https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Кібермахляры прыдумляюць «сезонныя» схемы падману


Да Новага года застаецца крыху больш за месяц, а ў міліцыю ўжо звяртаюцца жыхары сталіцы, якія пацярпелі ад выкрутаў махляроў. Ілжэпрадпрымальнікі распрацавалі сотні злачынных схем і гатовыя нажывацца на перадсвяточнай мітусні. Кібермахляры пастаянна мяняюць свае схемы. Гэта звязана з актыўнай барацьбой праваахоўных органаў і шырокай інфармацыйнай кампаніяй. Сумы пераводаў складаюць сотні тысяч рублёў. Часам ахвяры прадаюць маёмасць, нават кватэры, набіраюць крэдыты...

Інфармацыю са сваёй карты людзі ўжо не даюць. Амаль не даюць

Як адзначыў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Рынгевіч, у параўнанні з мінулым годам удвая знізіліся выпадкі дыстанцыйнага крадзяжу грошай з банкаўскіх плацежных картак грамадзян. Калі раней пад рознымі падставамі злачынцы выманьвалі доступ да інтэрнэт-банкінгу або звесткі аб плацёжнай картцы, то цяпер спецыялісты фіксуюць планамерны адыход ад такога спосабу. «Аднак такіх дыстанцыйных крадзяжоў яшчэ досыць шмат», — адзначае Аляксандр Рынгевіч.

Пры гэтым узрасла колькасць іншых ашуканскіх дзеянняў. Злачынцы схіляюць грамадзян самастойна пераводзіць аплату за ўяўныя тавары і паслугі, якія рэкламуюцца ў сацыяльных сетках. На гэты від махлярства прыпадае 40 % злачынстваў. Назіраецца сезоннасць. Так, у канцы лета гэта прапановы па здачы кватэр, цяпер — продаж шын і навагодніх падарункаў.

10 % злачынстваў звязана з прапановай інвеставаць у прадпрыемствы, крыптавалюту, у рынкі, якія развіваюцца. Выкарыстоўваецца інфармацыя аб сапраўды існуючых дзяржаўных арганізацыях, знакамітых персонах. Яны ніякага дачынення да інвеставання не маюць, выкарыстоўваюць іх імя і знешні вобраз для таго, каб схіліць чалавека на свой бок. Такія лжэінвестыцыі могуць складаць значныя памеры. Спачатку прапаноўваецца ўкласці нязначную суму, але з часам яна значна вырастае пад той ці іншай падставай. Грамадзяне досыць доўга не звяртаюцца ў праваахоўныя органы, што абцяжарвае выратаванне ўкладзеных сродкаў.

Як распавёў прадстаўнік МУС, зламыснікі збіраюць адкрытую інфармацыю аб тым ці іншым кіраўніку арганізацыі, потым ад яго імя рассылаюць інфармацыю аб нейкай спецаперацыі, звязанай з грашыма. Калі раней ад гэтай схемы пакутавалі буйныя калектывы медыкаў, настаўнікаў, то цяпер спецыялісты фіксуюць кропкавыя факты, калі зламыснікі атрымліваюць інфармацыю аб некалькіх падначаленых, спецыяльна ствараюць рахунак на месенджар. Аляксандр Рынгевіч параіў абавязкова пераправяраць інфармацыю, ператэлефанаваць кіраўніку.

Аферысты ўзяліся за старое

Схемы завалодання грашыма грамадзян у аферыстаў розныя. Пра найбольш распаўсюджаныя ў сталіцы распавёў начальнік упраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Стасюлевіч, таксама ён даў слушныя парады, як не трапіцца на хітрыкі махляроў.

У сталічную міліцыю паступаюць паведамленні гараджан, у якіх кібермахляры выкралі грошы на падставе продажу навагодніх ёлак. Так, адна з заяўніц убачыла ў сацыяльнай сетцы рэкламу аб продажы навагодніх штучных дрэў і звязалася з «прадаўцом». У якасці перадаплаты менеджар папрасіў пералічыць яму 350 рублёў, а пасля атрымання грошай перастаў выходзіць на сувязь.

Па такім жа сцэнарый ашуканцы падманулі і іншых пацярпелых. «Для таго каб не стаць чарговай ахвярай „ёлачных аферыстаў“, не варта згаджацца на падазроныя анлайн-прапановы аб куплі тавараў па занадта нізкай цане, а таксама нельга пералічваць грошы да атрымання тавару», — нагадаў Дзмітрый Стасюлевіч.

Таксама ў мінскую міліцыю звяртаюцца гараджане, якіх пад выглядам прадстаўнікоў службы дастаўкі «Белпошты» падманулі кіберзлачынцы. Ва ўсіх выпадках аферысты выкарыстоўваюць тую ж схему. У месенджары людзям прыходзіць паведамленне нібыта ад паштовай арганізацыі, у якім паведамляецца пра паступленне пасылкі. Там жа паказана, што атрымаць бандэроль нельга з-за адсутнасці або недакладнай інфармацыі аб адрасе атрымальніка. Грамадзяніну прапаноўваецца прайсці па спасылцы, замацаванай у паведамленні, дзе неабходна ўвесці адрасныя даныя і аплаціць паўторную адпраўку пасылкі. Атрымальнік пераходзіць па спасылцы і трапляе на фішынгавы сайт, дзе пасля ўводу асабістых даных пазбаўляецца сродкаў на карце.

Адзін з пацярпелых пасля атрымання такога паведамлення перайшоў па фішынгавай спасылцы і ўвёў рэквізіты банкаўскай карты, пасля чаго з яе спісалі каля 400 рублёў. Устаноўлена, што гэтымі сродкамі былі аплачаны тавары на замежных сайтах: адзенне, абутак, прадметы асабістай гігіены.

Каб не трапіцца на хітрыкі «паштовых аферыстаў» і захаваць свае грошы, неабходна праяўляць пільнасць і прытрымлівацца наступных рэкамендацый, папярэдзілі ў міліцыі:

— уважліва вывучайце нумары адпраўнікоў падобных паведамленняў (як правіла, гэта замежныя нумары);

— для ўдакладнення інфармацыі пра паступленне пасылкі звярніцеся ў найбліжэйшае паштовае аддзяленне;

— самастойна праверыць статус бандэролі і яе рух можна на афіцыйным сайце «Белпошты»;

— ні ў якім разе не пераходзьце па спасылках, прымацаваных да паведамленняў.

Паўдзельнічай у «акцыі» і атрымай «падарунак»

Некалькі апошніх гадоў фіксуюцца выпадкі падману аферыстамі нашых людзей ад імя банкаў. Схема наступная: у сацыяльнай сетцы мінчане знаходзілі паведамленне ад банка з прапановай паўдзельнічаць у навагодняй акцыі і атрымаць у падарунак 150 рублёў. Пацярпелыя пераходзілі па спасылцы, названай у «сторыс», на нібыта афіцыйную старонку банка, дзе ўводзілі лагін і пароль, а праз час выяўлялі спісанне грошай са сваіх рахункаў.

«У гэтым выпадку мінчане сталі ахвярамі фішынгу — аднаго з самых распаўсюджаных відаў кіберзлачынстваў, — распавёў начальнік упраўлення Мінгарвыканкама. — Пацярпелыя перайшлі па фішынгавай (падробленай) спасылцы на сайт, які па афармленні і дызайне сапраўды быў падобны на афіцыйны сайт банка, але разам з тым меў некаторыя адрозненні, аднак на іх гараджане ўвагу не звярнулі.

Дзмітрый Стасюлевіч нагадаў, што пры здзяйсненні плацежных аперацый у інтэрнэце неабходна правяраць карэктнасць адрасоў сайтаў. Пераходзіць у «Інтэрнэт-банк» варта толькі з афіцыйнай старонкі сайта банка і пажадана захоўваць афіцыйную спасылку для ўваходу ў асабісты кабінет на галоўнай старонцы браўзера.

Каб Новы год за горадам атрымаўся

Напярэдадні Новага года фіксуюцца махлярствы з пасутачнай здачай жылля, асабліва загарадных дамоў. Мінчане хочуць святкаваць шумна і вялікай кампаніяй, таму загарадныя дамы на суткі карыстаюцца папулярнасцю. У апошнія гады было дастаткова зваротаў мінчан, якія на анлайн-пляцоўках знаходзілі ўпадабаны дом або кватэру, пасля чаго спісваліся з арэндадаўцамі. Тыя, у сваю чаргу, прасілі ўнесці перадаплату або заплаціць цалкам, аднак пасля пераводу грошай пераставалі выходзіць на сувязь. Таксама «арэндадаўцы» выдалялі аб’явы і перапіску ў месенджарах.

Каб не трапіцца на хітрыкі махляроў пры арэндзе жылля, Дзмітрый Стасюлевіч параіў заўсёды правяраць дакументы на кватэру, а таксама прасіць уласніка паказаць пашпарт. Не варта ўносіць грошы без заключэння дагавора арэнды. У ім неабходна прапісваць перадачу авансавага плацяжу, умовы яго вяртання. Таксама неабходна браць распіску аб выплаце авансу. І самае галоўнае — асабіста аглядаць жыллё. Часта прыгожыя карцінкі могуць быць узяты з інтэрнэту.

Вымагальніцтва пасля блакавання

Намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі расследавання кіберзлачынстваў і лічбавага развіцця галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця папярэдняга следства цэнтральнага апарату Следчага камітэта Леанід Мельнік паведаміў, што ашуканцы могуць здзяйсняць адначасова некалькі злачынстваў, як махлярства, так і мадыфікацыю інфармацыі.

"Найбольш распаўсюджаная схема — вымагальніцтва пасля блакавання ўліковага запісу ў сацыяльнай сетцы або мабільнага тэлефона. У месенджарах размяшчаецца просьба прагаласаваць за тую ці іншую асобу, перайшоўшы па спасылцы, а потым блакуюцца ўліковыя запісы і ідзе вымагальніцтва для разблакоўкі.

Таксама, адзначыў Леанід Мельнік, ашуканцы ствараюць інтэрнэт-старонкі ў сацыяльных сетках, называюць іх падобнымі на рэальна існуючыя інтэрнэт-крамы, размяшчаюць фатаграфіі тавараў і станоўчыя водгукі пакупнікоў. Спажыўцы павінны разумець: калі цана намнога ніжэйшая за рынкавую і інфармацыя размешчана ў месенджарах або сацсетках, гэта павінна выклікаць падазрэнне, пераправерку. Не трэба спяшацца аддаваць грошы за тавар, рабіць перадаплату, а потым шкадаваць, што вас падманулі, таму што перасталі выходзіць на сувязь.

Кіберзлачыннасць пастаянна змяняецца, хутка адаптуецца да мер стрымлівання і папярэджання з боку праваахоўных органаў, часта злачынцы знаходзяцца за межамі Беларусі, што выклікае пэўную складанасць пры расследаванні злачынстваў. Аднак спецыялісты бачаць, у якім кірунку рухацца, якія меры неабходна прымаць. Грамадзянам трэба ўважліва выконваць правілы лічбавай гігіены, не паддавацца на хітрыкі сацыяльнай інжынерыі, якімі карыстаюцца ашуканцы.

Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 28 лістапада 2024


 

Кoличество переходов на страницу: 48