https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Беларусі створаны ўсе ўмовы для сертыфікацыі тавараў легпрама


У Беларусі ёсць дастатковая інфраструктура органаў па сертыфікацыі вырабаў лёгкай прамысловасці (іх 26) і даследчых лабараторый (38)

Аб гэтым гаворыцца ў прэс-рэлізе Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі, падрыхтаваным да брыфінгу ў БЕЛТА на тэму пацвярджэння адпаведнасці тэхрэгламенту МС тавараў легпрама, што рэалізуюцца ІП на рынках.

Такія даследчыя лабараторыі працуюць як у сістэме Дзяржстандарту, так і на базе арганізацый Міністэрства аховы здароўя, канцэрна "Беллегпрам", прыватных арганізацый і без ведамаснай падпарадкаванасці.

"З улікам таго, што кожная з іх мае розную прапускную здольнасць, розную сферу акрэдытацыі па паказчыках ТР МС 017/2011, многія з лабараторый працуюць па прынцыпе аднаго акна і бяруць на сябе арганізацыю адсутных выпрабаванняў у іншых лабараторыях з тым, каб ІП былі выдадзены пратаколы выпрабаванняў па ўсіх неабходных паказчыках", - паведамілі ў Дзяржстандарце.

"Пратаколы выпрабаванняў тавару могуць шматразова прымяняцца пры сертыфікацыі або дэклараванні адпаведнасці пры яго паўторных пастаўках, а таксама іншымі прадаўцамі, калі іх тавар адназначна ідэнтыфікуецца як такі ж і таго ж вытворцы", - падкрэслілі ў ведамстве.



Закупка тавараў у легальных аптовых арганізацый пазбавіць індывідуальных прадпрымальнікаў ад неабходнасці пацвярджэння бяспекі тавараў

"Трэба адзначыць, што ІП могуць наогул быць пазбаўлены ад правядзення сертыфікацыі або дэкларавання адпаведнасці тавараў лёгкай прамысловасці. Для гэтага неабходна закупляць тавар у легальна працуючых аптовых арганізацый як у Беларусі, так і ў іншых краінах ЕАЭС, якія маюць неабходныя дэкларацыі аб адпаведнасці і сертыфікаты адпаведнасці на тавар", - адзначылі ў Дзяржстандарце. "Арганізацыі Дзяржстандарту аказваюць ІП кансультацыі, прадастаўляюць ім неабходныя растлумачэнні. І гэта работа будзе прадаўжацца", - сказалі ў ведамстве.

Прапановы па зніжэнні штрафных санкцый да ІП за парушэнні патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза знаходзяцца на ўзгадненні

"Дзяржстандартам сумесна з Мінгандлем, Міністэрствам аховы здароўя рыхтуецца шэраг рашэнняў па ўвядзенні электроннага дэкларавання адпаведнасці, спосабаў дэманстрацыі ў рознічным гандлі наяўнасці на тавар дакументаў аб бяспецы, прадугледжаных ТР МС.

Дзяржстандарт таксама падрыхтаваў і накіраваў у зацікаўленыя органы (Міністэрства аховы здароўя, Мінгандаль, Мінсельгасхарч, МНС, Мінэканомікі) прапановы па пераглядзе памераў штрафных санкцый да ІП за парушэнні патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў саюза.

Абагульненыя матэрыялы знаходзяцца на ўзгадненні ў Мінюсце. У далейшым будуць накіраваны ў Савет Міністраў", - паведамілі ў Дзяржстандарце. У плане кантрольнай дзейнасці на I паўгоддзе 2016 года не прадугледжана правядзенне ў ІП, якія рэалізуюць прадукцыю лёгкай прамысловасці на рынках, кірмашах, у гандлёвых цэнтрах, праверак адпаведнасці гэтай прадукцыі патрабаванням ТР МС 017/2011 (за выключэннем праверак па скаргах і зваротах грамадзян).

У той жа час інспектары Дзяржстандарту манітораць дынаміку змянення сітуацыі ў асяроддзі ІП у галіне пацвярджэння бяспекі прадукцыі лёгкай прамысловасці, якая рэалізуецца. Гэты маніторынг накіраваны на ўстанаўленне аптавікоў прадукцыі лёгкай прамысловасці, правядзенне растлумачальнай і кансультацыйнай работы па працэдурах пацвярджэння адпаведнасці.

Усе патрабаванні тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза (МС) выканальныя

Аб гэтым заявіў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі Сяргей Іўлеў.

"Створаны ўсе ўмовы, каб нармальна пашыраць прадукцыю легпрама на рынках Еўразійскага эканамічнага саюза, вырабляць гэту прадукцыю на нашай тэрыторыі. Таму той, хто хоча нармальна дзейнічаць (а такіх даволі шмат, мы бачым), будзе гэта рабіць. Усе патрабаванні выканаць можна і цывілізавана выступаць з такой прадукцыяй на рынках", - адзначыў Сяргей Іўлеў.

Паводле яго слоў, спажыўцы павінны быць зацікаўлены ў набыцці якаснай прадукцыі. "Усе мы спажыўцы і павінны купляць прадукцыю, якая не прынясе нам шкоды, якая будзе бяспечнай і якой мы будзем карыстацца з задавальненнем, будзем у ёй упэўнены", - сказаў Сяргей Іўлеў.

Ён падкрэсліў, што пакуль нельга сказаць, што індывідуальныя прадпрымальнікі ў поўныя меры выконваюць заканадаўства. "Прычыны, напэўна, будуць рознымі. Нехта ўсё ж такі недастаткова ўспрымае ўсе патрабаванні тэхнічнага рэгламенту, нехта выканаў не ўсе мерапрыемствы", - растлумачыў Сяргей Іўлеў.

Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу, што ў прадпрымальнікаў была і ёсць магчымасць атрымаць усю неабходную інфармацыю, Дзяржстандарт рэгулярна ў ходзе маніторынгаў праводзіў адпаведныя кансультацыі.

Экспертыза штодзень выяўляе ў Беларусі няякасныя імпартныя тавары

Аб гэтым паведаміў намеснік міністра аховы здароўя - галоўны санітарны ўрач Беларусі Ігар Гаеўскі.

"З моманту прыняцця пастановы нумар 666 мы аформілі 11,5 тыс. санітарна-гігіенічных заключэнняў, з іх адхілілі больш як 230 зваротаў, выявілі 97 партый прадукцыі, якая не адпавядае паказчыкам бяспекі. Гэта посуд, касметычныя сродкі, прадукты харчавання, тавары для дзяцей, вырабы, якія выкарыстоўваюцца для пітнога водазабеспячэння. На жаль, вымушаны канстатаваць, што кожны рабочы дзень мы выяўляем нестандартную прадукцыю", - адзначыў ён.

Гаворачы пра кошт працэдуры гігіенічнай экспертызы, галоўны санітарны ўрач растлумачыў, што яна каштуе Br120-170 тыс., калі прадстаўлены аптымальны набор дакументаў. "Калі для доказу бяспекі прадукцыі неабходна праводзіць дэталёвыя лабараторныя даследаванні, то кошт экспертызы будзе вышэйшы", - паведаміў ён.

Ігар Гаеўскі падкрэсліў, што пастанова нумар 666 датычыцца не толькі тавараў легпрама, але ўсіх тавараў, якія могуць нанесці шкоду здароўю чалавека. "Адразу пасля прыняцця дакумента быў шквал зваротаў, працавалі гарачыя лініі, праводзіліся круглыя сталы. Цяпер гэта работа ўвайшла ў канструктыўнае рэчышча. Мы разглядаем штотыднёва адзінкавыя звароты, даём растлумачэнні. Людзі паводзяць сябе спакойна, таму што ўсё зразумелі, для чаго гэта было зроблена", - канстатаваў ён.

Сур'ёзныя пастаўшчыкі тавараў зацікаўлены ў правядзенні санітарна-гігіенічнай экспертызы

"Сёння раздражнення гэта працэдура (правядзенне санітарна-гігіенічнай экспертызы) ні ў каго не выклікае. На сустрэчах з прадстаўнікамі свету прадпрымальнікаў, з прадстаўнікамі замежных кампаній, якія прыязджаюць на наш рынак і жадаюць гандляваць, мы ўсё расказалі, і яны згадзіліся. І сур'ёзныя пастаўшчыкі тавараў падтрымліваюць гэту меру", - адзначыў Ігар Гаеўскі.

Паводле яго слоў, падтрымка звязана з тым, што цяпер пад выглядам сур'ёзных брэндаў могуць прадавацца фальсіфікаваныя тавары. "Гэта ўрон, калі вядомыя пастаўшчыкі вымушаны канкурыраваць з ценявым рынкам, ценявым вытворцам. Таму яны зацікаўлены, каб санітарна-гігіенічная экспертыза была, каб яе трэба было прайсці ўсім, і за рамкамі засталіся тыя прадпрымальнікі, якія не хочуць гандляваць нармальным таварам", - растлумачыў Ігар Гаеўскі.

Дзяржаўная санітарна-гігіенічная экспертыза прадукцыі замежнай вытворчасці з выдачай санітарна-гігіенічнага заключэння ўведзена пастановай Савета Міністраў нумар 666 ад 6 жніўня 2015 года, якая ўступіла ў сілу 27 жніўня 2015 года, у мэтах забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнай стабільнасці насельніцтва і прадухілення паступлення на тэрыторыю Беларусі небяспечнай прадукцыі імпартнай вытворчасці.

Праверкі выканання тэхрэгламенту МС па таварах легпрама выяўляюць парушэнні ў 70-80 працэнтах выпадкаў

Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі Сяргей Іўлеў.

"Мы праводзілі маніторынг сітуацыі, у ходзе якога ў 70-80 працэнтах правераных выпадкаў выяўлены парушэнні. Пэўная частка прадпрымальнікаў застаецца ў неправавым полі са сваімі таварамі, і яны абавязаны ў гэта прававое поле ўвайсці. Колькі гэта ад агульнай колькасці, я сказаць не змагу", - адзначыў ён.

Сяргей Іўлеў падкрэсліў, што ўсе прадпрымальнікі былі папярэджаны аб неабходнасці мець сертыфікат якасці. "Але некаторыя пайшлі па лёгкім шляху і не займаліся сур'ёзна той падрыхтоўкай, якую трэба было правесці, каб ацаніць прадукцыю, якой яны гандлююць. Да таго ж сёння можна не займацца гэтай работай самастойна - проста купі тавар у таго пастаўшчыка, які мае ўсе дакументы. Гэта і аптовыя кампаніі, і кампаніі-вытворцы. Калі гаварыць аб беларускім вытворцы, то ўсе прадстаўнікі нашага легпрама маюць пацвярджальныя дакументы", - канстатаваў ён.

Беларускія аптовыя базы будуць прадаваць тое, што трэба індывідуальным прадпрымальнікам.

Аб гэтым заявіла начальнік упраўлення спажывецкага рынку нехарчовых тавараў Мінгандлю Святлана Гусева.

"Усе пастаўкі на спажывецкі рынак дыктуюцца пакупніцкім попытам. У першую чаргу ўлічваецца гэты фактар. Што трэба пакупнікам, то і будуць прадаваць аптовыя базы. Пакуль яны ў асноўным арыентаваны на работу з айчыннымі вытворцамі, але паступова асвойваюць рэгіёны блізкага і далёкага замежжа", - расказала Святлана Гусева.

Яна ўдакладніла, што ў выпадку з замежнымі краінамі размова ідзе ў асноўным аб таварах, прывезеных з Польшчы, Расіі, Украіны. Спецыяліст праінфармавала, што ў 2015 годзе аптовымі арганізацыямі Міністэрства гандлю было заключана больш за 14,5 тыс. дагавораў з ІП на пастаўку тавараў. Адгружана тавараў больш як на Br1 трлн, выканана 124,5 тыс. заявак.

"Пазітыўны вынік ёсць, таму што аб'ёмы паставак у параўнанні з 2014 годам павялічыліся амаль на 30 працэнтаў. У бягучым годзе работа ў гэтым напрамку прадаўжаецца", - запэўніла яна.

Гаворачы аб рабоце з ІП па выніках студзеня 2016 года, начальнік упраўлення адзначыла, што ў цэлым студзень лічыцца не вельмі ўдалым месяцам для гандлю. "Тым не менш дагаворы, якія былі заключаны ў мінулым годзе і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, і суб'ектамі малога бізнесу ў большасці на бягучы год пралангуюцца.

У аптовых арганізацый ужо існуе партфель, дзе ёсць амаль 13 тыс. дагавораў, - сказала яна. - На спажывецкі рынак у студзені пастаўлена тавараў на Br74 млрд, гэта прыкладна 140 працэнтаў да ўзроўню студзеня мінулага года, інакш кажучы дадатная дынаміка назіраецца".

Пры гэтым у агульных аб'ёмах паставак у студзені нехарчовыя тавары займаюць прыкладна адну пятую частку (на суму амаль Br14 млрд), што складае амаль 103 працэнты да аналагічнага месяца мінулага года.

У сваю чаргу начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Мінгандлю Віялета Бразоўская расказала, што сітуацыя з запаўняльнасцю гандлёвых цэнтраў і рынкаў па краіне паступова паляпшаецца.

"У сярэднім запаўняльнасць гандлёвых цэнтраў складае больш за 65 працэнтаў, па рынках гэты паказчык меншы, хоць, калі браць асобныя вобласці (Гомельскую, Магілёўскую, Мінскую), там гандлёвыя месцы на рынках запоўнены больш як на 50 працэнтаў", - паведаміла яна.

Віялета Бразоўская таксама звярнула ўвагу, што асноўная задача Мінгандлю - забяспечыць прадпрымальнікаў адпаведнымі таварамі, каб яны маглі ажыццяўляць сваю дзейнасць.

"Для гэтага была арганізавана работа прадпрыемства "Знешэканамсэрвіс", якое непасрэдна з-за мяжы пастаўляе тавары, у тым ліку легпрама, з усімі суправаджальнымі дакументамі. Пастаўкі ажыццяўляюцца непасрэдна ад тых прадаўцоў, якіх указваюць самі прадпрымальнікі. Ідзе індывідуальны заказ тавараў, адсочваецца неабходны для іх асартымент", - падкрэсліла прадстаўнік ведамства.

Паводле яе слоў, з улікам мытнай ачысткі і неабходных плацяжоў кошт тавару, які прывозіцца праз прадпрыемства, будзе крыху вышэйшы для ІП. "Але гэта звычайная практыка, звязаная з затратамі пасрэдніка. Пры гэтым прадпрымальніку гарантуецца легальнасць тавару, - заўважыла Віялета Бразоўская. - Любы тавар, які набывае спажывец, павінен быць якасным. Мы не можам дазволіць ажыццяўляць гандаль без адпаведных дакументаў аб якасці і бяспецы. Гэта сусветная практыка".

Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Беларусі не плануе ў І паўгоддзі 2016 года правяраць прадпрымальнікаў, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці, аднак маніторынг за сітуацыяй захаваецца

Аб гэтым заявіў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі Сяргей Іўлеў.

"У нас на I паўгоддзе не запланавана праверак прадпрымальнікаў на рынках. У планавым парадку мы гэта рабіць не будзем. Але будзем маніторыць сітуацыю, - расказаў ён. - Абавязкова будзем глядзець за тымі, хто размяшчае на рынку вялікія партыі прадукцыі. Гэта могуць быць не толькі індывідуальныя прадпрымальнікі".

"Калі мы ўбачым, што ўзнікае сітуацыя з пастаўкай тавараў, якія не адпавядаюць патрабаванням, то будуць назначацца пазапланавыя праверкі, і гэтыя суб'екты будуць правярацца ў поўным аб'ёме. Вось такую тактыку мы для сябе прынялі", - падкрэсліў Сяргей Іўлеў.

Паводле яго слоў, часам жаданне атрымаць максімальны даход перасільвае абавязацельствы адносна таго, каб прапанаваны пакупнікам тавар быў легальны і бяспечны. "Ёсць эканамічны інтарэс купіць вельмі танны тавар і прадаць яго максімальна дорага. Гэта самая маржа, што атрымліваецца пры такой аперацыі, часам засланяе вочы і выходзіць на першае месца", - лічыць намеснік старшыні Дзяржстандарту.

Сяргей Іўлеў таксама адзначыў, што ў Беларусі створаны аптовыя структуры, дзе можна легальна набыць тавар для наступнай рэалізацыі на рынках і ў гандлёвых цэнтрах. "Такія структуры створаны, імі можна карыстацца. Але прадпрымальнік - гэта чалавек, які выбірае свой шлях паводзін, ён сам арганізоўвае свой бізнес. Але мы тады яму гаворым: арганізоўваючы свой бізнес, калі ласка, выконвайце правілы", - дадаў ён.

У плане кантрольнай дзейнасці на I паўгоддзе 2016 года не прадугледжана правядзенне ў ІП, якія рэалізуюць прадукцыю лёгкай прамысловасці на рынках, кірмашах, у гандлёвых цэнтрах, праверак адпаведнасці гэтай прадукцыі патрабаванням ТР МС 017/2011 (за выключэннем праверак па скаргах і зваротах грамадзян).

БЕЛТА
Мінск, 5 лютага 2016


 

Кoличество переходов на страницу: 769


Комментарии