https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Што павінны прапагандаваць айчынныя СМІ, якія прафесіі патрэбны ў першую чаргу і хто чалавек Прэзідэнта


Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя. Сабралі топ-5 цытат кіраўніка дзяржавы за мінулы тыдзень, якія акрэсліваюць сітуацыю ў розных сферах жыцця краіны і задаюць вектары яе развіцця.

1. «Я заклікаю вас засноўвацца на праўдзе, і прапагандаваць будзем толькі нашу беларускую праўду. Мы ў дзіўным становішчы апынуліся ў гэтым плане. Нам не трэба хлусіць, нешта прыдумляць. А іншыя краіны гэтага не могуць», — падкрэсліў Прэзідэнт, заслухоўваючы даклад аб актуальных пытаннях інфмармацыйнай палітыкі. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, беларускія медыя выйгралі перад СМІ іншых краін у тым, што ім не трэба абыходзіць нейкія праблемы, нешта падаваць у больш выгадным рэчышчы. Трэба проста паказваць усё, як ёсць на самой справе. Асабліва гэта важна і падчас будучай выбарчай кампаніі, у якой, па словах беларускага лідара, СМІ будуць адыгрываць вядучую ролю. «Нам трэба будзе ў гэтую перадвыбарчую кампанію паказаць, чаго мы дасягнулі за гэты час. І нам зноў не трэба кагосьці за вушы сюды цягнуць. Ёсць што паказаць людзям. Так, у нас ёсць нямала недахопаў, але што рабіць, ва ўсіх яны ёсць. Але зроблена нямала і трэба гэта людзям паказаць. Людзі няхай ужо вырашаюць, што ім рабіць і каго выбіраць. Таму вельмі важнае пытанне падрыхтоўкі сродкаў масавай інфармацыі да перадвыбарнай кампаніі — што мы людзям прапануем. Спакойна трэба паказаць тое, што ёсць», — параіў Аляксандр Лукашэнка. 

2. «Я сваё жыццё прэзідэнцкае пачынаў з таго, што чалавека трэба накарміць, даць магчымасць, каб чалавек накарміў сябе і сваю сям’ю, апрануць. А ўсё гэта дзе? У сельскай гаспадарцы. А як заўтра карміцца будзем? У што апранацца будзем? Усё — ад зямлі. Чаму тут у нас недабор? Я да гэтага часу лічу, што цікавейшай работы няма. Чаму ў моладзі няма павагі да сельскагаспадарчай ВНУ? Бо там брудна і пахі, а можа быць, і ВНУ вінаватыя ў тым? А інжынеры? Я паважаю сваю першую прафесію гісторыка, юрыста, гэта цудоўна. А як без інжынераў заўтра жыць будзем? Юрысты і гісторыкі ні электрааўтамабіль не створаць, ні атамную станцыю не пабудуюць. Патрэбны перш за ўсё яны — інжынеры. А дзе яны?», — катэгарычна выказаўся Прэзідэнт на рэспубліканскім педагагічным савеце. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць падрыхтоўкі кадраў для рэальнага сектара эканомікі. Таксама ён падкрэсліў, што навучальныя ўстановы павінны не на сваёй базе ствараць цэхі, а ісці на вытворчасць, каб у рэальнасці ўбачыць, дзе ім прыйдзецца працаваць. І для прадпрыемстваў гэта магчымасць дапамагчы сваім будучым кадрам набыць неабходныя веды, а не пасля іх перавучваць. Задача агульная для ўсіх. 

3. «Усе спробы дыскрэдытаваць беларускую сістэму адукацыі мы бачым. Але ў мяне ўзнікае толькі адно пытанне пры гэтым: калі мы так дрэнна вучым, дык навошта ганяцца за нашымі выпускнікамі, навошта іх цягнуць туды да сябе? Адказ відавочны. Маладыя нашы суседзі — літоўцы, латышы, палякі, эстонцы — ужо даўно шукаюць шчасця ў еўропах і за акіянам. Цяпер гэтым суседзям і іншым патрэбны нашы дзеці. Для Беларусі гэта выклік. І менавіта сістэма адукацыі павінна на яго адказваць. Гэта імператыў і адначасова кірунак для нашай з вамі работы», — звярнуў увагу беларускі лідар. І паставіў задачу перад усімі адказнымі — найлепшыя кадры захаваць дома. Разам з тым не варта забываць, што экспарт — брэнд Беларусі як краіны з адкрытай эканомікай. «Патэнцыял экспарту паслуг адукацыі выкарыстоўваем недастаткова, амаль не рыхтуем спецыялістаў з навыкамі знешняй камунікацыі, якія ўмеюць штурхацца локцямі на жорсткіх знешніх рынках, а павінны. Прама са школьнай лаўкі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

4. «Мы ўсе — педагогі, бацькі, праваахоўныя органы, грамадскія аб’яднанні, лідары меркаванняў — павінны быць максімальна кансалідаваны. Трэба ведаць, ці дастаткова мы робім для фармавання ў дзяцей навыкаў бяспечнага павядзення ў сетцы, разумення асноў інфармацыйнай гігіены. Неабходна прааналізаваць і ўзмацніць гэту працу значна», — агучыў агульную для ўсіх задачу Прэзідэнт. Ён настойліва парэкамендаваў не забывацца пра яшчэ аднаго «выхавацеля» дзяцей — агрэсіўнага і часам вельмі небяспечанага — інтэрнэт. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сёння ў школы прыходзяць дзеці новай тэхналагічнай эпохі, тыя хто з пялёнак трымае ў руках гаджэт — гэта дадзенасць, якую сёння неабходна ўлічваць пры прыцы з дзецьмі. Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў усё, што робіць школа ў гэтым напрамку: экскурсіі, пошукавая работа, ваенна-патрыятычныя клубы і класы. «Гэта адцягвае дзіця ад непатрэбнага інтэрнэт-асяроддзя, паказвае, наколькі цікавым можа быць рэальнае жыццё, а не віртуальнае, якія магчымасці адкрыты для рэалізацыі кожнага, — адзначыў Прэзідэнт. 

5. «Настаўнік — гэта чалавек Прэзідэнта. Таму 50% вашай нагрузкі — гэта мая нагрузка. Усё, што датычыцца тэмы праблемных сем’яў і ўмоў жыцця, сацыяльна ўразлівых дзяцей, прафілактычнай, арганізацыйнай работы, настаўнік адзін на адзін з гэтымі пытаннямі не справіцца. Нікуды не варта, калі пракуроры і дзяржкантроль часцей ходзяць па асобных школах, чым начальнік ад адукацыі. Вядома, прэстыж любой прафесіі мае на ўвазе годны заробак. Па заробках мы ўпершыню ў гісторыі наблізіліся да сярэдняй па краіне, ніколі такога не было. Тут арыфметыка простая: вы рыхтуеце канкурэнтаздольных спецыялістаў — эканоміка расце — растуць і вашы даходы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, без прэстыжу, без пад’ёму аўтырытэту настаўніка, кіраўніцтва школы няма чаго казаць аб эфектыўнасці адукацыі. Настаўнік павінен быць больш чым святым чалавекам у школе. 

Аўтар: Валерыя Сцяцко
Звязда, 31 жніўня 2024


 

Кoличество переходов на страницу: 89