог!
Мікалай Літвінаў
Звязда, 1 кастрычніка 2019
Звязда, 1 кастрычніка 2019
Кoличество переходов на страницу: 385
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |