Паштовыя скрынкі ў дамах і офісах наваднілі ўлёткі з рэклямай звышпрыбыткаў ад укладзеных сродкаў, пра бяспройгрышнасьць справы гаворыць і поўнафарматная бясплатная газэта «МММ-2011». Масіраваная прапаганда выгодаў МММ вядзецца ў інтэрнэт-форумах і праз сацыяльныя сеткі. Між тым статус «глябальнай касы ўзаемадапамогі», як называюць сваю арганізацыю місіянэры Сяргея Маўродзі, нікім не акрэсьлены, а ад кантролю за пірамідай дзяржаўныя ведамствы ўхіляюцца.
Беларусы дапамагаюць Маўродзі будаваць фінансавую піраміду
У Расеі новы праект будаўніка фінансавых пірамідаў Сяргея Маўродзі стартаваў год таму пад назвай «МММ-2011: Мы Можам Многае». Да Беларусі хваля дакацілася нядаўна, але лік ахопленых ідэяй хуткага абагачэньня ўжо ідзе на тысячы. Прынцып просты: удзельнік набывае віртуальную грашовую адзінку «маўро», курс якой імкліва расьце — ад 20% да 75% на месяц, пасьля чаго можа яе прадаць па бягучым курсе за рэальныя грошы. Прапануецца і даходнасьць да 60% за кошт «дэпазытаў — абавязаньняў не прадаваць «маўро» на працягу пэўнага тэрміну. Пры гэтым, як пераконвае прадстаўнік менскага офісу «МММ-2011» Дзьмітрый Несьцярчук, непасрэдную выгаду мае і дзяржава:
«Якая ад гэтага карысьць дзяржаве? Непасрэдная. Калі разабрацца, то найперш падтрымліваецца банкаўскі сэктар, бо ўсе без выключэньня грошы ў сыстэме захоўваюцца ў банках. То бок банкі з гэтых сродкаў могуць выдаваць крэдыты насельніцтву, могуць крэдытаваць прадпрыемствы будаўнічага, прамысловага комплексу. Таму ў гэтым пляне нават ідзе так званая дапамога дзяржаве ў цэлым. З-за чаго здарыўся крызіс яшчэ ў часы дэпрэсіі ў ЗША? Людзі хавалі грошы, што называецца, пад падушкай, ня несьлі іх у банкі, ня бралі крэдыты. За кошт адсутнасьці абарачальнасьці сродкаў эканоміка рухнула. А тут, выходзіць, людзі выцягваюць сродкі з-пад падушак і нясуць у банк. Іншымі словамі, грошы ўвесь час знаходзяцца ў абароце эканомікі».
Пасьлядоўнікі Маўродзі пацьвярджаюць, што «глябальная каса ўзаемадапамогі» ня мае ў Беларусі афіцыйнай рэгістрацыі, бо гэта і не патрабуецца. Маўляў, прадпрымальніцкая дзейнасьць ад імя МММ не вядзецца, а кансультанты ў пірамідальнай герархіі — «дзясятнікі» і «сотнікі» — толькі даюць парады наконт лепшых інвэстыцыяў. Офіс наняты на прыватную асобу, якая да фінансавай сфэры ня мае ніякага дачыненьня.
Такое адчуваньне, што далей ад трох літар, якія яшчэ ад пачатку 1990-х суправаджае скандальны шлейф, намагаюцца трымацца і дзяржаўныя ўстановы. Прадстаўнік Нацыянальнага банку Міхаіл Журавовіч кажа, што дзейнасьць МММ дакладна знаходзіцца па-за іх кампэтэнцыяй:
«Нацыянальны банк ліцэнзуе толькі банкі. Да ўсяго астатняга, што не адносіцца да крэдытна-фінансавых устаноў, уключна з рознымі пірамідамі, Нацбанк ня мае ніякага дачыненьня. Хоць самае цікавае, што як падобная структура распадаецца, усе роўненька ідуць у Нацбанк. Мы ўжо такія піраміды праходзілі. Але яшчэ раз кажу: Нацбанк не выдае ліцэнзіі ніводнай такога кшталту фінансавай установе. Безумоўна, як кожная юрыдычная ці фізычная асоба, яны могуць адкрыць у банку дэпазыт і класьці туды грошы. У гэтым выпадку гэта іх асабістыя сродкі, якія банк паводле закону павінен прыняць. То бок яны могуць нешта здымаць са сваіх рахункаў, але самі з укладчыкамі не працуюць. Гэтаксама як і банк грошы з насельніцтва не зьбірае. Хутчэй за ўсё, дзейнічаюць як юрыдычныя ці фізычныя асобы».
Ня бачаць падставаў да праверкі дзейнасьці МММ і праваахоўныя органы. Начальнік галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі Эдуард Нікіцін кажа, што са скаргамі ў міліцыю яшчэ ніхто не зьвяртаўся, таму прэвэнтыўна кагосьці караць няма падставы:
«Натуральна, што гэта піраміда. Піраміда, якая выплачвае працэнты за кошт новых удзельнікаў. Але ў праваахоўных органаў пакуль няма зьвестак, што чыёсьці права парушанае, што яны вядуць нейкую фінансавую дзейнасьць, куды ўкладаюць грошы з атрыманьнем дывідэндаў і падставай потым для выплаты працэнтаў. Мы, безумоўна, будзем прапрацоўваць гэтую тэму, супольна зь фінансавымі, падатковымі органамі, крэдытнымі ўстановамі. Пакуль жа трэба прааналізаваць, што гэта ўвогуле такое, каму, уласна кажучы, наносіцца шкода і ці будзе яна, калі ўсё ж здарыцца. Але ж чалавек так створаны: заўсёды верыць, што зь ім нічога падобнага ня здарыцца».
Летась у сярэдзіне траўня, за тыдзень да першай дэвальвацыі рубля, стваральнік скандальна вядомага МММ Сяргей Маўродзі зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі. Маўродзі прапанаваў свае паслугі, паабяцаўшы ў выніку супрацоўніцтва эфэкт узору 1990-х. Пры гэтым ён параіў Лукашэнку не засяроджвацца на маральнасьці, бо сытуацыя вымагае рашучых крокаў:
«Ніякага сумневу ў тым, што цяперашняя ваша каманда — эканамісты, фінансісты ўсе гэтыя — ніякіх рашэньняў ня знойдуць. Яны не знайшлі да гэтага часу, ня знойдуць і далей. Будуць раіць стандартныя шляхі, якія ў дадзенай сытуацыі ўжо позна праходзіць, гэта як мёртваму прыпарка. Патрэбныя зусім іншыя, альтэрнатыўныя шляхі. Вось я вам прапаную абсалютна канкрэтныя і рэальныя шляхі. Дазволіць МММ і такім чынам выратаваць насельніцтва ад непазьбежнай катастрофы. І выпусьціць паралельна дзяржаўныя каштоўныя паперы з абмежаванай надзейнасьцю. Гэта вельмі хутка стабілізуе сытуацыю, і ўжо тады, атрымаўшы перадышку, вы зможаце асэнсоўваць, што рабіць далей. Прынамсі, вы выйдзеце з гэтага абсалютна катастрафічнага піке, у якім знаходзіцеся».
Невядома, ці прыслухаўся ўрэшце Аляксандар Лукашэнка да парадаў Сяргея Маўродзі, але пад маўклівае сузіраньне ўладаў фінансавая піраміда МММ у Беларусі пашыраецца.
Заснавальнік МММ Сяргей Маўродзі быў асуджаны за крадзеж грашовых сродкаў укладчыкаў і, адседзеўшы 4,5 года, выйшаў на волю ў 2007 годзе. Ужо на пачатку 2011-га абвясьціў пра старт акцыі «МММ-2011». Паводле дадзеных Цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі, у стварэньні новай фінансавай піраміды гатовыя ўзяць удзел 15% расейцаў. Але, як засьведчыў працэс, свае ідэі будаўнік пірамідаў распаўсюдзіў далёка за межы Расеі. Паводле афіцыйнага сайту Маўродзі, колькасьць удзельнікаў «МММ-2011» пераваліла за 20 мільёнаў чалавек у 32 краінах.
Ігар Карней
Радыё Свабода, 14 сакавіка 2012
Кoличество переходов на страницу: 1112
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |