https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларуская дыяспара: Хочацца верыць, што кампраміс будзе знойдзены


Пасяджэнне кансультатыўнага савета пры Міністэрстве замежных спраў па справах беларусаў замежжа прайшло ў Мінску. Адна з галоўных тэм, якая гэтымі днямі хвалюе прадстаўнікоў беларускіх дыяспар, — няпростая сітуацыя на беларуска-польскай граніцы і ўрэгуляванне крызісу з бежанцамі. Кіраўнікі і прадстаўнікі беларускіх арганізацый у іншых краінах падзяліліся сваімі меркаваннямі з гэтай нагоды.

Сяргей Кандыбовіч, старшыня федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі:

— Мне здаецца, тут занадта шмат штучна створаных перашкод. Так званы калектыўны Захад гатовы любую сітуацыю сказіць і прадставіць у самым нявыгадным святле для Саюзнай дзяржавы, бо беларуска-польская граніца насамрэч — гэта граніца Саюзнай дзяржавы і Еўропы. Таму я мяркую, што кіраўнікі нашых дзяржаў зробяць шмат, каб гэты крызіс вырашыць. Ёсць шмат варыянтаў, якія мы ведаем з інфармацыйных крыніц, таму я мяркую, што ўсё завершыцца добра найперш для людзей, якія трапілі ў такую няпростую сітуацыю. Мы з радасцю назіраем, што кіраўнік беларускай дзяржавы даў усе распараджэнні, каб максімальна дапамагчы: гэта і пункты абагрэву, харчавання, медыцынскае абслугоўванне, вакцынацыя. Таму мы спадзяёмся, што гэты віток крызісу будзе пераадолены.

Алена Лазарава, старшыня праўлення Саюза беларусаў Латвіі:

— Гэтая сітуацыя накладвае вялікую адказнасць на беларускі бок, і нельга не дапамагчы гэтым людзям, сярод якіх шмат жанчын і дзяцей, усе яны знаходзяцца ў дастаткова цяжкіх умовах. Для нас важна, каб сапраўды гэты крызіс быў вырашаны, бо ён складаны і для Беларусі, і Для Еўропы. Мы перажываем і вельмі хочам, каб усё было вырашана з мінімальным абвастрэннем адносін і людзі не пацярпелі. Вельмі не хацелася б эскалацыі канфлікту — гэта самае неспрыяльнае развіццё падзей. Хочацца верыць, што будзе знойдзены кампраміс і дастойнае вырашэнне.

Людміла Аннус, старшыня праўлення нарвскага беларускага таварыства «Сябры», Эстонія:

— Мы вельмі перажываем і спачуваем гэтым людзям. Абвінавачваць Прэзідэнта Беларусі, як гэта робіць і эстонская прэса, і еўрапейская, у тым, што ўсё зроблена наўмысна, канешне, грэшна. Гэтыя людзі шукаюць лепшага жыцця і ідуць туды, куды іх клікалі, а іх сапраўды клікалі — хадзілі з плакатамі Welcome. Нагнятанне канфлікту, якое мы назіралі з прымяненнем вадамётаў і святлошумавых гранат, — гэта ў мірны час на мяжы чалавечых адносін. Мы гэта асуджаем і лічым, што палякі ўжо занадта заўзята ўзяліся за тое, каб не пусціць у Германію гэтых людзей, якія нават не збіраюцца жыць у Польшчы.

Ала Сандлер, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Вашынгтоне, ЗША:

— Мне бясконца шкада людзей, якія апынуліся ў такой сітуацыі. Усе простыя людзі ім спачуваюць. І мы ўсе спадзяёмся на найхутчэйшае аднаўленне дыялогу і станоўчы вынік. У гэтай сітуацыі відавочна непаразуменне, і калі б людзі маглі дамовіцца паміж сабой, гэта адлюстравалася б на тых, хто ў мароз сядзіць на граніцы і чакае вырашэння свайго лёсу.

Дзмітрый Раманоўскі, прадстаўнік беларускай грамадскай арганізацыі «Беларусь-форум», Германія:

— Канешне, балюча глядзець на сітуацыю, якая склалася на беларуска-польскай граніцы, асабліва на людзей, якія сталі яе заложнікамі. У гэтым пытанні мусіць быць толькі дыялог, які дапаможа як мага хутчэй вырашыць гэту сітуацыю, каб не пакутавалі людзі. Ён павінен быць і з боку Еўрасаюза, і з боку Беларусі. Наколькі я разумею, беларускі бок гатовы весці дыялог і як мага хутчэй вырашыць гэта пытанне. Тое ж самае датычна і Германіі. На сёння вельмі добра, што Ангела Меркель выступае мосцікам у дыялогу паміж Беларуссю і Еўрасаюзам у вырашэнні гэтай праблемы. Я спадзяюся, што ў хуткім часе ўсё вырашыцца.

Аўтар:Алена Кравец
Звязда, 19 лістапада 2021


 

Кoличество переходов на страницу: 219