https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Як і навошта дзяцей у беларускіх школах будуць вучыць праграмаванню


Міністэрства адукацыі і Парк высокіх тэхналогій замахнуліся на амбіцыйны праект - вучыць школьнікаў праграмаванню ў асяроддзі Scratch з другога класа.

Праект пачнуць укараняць ужо ў гэтым навучальным годзе. Як ІТ-рэвалюцыя змяняе наша жыццё, і чаму праграмаванне становіцца другім паказчыкам адукаванасці?


Паглыбляючыся ў інтэрнэт рэчаў


Стварэнне Парка высокіх тэхналогій - адна з самых прыкметных падзей у краіне за апошнія 10 гадоў.

ІТ-галіна заявіла пра сябе сусветна вядомымі праектамі, а самі рэзідэнты парка прыносяць краіне мільёны долараў. Зрэшты, мэты ПВТ больш маштабныя, чым проста экспарт камп'ютарных праграм, аб гэтым сведчыць і ўдзел у адукацыйным праекце.

Фундамент будучай кар'еры паспяховага распрацоўшчыка закладваецца з дзяцінства: калі чалавеку правільна закласці базу ў раннім узросце, у далейшым асваенне "дарослых" моў праграмавання і вырашэнне складаных задач не складзе асаблівай цяжкасці.

Пры гэтым намеснік дырэктара адміністрацыі ПВТ Аляксандр Марцінкевіч адразу ж тлумачыць: у школах будуць вучыць менавіта навыкам праграмавання.

"Задача не ў тым, каб усе сталі ў будучым праграмістамі, а каб замест простых карыстальнікаў ПК і спажыўцоў кантэнту рыхтаваць стваральнікаў і аўтараў інфармацыйнай прасторы", - гаворыць ён.

Усё ж галоўныя мэты новага адукацыйнага праекта - развіваць у школьнікаў алгарытмічнае і лагічнае мысленне, фарміраваць вельмі неабходныя і запатрабаваныя ў XXI стагоддзі базавыя навыкі праграмавання, камунікацыі і работы ў камандзе.

"XX стагоддзе стала пераломным у пытанні адукаванасці насельніцтва. Людзі навучыліся чытаць, пісаць і лічыць. У XXI жа стагоддзі новым стандартам адукаванасці становіцца праграмаванне, - гаворыць Аляксандр Марцінкевіч. - Кожны павінен умець кадзіраваць, таму што камунікацыі паміж чалавекам і машынай становяцца настолькі ж распаўсюджанымі, як камунікацыі паміж людзьмі".

Сёння інтэрнэт рэчаў (IoT) - самы хуткарастучы сегмент глабальнай сеткі. Паводле даных справаздачы кампаніі Ericsson, ужо да 2018 года колькасць падключаных да інтэрнэту ўстройстваў у свеце перавысіць колькасць мабільных тэлефонаў.

А да канца 2021 года з 28 млрд падключаных устройстваў 16 млрд будуць прыпадаць на IoT-устройствы.

Паводле слоў Аляксандра Марцінкевіча, гэты тэхналагічны трэнд не міне і Беларусь. "Ужо зусім хутка тыя, хто не ўмеюць праграмаваць, апынуцца ў такім жа становішчы, як тыя, хто не ўмеюць чытаць і пісаць 100 гадоў таму, калі ім даводзілася прасіць іншых прачытаць запіску або напісаць пісьмо, таму што самі яны не маглі", - лічыць ён.

Нястрашны Scratch

Урокі праграмавання ў школьную праграму ўжо ўключылі Балгарыя, Кіпр, Чэхія, Данія, Эстонія, Грэцыя, Ірландыя, Італія, Літва, Францыя, Польшча і Вялікабрытанія.

Для адукацыйнага праекта ў беларускіх школах выбрана асяроддзе Scratch. Гэта платформа распрацоўвалася ў даследчай групе Lifelong Kindergarten Research Group пры Масачусецкім тэхналагічным інстытуце як новае навучальнае асяроддзе для навучання малодшых школьнікаў навыкам праграмавання. У ім можна лёгка ствараць фільмы, гульні, аніміраваныя адкрыткі і прэзентацыі.

Ужо ў жніўні Парк высокіх тэхналогій падрыхтуе першых 20 трэнераў па навучанні выкладчыкаў - імі могуць стаць настаўнікі інфарматыкі, пачатковых класаў, прадметнікі, студэнты педагагічных спецыяльнасцей старшых курсаў.

Вучыць выкладаць распрацаваныя вучэбныя курсы факультатыўных заняткаў будуць на базе рэгіянальных IT-акадэмій Парка высокіх тэхналогій у Оршы, Наваполацку і Лідзе, у Гродзенскім і Віцебскім дзяржаўным універсітэтах, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, Мінскім і Магілёўскім абласных інстытутах адукацыі, а таксама ў БДУІР.

З 1 верасня ў праект уключацца 14 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з Ліды, Воранава, Васілішак, Наваполацка, Віцебска, Барані і Оршы.

На іх базе школьнікі з другога па шосты клас пачнуць займацца праграмаваннем, факультатыў будзе праводзіцца адзін раз у тыдзень.

На працягу 2016/2017 навучальнага года плануецца стварыць сістэму падрыхтоўкі трэнераў і сістэму навучання выкладчыкаў па праграмах факультатываў, запусціць сеткавую супольнасць на базе адзінага нацыянальнага партала Scratch.by, распрацаваць курс відэаўрокаў.

Таксама плануецца падрыхтаваць 50 высокакваліфікаваных педагогаў для распрацоўкі вучэбна-метадычнай дакументацыі і вучэбных выданняў па праграмаванні ў асяроддзі Scratch.

Праграмаваць дапамогуць танкі і зомбі

Па меры вывучэння праграмавання ў асяроддзі Scratch у школьнікаў фарміруецца не толькі лагічнае і алгарытмічнае мысленне, але і навыкі работы з мультымедыя, з'яўляюцца ўмовы для актыўнага, пошукавага вучэння, разнастайнага праграмавання. 

Дзеці вучацца разумець і ствараць камп'ютарныя праграмы, выкарыстоўваць код для стварэння новага асяроддзя і вырашэння новых задач. Атрыманыя веды ў Scratch спатрэбяцца і пры вывучэнні іншых школьных прадметаў.

Унікальнасць беларускага праекта яшчэ і ў тым, што яго падтрымалі вядучыя кампаніі - рэзідэнты парка - "Гейм Стрым", Melesta, "Сампад", "Вайзар Геймз", "Белка Геймз", "ЭПАМ Сістэмз".

Яны створаць і прадаставяць школьнікам магчымасць выкарыстання пашыранай бібліятэкі выяў (спрайтаў), у якую ўвойдуць як выявы для аніміравання твораў са школьнай праграмы па літаратуры, так і прафесійныя спрайты казачных герояў для стварэння ўласных камп'ютарных гульняў.

У ПВТ прызнаюць, што да гэтага часу наконт праграмавання ёсць міфы, маўляў, гэта складана, незразумела, і наогул сядзенне за маніторам шкодзіць здароўю.

Аляксандр Марцінкевіч упэўнены, што праграмаванне трэба паказаць з іншага боку: для дзяцей гэта магчымасць вучыцца гуляючы, а бацькі будуць ведаць, што дзіця атрымлівае навыкі, якія сапраўды спатрэбяцца ў жыцці.

БЕЛТА, 18 ліпеня 2016


 

Кoличество переходов на страницу: 1000